Інтра: Агульная сітуацыя
Камбэк пісьменства: белліт у пошуках новай ідэнтычнасці
Найважнейшае з мастацтваў: кіно як бюракратычны праект
Беларускі тэатр: “цёмны час”
Поп & рок. Кэнсэлінг і бойкі за сеткавы поспех
Інтра: Агульная сітуацыя
Агляд стану беларускай культуры на кароткай – квартальнай – дыстанцыі не дазваляе вылучыць глабальных тэндэнцыяў ды істотных трэндаў. Аднак абсалютна дакладна можа пазначыць істотныя рысы новага культурніцкага парадку.
Яго найбольш значны маркер – працяг фармавання двух супрацьлеглых вектараў руху: вестэрнізацыі (паступовага далучэння да еўрапейскай культурнай прасторы) і русіфікацыі (бюракратычна-сілавога прэсінгу крэатыўнага класу). Гэта не проста трафік у розных кірунках. Гэта існаванне паводле розных мапаў сэнсу.
Чым далей, тым больш востра відаць, наколькі наіўнымі былі надзеі з папярэдняй эпохі на гарманічнае “аб’яднанне” афіцыйнай культурніцкай індустрыі і незалежнага крэатыву. Яны падаюцца не проста рознымі тэхнікамі працы ды поглядамі на культуру і культурнасць, але несумяшчальнымі формамі жыцця. Кожная з якіх успрымае супрацьлеглую як беспасярэднюю небяспеку.
Дзяржаўная культура апошнім часам канчаткова зрушыла ў бок аўтарытарна-рэпрэсіўнага філіялу сілавых структураў. Фактычна адбудоўваецца вертыкаль бюракратычна-ідэалагічнага ціску на дзеячаў культуры, галоўнаю мэтай якой падаецца вынішчэнне “няправільных” думак і нелаяльных працаўнікоў. Інерцыйная аднастайнасць робіцца галоўнай адзнакаю прыймальнага культурніцкага прадукту, падкантрольнасць – бясспрэчным знакам якасці.
Большасць з таго, што адбываецца ў айчыннай культурнай прасторы, існуе ў рытуальна-дэкларатыўным фармаце дзіўнай гульні без мэты і сэнсу. І гэта робіць пытанне мастацкай якасці ды нацыянальнай свядомасці не тое каб адсутным, але збольшага неістотным. Афіцыйная культура паспяхова пераўтвараецца ў імітацыйны праект каланіяльнай адміністрацыі.
Паслядоўнае ды настойлівае пазбаўленне ад “рызыкоўных” сюжэтаў і “нязручных” асобаў стварае, з аднаго боку, максімальна беспраблемнае публічнае асяроддзе. З другога – спрыяе на новым узроўні рэанімацыі класічнай “катакомбнай культуры” савецкага часу: сакрэтны тэатр, прыватныя кінасеансы, кватэрныя чытанні, онлайн-кінафэсты, сеткавыя музычныя рэлізы. Гульня сэнсаў і грувасткія метафары, шыфраваныя мэсіджы. Аўтары і публіка выходзяць з поля бачання ўладаў у патаемны свет канспіратыўнай культурнасці.
Татальная дэструкцыя культурніцкай экасістэмы эпохі ўмоўнай “стабілізацыі” вызначае лёсы крэатыўных праектаў ды суполак. І калі сапраўды нас чакае “эпоха маўклівасці” заклапочаных ды разгубленых герояў былога часу (новых твораў ад “генералаў року”, напрыклад, амаль не відаць), калапс былых магчымасцяў і дамоўленасцяў спрыяе паўстанню новай плыні творчых пошукаў. Выглядае непазбежным надыход свежага пакалення творчых маладзёнаў, пазбаўленых якаснай адукацыі, легальнай магчымасці заявіць пра сябе, рэлевантнага культурніцкага досведу, адбудаванай сістэмы каштоўнасцяў ды ўцямнай самаідэнтыфікацыі. Іхная інтуітыўная беларускасць мае няшмат шанцаў на радзіме, але паціху стварае крытычную масу нязгодных з наяўным станам рэчаў. Стыхійныя беларусы зноў у трэндзе – нават калі іхныя нягеглыя вершыкі кульгаюць на абедзве нагі.
Што да культурніцкіх падзеяў ды ініцыятываў па-за межамі краіны, яны ствараюць, па вялікім рахунку, не “новую Беларусь”, а “новую Еўропу”. Наш унікальны лакальны досвед і адмысловая энергетыка, памножаныя на актуальныя замежныя тэхналогіі ды еўраменеджмент, будуюць якасна іншае поле магчымасцяў – у параўнанні з правінцыйнаю запаволенасцю краіны нашага паходжання. Праз два гады культурніцкага шоку паціху надыходзіць час тэкстаў ды івэнтаў.
Асабістае культурнае самавызначэнне (незалежна ад адрасу і прапіскі) робіцца сёння прыватнаю прыгодай, эксперыментальным непадцэнзурным засваеннем лапікавай культурнай прасторы. Новыя аўтары трапляюць у зону невідавочнага. Што дадае недабудаванаму праекту новай беларускай культуры адмысловы водар рызыкі і непрадказальнасці. Кураж – нашае другое імя.
Пустэча ёсць выклікам і прапановай.
Камбэк пісьменства: белліт у пошуках новай ідэнтычнасці
Асноўныя трэнды сезону:
Унутры:
- Працяг фізічнай і сімвалічнай чысткі літаратурнага поля сілавікамі ды ідэолагамі.
- Сцісканне літаратурнага жыцця да фармату кватэрнікаў і Zoom-канферэнцыяў ва ўмовах крыміналізацыі публічнасці.
- Актыўныя целарухі праўладных літаратурных інстытуцыяў дзеля “перагортвання старонкі”.
- Пакуль павольная, але ўжо верная рэактывізацыя ў Беларусі “вялікай расійскай культуры” на фоне імперскай рыторыкі Крамля і русіфікатарскай паводле характару ваеннай агрэсіі расійцаў ва Украіне.
- “Валенрадызм” – стратэгія супрацы з рэжымам дзеля захавання нацыянальнай спадчыны.
Звонку:
- Далейшы рост попыту на літаратуру па-беларуску як матэрыялу для канструявання ідэнтычнасці, стварэнне новых выдавецтваў.
- Кансалідацыя аўтараў ды іхных чытачоў вакол новых асяродкаў кніжнай культуры і літаратурных падзеяў па-за Беларуссю.
- Узрастанне значнасці прабеларускай адукацыйнай і асветніцкай кампаненты ў колах “тых, хто з’ехаў”.
Мапа сэнсаў
Стратэгічная задача, пастаўленая перад аўтарамі гэтага агляду найперш імі самімі, – асэнсаваць усю паўнату падзеяў айчыннага пісьменства як у Беларусі, так і па-за ёю, надаўшы карціне цэласнасць хоць бы ў межах цэхавай экспертызы. Зададзены ж фармат вымагае ацэнак дакладных, выразных, вострых і правакатыўных, з элементамі хайпу. Здольных патлумачыць сутнасць рэчаў аўдыторыі, далёкай ад кніжнага свету. Таму агляд восеньскіх падзеяў на арбіце белліту пачнём з сітуацыі ў самой Беларусі.
У той час як у вонкавым кантэксце працэсы, звязаныя з беларускім пісьменніцтвам і кнігавыданнем, структуруюцца і ўгрунтоўваюцца, змушаючы падбіраць выразы і браць напракат смокінгі ды вечаровыя сукні, унутры працягваецца армагедзец, на які не шкада ні эмоцыяў, ні эпітэтаў, ні дзівачных метафараў.
Recording in Progress: правілы (з)рухаў
Палітычна-эканамічная тэма значна пагоршыла становішча кніг і іх аўтараў на радзіме. Указ аб недапушчальнасці росту цэнаў за 6 кастрычніка закрануў кнігарні і выдавецтвы, бо кніжная прадукцыя аказалася ў ліку тавараў, “няправільны” кошт на якія можа прывесці гандляроў за краты. Пэўны час кнігарні нават адмаўляліся прымаць на продаж навінкі.
Адначасова пачаў дзеяць указ за 22 чэрвеня для ўдраконьвання культурнай прасторы, што паставіла арганізатараў імпрэзаў, у тым ліку кніжных, перад неабходнасцю зарэгістравацца ў рэестры Міністэрства культуры, а плануючы вечарыну, узгадняць удзельнікаў і сцэнар ды забяспечваць бясплатнае месца чыноўніку-кантралёру. Дзяржаўных установаў новы ўказ, як выглядае, не датычыць.
Некаторыя анансаваныя чытанні ў верасні – лістападзе адмяняліся “па званку”. Іншыя ладзіліся пэўнымі пляцоўкамі пры ўмове, што арганізатары не будуць нідзе змяшчаць анонсаў. Публічнае чытанне тэкстаў цяпер нічым не адрозніваецца ад старых добрых кватэрнікаў. Да фармату якіх, уласна, і звялося сумоўе творчых асобаў унутры краіны. Збіраць агульную статыстыку ці рабіць агляд гэтай дзейнасці нават у шуфлядку сёння немагчыма тэхнічна. Таму прыватнае дакументаванне падзеяў – дзённікавыя запісы, фота-, аўдыя- і відэаархівы – гэта добрая ідэя для зімовых вечароў “тых, хто застаўся”. Адносна новая і добра абкатаная падчас каронавіруса магчымасць для літаратуры – онлайн: Zoom-вечарыны, відэалекцыі, відэаінтэрв’ю і падкасты (гэтым усім актыўна карыстаецца, напрыклад, Беларускі калегіум, як і іншыя суполкі ці кніжныя блогеры, якія застаюцца ў Беларусі). У лістападзе пачалася ў фармаце онлайн Школа маладога пісьменніка. Адным словам, застрымленае застаецца.
Калабарацыя: Not Just Business
Працяг сімвалічных і фізічных чыстак літаратурнага поля – трывалы трэнд, а калі дакладней, поўны трындзец сезону. У кастрычніку прызнаныя экстрэмісцкімі кнігі “Айчына” Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава ды беларускі пераклад дзіцячага вершу Іосіфа Бродскага “Балада пра маленькі буксір”. Выглядае, што абедзве – за ілюстрацыі “паводле схемы БЧБ”. З тэрыторыі каля прыватнага музею Анатоля Белага ў Старых Дарогах пасля званка прапагандысткі зніклі выявы Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш, братоў Луцкевічаў ды іншых герояў нацыянальнага пантэону. Не спыняюцца звальненні і непрацягванні кантрактаў “ненадзейным” працаўнікам у дзяржаўных установах культуры. А Акадэмія навук, у тым ліку яе гуманітарныя інстытуты ў пачатку лістапада зазналі ператрус і аблаву.
Вы будзеце смяяцца скрозь слёзы, але на выпаленым полі ўсё-ткі адбываюцца “сустрэчы з прыўкрасным”. У кастрычніку – лістападзе адбыліся творчыя вечары Раісы Баравіковай (у “Кніжным клубе” – новай кнігарні праўладнага Саюзу пісьменнікаў) і Таццяны Сівец (у музеі Максіма Багдановіча). У навучальныя ўстановы пусцілі Леаніда Дранька-Майсюка і Алену Браву. 29 верасня ўражальнае кола паэтаў прэзентавала ў музеі Багдановіча беларускія пераклады кітайскай паэзіі. Згаданыя таленавітыя аўтаркі ды аўтары і раней дэманстравалі лаяльнасць да ўладаў у абмен на пасады ці доступ да аўдыторыі. Цяпер жа іхнымі далікатнымі далонямі ўвачавідкі “перагортваецца старонка”. Але старонка, напісаная свінцовым атрамантам, зацяжкая. Таму можна прадбачыць, што перазаключыць сацыяльны кантракт неўзабаве прапануюць большай колькасці не самых бяздарных творцаў.
У структурах, якія пакрысе пазбаўляюцца фанатаў сваёй справы (бо як іначай можна назваць асобаў, згодных выжыльвацца за такія заробкі?) сярод тых, хто (пакуль) не трапіў пад чысткі, папулярныя настроі “валенрадызму”. Стратэгію супрацы з варожымі сіламі дзеля ўратавання айчыны апісаў Адам Міцкевіч у паэме “Конрад Валенрод” яшчэ ў 1825 годзе, і амаль на стагоддзе яна зрабілася крыптасцэнаром выжывання для жыхароў Літвы, Польшчы ды Беларусі пад уладай Расіі. Гэтую тактыку імкліва згадваюць у РБ.
Сённяшнія валенроды ад культуры ставяць перад сабою гераічныя задачы: захаваць дакументы, архівы ды іншую матэрыяльную базу дзяржаўных установаў Беларусі. І ў тым ліку ажыццяўляць на дармовых пляцоўках хоць нейкі прыстойны варушняк (бо ўнутры краіны адчуваецца сур’ёзны культурніцкі голад). Падчас будучага разбору валенродаў будзе вельмі проста паблытаць з калабарантамі. Думаецца, вердыкт у кожным выпадку будзе індывідуальны.
І так, любімае арт-менеджарамі слова “калабарацыя” заззяла даўно забытымі фарбамі, калі стала вядома пра чарговы Марафон культуры ў школах Мінску, зарганізаваны на сродкі РФ. Гэты сам па сабе даўні трэнд (інвазія “русского мира” ў нас ніколі не перапынялася) адметны тым, што грамадзянская супольнасць нарэшце пабачыла ў ім праблему. Але самы адыёзны прэцэдэнт калабарацыі – гэта, натуральна, культурна-патрыятычны конкурс “Першыя сярод роўных”, які Ліцэй БДУ ладзіць супольна з КДБ. Сярод шасці намінацыяў ёсць і літаратурная.
Пад ціскам усіх гэтых абставінаў акадэмічная эміграцыя беларусацэнтрычных гуманітарыяў атрымлівае ўсё новыя стымулы. Пагатоў добрым адмыслоўцам ёсць куды падацца.
Самае знакавае звонку гэтаю восенню
30 верасня – 2 кастрычніка адбыўся 10-ы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, які, адказваючы на выклік часу, абнавіў фармат, дапоўніўшы даследчыцкую супрацу прэзентацыямі гістарычнай і мастацкай літаратуры. У цэлым літаратурнае жыццё за межамі Беларусі заўважна акадэмізуецца, а гістарычна-краязнаўчая тэматыка робіцца самаю запатрабаванай у тых, хто цікавіцца кнігамі па-беларуску: “Кава з гісторыкам” у Моладзевым хабе Варшавы, гістарычны клуб Beer&History ў Беластоку. Іншы жаданы жанр – дзіцячая літаратура. Беларусы ўсіх пакаленняў вучацца.
7 кастрычніка, нароўні з расійскімі і ўкраінскімі праваабаронцамі, Нобэлеўскую прэмію міру прысудзілі публіцысту Алесю Бяляцкаму, які ачольвае праваабарончы цэнтр “Вясна” і застаецца ў зняволенні. Адначасова стала вядома, што рыхтуецца кніга набэліста, матэрыялы для якой яму ўдалося пераслаць з-за кратаў. Кніга прысвечаная стварэнню ў пачатку 1990-х Музею Максіма Багдановіча і расказвае пра тое, як яго супрацоўнікі эвалюцыянавалі ў праваабаронцаў. Нехта мусіў дакументаваць пратэсты 1996 года, тлумачыць аўтар турэмных нататак. А дакументацыя ды архівацыя – беспасярэдняя задача музейнай справы.
Як і прадбачылася, Ноч расстраляных паэтаў з 29 на 30 кастрычніка зрабілася знакаваю датаю новага беларускага календара. Акцыянізм Змітра Дашкевіча (сёння ён за кратамі), які з 2017 года ладзіў 29 кастрычніка паэтычна-музычны мітынг у Курапатах, і мультымедыйны праект 2017-га “(Не)расстраляныя” 5 гадоў таму запачаткавалі рытуал.
Паэтычныя чытанні, лекцыі, вулічныя акцыі прайшлі ў больш як 20 краінах: да ўшанавання памяці рэпрэсаваных дзеячаў беларускай культуры спрычыніліся дзясяткі беларускіх асяродкаў замежжа.
Арганізатарамі і вядоўцамі шматлікіх акцыяў Ночы расстраляных былі сучасныя літаратары ў эміграцыі, якія ўзялі на сябе місію медыумаў-асветнікаў. У сацыяльных сетках рэпрэсаваным творцам прысвячалі допісы літаратурныя блогеры і грамадскія актывісты, часта выкарыстоўваючы дату як нагоду згадаць пра сталінскі тэрор ва ўласным радаводзе.
Адначасова мы назіраем кшталтаванне новага беларускага літаратурнага канону. Характэрна, што з ліку больш як 100 знішчаных інтэлектуалаў менавіта паэты зрабіліся іконамі (у праекце “(Не)расстраляныя” сакральнасць адлюстраваная ў лічбе постацяў: іх 12), што чарговы раз сведчыць пра вялікую вагу вершаванага слова ў беларускім грамадстве. Заўважна, што беларусы свету праводзяць адназначныя паралелі паміж 1937 годам і актуальнымі падзеямі на радзіме.
І яшчэ. Усе без вынятку пералічаныя падзеі звонку адбыліся пры актыўным удзеле творцаў знутры, хай і здараліся тэхнічныя перашкоды (напрыклад, Літва адмовілася адкрываць візы ўдзельнікам Кангрэсу беларусістаў з Беларусі). Таму лучнасць нашага культурніцкага поля прынамсі ў літаратуры захоўваецца, нягледзячы ні на што. І гэта факт, які варта адзначыць.
Высновы і прагнозы
- Імклівы рост беларускіх літаратурных ініцыятыў за мяжою Беларусі рызыкуе хутка сягнуць шкляной столі, бо пісьменніцтва і кнігавыданне – датацыйныя рамёствы і цяжка выходзяць на самаакупальнасць. Пры гэтым зразумела, што еўрапейскія фонды не бачаць падтрымання беларускай кнігі прыярытэтам, а дзяржаўны рэсурс надзейна і, магчыма, надоўга недаступны для незалежных праектаў. Без разумення таго, што інвестыцыі ў беларускую культуру – справа саміх беларусаў дзеля свабоднай і бяспечнай будучыні, рэнесанс немагчымы.
- Можна адзначыць выразны грамадскі запыт на стварэнне беларускага нацыянальнага ўніверсітэту ў выгнанні (нягледзячы на з’яўленне ў новым семестры прадметаў на беларускай мове, віленскі ЕГУ такім не ўспрымаецца). Хочацца спадзявацца, што попыт нарэшце выкліча прапанову.
- Унутры Беларусі пануе экзістэнцыйны саспэнс. Вакол літаратуры і літаратараў склаліся перадумовы для паўтору фактычна ўсіх адмоўных сцэнароў мінулага стагоддзя: цкаванне, фізічны ўціск, маргіналізацыя з дапамогаю расійскага штыка, расійскай царквы, расійскай школы пры актыўным удзеле новых Мікітаў Зноскаў. Але фактычна ўва ўсіх дазволеных сёння публічных фарматах літаратуры прысутныя шчырасць, таемная ўзаемападтрымка і эзопава мова, што не можа не пасяліць надзеі.
Найважнейшае з мастацтваў: кіно як бюракратычны праект
Асноўныя трэнды сезону:
- Рэзка ўзмацнілася бюракратычная актыўнасць вакол кіно.
- Робяцца спробы перастварыць афіцыйнае кіно, выкрасліўшы “неафіцыйнае”.
- Офлайн-пракат унутры краіны – зона дзяржаўнага кіно, онлайн жа робіцца прастораю пазадзяржаўнага кіно.
Мапа сэнсаў
Гэтыя два месяцы беларускае кіно пражыло так ціха, што стала добра чуваць, як на самым яго дне рыпіць бюракратычны працэс. Ён і вызначыў сутнасць тых двух месяцаў, стварыўшы адчуванне дэжавю года з 2013-га: калі пазадзяржаўнае кіно яшчэ толькі-толькі пачалося і сям-там рабіла дробненькія дзіркі ў суцэльным дзяржаўным наратыве рэдкімі навінамі пра новы фільм, створаны самотным аўтарам з мінімальным бюджэтам. Паглядзім яшчэ, ці здолее гэты працэс загнаць беларускае кіно ў доўгі і даволі безвыходны трэнд.
Працэс ідзе
Яшчэ напрыканцы жніўня Міністэрства культуры абвесціла конкурс эксплікацыяў кароткаметражных студэнцкіх фільмаў (адзначым і намінацыі: “Мой родны кут”, “Першае каханне”, “Гарадскія легенды”), а таксама конкурс сінопсісаў для фільму пра футбаліста мінскага “Дынама” Аляксандра Пракапенку. Такія конкурсы час ад часу нячутна адбываюцца, проста каб працягнуць бюракратычны рытуал. Але ж гэтым разам яго перавялі ў шэраг сур’ёзных ініцыятываў.
Тады ж адбылося першае пасяджэнне арганізацыйнага камітэту кінафестывалю “Лістапад” на чале з – сканцэнтруйцеся – віцэ-прэм’ерам Ігарам Петрышэнкам. Яшчэ ніколі кінафестываль не быў настолькі дзяржаўнаю справай і наяўнасці цэлага віцэ-прэм’ера не вымагаў.
Следам у Мінкульце адбылася калегія ў пытаннях кіно і цырку, дзе навязліва канстатавалі: кінастудыя “Беларусьфільм” – “флагман айчыннай кінавытворчасці”. Агучылі, што на розных этапах вытворчасці там цяпер 14 фільмаў (што зноў сведчыць пра блізкія да нуля магутнасці студыі і сістэмы), некалькі з іх анансавалі – прынамсі, навагоднюю камедыю “Аліўе” супольнай з Расіяй вытворчасці.
Далей мы мелі шэраг Дзён беларускага кіно за мяжою. За ўсходняю мяжою. 14 верасня Дні беларускага кіно адбыліся ў Курску, пасля – у Фэргане, пасля – у Маскве. Анансаваліся там і свежыя ігравыя фільмы “Падрыў”, і “10 жыццяў Мядзведзя” 2022 года. Калі “10 жыццяў Мядзведзя” сапраўды паказалі ў Фэргане (а пацвярджэнняў мы не маем), то вось вам насцярожвальны прэцэдэнт: міжнародная прэм’ера моцна абганяе нацыянальную (а можа і замяніць яе). Мо чыноўнікам хацелася б думаць, што гэта мы які ўжо раз “выходзім на міжнародную арэну”. Але ж не: мы зноў зачышчаем нацыянальную прастору.
23 верасня аб’явілі конкурс прэзідэнцкіх грантаў на творы мастацтва, у тым ліку на стварэнне фільмаў. Чым ён скончыўся і ці скончыўся, пакуль невядома.
28 верасня генеральны пракурор Андрэй Швед наведаў “Беларусьфільм” у звязку з запускам праекту “Мы адзіныя” – таго, які кінастудыя здымае пра Заходнюю Беларусь. Раней, у ліпені, з той жа прычыны на кінастудыі адзначыўся і прэм’ер Раман Галоўчанка. А быў жа час – фільмы не вымагалі ўдзелу чыноўнікаў такога ўзроўню. Здымкі стартавалі 5 кастрычніка.
Далей пайшла невялікая фестывальная хваля: у пачатку кастрычніка ў Мінску прайшоў бюракратычны фэст дакументальнага кіно краінаў СНД “Еўразія.Doc”, без імпэту асветлены дзяржаўнаю прэсаю. 12 кастрычніка голасна і значна агучылі слоган кінафэсту “Лістапад”: як мы памятаем – “Истинные ценности/Сапраўдныя каштоўнасці”. Менавіта так: двухмоўна, спачатку па-расійску і праз слэш. Калі летась “Лістапад” быў яшчэ досыць разгублены, то сёлета намацаў дакладную лінію і кожны крок па ёй агучыў з салдацкаю стараннасцю. Але ж пра “Лістапад” наступным разам. У канцы кастрычніка ў Магілёве, сціпла не адцягнуўшы нічыёй увагі, прайшоў анімацыйны фэст “Анімаёўка”.
Нарэшце, рушыла дробная хваля, звязаная з уласна фільмамі. “Беларусьфільм” анансаваўздымкі дакументальнай стужкі пра жыццё Якуба Коласа падчас вайны, пасля запусціў здымкі фільму “Мы адзіныя” і ў канцы кастрычніка абвесціў пачатак здымак стужкі “Ліст чакання” Аляксандра Яфрэмава, аднаго з аўтараў новай Канстытуцыі і заяўленага мастацкага кіраўніка фільму “Мы адзіныя”.
Пагадзіцеся, зашмат гучных дзеянняў для двух месяцаў – і колькі фарматаў для адной і той жа адміністрацыйнай дзейнасці. Яднае іх відавочны намер стварыць ілюзію поўнага кантролю над кіно. Аддамо ж належнае намаганням: мы ўбачылі, колькі адміністрацыйных высілкаў прыкладаецца, каб давесці, што дзяжурныя па кіно выконваюць сваю працу.
Яно расшчапілася
Відавочная тут і новая спроба вярнуць кінематограф выключна да ідэалагічнай яго часткі, зрошчанай з бюракратычным апаратам: “партыя пазначае шлях – кінематаграфісты яго пракладваюць”. Фактычная мэта – перастварыць афіцыйную культуру, якая цалкам абслугоўвае запыты дзяржавы і мае гледачом чальца бюракратычнай сістэмы. Што ж, для гэтага створаныя ўсе ўмовы. Першая і галоўная – кіно, аддаленае ад чынавенскага апарату, выціснутае з краіны фізічна ці ў глухім падполлі.
Яно і цяпер, як раней, стварае тыя дробныя дзірачкі ў суцэльным дзяржаўным наратыве пра кіно: фільм Таццяны Свірэпы “Беларусь 23.34” намінаваны на ўзнагароду кінафэсту ў Іглаве, фільм Мікіты Лаўрэцкага “Спатканне ў Мінску” перамог на фэсце DocLisboa, стужка Мары Тамковіч “У прамым эфіры” – на фэсце ў Гдыні.
Паветра ў кіно так ачысцілася, што з’явілася нават навіна бы з былога жыцця: беларус за ўласныя грошы здымае фільм і апублікаваў трэйлер. Гэтым разам – кіно пра вайну ва Украіне.
Такое супрацьпастаўленне афіцыйнага і неафіцыйнага, цэнтралізаванага і разасяроджанага, вертыкальнага і гарызантальнага ледзь не дзясятак гадоў утрымлівала беларускае кіно. І цяпер, пасля гадавога зацішша, можна пабачыць, як яно намагаецца аднавіцца. З адной істотнай акалічнасцю: самотныя аўтары цяпер збольшага яшчэ і эмігранты.
Але ж для хвалі эмігранцкага кіно не надышоў час.
Гэтая новая разасяроджанасць мусіць быць неяк названая. Бо маем што маем – бездакорна пустую прастору ў краіне, дзе кіно існуе ў чатырох агрэгатных станах: адкрыццё конкурсу на вытворчасць фільму, анонс вытворчасці, старт здымак і паказ да чарговага Дня. Пяты стан – паказ за мяжой (які ледзь не аўтаматычна азначае, што ў краіне не пакажуць).
Магчыма, менавіта так і выглядае пачатак расшчаплення кіно на нутраное і эмігранцкае.
Адно відавочна: нутраное мае стаць цалкам афіцыйным.
Уцёкі ў онлайн
З гэтай замкнёнай прасторы няма пакуль куды ўцякаць акрамя як у онлайн. Варта верыць, што там і адбудуцца найбліжэйшым часам асноўныя падзеі айчыннага кіно. Першы выпадак ужо маем: фэст відэавытворчасці “Hliadač”, які меў адбыцца ў Мінску офлайн і быў адменены за дзень да старту. А 23 і 24 верасня спраўдзіўся онлайн: 37 кароткаметражных ігравых і дакументальных твораў у двух стрымах і чат як прастора судакранання аўтара ды гледача з магчымасцю імгненна заданаціць упадабаным аўтарам.
Не абумоўлены нарэшце жыццядзейнасцю бюракратычнай сістэмы, ён адмаўляецца ад іерархіі, цэнтралізацыі ды іншых вертыкальных прыкметаў. І будуе, як некалі фэст Cinema Perpetuum Mobile, гарызантальныя сувязі ды адкрытую супольнасць. Заўважце і беларускую лацінку ў назве: як бачым і з кейсу “Лістапада”, моўнае пытаннечка сёлета ў кіно прынцыповае.
Перавод у онлайн-рэжым пацвярджае: паміж фізічнаю ды онлайн-прысутнасцю цяпер істотная розніца. Онлайн-прастора кіно пакуль афіцыйна маркіруецца не тое каб як маргінальная, але ж нязначная і, магчыма, аматарская. Ва ўсялякім разе, яна пакуль “вонкавая”, “па-за межамі” ў тым ліку і кантролю – у гэтым ёй шанцуе больш, чымся медыяпрасторы. У пэўным сегменце кіно гэта можа азначаць і свабоду.
“Hliadač” абазначыў онлайн як прастору выказвання і самавызначэння па-за межамі паўсюднай бюракратычнай сістэмы. На цяперашні час гэта з’ява і ўчынак.
Пошук бяспечнага выказвання
Бюракратыі было б, вядома, за шчасце існаваць моўчкі і безвынікова. Але ж у кіно і адсутнасць выказвання – таксама выказванне. Усе рухі афіцыйнага кіно даводзяць нам, што занятае яно пошукам максімальна бяспечнага выказвання, пажадана сінанімічнага маўчанню.
Адзіны новы ігравы фільм, выпушчаны ў фармальна-справаздачны пракат па краіне цягам гэтай восені, дый апошніх двух гадоў, – той самы “Падрыў” Івана Паўлава – дае сякія-такія ўяўленні пра санкцыянаванае цяпер экранныя прамовы.
Няцяжка заўважыць: бяспечнае яно менавіта таму, што пасуе да Года гістарычнай памяці. У Мінску “Падрыў” ішоў у звязцы з сюжэтамі АТН (у супрацы з КДБ) “Без тэрміну даўніны” – пра “генацыд беларускага народу ў час вайны”. У Жлобіне ж, напрыклад, ён абслугоўваў Дзень народнага адзінства з майстар-класамі “Франтавы ліст-трохкутнік”, банерамі “Гістарычная памяць і праўда”, салдацкаю кашай ды іншымі атрыбутамі дзяржаўнага касплэю перамогі – нягледзячы на тое, што датычыць фільм ужо бясспрэчна мірнага жыцця ды паваеннага размініравання Беларусі.
Адзначым у “Падрыве” адноўлены пасля даволі доўгага занядбання вобраз пярэваратня – станоўчага героя, які аказваецца адмоўным: настаўнік ОСОАВИАХИМу, які, высвятляецца, быў чальцом банды і браў удзел у расстрэле мірных жыхароў. Матыў пярэваратня яшчэ з 1930-х ратуе беларускае кіно падчас яго ўцёкаў ад беспасярэдняга выказвання. І параноя, як бачым, дагэтуль выглядае найэканомнейшым спосабам асэнсаваць рэчаіснасць.
Крышку вастрыні тым уцёкам надае факт, што першапачаткова фільм – тады з назваю “Полымя пад попелам” – планаваўся зусім не пра паваеннае размініраванне, а пра пажар у клубе НКГБ у 1946-м. Падчас рыхтавання серыял пра пажар ператварыўся ў серыял пра размінёраў цяперашніх і паваенных у супрацы з – падрыхтуйцеся – супрацьмінным цэнтрам Міністэрства абароны, а з яго ўжо і ў поўнаметражны фільм выключна пра паваенны час.
Выглядае, што гэта добрая гісторыя пра гонку па бяспечнае выказванне. Прынцыповы момант у ёй – супраца з Мінабароны. Фільм цяпер мусіць зноўку абгрунтоўвацца патрэбаю важкіх дзяржаўных органаў. І бліжэйшым часам не варта чакаць анічога, апроч узмоцненай – не той апатычнай, што ў траваядныя 2010-ыя – і наўпрост параднай сервільнасці.
У такіх абставінах мы зноў будзем доўга азірацца на аматарскае кіно. Ужо хаця б таму, што на фэсце “Hliadač” яно, застаўшыся ў межах сваіх характэрных тэмаў самоты, расшчаплення (і раздваення) ды распаду, у палоне цьмяных сюжэтаў і вобразаў, здолела зрэзанаваць з эмацыйнаю рэчаіснасцю, якую карціць цяпер асэнсаваць і якую афіцыйнае кіно ўпарта выціскае ў маргінальную прастору.
Высновы і прагнозы
Пры зачышчанай нутраной офлайн-прасторы кіно спадзявацца мусім толькі на онлайн. Можна чакаць, што ён знівелюе расшчапленне на нутраное і эмігранцкае кіно. І супольнасці ўдасца ўтрымаць хаця б тое разуменне прасторы беларускага кіно, якое заклаў у свой час нацыянальны конкурс “Лістапад”: Беларусь як пункт судакранання ідэнтычнасцяў незалежна ад месца жыхарства і вытворчасці.
Радуе толькі адна навіна: у Стоўбцах адкрыўся адноўлены кінатэатр “Беларусь” з дужа сучаснаю публічнаю прасторай. Яна выглядае выклікам бюракратызаванай культуры, якая ўспрымае grassroots-варушняк як небяспеку. Дык калі кіно не можа быць кіно, няхай яно пакуль пабудзе мадэрноваю пляцоўкаю для спантаннага мясцовага нэтўоркінгу новых пакаленняў. Гэта хоць штосьці пра будучыню.
Беларускі тэатр: “цёмны час”
Асноўныя трэнды сезону:
- Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры вядзе да звужэння беларускай тэатральнай прасторы, выціскання з сістэмы кіраўнікоў са сваім меркаваннем.
- Амаль поўнае знішчэнне беларускай тэатральнай крытыкі прывяло да немагчымасці публічнай экспертнай ацэнкі спектакляў і стварэння нават мінімальнай сістэмы іерархіі, адбудаванай на мастацкіх прынцыпах, якая існавала да 2020-га.
- Працягваецца цэнзурнае ўмяшальніцтва ў спектаклі, рашэнні аб прыёме на працу ў тэатры прымаюцца на ўзроўні Міністэрства культуры, што яшчэ больш замацоўвае ўдзел дзяржавы ў тэатральнай сферы.
- Асобныя беларускія творцы працягваюць паспяховую інтэграцыю ў сістэму заходнееўрапейскіх тэатраў. Перавагу тут маюць тыя, хто здабыў досвед працы за мяжой або дзеіць у фармаце пэўных структураў. Адсутнасць досведу пры спробах самастойнага плавання пакуль выклікае цяжкасці.
Дыскаўнтэр замест культавай пляцоўкі
У новым тэатральным сезоне беларуская тэатральная прастора працягвае звужацца – як у простым, гэтак і ў пераносным сэнсе.
Цягам другой паловы дзясятых адною з культавых пляцовак быў Ok16: там праходзілі паказы, што ладзіла арганізацыя “Арт Карпарэйшн” (арганізатар фестывалю “Тэарт”), а таксама паказваўся прадакшн самога Ok16. Пасля ліквідацыі абодвух ініцыятываў там пэўны час месцілася прыватная балетная школа. Цяпер жа ўсё стала “на свае месцы”: на гэтай пляцоўцы з’явіцца расійская сетка дыскаўнтэраў. Больш як сімвалічная падзея, здольная сведчыць пра стаўленне гарадскіх уладаў да тэатру і культуры.
Акрамя таго, беларусы ледзь не страцілі адзін з дзяржаўных калектываў. Як стала вядома, акторам Мінскага абласнога тэатру лялек “Батлейка”, што працуе ў Маладзечне, паведамілі на сходзе, што з 1 студзеня 2023-га яны стануцца філіялам мясцовага драмтэатру. Прычыны аб’яднання ўцямна ніхто патлумачыць не мог. Мяркуем, падставаю сталася жаданне заашчадзіць грошы ды адрапартаваць пра аптымізацыю.
Логікі ў такім рашэнні не мелася аніякай. Спецыфіка тэатраў драмы і лялек цалкам розная. З тым жа поспехам можна было б аб’ядноўваць футбольны і хакейныя клубы аднаго гораду: і там, і там гуляюць спартоўцы. Калі ж сур’ёзна, то на практыцы такое аб’яднанне прывяло б да наступнага: акторы драмы працягвалі выступаць на стацыянарнай сцэне, а на “Батлейку” павесілі б выязныя выступленні ў школах, што прывяло б да рэзкага падзення яе ўзроўню, а магчыма, і ліквідацыі.
На шчасце, ад такой ідэі нечакана адмовіліся. Перашкодзіў юрыдычны аспект: паводле заканадаўства, будучы філіял павінен быць у іншай мясцовасці. Гэта і ўратавала “Батлейку”. Праўда, няма ўпэўненасці, што аналагічныя планы не з’явяцца ў дачыненні іншых рэгіянальных калектываў. Хоць колькасць дзяржаўных тэатраў не перавышае трох дзясяткаў – мізэрны лік для 10-мільённай краіны.
Між тым з гэтых калектываў працягваюць сыходзіць прафесіяналы. Гэтак, дырэктарам сталічнага Тэатру лялек перастаў быць Яўген Клімакоў, які быў на сваёй пасадзе аж з 1985 года. Разам з Аляксеем Ляляўскім ён уяўляў сабой у беларускіх рэаліях амаль ідэальны тандэм дырэктара і галоўнага рэжысёра. Менавіта Клімакоў быў маторам арганізацыі ды правядзення Беларускага міжнароднага фестывалю тэатру лялек, які ладзіўся ў Мінску з дзевяностых гадоў (цяпер пастаўлены на паўзу). Афіцыйна гэты спецыяліст сышоў па ўласным жаданні, але пра самастойнасць такога рашэння можна толькі здагадвацца.
Дарэчы, Клімакоў быў адным з выпускнікоў знакамітага курсу дырэктараў, што выпусціў Тэатральна-мастацкі інстытут (цяперашняя Акадэмія мастацтваў) яшчэ за савецкім часам – тады гэтая падзея была відавочна прагрэсіўнаю з’яваю.
Цяпер такіх курсаў не выпускаюць, у тэатры на кіроўныя пасады часта прыходзяць выпадковыя людзі. На момант напісання тэксту пераемнік Клімакова не прызначаны.
Цэнзура і амаль прыгоннае права
Новы сезон пачаўся з новых прэтэнзіяў да спектакляў. Гэтым разам ахвяраю чыноўнікаў сталася класічная аперэта Імрэ Кальмана “Герцагіня з Чыкага”. Пасля вераснёўскай здачы спектаклю, на якой прысутнічалі чыноўнікі з упраўлення культуры Мінскага гарвыканкаму, Музычны тэатр паведаміў, што прэм’ера адмяняецца “праз тэхнічныя прычыны”.
Здавалася б, “Герцагіня з Чыкага” ўяўляе сабою палітычную сатыру як на амерыканскія, так і на еўрапейскія рэаліі 1920-х гадоў. Але, відаць, у іх знайшлі паралелі з сённяшнім днём. Паводле работнікаў тэатру, чыноўнікам не спадабаліся жарты пра пачатак вайны з Японіяй, героі гомасексуальнай арыентацыі, а таксама тое, што Амерыка ў цэлым паказаная ў аперэце ў пазітыўным ключы.
Як прызналася кіраўніцтва тэатру, ім давялося пазбавіцца некаторых персанажаў, выкінуць асобныя мізансцэны, праз што спектакль скараціўся амаль на 20 хвілінаў. “Цяпер сюжэт не будзе выклікаць падвоеных асацыяцыяў”, – адзначыў мастацкі кіраўнік тэатру Адам Мурзіч. Пасля гэтага чыноўнікі нарэшце дазволілі паказ “Герцагіні”.
Натуральна, гэта была не адзіная прэм’ера сёлетняй восені: у іншых тэатрах адбываліся свае паказы. Але праз гады пры спробе прааналізаваць іх будучыя даследнікі сутыкнуцца з велізарнымі праблемамі і, бадай, выкарыстаюць для іх характарыстыкі азначэнне “цёмны час”. Адна з яго праяваў наступная. У выніку звальненняў экспертаў, закрыцця сайтаў – пляцовак для публікацыяў, спынення дзейнасці фестываляў і ўрэшце эміграцыі шэрагу культурніцкіх дзеячаў публічная экспертная ацэнка спектакляў амаль цалкам знікла.
Раней яе праявамі былі нешматлікія рэцэнзіі, водгукі ў сацыяльных сетках, сам факт адбору на беларускую праграму “Тэарт” або “M@rt.кантакт”. Але апошні фестываль змяніў кіраўніцтва – і страціў сваю рэпутацыю. “Тэарт” закрылі. Колькасць рэцэнзіяў і водгукаў рэзка зменшылася. Айчынная тэатральная крытыка амаль цалкам знішчаная.
Яе рэшткі засталіся, але з тэкстаў, якія часам публікуюцца ў дзяржаўных медыях, амаль цалкам зніклі адмоўныя ацэнкі. У лепшым выпадку пра сапраўдны стан рэчаў можна даведацца з абзаца ў сярэдзіне тэксту ці нават некалькіх сказаў, надзейна схаваных у аўтарскіх разважаннях. Там скорагаворкаю пералічаныя ключавыя недахопы, якія ставяць пад сумнеў усе пералічаныя вартасці. У горшым выпадку няма і гэтага.
Таму без беспасярэдняга прагляду (трансляцыі прэм’ераў праз сэрвіс Voka ладзіць адно Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, запісы асобных спектакляў паказваюцца на канале “Беларусь 5”) скласці нават прыблізнае ўражанне пра пастаноўку немагчыма. Станоўчая ацэнка ў публічнай прасторы ўсіх без перабольшвання спектакляў робіць немагчымым стварэнне нават мінімальнай сістэмы якаснай іерархіі, што грунтуецца менавіта на мастацкіх прынцыпах (існавала да 2020-га).
“Цёмным часам” гэтыя гады назавуць і праз шэраг іншых прычынаў. Гаворка ў тым ліку пра закуліснае развязванне пытанняў і панаванне “тэлефоннага права”. Чыноўнікі ўзялі пад свой поўны кантроль кадравую палітыку: цяпер у дзяржаўныя тэатры прымаюць не толькі на падставе характарыстыкі з мінулага месца працы. Паводле нашай інфармацыі, патрабуецца сумоўе з “шэрым кардыналам” беларускага Мінкульту Ірынаю Дрыгаю. Нязгода з ейнага боку можа паставіць крыж на далейшае працаўладкаванне, а практыка такіх рашэнняў нагадвае “найлепшыя” традыцыі прыгоннага тэатру.
Еўропа чакае: La Scala, Варшава, Берлін
Айчынны тэатр працягваў развівацца і па-за межамі Беларусі. Найбольш гучная сенсацыя здарылася ў Італіі: беларус Віталь Алексіёнак стаўся дырыжорам-пастаноўшчыкам оперы “Маленькі прынц”, сусветная прэм’ера якой адбылася ў славутым міланскім тэатры La Scala.
Айчынныя спевакі і раней выступалі на найлепшых сцэнах свету, хоць іхная колькасць заўжды была невялікая. Напрыклад, у нью-ёркскай Metropolitan Opera ў розныя гады спявалі ўсяго чатыры беларусы: салісткі піцерскага Марыінскага тэатру Кацярына Семянчук і Ірына Гардзей, зорка мінскага Опернага Аксана Волкава, а таксама саліст Гамбургскай оперы Аляксандр Раславец. Таму кожнае такое запрашэнне – падзея. Цікавасць калектыву такога ўзроўню да беларускага дырыжора назіралася ўпершыню. Дарэчы, пасля міланскай прэм’еры Алексіёнак перайшоў на працу ў дусэльдорфскі тэатр “Нямецкая опера на Рэйне”. Гэта адкрывае перад ім новыя перспектывы.
Рэжысёр Юра Дзівакоў, вядомы дагэтуль пераважна ў Беларусі, працягвае заваёўваць аўтарытэт у Польшчы. У рэпертуары варшаўскага тэатру Powszechny замацаваўся ягоны спектакль “Насця”. Першапачаткова з’явіўся эскіз паводле навэлы расійскага пісьменніка Уладзіміра Сарокіна. Паказы адбыліся ў снежні 2021-га, пасля чаго дырэкцыя мусіла пастанавіць, ці варта пакідаць “Насцю” ў рэпертуары. У выніку ж у красавіку 2022-га адбылася паўнавартасная прэм’ера. Спектакль часта трапляе ў афішу. Ужо прадаюцца квіткі на студзень 2023 года. У пастаноўцы занятыя акторы з Польшчы, Украіны і Беларусі (з нашых суайчыннікаў – Кацярына Ермаловіч, Дар’я Новік, Вольга Калакольцава і Мікалай Стонька).
З мінулых паспяховых праектаў згадаем прэм’еру спектаклю/тэхнарэйв-вечарынкі “P for Pischevsky”. Яна таксама адбылася ў красавіку 2022-га, але не ў Варшаве, а ў Берліне, на пляцоўцы HAU2 Hebbel am Ufer. Пазней, у кастрычніку, з’явілася 15-хвіліннае відэа, прысвечанае працы над гэтым праектам.
“P for Pischevsky” – супольны праект HUNCHtheatre Belarus (Мінск) і CHEAP (Берлін). Ён заснаваны на гісторыі Міхаіла Пішчэўскага, на якога напалі пасля гей-вечарынкі ў беларускай сталіцы ў 2014-м, а таксама на судовай справе над ягоным забойцам. Рэжысёрам выступіў беларус Уладзімір Шчэрбань. Сярод актораў былі прадстаўнікі чатырох краінаў – ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны і Беларусі. Апошнюю рэпрэзентавалі дыджэй і актор Глеб Кавальскі, а таксама музыка і спявачка Руся (Марына Шукюрава).
Тэатр па-за краінаю: новая вайна, былыя рэпрэсіі
Айчынныя трупы ў замежжы выпусцілі некалькі новых пастановак.
Свабодны тэатр паказаў у верасні ў Варшаве дакументальны спектакль “Паслядзяцінства”. Гэта 8 гісторыяў маладзёнаў, якія пераехалі ў Польшчу з бацькамі, хаваючыся ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі і/або ад вайны ва Украіне. Герояў, у якіх адабралі дом і ў нейкай ступені дзяцінства, сыгралі самі падлеткі. “Яны самі пісалі тэксты, самі малявалі афішу, самі ігралі. Мая задача як рэжысёра была проста іх аб’яднаць, накіраваць так, каб не пакрыўдзіць дарослых і бацькоў. На мой густ, гэта тургенеўскія “Бацькі і дзеці” – толькі ў рэальнасці. Гэта размова старэйшага пакалення з маладым”, – расказаў рэжысёр Павел Гарадніцкі.
Тэатр жніўня – частка гарадзенскіх актораў, якія аб’ядналіся вакол рэжысёра Андруса Даралы пад дахам Віленскага старога тэатру – выпусціў у верасні дакументальную пастаноўку “Спектакль, які не адбыўся”. У яго аснове – дакументальныя сведчанні пра жыццё ў акупаваным Расіяй Марыупалі, якія на сваёй старонцы ў Facebook штодзённа пакідала мясцовая журналістка Надзея Сухарукава.
Дзеянне пастаноўкі пачынаецца ў склепе тэатру, працягваецца ў яго калідорах і толькі потым выходзіць уласна на сцэну. Будынак даўно патрабуе капітальнага рамонту, але гэта міжволі спрацавала на агульную задуму: у старых сценах адбылося поўнае пагружэнне ў матэрыял: гледачы – наколькі тое магчыма – сапраўды адчувалі сябе ў Марыупалі. Дзякуючы “падарожжу” па калідорах з іх крутымі паваротамі ўзнікала адчуванне бамбасховішча. А яшчэ лабірынту, з якога трэба выбрацца.
Актрысы (сярод іх беларускі Натэла Бялугіна і Наталля Лявонава) перадавалі гледачоў – іх было ўсяго каля 20, больш фізічна немагчыма – адна адной па ланцужку, спыняліся на пэўных пляцоўках, расказвалі чарговае сведчанне агрэсіі, а побач на сценах можна было прачытаць асобныя цытаты з допісаў, якія пісалі марыупальцы. Напрыклад: “Мне ў склепе з мёртвымі было камфортней, чым з жывымі”. Або: “Цішэй, ідзе рэпетыцыя”. У Марыупалі падчас першага бамбавання выжылі тыя, хто быў у склепе. Тыя, хто быў на сцэне, загінулі.
Адзін з ранейшых праектаў Тэатру жніўня – “За што?” – быў прысвечаны “ночы расстраляных паэтаў” (расстрэлу ў 1937-м больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты). На гэтай жа тэме – дакладней, агулам на паэзіі ў эпоху рэпрэсіяў – грунтуецца паэтычны спектакль “37-22” (рэжысёра Андрэя Саўчанкі), які паказалі ў Беластоку “Купалаўцы”.
Праект “За што?” атрымаўся асветніцкі, кранальны. Але праз адсутнасць якаснай драматургіі складвалася ўражанне, што кожны з удзельнікаў спрабаваў выказацца, укласці ў спектакль усё набалелае, а таму атрымалася мешаніна ўражанняў. Аднак пры гэтым “За што?” меў драйв, адчуваўся рытм і нерв, а таму праект глядзеўся.
У адрозненне ад яго, “37-22” не ставала энергетыкі. Заяўлены сюжэт (супрацьстаянне паэтаў і чыноўнікаў) у нейкі момант згубіўся. Праз вельмі падобную стылістыку твораў, якіх у найлепшых купалаўскіх традыцыях дэкламавалі як акторы-чыноўнікі, так і акторы-паэты, падзел на “добрых” і “кепскіх” персанажаў страціў сэнс, а потым гэтыя лініі наагул сцерліся. Надзвычай дрэннае святло не дазволіла паказаць сцэнаграфіі, замест добрай карцінкі пакінула на тварах актораў няісныя ў рэальнасці мяшкі пад вачыма. У выніку самым моцным складнікам “37-22” аказалася музыка Эрыка Арлова-Шымкуса.
У адным з інтэрв’ю актрыса Валянціна Гарцуева сказала, што “Купалаўцы” паспрабуюць стварыць у Варшаве сталы тэатр. Хочацца спадзявацца, што ў “37-22” трапіць у рэпертуар у выглядзе, які адпавядае ўзроўню трупы.
Высновы і прагнозы
Раскол у айчыннай тэатральнай прасторы ўсё больш паглыбляецца.
Калектывы ў Беларусі існуюць у савецкай сістэме каардынатаў. Апошняй уласціва дзяржаўнае ўмяшальніцтва і цэнзура амаль на ўсіх этапах дзейнасці – ад прыёму на працу і выбару назвы спектаклю да канчатковага (не)зацвярджэння пастаноўкі і яе ацэнкі ў друку – абавязкова ўхвальнай. Пры гэтай сістэме пастаноўка годных спектакляў магчымая: значная частка работнікаў тэатраў працягвае працу, а ступень умяшальніцтва залежыць ад пэўных чыноўнікаў. Але такія поспехі дасягаюцца насуперак, а не дзякуючы згаданым абставінам.
Тэатральныя трупы, што працуюць у эміграцыі, пакрысе разгортваюць сваю дзейнасць. Набіваючы гузакі, яны адаптуюцца ў іншай, нязвыклай для сябе сістэме і намацваюць далейшую стратэгію развіцця. Акрамя Тэатру жніўня, што звязаў сваю дзейнасць з рэпертуарным калектывам, яны пераважна працуюць у рэчышчы праектнага тэатру. Наколькі працяглай і паспяховаю будзе іх дзейнасць? Гэта будзе залежаць ад шэрагу фактараў: запатрабаванасці іх прадукцыі сярод гледачоў-эмігрантаў і мясцовай публікі, фінансавання (грантаў на падтрымку культуры ці ўласных заробкаў) і, натуральна, мастацкага ўзроўню пастановак.
Поп & рок. Кэнсэлінг і бойкі за сеткавы поспех
Асноўныя трэнды сезону:
- Кэнсэлінг артыстаў набірае абароты: музычную прастору фармуюць як дзяржаўная палітыка забароны беларускага, так і “грамадскі кантроль” хэйтэраў.
- Музыкаў працягваюць затрымліваць: трапілі за краты Тоr Band і Litesound. Агулам са жніўня 2020 года Беларуская Рада культуры зафіксавала 214 фактаў рэпрэсіяў супраць музыкаў. Дзяржаўны тэрор вынішчае прастору стварэння сэнсаў, але нічога не здольны прапанаваць наўзамен.
- Беларускія музыкі збіраюць вялікія клубныя пляцоўкі ў Еўропе і даюць паспяховыя канцэрты за акіянам. Дыяспара цяпер існуе ў актыўнай фазе. Але колькі ў творцы ёсць часу?
- Беларуская мова – у трэндзе, але не стае якасці: часам тэксты песень нагадваюць механічны Google-пераклад.
Мапа сэнсаў
Цікава і сумна адначасова жыць у эпоху татальнага кэнсэлінгу. Тое, што адбываецца цяпер, часам нагадвае дзікае паляванне з ужываннем ядравай зброі: ні пераможцаў, ні пераможаных – толькі рэшткі ахвяраў забаронаў.
З аднаго боку, беларуская музыка ў межах краіны застаецца ў стане глыбокага падполля і паўнавартасна існуе толькі па-за тэрыторыяй адчаю: калі рэдкі беларускі гурт выязджае на гастролі ў іншыя краіны ды атрымлівае магчымасць зарабіць там грошы.
Беларуская дзяржава закэнсэліла беларускую ж незалежную музыку. Цяпер сюды ў неабмежаванай колькасці трапілі састарэлыя і маладыя расійскія артысты. Культурніцкі ландшафт цалкам змяніўся, і пачуць сёння на канцэрце ў Мінску беларускую мову – гэта сапраўдны кўэст. Замест Вольскага – Лепс, замест Вайцюшкевіча – Віктар Каралёў, замест Naviband – Лёша Свік.
З другога боку, беларуская супольнасць уважліва назірае за публічнымі выступамі сваіх артыстаў. Кожная заява і крок абмяркоўваюцца ў сацыяльных сетках, а ў асабліва клінічных выпадках лідары меркаванняў спрабуюць адрэдагаваць рэчаіснасць і нават трэк-ліст. Яскравы прыклад – спявачка Palina, якая на канцэрце ў Варшаве выканала песню “Облака – белогривые лошадки” і атрымала хвалю хэйту ад не задаволеных “расійскім” рэпертуарам карыстальнікаў Twitter.
Не ўсе беларускія артысты вытрымліваюць гэтае правяранне на паслядоўнасць. Напрыклад, гурт “ЛСП”, які ўвесну перанёс свой тур па Расіі праз немагчымасць выступаць у такіх абставінах, а лідар калектыву выказваўся супраць вайны, у кастрычніку і лістападзе паспяхова праехаў з турам па расійскіх гарадах. Што змянілася з вясны? Пытанне рытарычнае. Вайна ўсё яшчэ трывае.
У гэтым падарожжы бралі ўдзел не ўсе чальцы гурта. Напрыклад, у якасці сесійніка з “ЛСП” граў гітарыст расійскага гурта “Мумий тролль”. Калі інфармацыя пра тур трапіла ў публічную прастору, музыкі проста прыбралі расклад канцэртаў з афіцыйнага сайту, але сітуацыі ніяк не каментавалі.
Сучасны артыст мусіць фільтраваць свой рэпертуар і добра валодаць геаграфіяй. Курсы рыторыкі – на жаданне.
Рэпрэсіі трываюць
Рэпрэсіі супраць музыкаў працягваюцца. Са жніўня 2020 года Беларуская Рада культуры зафіксавала 214 фактаў рэпрэсіяў у дачыненні музыкаў: забароны канцэртаў, пераследы, зняволенні. Са свежых прыкладаў – затрыманне чальцоў абсалютна лайтовага поп-бэнду Litesound: з музыкамі запісалі “пакаяннае” відэа і зазначылі, што ў іх знайшлі незарэгістраваную зброю. Гэтак дзяржава помсціць творцам, якія атрымалі нешта ад яе ў свой час, але аказаліся “нядобранадзейнымі”. Падобна да паводзінаў пакрыўджанага дзіцяці, у якога яшчэ не развіўся эмацыйны інтэлект. Паводле гэтай логіцы, Беларусь – краіна “няўдзячных” артыстаў, якім дазволілі працаваць, а яны працуюць не так, як трэба дзяржаве.
Яшчэ адзін рэзанансны прыклад – затрыманне музыкаў рагачоўскага гурта Tor Band. Яны запісвалі ў 2020 годзе рок-гімны, якія ў выніку сталіся адным з сімвалаў пратэсту. Удзельнікаў Tor Band затрымалі разам з жонкамі, і яны не выйшлі на волю пасля 15 содняў. Паведамлялі, што сілавікі цікавіліся і ўсімі, хто браў удзел у здымках кліпаў гурта, а таксама авалодалі акаўнтамі Tor Band і выдалілі ўсе кліпы, агульная колькасць праглядаў якіх перавысіла 5 млн. Гэта спроба дзяржавы заткнуць анучай дзірку ў “нашай агульнай лодцы”, а вёсламі адмахвацца ад усіх, хто заўважыў, што лодка развернутая супраць плыні.
Дасюль застаюцца за кратамі два ўдзельнікі гурта Irdorath ды іншыя беларускія артысты. Быць незалежным музыкам і працягваць жыць у Беларусі – сур’ёзная рызыка. Быць беларускім незалежным музыкам і прыязджаць з Беларусі на гастролі ў Еўропу – геройства. Шмат хто паставіў свае праекты на паўзу і жыве ва ўмовах унутранай эміграцыі. З відавочных прыкладаў – “Крама” і “Палац”, якія не маюць магчымасці выступаць у Беларусі, але застаюцца ў яе геаграфічных межах. Гэтыя гурты – на паўзе, як і шмат іншых. Толькі адзінкі дазваляюць сабе працаваць ва ўмовах унутранай эміграцыі. Як прыклад – гурт Akute, які трапіў у чорныя спісы ў 2020 годзе, але знайшоў у сабе сілы, застаючыся ў Беларусі, выдаць новы альбом – “Напалову тут”.
Іншыя эмігравалі па-сапраўднаму ды збіраюць па кавалачках свае гурты і абсталяванне, як Relikt і “J:Mopc”, альбо спрабуюць зарабляць грошы ды наладжваць побыт у чужой краіне па-іншаму: будоўля ці крама на тыдні і гастролі ў выходныя – такая вось рэчаіснасць.
Новая беларуская музыка: спробы прысутнасці
Пасля пратэстаў 2020 года мастацтва супраціву дасягнула пікавай адзнакі: літаральна за некалькі месяцаў была створаная больш як сотня пратэсных песень рознай ступені якасці. Пасля быў прадказальны заняпад: рэпрэсіі, вымушаная эміграцыя ды спробы ўладкаваць свой побыт не спрыялі з’яўленню новай і якаснай музыкі. Гэты ж заняпад бачым і цяпер.
Калі казаць пра ўдалыя прыклады, можам згадаць новы альбом Akute – “Напалову тут”, у якім гурт вяртаецца да гітарных каранёў пасля неадназначнага эксперыменту з электронным гучаннем. Ці даволі ўдалы эксперымент Gregory Neko – актуальны мікс электронікі і каляджазавай імправізацыі, які часам нагадвае папулярны цяпер лонданскі гурт The Сomet Is Coming. Класны рэліз у гурта “Союз” – яскравы рэверанс у бок бразільскай музыкі 1970-х з пяшчотнымі мелодыямі. Альбом, дарэчы, атрымаў камплімент ад амерыканскай зоркі Tyler The Creator. Яшчэ трэба згадаць альбом Hlybini колішняга ўдзельніка гуртоў Fratrez і Bosae Sonca баяніста Аляксандра Ясінскага: цікавае як мінімум з гледзішча выкарыстання інструмента спалучэнне прагрэсіўнага року, эксперыментальнай музыкі і джазу.
Але гэта ўсё даволі вядомыя імёны. Новая беларуская музыка пазбаўленая свежага погляду і цікавых ідэяў. З аднаго боку, гэта вынік татальнай цэнзуры з боку дзяржавы. З другога – гэта і пытанне музычнага кругагляду творцы, калі ў якасці рэферэнсу выкарыстоўваецца падставова другасны прадукт. Такім чынам, музыка паразітуе на жанравых клішэ і намагаецца адпавядаць пэўным стандартам: гучыць гэта альбо па-дзіцячы наіўна, альбо прадказальна і нецікава. У першым выпадку ёсць нясмелыя падставы для аптымізму, у другім можна смела ўлучаць рэжым дзеда і разважаць пра тое, што беларуская музыка ўжо не тая.
У кастрычніку альбом “Crowd of Krots” выдаў папулярны ў TikTok артыст kirkiimad: кампіляцыя жанравых клішэ падлеткавай поп-музыкі, аздобленая прыстойным саўнд-дызайнам. Яшчэ адзін прыклад: у верасні выйшаў новы трэк папулярнага цяпер трыа uniqe, nkeeei & Artem Shilovets – максімальна пазбаўленая ідэяў песня, але з 300 тысячамі праглядаў на YouTube.
Новы беларускі музыка марыць трапіць у трэнды TikTok ці перамагчы алгарытмы YouTube. Гэта бойка са штучным інтэлектам за права існаваць у інтэрнэт-прасторы. І мастацкая вартасць выказвання тут мае цалкам другаснае значэнне. Для беларускага творцы-пачаткоўца, пазбаўленага падтрымання медыяў, гэта адзіны шлях да патэнцыйнага слухача. Дызайн і тактыка выжывання – на першым месцы, мастацкая вартасць – прыемны бонус.
Пры гэтым беларуская мова – важны элемент творчага выказвання нават для расійскамоўных артыстаў. Гэта легальная праява пазіцыі і бязбольная спроба сказаць тое, што сказаць нібыта нельга. Шмат для каго з музыкаў гэта складаны філалагічны досвед, таму атрымліваецца, мякка кажучы, недарэчна. Тэксты песень складаюцца на падставе школьнага курсу беларускай мовы ды Google, таму кульгаюць на абедзве нагі ад расійскіх словаў і слабых рыфмыў. Пытанне – лепш так ці ніяк – дыскусійнае і адказу не прадугледжвае.
Яскравы прыклад – песня маладой спявачкі Iva Sativa “Дзікунка”. Гэта спроба спалучыць беларускую мову і модны біт, але спроба даволі слабая. Мы бачым, што ў свядомасці артысткі беларуская культура – гэта клішаванае ўяўленне пра бабуліны спевы пра дзевак і карагоды, праз якія праступаюць недарэчныя радкі: “Карацей кажучы, ну што б ты панімаў, гэта Беларусь, ёў, ацані запал”.
Беларускія гурты: мабільныя трыумфы
Папулярныя беларускія музыкі знаходзяць сваю аўдыторыю па-за геаграфічнымі межамі Беларусі. Чатыры разы на год “Петля пристрастия” выязджае з гастролямі ў Польшчу, Літву, Латвію, Нямеччыну, Чэхію, Кіпр і Грузію. Апцыйна – Аўстрыя і Арменія. Наведвальнасць такіх канцэртаў куды большая, чымся да 2020 года, і гэта лёгка патлумачыць масавай эміграцыяй. Рэгулярныя еўрапейскія гастролі ладзяць гурты Nizkiz і Naviband.
Лявон Вольскі і гурт “J:Mopc” увогуле паспяхова зляталі з канцэртамі ў ЗША ды сабралі даволі вялікую аўдыторыю нават у тых гарадах, дзе раней гэта падавалася немагчымым – беларускія дыяспары па ўсім свеце паводзяць сябе вельмі актыўна. Беларускія канцэрты – гэта пляцоўка стартавай самаідэнтыфікацыі ды рэфлексіі, тэрыторыя гуртавання паводле нацыянальнай прыналежнасці.
Для папулярных гуртоў гэта цудоўная магчымасць атрымаць новую актыўную аўдыторыю і зарабіць грошы. З іншага боку, маладыя беларускія праекты цалкам пазбаўленыя магчымасцяў сцэнічнага дэбюту: папросту не стае пляцовак. Буйныя медыі выкраслілі са свайго парадку дня культурніцкую ды адукацыйную місію і назіраюць толькі за славутымі артыстамі. Нішавыя музычныя медыі перасталі існаваць. Ёсць некалькі Telegram-каналаў, якія пішуць пра новую беларускую музыку, але іх аўдыторыя вельмі абмежаваная: найбуйнейшы налічвае менш за 2 тысячы падпісчыкаў.
Умовы для стварэння музыкі складана назваць спрыяльнымі, галоўная задача для артыста – знайсці магчымасць трапіць да слухача. І тут амаль адзіны шлях дэбютантаў – акурат змаганне з алгарытмамі буйных сацыяльных сетак.
Высновы і прагнозы
Яшчэ нейкі час папулярныя беларускія музыкі будуць мець магчымасць выступаць перад шырокай аўдыторыяй, аднак гэты рэсурс, на жаль, вычарпальны. Для тых артыстаў, якія жывуць у Беларусі, гастролі могуць скончыцца ў любы момант – калі канчаткова закрыюцца межы з Еўразвязам. Хто жыве за межамі краіны, можа сутыкнуцца з пасіўнасцю аўдыторыі, якая немінуча перастане масава хадзіць на канцэрты. Па-першае, гэта будзе рэакцыяй на студыйную пасіўнасць беларускіх музыкаў. Па-другое, бясконцыя гастролі немінуча перакормяць аўдыторыю.
Актыўнасць і якасць творчасці новых беларускіх артыстаў будзе падаць. Цяпер яны не маюць каналаў і пляцовак для сваёй шырокай прэзентацыі. Беларускія медыі толькі зрэдку звяртаюць увагу на творцаў і паводзяць сябе ў адносінах да культуры цалкам пасіўна.
Дыстрыбуцыя творчасці цяпер – барацьба са штучным інтэлектам за права на існаванне: у такіх умовах гаворка не пра ўнікальны прадукт, а пра адпаведнасць пэўным стандартам.
Ціск рэпрэсіяў прымушае творцу займацца самацэнзурай і фільтраваць мэсіджы такім чынам, каб пачувацца ў бяспецы, публіка ж у сваю чаргу чакае ад лідараў меркаванняў смелых учынкаў і выказванняў. Ідэальны ньюзмэйкер у 2022 годзе мусіць быць бескампрамісным і гатовым да ахвяры. Але што ён атрымае наўзамен? Хвіліну славы ў прайм-тайм, якая скончыцца на наступны дзень, а наступствы могуць быць катастрафічнымі. Творца ўжо даўно ацаніў магчымыя рызыкі і не гатовы ахвяраваць.
Беларускі музыка цяпер пад каласальным ціскам. З аднаго боку – рэпрэсіі з боку ўладаў, з другога – кэнсэлінг у выпадку непапулярных крокаў і праяваў творчасці. У такіх абставінах артыст (калі можа) звычайна ставіць на паўзу творчую актыўнасць ды займаецца больш удзячнай і прыбытковаю справаю.