Frame 5079 (1)

Беларуская культура: агляд (красавік – чэрвень 2026)

Літаратура: У чаканні вялікай прозы

Кіно: Перамога ў Кракаве і паўсюдныя «экстрэмісты»

Тэатр: У кіраўніцтве – сілавікі, у рэпертуары – вайна. Але ёсць і добрае

Музыка: Адмена буйных фестываляў і з’яўленне новых

Арт: Ад кропкавых зменаў да інстытуцыйнага дэмантажу

Традыцыйная культура: Купалле, затрыманні і ўчастковы-фалькларыст

 


Літаратура: У чаканні вялікай прозы

Беларуская літаратура апошніх месяцаў працягвае жыць паміж дзвюма рэальнасцямі. У Еўропе і свеце яна ўсё больш прыкметная – аўтары намінуюцца на прэміі, выходзяць пераклады, ладзяцца кірмашы, адкрываюцца новыя выдавецтвы, а ўнутры Беларусі поле застаецца пад абмежаваннямі цэнзуры, рэпрэсій і недаступнасці незалежных меркаванняў.

Галоўныя трэнды перыяду: чаканне вялікай прозы пра досвед 2020 года, выхад на літаратурную сцэну былых палітвязняў, усплёск развіцця дзіцячай і перакладной літаратуры, а таксама ўсё мацнейшая роля дыяспары ў захаванні беларускай кнігі і яе прысутнасці ў еўрапейскай культурнай прасторы.

Прэміі і пераклады: беларуская літаратура ў свеце

Пачалася пара літаратурных прэмій за 2025 год. Найперш паэзія: у красавіку быў абвешчаны поўны спіс прэміі імя Наталлі Арсенневай. У кароткі спіс увайшлі кнігі Іллі Кульбіцкага «Хроніка адмаўлення пустаты», Ігара Кулікова «Нетутэйшая далечыня» і кніга Макса Шчура «Чайны збор. Выбраная постпаэзія 2007–2025». Лаўрэатам стаў Ігар Кулікоў з фармулёўкай «за метафізічную адвагу ў працы з мовай і стварэнні апрычонага мастацкага свету». Таксама Ігара можам павіншаваць яшчэ і з выхадам новай кнігі «Горад. N.», куды ўвайшлі вершы 2024–2026 гадоў (выдавецтва «Янушкевіч»).

Напрыканцы чэрвеня быў абвешчаны доўгі спіс намінантаў на прэмію Ежы Гедройця – галоўнай прэміі ў галіне беларускай прозы за апошняе дзесяцігоддзе. У доўгім спісе як мінімум тры (бо некаторыя ўдзельнікі зашыфраваныя) дэбютныя кнігі: «Эйфарыя» Марыі Пархімчык, «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха, «Пентаквантар» Арцёма Шуканава. Паводле гэтага лонг-ліста можна зрабіць выснову, што з’яўляюцца аўтары, якія раней не былі вядомыя ў беларускай літаратурнай супольнасці і прыйшлі ў літаратуру з іншых сфер, а таксама пра паўставанне (нарэшце!) якаснай жанравай прозы. Сярод фаварытаў прэміі – Аляксей Правалоцкі з кнігай «Цягнік да Познаня» (гэта другая кніга аўтара).

Напачатку чэрвеня з’явіўся таксама кароткі спіс прэміі Францішка Багушэвіча, што ўручаецца за кнігі і праекты, якія даследуюць беларускую памяць, мову, гісторыю і сучасны досвед. Сёлета шорт-ліст даволі разнастайны: у ім рэпартаж, палявое даследаванне музычнага фальклору, літаратурны падкаст і некалькі зашыфраваных удзельнікаў. Кніга паэзіі Юлі Цімафеевай «Кровазварот», якая таксама ёсць у гэтым спісе, у красавіку атрымала нямецкую літаратурную ўзнагароду Hilde-Domin-Preis. Яна ўручаецца раз на тры гады пісьменніку ці пісьменніцы, якія працуюць з тэмай выгнання. Тым часам украінскі пераклад рамана Альгерда Бахарэвіча «Дзеці Аліндаркі» ўвайшоў у шорт-ліст прэміі House of Europe Award, перакладчыкі – паэты Лэсік Панасюк і Дарына Гладун. 

Напрыканцы чэрвеня быў аб’яўлены лонг-ліст прэстыжнай уроцлаўскай прэміі Angelus для пісьменнікаў з Цэнтральнай Еўропы, якія ў сваёй прозе ўздымаюць найістотнейшыя тэмы сучаснасці і паглыбляюць веды пра свет іншых культур. У розныя гады лаўрэатамі прэміі былі Святлана Алексіевіч, Юры Андруховіч, Сяргій Жадан, Марцін Полак, Міленка Ергавіч. Альгерд Бахарэвіч з яго «Сарокай на шыбеніцы» трапляў у шорт-ліст. Сёлета ў поўны спіс увайшлі «Танцы над горадам. Тры аповесці» Уладзіміра Арлова ў перакладзе Богдана Задуры і «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец у перакладзе Малгажаты Бухалік. «Па што ідзеш, воўча?» таксама выходзіць па-англійску ў перакладзе Элы і Джыма Дынглі ў незалежным ірландскім выдавецтве Bullaun Press.

What Now, Mr Wolf? – пераклад вядомай кнігі Евы Вежнавец на англійскую мову. Фота: скрыншот старонкі https://bullaunpress.com

Калі гаварыць пра функцыянаванне беларускай літаратуры на міжнародным узроўні, то дадамо яшчэ, што агляданы перыяд быў багаты на выданні беларускай літаратуры на іншых мовах. 14 чэрвеня Вальжына Морт прачытала лекцыю Long Lines, Long Days у межах фестывалю паэзіі ў Берліне, якая пасля выйшла асобнай кніжкай па-англійску і па-нямецку ў выдавецтве Wallstein, а на фестывалі Мілаша ў Кракаве прэзентавала «Песні для мёртвых і ўваскрэслых» па-польску. «Канстытуцыя» Ганны Янкуты таксама выходзіць па-польску ў выдавецтве Warsztaty Kultury. Таксама ў перакладзе Богдана Задуры пабачыў свет «Ператрус у музеі» Альгерда Бахарэвіча. Нізкі сучаснай беларускай паэзіі апублікаваныя ў брытанскім онлайн-часопісе Matter і ў аўстрыйскім Zwischenwelt, а тым часам у Барселоне выйшла кніга выбранай паэзіі Яўгеніі Янішчыц Un ocell feréstec («Непрыручаная птушка») па-беларуску і па-каталанску, перакладчык і ўкладальнік – Франсіска Руіс Сарыяна, які раней выдаваў Янішчыц па-гішпанску. Незалежнае рымскае выдавецтва WriteUp выпусціла беларуска-нямецка-італьянскамоўны зборнік паэзіі Алеся Разанава Sumus ne simus

Вельмі важна, што дзякуючы працы культурніцкай дыяспары беларускія аўтары перакладаюцца на іншыя еўрапейскія мовы і знаходзяць свайго замежнага выдаўца і чытача.

Рэфлексія і асэнсаванне

У красавіку ў Беластоку адбыўся кніжны кірмаш, дзе было прадстаўлена некалькі беларускіх выдавецтваў, а ў апошнія дні траўня на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве прайшоў Міжнародны кніжны кірмаш, дзе быў арганізаваны супольны стэнд незалежных беларускіх выдаўцоў «Вольная Беларусь». Адметнымі падзеямі на ім былі сустрэчы з Алесем Бяляцкім і прэзентацыя кнігі пра яго «Алесь», якая выйшла ў выдавецтве «Полацкія лабірынты», а таксама сустрэча з Віктарам Бабарыкам і прэзентацыі кнігі Сабіны Брыло «Справа Віктара Бабарыкі». У апошні дзень кірмаша прайшла сустрэча з Аляксандрам Фядутам «Літаратуразнаўца ў турме», на якой у тым ліку абмяркоўвалі яго кнігу «Лексікон “Каласоў пад сярпом тваім”», напісаную ў СІЗА.

Варта адзначыць, што цяпер на літаратурную арэну выходзяць былыя палітычныя зняволеныя, у якіх атрымалася напісаць кнігу за кратамі і перадаць яе на волю, альбо ўжо ў больш спрыяльных умовах пасля вызвалення адрэфлексаваць уласны досвед, а таксама падзеі ў Беларусі апошніх гадоў. У траўні выйшла кніга Паўла Севярынца «Беларусь – гэта святое», прэзентацыі якой адбыліся ў Вільні і ў Варшаве; Максім Знак у чэрвені абвясціў пра завяршэнне новай кнігі «Каланісты»; Аляксандр Фядута прэзентаваў вышэйзгаданую кнігу пра «Каласы пад сярпом тваім» і прачытаў у Варшаве і ў Кракаве лекцыі пра філаматаў і філарэтаў. Важна, што гэтыя літаратурныя падзеі ўплятаюцца ў агульны кантэкст беларускіх падзей у замежжы. 

Выдавец і перакладчык Зміцер Колас працягвае заставацца за кратамі.

Крызіс, у якім знаходзяцца Беларусь і беларуская культура, трывае. Пры гэтым мінула дастаткова часу ад яго пачатку, каб паглядзець на падзеі апошніх гадоў з кароткай, але ўсё ж дыстанцыі. Калі ў жніўні-верасні 2020 года з’яўлялася шмат вершаў, потым – дзённікі (дарэчы, адзін з іх – «Калі я выйду на волю» Ганны Комар – нядаўна выйшаў па-ангельску), то цяпер чакаем вялікай прозы, якая на належным мастацкім узроўні будзе асэнсоўваць тое, што адбывалася. Найбольш зручнай і запатрабаванай формай для гэтага з’яўляецца аўтафікшн, для якога ў нас ёсць выдавецтва «Мяне няма». Нядаўна яно анансавала выхад кнігі Юлі Арцёмавай «Пока я искала слова». Чытач ужо ведае аўтарку па аповесці «Я и есть революция» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»). На ліпень тым жа выдавецтвам запланаваны выхад выбраных тэкстаў культуролага Максіма Жбанкова «ШокингКульт. Книга перемен».

Фестывалі і кніжныя навінкі 

Чэрвень можна назваць месяцам дзіцячых фестываляў. На вуліцы Віцебскай у Вільні адбыўся інтэграцыйны беларуска-літоўскі фестываль «Пад чароўным небам», арганізаваны Асацыяцыяй беларускіх бацькоў у Літве, у якім удзельнічалі літоўскія і беларускія пісьменнікі. У Кракаве з 27 чэрвеня па 6 ліпеня праходзіў дзевяцідзённы фестываль дзіцячай кнігі, зладжаны ініцыятывай «Кніжны вырай».

Беларускія выданні на фэсце дзіцячай літаратуры ў Кракаве

У праграме – творчыя майстар-класы, выступ тэатра «Цуд», сустрэчы з ілюстратарамі і пісьменнікамі. Фестываль распачаўся з сустрэчы з Андрэем Скурко, які расказаў пра новае выданне Gutenberg Publisher – кнігі для дзяцей «Табіта Плімтак і край свету» Эрыкі Макган. Наогул гэтай вясной выдавецтва Gutenberg Publisher цешыла перакладамі для дзяцей: гэта і «Дом, у якім…» Марыям Петрасян для старэйшай аўдыторыі, і «Я заплятаю косы» Зэйнаб Боладэл, і «Патэ гуляе ў футбол» Тыма Парвэла.

Беларускае выданне перакладу кнігі ірландскай пісьменніцы Эрыкі Макган «Табіта Плімтак і край свету»

У выдавецтве «Пфляўмбаўм» выйшаў новы пераклад на беларускую «Часу сэканд-хэнд» Святланы Алексіевіч, зроблены Кацярынай Маціеўскай, у выдавецтве «Янушкевіч» – пераклад рамана-антыутопіі «Атлант расправіў плечы» Айн Рэнд, а таксама акурат на сярэдзіну лета анансаваны выхад перакладу «Віна з дзьмухаўцоў» Рэя Брэдберы. 

У мінулым аглядзе мы не ўзгадалі пра пераклад эсэ Жана-Поль Сартра «Экзістэнцыялізм – гэта гуманізм», які з’явіўся ў лонданскім выдавецтве Skaryna Press напрыканцы сакавіка, выпраўляемся. Таксама ўвесну Skaryna Press распачало «Віленскую серыю», у якой плануецца друкаваць творы віленскіх беларускіх аўтараў. Першай кнігай серыі зрабіліся ўспаміны пра Вільню Галіны Войцік «Там, дзе мяне няма». У траўні выдавецтва выпусціла зборнік «Spiritus flat ubi vult. Вершы 1945–1947» Ларысы Геніюш, рукапіс якога паэтка стварыла незадоўга перад арыштам і вывазам у СССР у 1948 годзе. Рукапіс быў знойдзены праз 41 год і падрыхтаваны Арнольдам Макмілінам і Аляксандрам Надсанам, друкаваўся як машынапіснае выданне ў 1992 годзе. Кніга, якая выходзіць цяпер (укладальнік – Ігар Іваноў), спосабам друку ды ілюстрацыямі імітуе той адзіны экзэмпляр, які Ларыса Геніюш сабрала разам і перапляла.

У Варшаве тым часам на вуліцы Oleandrów 6 з’явілася новая беларуская кропка: адчынілася офлайнавая кнігарня Kamunikat Shop. У траўні на сайт «Камуніката» адбылася маштабная хакерская атака, серверы онлайн-бібліятэкі былі вычышчаныя ўначы, адказнасць за гэта ўзялі на сябе беларускія спецслужбы. На шчасце, сайт і архіў бібліятэкі атрымалася аднавіць. У пачатку ліпеня выдавецтва выпусціла манаграфію Віктара Шадурскага «Зямля пад шэрымі крыламі» пра суіснаванне і канфлікт аўтарытарнай улады і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ад 1996 да 2020 года.

Тым часам у Варшаве створанае новае беларускае выдавецтва – Bukinist:ka Press. Першай кнігай выдавецтва будзе «У вас такі мілы акцэнт» Кацярыны Оаро – пра досвед эміграцыі і жыцця беларускі ў розных краінах Еўропы. Беларускія чытачы могуць прыгадаць некалі нашумелую кнігу Кацярыны «Сарочае радыё», дзе гаворка ідзе пра ўнутраную кухню незалежнага беларускага медыя. 

За межамі Беларусі цяпер выходзіць надзвычай шмат разнастайных кніг, колькасць выдавецтваў і іх актыўнасць уражвае, але пытанне застаецца: як зрабіць так, каб гэтыя кнігі дайшлі да беларускага чытача ў Беларусі? Праз экстрэмісцкі статус большасці выдавецтваў і забарону распаўсюду яны застаюцца недаступнымі ўнутры краіны. Пакуль ёсць толькі беларуская аўдыторыя ў эміграцыі, разам з тым выдаўцы шукаюць спосабы выйсці на замежную аўдыторыю. Варта адзначыць, што пераклады беларускіх аўтараў на замежныя мовы, пра якія мы пісалі вышэй, – шмат у чым заслуга як адзінкавых культурніцкіх дзеячаў, так і выдавецтваў, якія спрабуюць наладжваць літпрацэс у даволі неспрыяльных для гэтага ўмовах.

Беларуская літаратура ў Беларусі 

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыў свет 23-ці том збору твораў Уладзіміра Караткевіча, падрыхтаваны рэдактарам Пятром Жаўняровічам. Таксама спадара Пятра можна павіншаваць са зборнікам вершаў «Размаітае сумоўе». З аўтараў старэйшага пакалення – Васіль Зуёнак напісаў вершы пра птушак да кнігі «Крылатая радасць зямлі: фотааповед пра птушак Беларусі» з апісаннямі і фотапартрэтамі птушак. Новая кніга паэзіі «Сляза і камень» выйшла ў Ігара Бабкова, у ліпені чакаецца прэзентацыя. 

З нетыповых навінак унутры Беларусі – «Пад шот. Кухня беларускіх літаратараў» Кацярыны Барысенкі з рэцэптамі: кіслыя бліны ад Андруся Горвата, бульбяная піца ад Іллі Сіна, кава па-караткевічаўску ад Адама Глобуса. У самога Глобуса выйшла кніга эсэ «Зоркі. Словы пра майстроў культуры» пра лёсы вядомых творчых асобаў ад Шэкспіра да Барткевіча. Таксама варта адзначыць некалькі дзіцячых кніг: «Казкі старога лецішча» Марыі Вайцяшонак, «Прыгоды ў зачараваным замку» Дар’і Мандзік, кніга народных казак «Ішоў Бай» у апрацоўцы Юрыя Пацюпы і мастацкім афармленні Маі Пейхвасэр.

У красавіку ў Нацыянальнай бібліятэцы адбыліся двухдзённыя ХХІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні – навуковая канферэнцыя, прысвечаная гісторыі кніжнай культуры. Аднак інфармацыі пра поўны склад удзельнікаў, даклады, тэмы, якія абмяркоўваліся, у адкрытым доступе вельмі мала. Гэта даволі паказальна: любая медыйная ўвага да кніжных падзей у Беларусі непажаданая, што стварае ілюзію культурнага жыцця, пастаўленага на паўзу.

Такім чынам, унутры Беларусі гэтай вясной выдавалася дзіцячая літаратура, эсэістыка, паэзія, але пры гэтым няма вялікай прозы. Застаецца надзея, што аўтарамі ў Беларусі яна цяпер пішацца «ў стол», бо пра пэўныя рэчы сказаць тут і цяпер не выпадае.

 


Кіно: Перамога ў Кракаве і паўсюдныя «экстрэмісты»

Беларуска перамагла на знакамітым фестывалі. У краіне лютуе кінацэнзура. Расійская індустрыя паглынае беларусаў.

Канец вясны ды пачатак лета выдаліся насычанымі кінематаграфічнымі падзеямі – што ў Беларусі, што ў дыяспары. Іншая рэч: прэм’ераў сярод гэтых падзей было зусім няшмат. Збольшага сярод навін – паказы, конкурсы ды ўдзел у кінафэстах. З апошніх і пачнем, бо гучныя міжнародныя ўзнагароды беларусы атрымліваюць вельмі рэдка.

Фестывалі і конкурсы

Беларуска Аляксандра «Саша» Куцэн атрымала прыз «Залаты лайконік» польскага конкурсу Кракаўскага кінафестывалю (31.05. – 07.06.2026), аднаго з найпрэстыжнейшых ды найстарэйшых кінафэстаў Еўропы. Чатырнаццаціхвілінная стужка «Wszystkie miały na imię Anżelika» («Усіх іх клікалі Анжаліка») адзначаная журы з фармулёўкай: «За рознакаляровую і сумленную гісторыю, якая хвалюе, гісторыю пра тое, што ціск поспеху – гэта турма, а свабода – гэта права рабіць памылкі».

«Усіх іх клікалі Анжаліка» – другая стужка Аляксандры «Сашы» Куцэн як рэжысёркі ды сцэнарысткі. Яе дэбютам у кіно была вучэбная праца «Przegryw» («Лузер») (2024). Аўтарка скончыла тры курсы Варшаўскай кінашколы па класах рэжысуры і мантажу, займаецца фатаграфіяй, мастацтвам калажу ды анімацыяй, мела некалькі выставаў, стварае музычныя кліпы. «Усіх іх клікалі Анжаліка» – «партрэт сённяшняй рэальнасці, расказаны простай жаночай гісторыяй». Фільм створаны максімальна сучаснай візуальнай мовай і стаў для Варшаўскай кінашколы першым пераможцам кракаўскага фэсту. 

Трэба дадаць, каштоўнасць кракаўскага прыза яшчэ ў тым, што фэст з’яўляецца кваліфікацыйным для наступнага ўдзелу ў заяўцы на найпрэстыжнейшыя прызы Амерыканскай («Оскар») ды Еўрапейскай кінаакадэмій.

Калі стужка Аляксандры «Сашы» Куцэн стваралася польскай камандай, то васьміхвілінны The Final Test («Апошні экзамен») зроблены выключна беларусамі – рэжысёрам і сцэнарыстам Яўгенам Лыткіным, прадзюсарам Дзянісам Івановым, акцёрамі Алегам Гарбузам, Святланай Зелянкоўскай, Аляксеем Бурнасенкам. Напрыканцы траўня фільм узяў удзел у кароткаметражным конкурсе 23-га вядомага рэгіянальнага кінафестывалю Neisse Nysa Nisa, што праходзіць у трохпамежжы Нямеччыны, Польшчы і Чэхіі. Стужка пра школьную настаўніцу, якая аказалася перад складаным маральным выбарам, здымалася ў Польшчы, але яе вытворчасць пазначаная як сумесная: «Беларусь – Польшча».

Беларусы дыяспары часцей становяцца часткай міжнародных камандаў кінематаграфістаў. Так, Сяргей Каласоўскі і Ягор Яфімаў працавалі ў камандзе ўкраінскага поўнаметражнага дакументальнага фільма «Едзем дадому» (2025) (рэжысёр Сяргей Марчык, Marchello Production). У красавіку фільм быў прэзентаваны на прадстаўнічым фестывалі Visions du Réel у швейцарскім Ніёне. Раней удзельнічаў у праграмах вядомых фэстаў DOK Leipzig i Mastercard OFF CAMERA у Кракаве, а таксама быў прадстаўлены ў індустрыяльнай праграме IDFA Docs for Sale у Амстэрдаме.

Тры беларускія стужкі ў красавіку бралі ўдзел у фэсце GoEast у нямецкім Вісбадэне, фестывалі кіно, што факусуецца на постсацыялістычнай прасторы і дзе беларусы прысутнічаюць традыцыйна. Прысвечаная зніклым беларускім апазіцыйным палітыкам стужка «Мяне запрасілі на баль» (2005, незалежная студыя «Таццяна») і «Нататнік» (2021) Паўла Мажара, што распавядае пра катаванні пратэстоўцаў у Беларусі ў 2020 годзе, бралі ўдзел у праграме Symposium. А анімацыя Веры Шыш «Перадачка» на тэму палітычных зняволеных паказвалася ў секцыі goShorts – Revolutions per Minute.

Гранты ды краудфандынг

Актыўна ўдзельнічаюць беларусы і ў індустрыяльных мерапрыемствах, шукаюць кааперацыю ды фінансаванне для сваіх праектаў. З часам гэтыя высілкі пачалі прыносіць плён.

Узнагароду NO PROBLEMO MUSIC Award ў праграме Doc Lab Poland кракаўскага МКФ і 10,000 злотых на кансультацыі ды набыццё аўтарскіх правоў на музыку атрымаў стваральнік польскага фестывалю беларускага кіно «Бульбамуві» і рэдактар BelsatDoc Януш Гаўрылюк за праект The Last Dog. Літаральна за некалькі тыдняў да гэтага сацсеткі Януша Гаўрылюка былі прызнаныя мінскім рэжымам «экстрэмісцкімі».

Андрэй Кашперскі і Аляксей Палуян атрымалі фінансаванне ад Польскага інстытута кінамастацтва (PISF) на свае будучыя поўнаметражныя праекты «Суд мёртвых» і «Спадчына». Для кінематаграфістаў у дыяспары гэтыя рашэнні PISF сталі важным прэцэдэнтам, бо раней беларусы такой важкай падтрымкі не атрымлівалі.

Таксама Аляксей Палуян атрымаў узнагароду Berlinale Talents Lab за праект пра вайну ва Украіне і сурагатнае мацярынства «Інкубатар». Яе беларускаму аўтару, які стала жыве ў Нямеччыне, у траўні асабіста ўручыў нямецкі майстра аўтарскага рэжысёр Том Тыквер. Гэта адбылося ў Канах, падчас кінафестывалю. 

Іншым беларусам пакуль даводзіцца толькі спрабаваць шукаць фінансаванне. Напрыклад, каманда будучай стужкі зладзіла ў адной з варшаўскіх кавярняў вялікую імпрэзу. На мэце было сабраць сродкі ды распачаць краўдфандынг-кампанію на здымкі фільма пра мінскага фатографа Джоні Косміка (Івана Смаляра). Рэжысёр праекта, вядомы дакументаліст Максім Швед, ды ягоная каманда спадзяюцца з дапамогай неабыякавых спонсараў зняць вялікі поўнаметражны фільм пра змены, што адбываюцца з беларусамі ў эміграцыі.

Прэм’еры

Зрэшты, беларусы не заўсёды выступаюць толькі ў ролі атрымальнікаў дапамогі. 8 красавіка ў вільнюскім арт-кінатэатры Skalvija адбылася прэм’ера дакументальнай стужкі літоўскага рэжысёра Эймантаса Бяліцкаса Bialаcki / Unbroken («Бяляцкі / Нязломны»). Фільм распавядае пра беларускага праваабаронцу і былога палітзняволенага Алеся Бяляцкага. Ён створаны літоўскай камандай кінематаграфістаў па сцэнары беларускай журналісткі Александрыны Глаголевай і пабачыў свет пры падтрымцы праграмы ArtPower Belarus.

Падчас прэм’ернага паказа фільма Bialаcki / Unbroken у Вільні. Крыніца: svaboda.org

Яшчэ адзін прэм’ерны праект пры падтрымцы ArtPower Belarus – дакументальны фільм Таццяны Гаўрыльчык «Моўныя партызаны» – можна паглядзець на старонцы онлайн-кінатэатра VODBLISK. Платформа працягнула сваю працу па паказе незалежнага беларускага кіно пасля перапынку. Стужка Таццяны Гаўрыльчык распавядае драматычную гісторыю беларускіх актывістаў Аліны Нагорнай ды Ігара Случака.

Наступная онлайн-прэзентацыя цалкам аўтарская – пасля мінулагодняй прэм’еры ў пазаконкурснай праграме фестывалю дакументальнага кіно ў чэшскай Іглаве Мікіта Лаўрэцкі выклаў у сеціва дзесяцігадзінны мантажны фільм Ulysses («Уліс»), складзены з публічных відэадзённікаў мінскага рэжысёра Руслана Зголіча.

Адзначым, для кінематаграфістаў, адрэзаных ад магчымасцяў здымаць у самой Беларусі, стварэнне фільмаў, змантаваных з інтэрнэт-відэа, з’яўляецца ў нейкай ступені выйсцем.

Самай гучнай і разрэкламаванай у праўладных СМІ прэм’ерай у Беларусі стала беларусьфільмаўская стужка рэжысёра Івана Паўлава «Адно на дваіх». Гэты баёпік распавядае пра беларускіх вайсковых пілотаў, якія трагічна загінулі ў авіякатастрофе ў траўні 2021 году. Стужка спрабуе садзейнічаць прапагандысцкаму вобразу «чалавека ў пагонах», які заўсёды гатовы ахвяраваць жыццём у выпадку службовай неабходнасці.

Сілавікі руляць

Між тым, менавіта з боку сілавых структур на адрас беларускіх кінематаграфістаў гучаць пагрозы ды абвінавачванні.

16 чэрвеня «экстрэмісцкім фармаваннем» прызнаныя YouTube-праект «ЧинЧинЧенэл», а таксама яго акаўнты ў сацсетках. Да гэтага «экстрэмісцкімі матэрыяламі» абвешчаны інстаграм-акаўнт Міхася Зуя, аднаго з удзельнікаў праекта. Тым самым рашэннем суда да «экстрэмісцкіх матэрыялаў» далучылі і інстаграм заснавальніка фестывалю «Бульбамуві» і рэдактара BelsatDoc Януша Гаўрылюка.

Унесеныя ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і фільмы: «Дарога на Курапаты», зняты яшчэ ў 1990 годзе Міхаілам Жданоўскім на студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», і польскі фільм Кшыштафа Лукашэвіча «Жыве Беларусь» 2012 года. Абодва дасяжныя ў сеціве і даўно былі пад фактычнай забаронай беларускіх уладаў. Таксама пад азначэнне «экстрэмізм» трапіў шэраг іншых фільмаў і тэлепраграм, прысвечаных беларускай гісторыі.

На абсурд падобны беспрычынны і нечаканы нядопуск да пракату ў Беларусі паспяховага працягу галівудскай франшызы «Вельмі страшнае кіно 6». Нават у Расіі яго пракат (пірацкім чынам, як і ўсе стужкі галівудскіх кампаній-мэйджараў пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне ў 2022 годзе) стартаваў своечасова ды збірае добрую касу.

«Не перашкаджаць» прапагандыстам

Тэлевізійны функцыянер і міністр інфармацыі Марат Маркаў, які 9 красавіка нечакана замяніў на пасадзе міністра культуры Беларусі акцёра Руслана Чарнецкага, як і яго папярэднікі, паабяцаў надаваць асаблівую ўвагу сферы кіно. Гэта яму пры прызначэнні нібыта загадаў сам Аляксандр Лукашэнка. Новы міністр абяцае творцам «ніколі не перашкаджаць працаваць». Як гэтае абяцанне спалучаецца з жаданнем бачыць у беларускіх кінематаграфістах выключна байцоў ідэалагічнага фронту, абсалютна незразумела.

Пакуль што дзяржаўнае беларускае дакументальнае кіно адзначаецца прапагандысцкімі агіткамі кшталту «Дзяржаўны гімн», «Чарнобыль. Жывая зямля», што выйшлі на экраны ў красавіку-траўні ды дэманструюцца на адмысловых лекторыях для навучэнцаў ды бюджэтнікаў. А ігравое кіно адзначылася выхадам вышэйназванага «Адно на дваіх».

Што тычыцца новых твораў, то працягваецца конкурс Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» на кінапраекты 2027–2028 гг. Як можна заўважыць са спісу пажаданых тэмаў, якім абмежаваныя патэнцыйныя аўтары, за выключэннем дзіцячых стужак, гаворка ідзе пра агітацыйна-прапагандысцкія фільмы. 

Дзяржаўны курс на прапаганду ў кіно пацвярджае сваім конкурсам сцэнароў Мінкульт. Па задуме, будучы ігравы фільм будзе прысвечаны «110-годдзю ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь». Сярод варыянтаў тэм, якія могуць абраць аўтары, – і такая сімвалічная для нашага часу, як «Разгортванне групоўкі беларускага войска на заходніх рубяжах для прадухілення патэнцыйнай агрэсіі краін NATO ў 2020 годзе».

Мэты прапаганды цалкам захапілі вытворчасць дзяржаўнага жанравага кіно. Напрыклад, абвешчанаму Аляксандрам Лукашэнкам «Году жанчын» прысвечаны серыял «Класікі на пенсіі», здымкі якога «Беларусьфільм» вядзе разам з каналам АНТ.

Куды больш амбітныя мэты ставяць стваральнікі «містычна-фантастычнага» серыяла «Голас сэрца», які Нацыянальная кінастудыя здымае ўжо разам з СТБ. Кіраўнікі тэлеканала абяцаюць «узровень Netflix», а паралельна маюць у планах яшчэ адзін серыял, на гэты раз «на ваенную тэматыку».

Выбіваецца з агульнага патрыятычна-ідэалагічнага шэрагу толькі малады Кірыл Халецкі. Аўтар раскручанай летась дзяржСМІ ідэалагічнай байкі «Класная» прыступіў да працы над стужкай «Афганская шкатулка» паводле дзіцячай кнігі сучаснага беларускага аўтара Андрэя Федарэнкі. 

Уплыў расійскай індустрыі ўзмацняецца 

Між тым, паводле дадзеных расійскага рэсурсу «БК-медыя», Беларусь з бокс-офісам у 5,29 млн долараў і 1,53 млн гледачоў – адзін з найбуйнейшых рынкаў рэгіёна пасля Казахстана і Кыргызстана. 2025 год стаў для краіны прыкметна больш складаным, чым 2024: выручка асела прыкладна на 17%, а наведвальнасць – на 15,5%, вярнуўшыся да ўзроўню пачатку дзесяцігоддзя. Топ-30 рэлізаў фармуецца міксам галівудскага і расійскага кантэнту з практычна поўнай адсутнасцю нацыянальнага кіно.

Нядзіўна, што многія амбітныя ды энергічныя кінематаграфісты Беларусі ўсё часцей запатрабаваныя не дзяржпрапагандай, а спрабуюць уліцца ў расійскі кінарынак. 

Так, стваральнікі мінулагодняй камедыі ў каланіяльным стылі «Дранікі» – мінчукі Андрэй Ліпаў ды Максім Максімаў – пачалі ў Мінску здымкі новай стужкі пра брэйк-данс «Сальта Маралі», дзе задзейнічаныя як расійскія, так і беларускія акцёры. Пачалася і праца над другой часткай спрадусаванага гэтымі ж мінчукамі паспяховага фільма «Мой тата – Мядзведзь». Іх кампанія «КінаЦэх» апошнім часам распачала шалёную актыўнасць па стварэнні танных прымітыўных гісторый, зробленых па стандартных галівудскіх шаблонах.

25 чэрвеня на экраны ў Расіі выйшла сямейная камедыя «Распакоўка» са звышпапулярным рускамоўным блогерам з Беларусі Уладам Кабяковым у галоўнай ролі. У партфоліа мінскіх прадзюсараў – новая стужка «Не адна дома 3», знятая беларусам Мітрыем Сямёнавым-Алейнікавым. Праўда, апошняя ў беларускі пракат чамусьці не трапіла. Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў тым часам распачаў здымкі фільма-казкі «Парася Фунцік», разлічанага на расійскі жа рынак.

Актрыса Мілана Хаметава і беларускі рэжысёр Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў падчас здымак фільма “Не адна дома 3”. Крыніца: www.kp.ru

Мінскія прадзюсары здымаюць танны прадукт, цалкам арыентаваны на непатрабавальнага расійскага гледача. Аніякага нацыянальнага складніка ў іх стужках няма, а самі праекты пазіцыяніруюцца як выключна расійскія.

Сучасны залежны стан беларускага кіно і кінаадукацыі ў краіне дэманструе і рашэнне расійскіх уладаў набраць ва Усерасійскім дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі (ВГІК) у 2027–2028 гадах навучэнцаў у асобную беларускую майстэрню. Тым самым, фактычна, вяртаецца практыка часоў СССР, калі ў расійскіх творчых ВНУ ладзілі «нацыянальныя» майстэрні, рыхтуючы кадры для правінцый савецкай імперыі.

Што тычыцца незалежнага ад дзяржаўнага фінансавання кіно ў самой краіне, у чэрвені ў Мінску пры вялікай зацікаўленасці прысутных і амаль адсутнасці рэкламы прайшлі івэнты ініцыятыў Kinokollider, Synopsisfest і «Кінаклуб 49». А з 12 чэрвеня па 31 ліпеня ў Музеі Азгура адбываюцца традыцыйныя паказы сусветнай кінакласікі культурна-асветніцкага праекту «Кінамеханіка», распрацаваныя праектам «Cinemascopeby».

Такім чынам, беларускія кінематаграфісты ў эміграцыі апошнія месяцы працягваюць актыўна працаваць пераважна над беларускай вострапалітычнай ды сацыяльнай тэматыкай. Пры тым яны паступова, хоць і павольна інтэгруюцца ў агульны еўрапейскі ды сусветны кінапрацэс. Кінематаграфісты не спадзяюцца толькі на дапамогу з тых краін, у якіх працуюць, а шукаюць міжнароднае фінансаванне. Беларускае незалежнае кіно і кіно пра Беларусь таксама паспяхова фінансуюцца і з дапамогай праграмы ArtPower Belarus.

У самой краіне пакуль прасторы для вольнай творчасці амаль не існуе. Дзяржава працягвае лінію на ператварэнне кіно ў прыдатак машыны прапаганды. Тым часам кінапрастора Беларусі і творчыя рэсурсы актыўна выкарыстоўваюцца расійскай індустрыяй.

 


Тэатр: У кіраўніцтве – сілавікі, у рэпертуары – вайна. Але ёсць і добрае

Ужо ў чатырох буйных сталічных калектывах дырэктарамі ці іх намеснікамі сталі выхадцы з міліцыі і КДБ. У рэпертуары ўвесь час з’яўляюцца новыя пастаноўкі пра Другую сусветную вайну. Маладым айчынным творцам усё цяжэй прабіцца на радзіме. Затое пасля доўгага перапынку ў Беларусі дазволілі ставіць спектаклі рэжысёру Ігару Казакову, Свабодны дабраўся да Парыжа, а ў Варшаве прайшоў фестываль сучаснай беларускай драматургіі. 

Сілавікі ў кіраўніцтве

Айчынны тэатр усё мацней трапляе пад кантроль сілавых структур. Да нядаўняга часу выхадцам з гэтых ведамстваў – да таго ж з публічнай біяграфіяй – быў хіба толькі экс-вайсковец і экс-член Савета Рэспублікі Ігар Гедзіч, які ў 2012−2025 гадах быў дырэктарам Гродзенскага драматычнага. Але апошнім часам сталі ўсплываць усё новыя падрабязнасці, якія паказваюць, наколькі сістэмна ўлада ўзялася за тэатральную сферу.

У 2023 годзе намеснікам дырэктара Опернага стаў падпалкоўнік міліцыі Вадзім Мартысевіч. Менавіта ён летась спрабаваў арганізаваць паездку балетнай трупы тэатра ў акупаваны Крым. Аднак, на шчасце, дзякуючы агалосцы гэтыя гастролі тады не адбыліся.

У 2024 годзе пасаду намесніка дырэктара па бяспецы, рэжыме і кадрах Горкаўскага заняў Юрый Петрашэўскі – падпалкоўнік міліцыі, які быў намеснікам начальніка аддзела ўнутраных справаў Мядзельскага райвыканкама. У тым жа годзе аналагічную пасаду ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек атрымаў Вячаслаў Леаненка, маёр міліцыі, які раней працаваў у сферы аховы. Сёлета яго прызначылі дырэктарам гэтага папулярнага калектыву.

СМІ звярнулі ўвагу яшчэ на двух сілавікоў. Па-першае, яшчэ адным намеснікам дырэктара Опернага (гэтым разам па ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце) з’яўляецца Дзмітры Кіслы. У мінулым – начальнік цэнтра культурна-выхаваўчай работы МУС, яшчэ адзін падпалкоўнік міліцыі. Мяркуючы па ўсім, гэтую пасаду ён заняў у лютым 2026 года. Дарэчы, Мартысевіч у сваім крэсле застаўся, таму ў кіраўніцтве гэтага калектыву сёння ажно два сілавікі.

Па-другое, намеснікам дырэктара дзяржаўнага Купалаўскага стаў падпалкоўнік Віктар Друзік, у мінулым начальнік аддзела ўласнай бяспекі КДБ.

Такім чынам, ужо ў чатырох буйных сталічных калектывах (Оперным, Купалаўскім, Горкаўскім і Тэатры лялек) вядуць рэй выхадцы з міліцыі і КДБ. Канстатуем, што тэатры ператвараюцца ў сінекуру для былых сілавікоў. І ў гэтым, на жаль, яскрава праяўляецца атмасфера эпохі. Характэрна, што ў дзясятых Оперны выступаў хлебным месцам для адстаўнікоў з Мінкульта – як кажуць, адчуйце розніцу. Пакуль улады пачалі з асобных сталічных тэатраў. У будучым будзе зразумела, ці чакае такі лёс іншыя айчынныя калектывы.

Казакоў вярнуўся, але іншым беларусам не прабіцца

Гэтым разам кадравыя змены адбыліся толькі ў Новым драматычным. Нядаўна прызначаная дырэктарка Наталля Башава зрабіла мастацкім кіраўніком Юрыя Папова, да нядаўнага часу нікому ў Мінску невядомага. Адносна нядаўна ён пераехаў у нашую сталіцу, стаў майстрам курса ў Акадэміі мастацтваў, а таксама паставіў у Камерным драматычным (прыватным праекце Башавай) спектакль «Кругі на вадзе». Пастаноўку з аналагічнай назвай ён у мінулым рабіў у расійскім Северску, што ў Томскай вобласці.

Зноў узнікае рытарычнае пытанне: навошта Беларусі чарговы расійскі рэжысёр, калі мы маем сваіх адмыслоўцаў? Нават у Новым драматычным у штаце ёсць Лізавета Каліноўская (раней вядомая як Лізавета Машковіч). Быў там і рэжысёр Аляксандр Бародка. Мяркуючы па ўсім, яго звольнілі, каб вызваліць месца Папову – згадкі пра яго на сайце няма.

На гэтым фоне беларус Аляксей Дзямідчык, які пэўны час працаваў у Расіі і атрымаў там неблагую адукацыю, скардзіўся ў сацсетках, што – нягледзячы на спробы – не змог атрымаць запрашэнняў на падрыхтоўку пастановак у айчынных тэатрах.

Натуральна, здараюцца і прыемныя выключэнні. Напрыклад, у беларускую тэатральную прастору вярнуўся рэжысёр Ігар Казакоў – адна з зорак дзясятых гадоў, які апошнія пяць гадоў быў вымушаны працаваць у Расіі. У красавіку ён паставіў «Дзядзечкаў сон» у Брэсцкім тэатры лялек, у маі – фарсавых «Трох мушкецёраў» у Магілёўскім драмтэатры. У апошнім выпадку разам з ім над пастаноўкай працавала мастачка Кацярына Шымановіч. Яна таксама зрабіла сабе імя ў дзясятых, супрацоўнічаючы з Купалаўскім – і таксама на доўгі час знікла з айчынных афішаў. Хочацца спадзявацца, што яны – і не толькі яны – атрымаюць новыя запрашэнні. Ды і вяртанне Казакова само па сабе азначае вяртанне канкурэнцыі – да нядаўняга часу манапаліст Яўген Карняг фактычна імкнуўся пераўзысці самога сябе, што не заўсёды ішло на карысць як яму самому, так і, глабальна, усяму беларускаму тэатру.

Cпектакль “Тры мушкецёры” рэжысёра Игара Казакова (Магілёўскі драмтэатр). Крыніца: https://mdrama.by

Вяртаючыся ж да паралелі з Дзямідчыкам, канстатуем: у Ігара ўжо ёсць імя, у Аляксея – яшчэ не. Але як заваяваць яго, калі кіраўніцтвы тэатраў выбіраюць «варагаў», – незразумела. Відавочна, няма ніякіх загадаў запрашаць да сябе прадстаўнікоў Расіі. Гэта выключна ініцыятыва кіраўніцтва. У выніку прабіцца сваім надзвычай цяжка. 

Уявіце, што вас папрасілі згадаць імёны айчынных пастаноўшчыкаў, пра якіх загаварылі (ці, прынамсі, чыю творчасць сталі абмяркоўваць) менавіта ў дваццатыя. Але каго згадваць? Харэографа Кірыла Балтрукова. Рэжысёрку Камілю Хусаінаву (яна нарадзілася ў Казахстане, але яшчэ ў дзяцінстве вярнулася ў Беларусь). Вучняў Сяргея Кавальчыка ў Горкаўскім тэатры. Магчыма, кагосьці яшчэ (трымаем у галаве, што Таццяна Самбук з ТЮГа – расіянка). Але (амаль) усе астатнія пачалі ставіць яшчэ ў дзясятыя ці нават раней, яны – далёка не ноўнэймы.

Зрэшты, здараецца, што творцы раскрываюцца і па-за межамі дзяржаўнай сістэмы. Напрыклад, гаворка пра лялечны тэатр-батлейку «Дом з марамі», у рэпертуары якога ўжо пяць спектакляў. А вось славуты Вячаслаў Іназемцаў – хай і абверг інфармацыю пра закрыццё свайго калектыву «Інжэст» – ажыццяўляць паказы ўжо даўно не можа.

Без вайны ніяк

«У рэпертуары кожнага беларускага тэатра ёсць героіка-патрыятычныя творчыя работы», – канстатуе газета «Культура». Сапраўды, айчынныя калектывы вымушана застаюцца вернымі курсу на адлюстраванне падзей Другой сусветнай. А ўжо на практыцы кожны выкручваецца, як можа.

Наталля Башава пераносіць у Новы драматычны класіку сацрэалізму – «Маладую гвардыю» Аляксандра Фадзеева, якую дагэтуль ставіла ў Акадэміі мастацтваў. У Магілёўскім абласным драмтэатры ўвасабляюць «Трыбунал» Андрэя Макаёнка, у віцебскім Коласаўскім звязваюць ваенную тэму са 100-гадовым юбілеем калектыву ў спектаклі-канцэрце «Тэатр і вайна». У Горкаўскім рыхтуецца пастаноўка «Мы з будучыні» па папулярным у нулявыя расійскім фільме. У Бабруйску паставілі спектакль па п’есе сучаснай пісьменніцы Таццяны Сівец і г.д.

Афіша спектакля-канцэрта “Тэатр і вайна” да 100-годдзя Коласаўскага тэатра ў Віцебску. Крыніца: kolastheatre.by

Пра стаўленне да гэтай тэматыкі можна толькі здагадвацца. Сучасная Беларусь – не тое месца, дзе такія думкі можна агучваць. Менавіта таму так цікава назіраць за падлеткамі, якія яшчэ не знаёмыя з правіламі гульні. Напрыканцы мая ў сталічным Тэатры беларускай арміі прайшоў паказ пастаноўкі «Не пакідай мяне», прысвечанай падзеям Другой сусветнай. Туды сагналі школьнікаў дзявятых класаў, якія ў выніку фактычна сарвалі спектакль. Паўплывалі нявыхаванасць пэўных падлеткаў, адсутнасць належнай рэакцыі з боку настаўнікаў. Ды і такі спектакль менш за ўсё пасуе для святкавання выпускнога. Але застаецца канстатаваць: падзеі вайны ў тым выглядзе, як яны адлюстроўваюцца на сцэне айчынных тэатраў, дзецям нецікавыя.

У параўнанні з Другой сусветнай да беларускай тэматыкі (гаворка пра айчынную класіку, іншыя гістарычныя падзеі), на жаль, звяртаюцца куды радзей. «Мы бачым рамантызаваныя вобразы. Так, яны маюць дачыненне да беларускай вёскі, але задачы паглыбляцца ў нацыянальны кантэкст тут не было, таму што на авансцэну выйшаў любоўны трохкутнік», – піша «Звязда» пра прэм’еру «Людзей на балоце» у ТЮГу (рэжысёрка Таццяна Самбук). Нячасты для дзяржаўнай прэсы выпадак, калі на праблемы ў пастаноўцы звяртаюць увагу адкрыта.

Сцэна са спектаклю ТЮГа “Людзі на балоце”. Крыніца: belta.by

Але гэты спектакль прынамсі ідзе па-беларуску (як і «Замак Альшанскі» па Караткевічу ў дзяржаўным Купалаўскім). Опера-балет, прысвечаны старажытнай айчыннай гісторыі, яшчэ рыхтуецца да пастаноўкі ў Оперным. Але ўжо вядома, што лібрэта будзе рускамоўнае, ды і тэкст апошняга, аўтарам якога нечакана выступіў рэктар Акадэміі кіравання, археолаг Дзяніс Дук, іначай як трэшам не назавеш. Вершаваныя радкі надзвычай пафасныя, а полацкая князёўна Рагнеда, згодна з ім, кахае свайго мужа-гвалтаўніка.

Падзеі пункцірам

Істотнай падзеяй для тэатральнай Беларусі стала правядзенне на пляцоўцы РТБД трэцяга этапа Міжнароднай тэатральнай акустычнай школы для краін СНД і Грузіі. Гэты праект аб’ядноўвае рэжысёраў, харэографаў, драматургаў і акцёраў з нашай краіны, а таксама з Малдовы, Расіі, Таджыкістана і Туркменістана. У праграме – лекцыі, майстар-класы і практычныя рэпетыцыі-трэнінгі. Кіраўніком школы з’яўляецца выбітны расійскі рэжысёр Віктар Рыжакоў, чыю «Парыкмахершу» ў нулявыя прывозілі ў Мінск на галоўны тады фестываль «Панарама» (пазней на яго месца прыйшоў ТЕАРТ).

Натуральна, у ідэальным свеце хацелася б кантактаў не з далёкімі ад нас прадстаўнікамі Цэнтральнай Азіі, а з блізкімі літоўцамі ці палякамі. Але будзем рэалістамі – у цяперашніх умовах гэта максімум дазволенага. Ды і курсы ад Рыжакова, які ніяк не запляміў сваю рэпутацыю за апошнія гады, – добрая магчымасць для прафесіяналаў падцягнуць свой узровень ва ўмовах напаўізаляцыі, у якіх сёння існуе айчынны тэатр. Парадокс, але цяпер абнаўленне нашага тэатра шмат у чым залежыць ад таго, якія павевы сюды дабяруцца з усходу. Для іншых пакуль не той палітычны клімат.

Цяпер да фінансаў. Заробкі ў тэатры застаюцца нізкімі. Пасля доўгага перапынку ёсць нагода назваць канкрэтныя лічбы. Напрыклад, у сталічным Новым драматычным базавы ўзровень заробку акцёра ўсяго на 143 рублі большы, чым у прыбіральшчыка, і амаль такі ж, як у манціроўшчыка сцэны (акцёр можа атрымаць да 1,3 тысячы рублёў). Тэатральны інжэнер – 1–1,5 тысячы рублёў. Для параўнання: у Варшаве звычайны мантажор зарабляе ў эквіваленце 4 тысячы рублёў (у дадатак за выхады на сцэну можна атрымаць яшчэ 470).

У сувязі з гэтым будзе дарэчы згадаць выказванне Веры Паляковай-Макей: тая падзялілася падрабязнасцямі, як у красавіку 2022-га стала дырэктаркай Тэатра юнага гледача. Яна прызналася, што паставіла дзве ўмовы. У яе тэатры не будзе мастацкага кіраўніка і толькі ў яе з усіх дырэктараў будзе плаваючы графік (Палякова-Макей планавала працягваць акцёрскую кар’еру). Мастацкі ўзровень ТЮГа апошнім часам выклікае пытанні, а вось прамоўшн – на ўзроўні. У кулуарах кажуць, што выраслі і заробкі. Але пытанне: ці маглі б астатнія дырэктары дазволіць сабе такія вольнасці? Відавочна, што не.

РТБД зноў выправіўся ў Кітай – у Шанхаі прайшлі паказы спектаклю «Вечар», які аказаўся запатрабаваным пасля паказаў у снежні 2025 года. А ў Купалаўскім пры стварэнні музыкі да пастаноўкі «Замак Альшанскі» выкарысталі штучны інтэлект – ці не ўпершыню ў Беларусі.

Поспехі эміграцыі

Беларуская тэатральная эміграцыя традыцыйна развіваецца на захадзе і ўсходзе. З той толькі розніцай, што «еўрапейцы» жывуць у сваіх краінах стала, а вось «расіяне» могуць прыязджаць туды на працу «вахтавым» метадам.

У Расіі прызнанне атрымалі адразу некалькі істотных для Беларусі творцаў. Экс-актрыса Купалаўскага Юліяна Міхневіч, якая звольнілася ў 2020-м, намінавалася на галоўную расійскую тэлевізійную прэмію ТЭФІ – так была адзначана яе роля ў серыяле «Кузняцовы ТБ». Для Міхневіч, а таксама яе калегі Паўла Харланчука серыялы сталі сродкам заробку і магчымасцю застацца ў прафесіі. А пастаноўка Екацерынбургскага тэатра лялек «Зойчына кватэра» (рэжысёр Ігар Казакоў, сцэнографка Таццяна Нерсісян) атрымала расійскую «Залатую маску» як «Найлепшы спектакль тэатра лялек».

Актыўным аказаўся і заходні кірунак. Паказаўшы вясной прэм’еру спектакля «Мінскае мора», «Вольныя Купалаўцы» не спыняюцца. Напрыканцы чэрвеня ў Варшаве прайшла прэм’ера іх пастаноўкі «Наступны прыпынак» паводле твораў «народнага дэтэктыва» Камілы Цень (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў). Зноў жа ў Варшаве By Teatr прэзентаваў пластычны спектакль «Галасы Адысеі» пра гісторыю вайны, выгнання і памяці. Ролі выканалі выпускнікі тэатральнай студыі пры гэтым калектыве.

Сцэны са спектакля “Наступны прыпынак” тэатральнай трупы “Вольныя Купалаўцы”. Крыніца: facebook.com/kupalaucy

У польскай сталіцы прайшоў і фестываль сучаснай беларускай драматургіі «Dramatyzacja». Яго арт-дырэктарка Валянціна Мароз нагадвае, што падобны конкурс – WriteBox – у дзясятыя ладзіўся ў Мінску, аднак на сёння ён прыпынены. Цяпер з-за цэнзуры актуальныя беларускія тэксты на радзіме не трапляюць на сцэну. Ды і за мяжой іх не хапае. Фэст ставіў сабе на мэце запаўненне гэтай пустэчы.

Мэта была дасягнутая. Пераможцам стала п’еса Рэнаты Талан «Лімб» – звышактуальны і адначасова пазачасавы твор, гераіня якога вымушаная развітвацца з незнаёмымі для яе памерлымі замест іх сваякоў, што з’ехалі з краіны.

«Лімб», а таксама яшчэ чатыры п’есы, якія трапілі ў шорт-ліст, былі ўвасобленыя падчас перфарматыўных чытанняў. Гэта дапамагло прадставіць п’есы гледачам, абмеркаваць іх праблематыку, а рэжысёрам – над чыткамі працавалі Жэня Давідзенка, Аляксандр Енджаеўскі, Бажэна Шамовіч, Кірыл Машэка занурыцца ў матэрыял. Магчыма, у будучыні чыткі перарастуць у паўнавартасныя спектаклі.

Рэжысёр Юрый Дзівакоў паставіў у варшаўскім тэатры лялек «Гулівер» (Teatr Guliwer) сюррэалістычны спектакль для дзяцей «Ucho». На гэтую аўдыторыю цяпер працуе і дзіцячы тэатр «Банана», які стварыла экс-актрыса Гродзенскага драмтэатра Лізавета Мілінцэвіч.

Беларуская тэматыка застаецца актуальнай і ў іншых краінах. У Парыжы прайшлі паказы спектакля Свабоднага тэатра «KS6: SMALL FORWARD», галоўную ролю якога выконвае баскетбалістка Кацярына Сныціна.

 


Музыка: Адмена буйных фестываляў і з’яўленне новых

Беларуская музыка з красавіка па чэрвень працягвала развівацца ў сваім звычайным рэчышчы. Макс Корж сабраў еўрапейскія стадыёны, Аляксей Хлястоў адсядзеў 14 содняў за хуліганства, а Сяргея Міхалка абвінавацілі па двух артыкулах крымінальнага кодэксу. 

Штормы канцэртнага жыцця ўнутры краіны 

З красавіка па чэрвень беларускую музычную сцэну ўнутры краіны добра ліхарадзіла. Ужо ў першай палове года стала вядома пра страты буйных фэстаў, у тым ліку і Lidbeer. Але пазней арганізатары напісалі, што фестываль усё ж адбудзецца. Ён пройдзе 29 жніўня. Дарэчы, першая партыя квіткоў разляцелася яшчэ да таго, як аб’явілі першых удзельнікаў. Сярод беларусаў сёлета пакуль заяўленыя Kas і IODO BAND

Куды менш пашанцавала фэсту, прысвечанаму Купаллю, які мусіў адбыцца 28 чэрвеня ў Дукорскім маёнтку. Яго адмянілі пасля допісу ў сацсетках, дзе беларуска скардзілася на дрэнныя ўмовы ўтрымання жывёлаў у комплексе. У тым ліку з-за скаргаў перанеслі і тэхна-рэйв у Белавежскай пушчы, дзе хэдлайнерамі былі заяўленыя Police in Paris. Мерапрыемства мусіла адбыцца 18 красавіка, а ў выніку яго запланавалі на 28 жніўня. 

Самі арганізатары патлумачылі, што перанос не звязаны са скандалам у сацсетках. Маўляў, рэйв пашыраецца да межаў фестывалю і пройдзе ў доме Дзеда Мароза, які знаходзіцца на адлегласці аднаго кіламетра ад запаведнай зоны. 

Без скандалаў не абыйшоўся і фестываль Outloud у Варшаве. Падставай для спрэчак і дыскусіі стаў меркаваны ўдзел беларускіх гуртоў у фэсце поручз расійскімі хэдлайнерамі. Спачатку ў ліку беларускіх артыстаў тут быў заяўлены Лявон Вольскі, але пасля ён адмовіўся ад выступу. З беларусаў на ім усё ж зайгралі “Дай Дарогу” і J:Морс. 

Адной з галоўных падзеяў гэтага сезону стаў Sviata Fest, які адбыўся ў прасторы “Эхо” 27 чэрвеня. Арганізатары заявілі пра гэта мерапрыемства як свята беларускай музыкі. Так яно і адбылося. Лайн-ап складаўся выключна з беларускіх артыстаў, якія граюць у розных жанрах і стылях. Па шчыльнасці ўдзельнікаў гэта дакладна адзін з самых моцных івэнтаў апошніх гадоў, бо вывеў лакальную культуру на новы ўзровень. 

Чарговы раз у чэрвені прайшоў belbet fest, хэдлайнерамі якога зноў былі расійскія зоркі. Беларускіх жа зорак можна было пабачыць на фэсце “Варушняк”, які прайшоў 27 чэрвеня ў Варшаве. Там выступілі Šuma, лідар гурта “Союз” Аляксей Чумак і праект Івана Дорна.

Падчас купальскага “Варушняка ў Варшаве”. Крыніца: https://www.instagram.com/varushniak/

У канцэртным жыцці за гэты перыяд таксама адбыліся свае цікавосткі. 10 красавіка рэпер Лайтовы зладзіў прэзентацыю свайго новага альбома “Пагляд унутр” (арфаграфія аўтара захаваная – Рэд.) у той жа прасторы “Эхо”. Сабраў аншлаг, і гэта пры тым, што ў сеціва альбом трапіў толькі праз два тыдні пасля канцэрта. Гэтая падзея стала паказчыкам салідарнасці беларускага кам’юніці ўнутры. З невялічкай камандай артыст прыцягнуў шмат спонсараў да свайго праекту. Данаты пакрылі выдаткі на выданне альбома.

Беларускія электроншчыкі Parade of Planets сабралі солдаўт у Prime Hall. Гурт “Дразды” адправіўся ў еўрапейскі тур. Канцэрты ў Малдове, Чэхіі і Літве прайшлі ў траўні. Гурты Kas і Zvonku далі сумесны канцэрт у дворыку Lidbeer. 

Поспехі беларусаў за мяжой 

Беларуская музыка працягвае сваю культурніцкую экспансію на захад. Пра беларуска-аўстраліскае фолк-трыа Kapella Kotra напісала аўтарытэтнае незалежнае брытанскае выданне The Quietus. Пітэр Кларк у сваёй калонцы распавёў пра крутыя і важныя фолк-рэлізы з усяго свету. Знайшлося месца і беларуска-аўстралійскаму трыа, якое працуе са спадчынай адразу некалькіх народаў. 

Гэта не першы раз, калі беларусы трапляюць на старонкі аўтарытэтнага выдання. У канцы 2025 года ў The Quietus выходзіў вялікі артыкул пра музычную сцэну Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. 

Металісты Dymna Lotva далі вялікае інтэрв’ю аўтарытэтнаму часопісу Metal Hammer. У выданні беларусы аказаліся побач з HIM, At the Gates, Babymetal і іншымі зоркамі. На гэтым праца металістаў не скончылася. Музыкі запісалі песню і знялі кліп разам з былым вакалістам My Dying Bride Ааронам Стэйнтарпам. Песня атрымала назву “Ладдзя роспачы” і адсылае да знакамітага твора Уладзіміра Караткевіча. Аднак, нягледзячы на алюзію на беларускага класіка, сама песня расказвае іншую гісторыю. Гэта востры экзістэнцыйны маніфест пра трагедыю вымушанай эміграцыі і цану свабоды.

Ужо традыцыйнымі сталі стадыённыя канцэрты Макса Каржа. Сёлета артыст зладзіў ажно тры выступы: у Стамбуле, Бухарэсце і Дзюсельдорфе. Першыя два па добрай завядзёнцы сабралі солдаўты. 

Пэўнага кшталту поспехі ёсць і на ўсходнім кірунку. Гарадзенскі рэпер Пазнякс зладзіў першыя сольныя канцэрты ў Расіі. Плануе выступіць і ў Беларусі, але па яго словах у сваёй краіне канцэрт арганізаваць куды складаней. 

Рэпер Nkeeei запісаў фіт з Вольгай Бузавай, які яшчэ да выхаду завірусіўся ў сацсетках. Maby Baby у сваю чаргу стала амбасадаркай беларускага KFC, запісаўшы адмысловы трэк пра курыцу кентукі. 

Абмежаванні, рэпрэсіі і новыя штуршкі 

Адной з самых гучных падзей у беларускай музыцы за апошнія тры месяцы стаў арышт Аляксея Хлястова. Артыста абвінавацілі ў дробным хуліганстве і арыштавалі на 14 содняў. Тады ж у Instagram спевака з’явіўся ролік, які ён запісаў загадзя. Музыкант распавёў у відэа, што яго ўжо двойчы выклікалі на “прафілактычныя гутаркі”, у тым ліку ў ГУБАЗіК. Праз 14 дзён артыст выйшаў на свабоду і працягнуў весці сацсеткі, хоць ужо і не так актыўна. 

Вакалістку Dymna Lotva Кацярыну Манкевіч абвінавацілі ажно паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Сярод іх – фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці і прапаганда тэрарызму. 

Крымінальную справу таксама завялі на Сяргея Міхалка. Яго абвінавацілі ў распальванні варажнечы і абразе Аляксандра Лукашэнкі.

Некалькі чалавек затрымалі падчас закрытага музычнага рэйву, які праходзіў непадалёк ад Стоўбцаў у ноч з 21 на 22 чэрвеня. Ім прысудзілі ад 10 да 15 сутак арышту. 

Нягледзячы на рэпрэсіі і трывожны фон, у Беларусі працягваецца музычнае жыццё і з’яўляюцца новыя лакальныя зоркі. Артыст пад нікам “Ночной Роман” са сваім сінглам “Кветкі” парваў сацсеткі. Хлопец робіць сінт-поп у стылістыцы “Ласкового Мая”, што вельмі падабаецца аўдыторыі. Толькі ў інстаграме хлопец сабраў сотні тысяч праглядаў. 

Сваю сотню тысяч праглядаў узяў і гурт Luvrz са сніпетам песні “Раны”. Яго гурт запісаў у межах конкурсу “ВЫКЛІК”, у якім узяло ўдзел больш за сотню беларускіх артыстаў і гуртоў. Хлопцы проста зрабілі мадэрновы металкор на беларускай мове – і гэта стала добрым бустам для іх кар’еры. 

Беларуская музычная блогерка Сафія Сітнік пачала рабіць відэаінтэрв’ю з беларускімі (і не толькі) музыкамі. Напрыклад, да яе ўжо прыходзілі лідар гурта Trollwald Андрэй Апановіч і экс-бубнач Machine Head і Testament Крыс Контас. 

Музычны ШІ-праект з беларускімі каранямі GRAI прыцягнуў 9 млн даляраў у пасяўным раўндзе. Зараз GRAI працуе над некалькімі ШІ-прадуктамі: дадаткам для рэміксаў Music with Friends для iOS і пляцоўкай для эксперыментаў з музыкай на Android. 

Запусціўся адукацыйны інтэнсіў Amplify Belarus па стварэнні музычных рэлізаў для беларускіх артыстаў. Гэта праграма, у якой удзельнікі разам з ментарамі праходзяць увесь шлях – ад падрыхтоўкі матэрыялу і рэгістрацыі аўтарскіх правоў да DSP-платформаў, пітчынгу, прасоўвання і аналітыкі. 

Працягвае працу праект “Сепультура Alive” беларускага журналіста Аляксандра Чарнухі. Трансляцыі канцэртаў беларускіх артыстаў падтрымліваюць гледачы, купляючы сімвалічныя квіткі. Апошняй у агляданым перыядзе госцяй праекта была Анастасія Рыдлеўская.

Не абышлося ў гэты перыяд без стратаў. Зачынілася пляцоўка “Пясочніца”, дзе праходзілі канцэрты і культурніцкія івэнты. За гэтыя тры месяцы распаўся таксама фолк-праект Ralla, удзельніцы якога хоць і працягваюць займацца музыкай, але магія дуэта ўжо не тая. З гурта Passive Voice сышла вакалістка Наста Крупко.

Так сёння выглядае апусцелая пляцоўка “Пясочніцы” ў Мінску. Крыніца: realt.onliner.by

Вынікі 

Беларускае музычнае жыццё працягвае існаваць у парадыгме выжывання нягледзячы ні на што. Арганізаваць канцэрт ці фэст становіцца ўсё складаней. На гэта ўплываюць не толькі рэпрэсіўныя, але і бюракратычныя складнікі. Атрыманні гастрольных пасведчанняў зацягваюцца і фармулёкі кшталту “адмены па незалежных ад нас прычынах” становяцца беларускай паўсядзённасцю. 

Гэта ўплывае і на саміх артыстаў. Пляцовак для выступаў становіцца менш, забаронаў – больш, таму не ўсе вытрымліваюць гэтыя выпрабаванні. 

Аднак, нягледзячы на перашкоды і абмежаванні, беларуская музыка крок за крокам не толькі працягвае сваё існаванне, але і становіцца ўсё больш прыкметнай на мапе Еўропы.

 


Арт: Ад кропкавых зменаў да інстытуцыйнага дэмантажу

Другі квартал 2026 года паглыбіў і радыкалізаваў тыя лініі разлому, якія намеціліся на беларускай арт-сцэне ў пачатку года. Калі папярэдні перыяд фіксаваў суіснаванне міжнародных поспехаў з унутранымі адміністрацыйнымі і палітычнымі абмежаваннямі, то агляданыя тры месяцы паказалі пераход дзяржаўнай машыны ад кропкавага ціску да сістэмнага перафарматавання інфраструктуры. Унутры краіны адбываецца фактычная ліквідацыя аўтаномных культурных прастораў на карысць гіпертрафаванага дзяржаўнага кантролю, у той час як за межамі Беларусі мастацкая супольнасць канчаткова афармляецца ў самастойны, інстытуцыйна незалежны суб’ект.

Звужэнне культурнай прасторы ў Беларусі

Калі напачатку года маніторынг фіксаваў аблавы на асобных творцаў (затрыманні Алега Ларычава, Вікторыі Багдановіч, Аляксандра Лянкевіча), то ў красавіку–чэрвені рэпрэсіўная практыка пашырылася як на прастору рэальную, так і на віртуальную памяць.

Працягваецца практыка затрыманняў культурніцкіх дзеячаў па вяртанні ў краіну з замежных вандровак: у красавіку пасля прылёту з Грузіі ў мінскім аэрапорце быў затрыманы фатограф Аляксандр Шышко (супраць яго распачатая крымінальная справа па факце правядзення Дзён Волі за мяжой). Сімвалічным жэстам цэнзуравання гісторыі стала рашэнне суда Глускага раёна ад 4 мая 2026 года, паводле якога «экстрэмісцкімі матэрыяламі» быў прызнаны Facebook-акаўнт мастака Алеся Пушкіна (творца загінуў у зняволенні тры гады таму).

Працэс фізічнага звужэння незалежнага поля лагічна працягнуўся закрыццём прыватнага бару «Молодой», дзе таксама ладзіліся культурныя імпрэзы і арганізоўваліся выставы. Аднак галоўным інфраструктурным зрухам перыяду стала поўная ліквідацыя Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў (НЦСМ) – дзяржаўнай інстытуцыі з больш чым дзесяцігадовай гісторыяй. З 22 чэрвеня 2026 года НЦСМ цалкам спыняе выставачную дзейнасць на пляцоўцы ў Мінску па вуліцы Някрасава, а яго фонды і будынкі размяркоўваюцца паміж Нацыянальным мастацкім музеем і Акадэміяй мастацтваў. Гэта азначае фінал умоўнай мадэрнізацыі дзяржаўных інстытуцый, пра якую гаварылася ў пачатку года: дзяржава адмаўляецца ад куратарскай аўтаноміі сучаснага мастацтва, замыкаючы афіцыйнае жыццё ў жорстка кантраляваных, ідэалагічна стэрыльных межах.

Крыніца: сацсеткі НЦСМ

Кантроль над культурнай спадчынай

Тэндэнцыя да працы з культурнай памяццю, якая напачатку года трымалася на прыватных ініцыятывах (напрыклад, выкуп літаграфій Напалеона Орды супольнасцю MALDZIS), у другім квартале была перахопленая дзяржавай, якая агрэсіўна прэтэндуе на ролю галоўнага і адзінага распарадчыка нацыянальнай спадчыны.

За аглядальны перыяд працэс унутры краіны развіваецца ў двух кірунках. Па-першае, беларускія ўлады афіцыйна абвясцілі пачатак адміністрацыйнага маніторынгу замежных антыкварных аўкцыёнаў. Адразу пасля гэтага Нацыянальны мастацкі музей набыў у прыватнай асобы ўнікальны чатырохметровы слуцкі пояс, “кошт якога вымяраецца пяцізначнай лічбай у валюце”.

Па-другое, дзяржаўная сістэма кантролю культуры перайшла да прамога вывазу прыватных калекцый арыштаваных асоб. Так, старажытныя абразы, канфіскаваныя ў асуджанага за «здраду дзяржаве» каталіцкага святара Генрыха Акалатовіча, былі перададзеныя ў Нацыянальны мастацкі музей і выстаўленыя на аўкцыён для пагашэння судовага штрафу ў 1,7 млн рублёў.

Тым не менш, незалежныя ініцыятывы, якія мы адзначалі ў мінулым аглядзе, працягваюць сваю дзейнасць. Грамадская ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Ізраілі ранні твор вядомага мастака Парыжскай школы Восіпа Любіча. Гэта малюнак «Рабочыя», зроблены гуашшу, які датуецца 1920-мі гадамі. Для даследчыкаў – сапраўдная знаходка, бо прыкладаў ранняй творчасці Любіча захавалася вельмі мала.

Беларусь на міжнароднай сцэне

У адрозненне ад унутранага поля, замежны вектар паказаў пераход ад статусу «анонсаў» (які назіраўся ў пачатку года адносна Manifesta і Венецыянскай біенале) да поўнамаштабнай інстытуцыйнай рэалізацыі і прызнання беларускай сучаснай культуры ў еўрапейскай прасторы.

Праекты, заяўленыя раней, паспяхова адкрыліся: незалежны беларускі павільён Official. Unofficial. Belarus пад куратарствам Даніэлы Каляды і Беларускага Свабоднага Тэатра пачаў працу на Венецыянскай біенале ў касцёле Сан-Джавані Эвангеліста, прэзентуючы «архітэктуру сачэння і кантролю». Таксама і ў Германіі распачала працу еўрапейская біенале Manifesta, дзе ў афіцыйнай праграме прадстаўленыя работы Марыны Напрушкінай. Месцам рэалізацыі яе праекта стала Гефсіманская кірха, пабудаваная ў 1947–1950 гадах.

Маштаб прызнання пацвярджаецца таксама працягам выхаду на шырокую замежную аўдыторыю. Напрыклад, скульптура Алы Савашэвіч «Шэптам тканая» стала тварам галоўнага культурніцкага гіда Уроцлава «Wrocławski Niezbędnik Kulturalny» напярэдадні персанальнай выставы мастачкі. Паралельна адбываецца асэнсаванне гістарычнага і міграцыйнага досведу: адкрылася групавая выстава «Half-Life: 40 гадоў пасля Чарнобыля» ў Берліне, а ў Беластоку прэзентаваны перформанс Ігара Шугалеева Will U Marry Me?, які працуе з тэмай бюракратычных цяжкасцей легалізацыі. Таксама зафіксавана адкрыццё персанальнай выставы Уладзіміра Цеслера Sugar Free ў італьянскай Пізе.

Сцэны з перфомансу Ігара Шугалеева Will U Marry Me? Крыніца: Centrum Kultury Białoruskiej w Białymstoku/Цэнтр беларускай культуры | Michał Grześ

Беларускія фатографы: новая хваля міжнародных поспехаў

Сфера фатаграфіі, якая ў пачатку года вылучалася адзінкавымі поспехамі (Ксенія Галубовіч на Female in Focus, выданне Лесі Пчолкі ў шорт-лісце Фонду Карцье-Брэсона), у красавіку–чэрвені аформілася ў паўнавартасную «новую хвалю» з трывалымі пазіцыямі ў Еўропе.

Галоўная падзея перыяду – прэстыжны Фотафестываль у Лодзі (Fotofestiwal 2026), які цалкам праходзіў пад знакам салідарнасці з Беларуссю, прэзентуючы праекты больш за 10 беларускіх аўтараў. Пры гэтым фатографка Саша Вялічка, якую ў пачатку года пачала прадстаўляць варшаўская галерэя Jednostka і якая перамагла на Foam Talent, атрымала галоўную ўзнагароду фэсту – Fotofestiwal Grant 2026 за серыю партрэтаў палітзняволеных жанчын, зробленых на дыванах.

Саша Вялічка. Працы з праекта “Яе выклікалі на дыван”. Крыніца: https://fotofestiwal.com/

Паралельна іншыя прадстаўнікі беларускай фатаграфіі атрымалі буйныя прэміі: праект Максіма Сарычава «Сляпая зона» (Martwy punkt) быў адзначаны прызам на польскім конкурсе Talent Roku 2026, а арт-бук Марыі Карнеенкі «Rattus Sapiens» (выдавецтва «ТАМАКА») узяў бронзу на European Design Awards 2026.

Кнігі, даследаванні і інтэлектуальнае прызнанне

Важным якасным змяненнем перыяду стала пашырэнне міжнароднага прызнання: калі раней фіксаваліся пераважна мастацкія медыя (інсталяцыі, ювелірнае мастацтва), то цяпер у фокус еўрапейскіх інстытуцый патрапілі беларускія даследаванні, кніжны дызайн і гуманітарныя ініцыятывы.

Фотакніга «Руіны Беларусі» архіва VEHA, створаная ў супрацоўніцтве з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку, атрымала ганаровую адзнаку (Wyróżnienie) на прэстыжным 66-м конкурсе «Najpiękniejsze Polskie Książki 2025» у Варшаве ў намінацыі «Мастацтва». Кніга фактычна зберагла візуальную памяць пра 45 знішчаных помнікаў архітэктуры.

Адначасова адбылося прызнанне беларускай экспертнай супольнасці: арт-крытыца і даследчыца Таня Арцімовіч стала лаўрэаткай прэстыжнай еўрапейскай прэміі імя Ігара Забеля (Igor Zabel Award Grant) за 2026 год за ўнёсак у даследаванне гісторыі беларускага перформансу, авангарду і незалежнага мастацтва.

 


Традыцыйная культура: Купалле, затрыманні і ўчастковы-фалькларыст

Купалле масава святкуюць і ў Беларусі, і ў дыяспарах, хаця імпрэзы, звязаныя з традыцыйнай культурай, у Беларусі сталі часта скасоўваць, а на тых мерапрыемствах, што, аднак, праходзяць, здараюцца затрыманні. Матывы, звязаныя з традыцыйнай культурай, выкарыстоўвае сучаснае мастацтва, а творы, што паўстаюць у выніку такога сімбіёзу, экспануюцца на знакавых міжнародных выставах. Падобна, праз некалькі гадоў Беларусь можа мець ужо 9 элементаў у спісах нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва пад патранатам UNESCO.

Матывы традыцыйнай культуры на імпрэзах агульнай тэматыкі

Вялікай падзеяй 2026 года стала выстава Official. Unofficial. Belarus на Венецыянскай біенале, што праходзіць да 22 лістапада. У ёй бяруць удзел незалежныя беларускія мастакі. Афіцыйным дзяржаўным павільёнам Беларусь сёлета не прадстаўленая. У межах беларускай экспазіцыі бачым інсталяцыю Уладзіміра Цеслера з матывамі саламяных павукоў. Аднак гэтыя абярэгі зробленыя з турэмных кратаў. Яны вісяць пад столлю, а пад імі створанае жытняе поле. Гучаць сведчанні былых палітвязняў. “Да выставы лёгка выказаць прадказальны скепсіс: маўляў, Беларусь зноў паказваюць і тлумачаць усяму свету праз рэпрэсіі, турмы, цэнзуру і выгнанне. Усё, надакучыла. Але праблема не ў тым, што беларускае мастацтва зноў гаворыць пра рэпрэсіі. Праблема ў тым, што рэпрэсіі ў Беларусі не сканчаюцца”, – піша “Наша ніва”.

З восені 2025 года да 12 красавіка праект мастачкі Руфіны Базловай Framed in Belarus, які выкарыстоўвае традыцыйную тэхніку вышыўкі крыжыкам і прысвечаны палітвязням, выстаўляўся на Міжнароднай трыенале тканіны ў польскай Лодзі. Гэта найбуйнейшая і найстарэйшая ў свеце падзея, прысвечаная сучаснаму тэкстыльнаму мастацтву. Потым праект паказалі на міжнароднай біенале Matter of Art у Празе. Яго можна паглядзець да 13 верасня.

Скрыншот старонкі https://framedinbelarus.net/bl

З сярэдзіны красавіка да сярэдзіны траўня ў Берліне праходзіла выстава “Зона турбулентнасці” мастачкі Алены Рабкінай, дзе творца паказала ў тым ліку інсталяцыі з выкарыстаннем матываў традыцыйнага тэкстылю. Адной з самых яркіх прац на экспазіцыі стала “Прабач, Матрона”, прысвечаная стваральніцы арнаменту на беларускім дзяржаўным сцягу Матроне Маркевіч.

Алена Рабкіна. “Прабач, Матрона”. Крыніца: racyja.com

На карнавал культур у Берліне 24 траўня беларусы Германіі прынеслі аграмаднага цмока, упрыгожанага элементам традыцыйнага арнаменту. Беларуская культура была ўпершыню прадстаўленая на гэтым фестывалі. Удзельнікі назваліся групай “Беларусь танчыць з Цмокам”. На іх былі вянкі з зеляніны, якая адсылала да святкавання Троіцы. Аўтары ідэі – дызайнерка адзення Nata Ko і рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Арлоў.

Скасаванне публічных імпрэз у Беларусі

У агляданы перыяд розныя ўстановы сутыкаліся з праблемамі падчас арганізацыі публічных імпрэз, звязаных з традыцыйнай культурай. Напрыклад, у Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава 22 сакавіка планавалася гукаць вясну. Але музей атрымаў “зверху” рэкамендацыю не праводзіць забаўляльнае мерапрыемства ў дзень гадавіны трагедыі ў Хатыні. “Варта адзначыць, што 22 сакавіка — дзень памяці спаленай вёскі Хатынь, і ў апошнія гады ўлады Беларусі часта выкарыстоўваюць гэтую дату для абмежавання іншых культурных ці грамадскіх імпрэз, нават калі яны маюць выключна фальклорны характар” – піша reform.news

Гамельчукі ўсё ж пагукалі вясну ў закрытым фармаце 21 сакавіка на падворку рэстарана “Спадчына”. Там жа ў студзені святкавалі Каляды, а з моманту адкрыцця ўстановы летась ладзілі майстар-класы “Танцы ля печы”. Па іншай версіі, гуканне вясны было нават узгодненае аблвыканкамам. Аднак некаторых удзельнікаў затрымалі, прысудзілі содні арышту і штрафы. Суды працягваліся таксама ў траўні. Сярод аштрафаваных – нават участковы інспектар міліцыі Віктар Шыпкоў. Па выніках 2025 года ён быў узнагароджаны дзяржаўнай прэміяй “За духоўнае адраджэнне” – так быў адзначаны ягоны ўнёсак у захаванне і папулярызацыю народнай творчасці, этнаграфічныя даследаванні і рэканструкцыю строяў Гомельскага раёна. “Рэстаран “Спадчына”, дзе гукалі вясну, на нейкі час закрываўся, але затым зноў адкрыўся. Аднак мерапрыемстваў на тэму беларускай культуры і кухні тут больш не анансуюць” – піша Еўрарадыё.

Скасавалі таксама міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”, якое павінна было прайсці 22–24 траўня. Не адбылося і Купалле ў Дукорскім маёнтку пад Мінскам, запланаванае на 28 чэрвеня. Прычыны адмены невядомыя, як і ў выпадку з купальскім фестывалем “Свята сонца”, які павінен быў таксама прайсці пад Мінскам, у Дудутках. Падобна, што гэта менавіта сёлетняя тэндэнцыя. Напрыклад, летась са “Святам сонца” спрабавала змагацца прапагандыстка Вольга Бондарава, але фестываль усё ж адбыўся.

Купаллі па ўсім свеце

Нягледзячы на скасаванне шматлікіх фестываляў, святкаванне Купалля можна назваць масавым і ў Беларусі, і за межамі краіны. Бадай, больш, чым у папярэднія гады, купальскіх імпрэзаў адбылося бліжэй да даты летняга сонцавароту і менш – прымеркаваных да “праваслаўнага Купалля” з 6 на 7 ліпеня. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам Купалле адзначылі двойчы: 20 чэрвеня і 4 ліпеня, а наведвальнікаў і ўдзельнікаў на абедзвюх імпрэзах было прыкладна пароўну. Невядома, выпадкова ці не, да самай кароткай ночы года з 21 на 22 чэрвеня прымеркавалі закрытую рэйв-вечарыну пад Стоўбцамі, на якой – увага – таксама прайшлі затрыманні. Некаторым з удзельнікаў прысудзілі ад 10 да 15 содняў арышту.

Часта Купалле – гэта самае масавае свята ў асобна ўзятай беларускай дыяспары на працягу году і нават адзіны дзень у годзе, калі людзі, незаангажаваныя ў беларускія справы штодня, адчуваюць патрэбу ў маніфестацыі сваёй беларускасці. Часам у дыяспарах, як і ва ўстановах унутры Беларусі, праходзіць па некалькі купальскіх імпрэзаў. Напрыклад, у Варшаве нам вядома пра чатыры святкаванні, калі адным з іх лічыць фестываль “Варушняк”. Да Купалля прымеркавалі таксама некалькі рамесных кірмашоў.

Дзяржаўныя прэміі і спісы

Вышэйзгаданы Віктар Шыпкоў, міліцыянер, аштрафаваны за ўдзел у гуканні вясны ў Гомелі, стаў адзіным дзеячам, звязаным з традыцыйнай культурай, сярод узнагароджаных прэміяй “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльнымі прэміямі дзеячам культуры і мастацтва. “Народным майстрам адроджана і папулярызуецца тэхніка пляцення на кругавой аснове («спрэнг»), па мясцовых традыцыях адноўленыя і праводзяцца абрадавыя дзеянні на Вялікдзень і Каляды. У 2024-2025 гадах Віктарам Шыпковым праведзены этнаграфічныя даследаванні і адноўлены традыцыйныя касцюмы паўднёва-ўсходняй часткі Гомельскага раёна, а таксама традыцыя вырабу святочных і вясельных васковых вянкоў” – піша газета “Звязда”. Сам жа ўзнагароджаны распавёў журналістам: «Хоць я чалавек у пагонах, можна сказаць, што служба – для сэрца, а традыцыйная культура – для душы… Гэта дачыненне да вытокаў малой Радзімы, гэта тое, чым жылі нашы продкі. І каб спасцігнуць традыцыйную культуру, трэба бачыць вачыма нашых продкаў тую прыгажосць, якую яны бачылі душой і спрабавалі перанесці на простыя прадметы побыту. Я ў яе акунуўся, можна сказаць, з галавой і па гэты дзень яна мяне не адпускае». 

Пра ўдзел міліцыянера, які займаецца народнай творчасцю, у некаторых з яе шматлікіх затрыманняў распавядала ў сваіх інтэрв’ю былая палітзняволеная Ларыса Шчыракова, якая таксама цікавіцца традыцыйнай культурай і цяпер прапануе фотасэсіі ў традыцыйных строях у Беластоку. Хутчэй за ўсё, яна мела на ўвазе Віктара Шыпкова.

Фота з архіва Ларысы Шчыраковай. Крыніца: budzma.org

Працягвае папаўняцца Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, куды разам з матэрыяльнымі помнікамі трапляюць элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Большасць з іх звязаная з традыцыйнай культурай. Адзінае выключэнне за ўсе гады, што Беларусь дзейнічае ў адпаведнасці з Канвенцыяй UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны 2003 г., – спектакль Купалаўскага тэатра “Паўлінка”. За першую палову 2026 г. Спіс папоўніў элемент “Традыцыя выканання народнага танца “Кадрыля” ў Гарадзенскай вобласці”.

Прэзідыум Савета Міністраў прыняў прапанову ўключэння ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, які вядзе UNESCO ў адпаведнасці з вышэйзгаданай Канвенцыяй, элемент “Стравы з таркаванай бульбы – традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Беларусі”. Дасье павінна было быць накіраванае ў UNESCO у сакавіку. На сайце інстытуцыі пакуль няма гэтай прапановы. Неактыўнае (недасяжнае для прачытання) пакуль што дасье элемента “Культура беларускай дуды”, накіраванае залетась. Яно, магчыма, будзе разглядацца ў 2027 г. і – пры паспяховым выніку – стане восьмым элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны ад Беларусі ў спісах UNESCO. Гэтая прапанова беларускай дзяржавы выклікала дыскусію ў дударскай супольнасці, значная частка якой знаходзіцца ў вымушанай палітычнай эміграцыі. 

У другой палове траўня ў варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі прайшла выстава «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал» (куратар – Яўген Барышнікаў). Аснову экспазіцыі складалі інфармацыйныя стэнды. Выстаўляліся таксама інструменты, адноўленыя рознымі майстрамі ў розныя гады, а таксама польскія дуды з розных рэгіёнаў. “Дуда стала найбольш вядомай як сімвал змагання «дзякуючы» крымінальнай справе супраць музыкаў гурта Irdorath і іх сяброў, якія гралі на мітынгах у 2020 г. Шмат дудароў апынулася ў эміграцыі праз палітычныя рэпрэсіі. У той жа час дудары выступаюць на адкрыцці Усебеларускага народнага сходу ў 2024 г., «Культуру беларускай дуды» ўносяць у Нацыянальны інвентар гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі і падаюць заяўку на ўключэнне у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва UNESCO. Носьбітамі традыцыі ў гэтых намінацыях выступаюць супрацоўнікі дзяржаўных устаноў культуры, а супольнасць дудароў, якая адраджала інструмент з 1980-х, фактычна ігнаруецца. Наведнік выставы застаецца з этычнай дылемай: ці варта падтрымліваць намінацыю дударства ад Рэспублікі Беларусь у спіс UNESCO? Каму сёння сапраўды належыць гэтая спадчына?” – піша Budzma.org.

Экскурсія па экспазіцыі “Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал”. Крыніца: budzma.org

Важныя выданні

Часопіс “Беларускі фальклор”, выпуск 13 – перыядычнае выданне Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Гэта адзіны часопіс у галіне фалькларыстыкі з тых, што выходзіць у Беларусі, які індэксуецца ў міжнароднай базе Scopus.

Купальскі спеўнік праекта Tradycja – дапаможнік па беларускай традыцыйнай культуры, які змяшчае збор народных песень. Выданне дапоўнена QR-кодам для праслухоўвання арыгінальнага фальклорнага выканання.

Вокладка:

Падчас купальскага “Варушняка ў Варшаве”. Крыніца: https://www.instagram.com/varushniak/

Агляды падрыхтаваныя пры падтрымцы ArtPower Belarus і Еўрапейскага Саюза.

Таксама паглядзіце

Праграма ArtPower Belarus падвяла вынікі трэцяга кола конкурснага адбору па Трэку 2. Творчыя праекты. Падтрымку атрымалі 24 праекты ў розных сектарах беларускай …

Літаратура: У чаканні вялікай прозы Кіно: Перамога ў Кракаве і паўсюдныя «экстрэмісты» Тэатр: У кіраўніцтве – сілавікі, у рэпертуары – вайна. Але …