
Калі вы апошні раз прасілі дапамогі? А прымалі яе? Памятаеце, што вы тады адчувалі, пра што думалі, ці камфортна вам было?
Думаю, што кожны аказваўся ў становішчы, калі разумеў, што без іншага чалавека (арганізацыі) ніяк не справіцца, адчуваў пры гэтым бяссілле, безвыходнасць, злосць на абставіны ці сябе. Здарыліся цяжкасці — паспрабаваў разабрацца з імі самастойна — сутыкнуўся з бар’ерам — звярнуўся да таго, хто дапаможа перакрочыць праз перашкоды — праблема была вырашаная. Гучыць ідэальна, ці не так? Але ў рэчасінасці спыніцца можна на кожным з этапаў, а то і на самой думцы пра дапамогу, дазволе сабе яе папрасіць.
Сёння мы паразважаем пра дапамогу: якія могуць быць прычыны прасіць ці не прасіць яе, чаму нават «наймацнейшым» патрэбна падтрымка і як яе прыняць.
Скрозь прызму псіхалогіі, просьбу аб дапамозе можна прыраўняць да заявы, дэкларацыі сваёй патрэбы. Тут, умоўна, падзелім іх на дзве групы: аб’ектыўныя (штосьці патрабуе “рамонту”, патрэбныя сродкі для правядзення мерапрыемства, прафесійная дапамога ў пытаннях, напрыклад, здароўя) і суб’ектыўныя (цяжкія перажыванні, унутраны канфлікт, маральная дылема).
Каб папрасіць дапамогі, спачатку трэба заўважыць і пазначыць сваю патрэбу, зразумець, дзе ёсць недахоп рэсурсаў.
У сітуацыі з аб’ектыўнымі момантамі гэта часта ляжыць на паверхні, але з суб’ектыўнымі перажываннямі можа быць складаней. Давайце падумаем, што можа перашкаджаць чалавеку прасіць падтрымкі:
▪️ сацыяльныя ўстаноўкі (“хлопчыкі не плачуць”, “такая жаночая доля”, “прасіць не прынята”, “дапамогу трэба заслужыць”);
▪️ сямейныя ўстаноўкі (“у нашай сям’і мы ўсяго заўсёды дасягалі самі”, “гэта так нізка — прасіць, нейкае прыніжэнне”, “табе не дапамогуць проста так”);
▪️ асабістыя ўстаноўкі (“не, я магу пацярпець яшчэ, папрашу дапамагчы, калі будзе зусім невыносна”, “слабасць нельга паказваць”);
▪️ негатыўны мінулы вопыт (чалавек калісьці папрасіў падтрымкі і атрымаў адмову, замест палёгкі адчуўшы расчараванне. Натуральна, паўтараць такое не хочацца);
▪️ пазбяганне непрыемных пачуццяў (сама просьба прадугледжвае дэманстрацыю слабасці і бяссілля, ставячы ў пэўную залежнасць);
▪️ чалавек заўважае і вырашае праблемы іншых, пры гэтым не вырашаючы сваіх асабістых. Напрыклад, ён можа падтрымліваць нейкі знешні вобраз сябе, атрымліваючы ад гэтага неўсвядомленыя выгады (яго шкадуюць, спачуваюць ці, наадварот, захапляюцца, звяртаюць увагу). Разам з тым за такімі паводзінамі могуць стаяць страх, фрустраваныя запатрабаванні, нежаданне пасталець і прыняць адказнасць за сваё жыццё.
Адсачыць, дзе бярэ пачатак тое ці іншае перакананне ці пачуццё сапраўды складана, але можна! Гэтая вандроўка да сябе можа стаць для вас інфарматыўным і, у нейкім сэнсе, вызваляльным досведам.
Ці было прынята ў вашай сям’і прасіць дапамогі і дапамагаць, якімі эмоцыямі гэта суправаджалася? Ці часта вы бачылі, як людзі дапамагаюць адно аднаму? Калі вы самі рашаецеся на дапамогу?
Разумеючы свае патрэбы і слабасці, што за імі стаіць, перажываючы ўразлівасць, крохкасць, мы можам стаць менш патрабавальнымі да сябе, больш чуйнымі да слабасцей іншых, напрыклад, не сыходзіць у аўтаматычныя рэакцыі абвінавачання і злосці. Важна памятаць, што нашы сілы і рэсурсы абмежаваныя і нам усім можа спатрэбіцца падтрымка — прасіць гэтага зусім не сорамна, такі крок хутчэй паказвае нашу чалавечнасць і шчырасць. Часам нават самаму моцнаму чалавеку трэба, каб пра яго паклапаціліся і дазволілі праявіць слабасць.
Само па сабе агучванне праблемы можа аблегчыць унутранае напружанне, распавядаючы пра свае перажыванні блізкаму чалавеку, вы зніжаеце эмацыйны градус праблемы, яна ўжо не падаецца такой непрыступнай. Веданне таго, што вы можаце памыляцца, што, можа, не атрымаецца, але вас усё роўна падтрымаюць і прымуць, дае веру ў сябе і матывацыю паспрабаваць вырашыць пытанне самастойна.
І ўсё ж, чаму варта прасіць падтрымкі і дапамагаць іншым? Вось некалькі аргументаў “за”:
▪️ вы дазволіце іншаму даведацца, што для вас зараз актуальна і важна, а ваш блізкі ці проста знаёмы, можа, пазнае вас з новага боку;
▪️ асабістае задавальненне ад працэсу і выніку дапамогі, усмешкі і падзякі ў адказ;
▪️ ваша праблема вырашыцца, але пакіне каштоўны досвед; з’явяцца рэсурсы і сілы для новых ідэй;
▪️ дапамога з вашага боку можа стаць значным і паваротным момантам у асабістай гісторыі іншага чалавека;
▪️ дэманструючы свае слабасці і просячы дапамогі, мы прымаем рашэнне не падманваць і не падманвацца вобразам «ідэальнасці і ўсемагутнасці», а паказваем сваю сілу, якая хаваецца менавіта ў прызнанні слабасці. Гэта дазваляе іншаму наблізіцца, праявіць клопат;
▪️ дапамагаючы або прымаючы дапамогу, вы можаце “перазапісаць” свой негатыўны вопыт. Дазвольце сучаснасці паўплываць на ўстаноўкі з мінулага;
▪️ дапамагаючы, мы даем зразумець, што чалавек для нас важны, нам не ўсё роўна, як складзецца яго лёс.
Прымаючы дапамогу, мы атрымліваем пасыл “я важны для гэтага чалавека”, “ён гатовы пастарацца і прыкласці намаганні для таго, каб мне было добра”.
Нават само рашэнне дапамагчы можа падавацца складанай задачай, што патрабуе затраты часу і сіл. Але нават простыя жэсты, без чакання чагосьці наўзамен, могуць падтрымаць чалавека: камплімент, абдымкі, прыемны сюрпрыз, увага і шчырая цікавасць да ўнутранага свету, праява эмпатыі і гатоўнасці слухаць і чуць. Прымаць дапамогу таксама можа быць прыемна. Ці сапраўды заўсёды трэба быць “моцным і незалежным” ці можна дазволіць сабе быць уразлівым, даючы іншаму магчымасць да вас наблізіцца?
Нават калі вам страшна, некамфортна, паспрабуйце рызыкнуць і папрасіць дапамогі, прыняць яе — магчыма, вашыя перакананні і чаканні растворацца ў кантакце з рэальнасцю, магчыма гэта стане паваротным момантам, а, можа, падштурхне да пераасэнсавання свайго досведу камунікацыі з іншымі і з сабой. У нас значна больш нагодаў дапамагаць адно аднаму і аб’ядноўвацца, чым ставіць высокія сцены, абараняцца і ізалявацца.
Беларуская Рада культуры
Аўтар: Вольга Сарока, псіхолаг, магістр псіхалагічных навук, аўтарка праекта “Псіхалагічная аптэчка беларуса“