
“Я нібыта паглядзела ў вялікае люстэрка сучаснага свету. Што баліць, чым ганарацца, пра што скандаляць, якія тэндэнцыі выклікаюць млоснасць. Усё гэта праз мастацтва раскрывае вялікая падзея, у якой сёлета бяруць удзел незалежныя беларускія творцы”.
З вамі рубрыка “ПрыСутнасць”. Тут друкуем меркаванні экспертаў у культуры з Беларусі і з замежжа. Пра тое, што ім баліць як прафесіяналам і як беларусам, пра іх адкрыцці, развагі і назіранні, іх думкі і высновы.
Запрашаем і вас да сумеснага роздуму. Калі вы гатовыя падзяліцца ўласнымі назіраннямі, уражаннямі, пішыце нам: media@byculture.org
У гэтай публікацыі намесніца кіраўніка Беларускай Рады культуры Надзея Гарэцкая дзеліцца ўражаннямі ад наведвання сёлетняй Венецыянскай біенале. Для беларусаў падзея адметная прысутнасцю тут асобнага нацыянальнага павільёна. Ужо сама яго назва Official. Unofficial. Belarus – сведчанне складанасці і супярэчлівасці аўтарскага і куратарскага выказвання.
*Меркаванні аўтараў могуць не супадаць з пазіцыяй Беларускай Рады культуры.
***
Асноўная ідэя Venice Biennale 2026 – In Minor Keys (шматзначны выраз, які можна інтэрпрэтаваць як “У мінорных нотах” або “У дробных/нязначных дэталях”). Таму сэнс варта шукаць не толькі ў засмучаных галасах, але ў пошуках нябачнага сярод гучнага. Аўтарка канцэпту Koyo Kouoh – вядомая швейцарска-камерунская куратарка – збірала экспазіцыю не паводле вядомасці і значнасці творцаў, а наадварот, працавала з прадстаўнікамі дыяспар, посткаланіяльных культур, меншасцяў, якія маюць досвед міграцыі. Тэма даследуе памяць, уразлівасць, сувязі паміж людзьмі, глабалізацыю і «ціхія галасы», якіх часта не чуваць у дамінантнай культуры.
І сапраўды, на асноўнай экспазіцыі было шмат роздумаў пра цялеснае, пераадкрыццё звычайнага, бытавога, разбурэнне прынятага лоску, змяшчэнне фокусу з Захаду на Поўдзень, з цэнтра – на перыферыю.
Адпаведна і нацыянальныя павільёны рухаліся ў гэтым канцэпце. У французскім мы бачым вобраз разбурэння і перазборкі праз тэкстыль, пэчворк. Іспанскі павільён выглядаў як мазаіка з тысячаў паштовак, якія ўсё жыццё збіраў аўтар, праз што можна даследаваць позірк чалавека на памяць. Вельмі падобны канцэпт у Сербіі, дзе калаж ужо складаецца з гістарычнага архіву сям’і і разваг пра ўцёкі пасярод вайны. Павільён Кубы змяшчае вялікія скульптуры, выкананыя з частак бочак ад нафты і выкінутага абутку. Шмат вобразаў чалавечага цела і яго ўзаемадзеяння з прыродай, экалогіяй, паветрам. Многія краіны стварылі цэлыя шэдэўры. Неверагодны разабраны дом з карункаў у індыйскім павільёне або сотні метраў дываноў ад Марока. Павільён Амана напоўнены пяском і металічнымі гукавымі канструкцыямі з нацыянальнымі ўзорамі. Адны мастакі даследуюць тэму дому, іншыя вывучаюць стаўленне чалавека да навакольнага асяроддзя (Аўстрыя і Венгрыя) ці разважаюць пра нябачную працу жанчын (Турцыя).
Тут варта адзначыць, што я не спрабую ацэньваць выставы экспертна, бо я не спецыяліст. Але як абывацель слухаю ўласныя ўражанні і шукаю наратывы і ідэі, якія мастацтва прамаўляе раней, чым медыя ці грамадская думка.
Некаторыя выказванні былі вельмі простымі, іншыя немагчыма было разабраць, не прачытаўшы куратарскі тэкст і не “параіўшыся” са штучным інтэлектам. Асноўнае назіранне: многія павільёны краін – былых каланізатараў, асабліва Брытаніі і Францыі, звярталіся да тэмаў міграцыі, посткаланіяльнай памяці, дыяспары і культурнай віны, даючы голас мастакам з досведам «паміж культурамі». Адначасова павільёны краін, якія раней былі каланізаваныя або знаходзіліся на перыферыі заходняга мастацкага свету, рабілі больш гучныя і самастойныя заявы пра ўласную ідэнтычнасць.
І заўсёды паслясмакам застаецца думка пра тое, што куратарка Koyo Kouoh памерла пасля кароткай хваробы ўсяго за некалькі дзён да афіцыйнай прэзентацыі канцэпцыі біенале. Таму ўся выстава ўспрымаецца яшчэ больш крохкай, як выказванне, завершанае ўжо пасля сыходу чалавека, які яго прыдумаў.
Асобна пакіну разважанні над тымі экспазіцыямі, якія абудзілі ўва мне эмоцыі, розныя, але каштоўныя.
Беларусь
Беларускі павільён у Венецыі выпадковаму турысту ці наведвальніку знайсці так жа складана, як і Беларусь на мапе свету, калі загадзя не ведаеш, што шукаць. Ён знаходзіцца ў сярэдзіне горада, але далёка ад асноўных турыстычных шляхоў, у дворыку, куды трэба зазірнуць наўмысна. У праграме біенале выстава губляецца сярод сотняў іншых івэнтаў, бо фармальна гэта не нацыянальны павільён. Але яго значэнне і для беларускай культуры, і для міжнароднай супольнасці зусім не перыферыйнае. Таму асабліва хочацца спадзявацца на розгалас і ўвагу ў медыях і сацыяльных сетках.

Тым больш што часам увага публікі размяркоўваецца вельмі дзіўным чынам. Напрыклад, да аўстрыйскага павільёна стаіць чарга на дзве гадзіны чакання. Выказванне там моцнае па форме, але, на мой погляд, даволі павярхоўнае па сутнасці.
Беларускі ж павільён цэласны. Ён працуе праз усе органы пачуццяў: чуем музыку Вольгі Падгайскай, адчуваем смак «нічога» ад Расмуса Мунка, бачым жывапіс Сяргея Грыневіча, жытнёвае поле, да якога можна дакранацца, халодных несаламяных павукоў Уладзіміра Цеслера, дыхаем пахам лета ў бабулінай вёсцы. І хоць выстава найперш скіраваная на замежную аўдыторыю, у нас, беларусаў, яна выклікае лёгкую рэтраўматызацыю: зняволенне, пакуты, сачэнне, жыццё ў страху, забароненыя кнігі. А часам і расчараванне нібыта занадта банальнымі сімваламі: жыта, васількі, павукі.
Само месца – старажытны касцёл з закуткамі, каплічкамі і спавядальняй – толькі ўзмацняе агульную ідэю і кампазіцыю. Я шукала ў сабе супярэчнасць, ці не чужое выставе месца ў доме малітвы, і не знайшла яе. Мне здавалася, што калі б Хрыста ўкрыжавалі сёння, усё адбывалася б прыкладна так: у прамым эфіры, з камерамі з розных бакоў, з фіксацыяй кожнага кроку. Таму глядзела і адчувала жаданне маліцца за сваю краіну і наш народ. Але першае ўражанне я свядома вырашыла вытрымаць і не спяшацца з высновамі, каб параўнаць наш павільён з экспазіцыямі іншых краін.
Я пабачыла блізу трыццаці нацыянальных павільёнаў і асноўную экспазіцыю біенале. І магу сказаць: у гэтым кантэксце беларускі павільён сапраўды працуе на вельмі высокім узроўні. Хоць спачатку ў мяне было адчуванне, што мы – падлеткі на дарослай вечарыне: хочам выглядаць сур’ёзна, але яшчэ не да канца ўмеем сябе паводзіць.
І менавіта таму такая вялікая павага аўтарам і куратарам нашай “Афіцыйнай неафіцыйнай Беларусі”. І Мікалай Халезін, і Наталля Каляда, і, канечне, Даніэла Каляда ўжо не госці ў міжнароднай культурнай супольнасці. Для іх гэта даўно натуральная стыхія.
Усё калісьці бывае ўпершыню. Як першае беларускае «Еўрабачанне». Памятаеце, як тады ўсе заўзелі?
Расія
Не была ўпэўненая, ці варта, але ўсё ж зайшла ў павільён Расіі. Я чытала куратарскі тэкст, дзе асноўная ідэя гучала прыкладна так: «мастацтва жыве нават скрозь санкцыі». Але тое, што я ўбачыла, казала пра значна большае.
Уявіце, што вы заходзіце ў памяшканне, багата аздобленае кветкамі – свежымі, светлымі, прыгожа сабранымі ў кампазіцыі. Іх водар расцякаецца па ўсёй прасторы. Але на фоне чуеце жудасныя гукі, нібыта з апраметнай: ці то пакуты, ці то шаманскія спевы. А ў цэнтры сядзяць чорныя істоты і выконваюць нейкія містычныя рытуалы.
Для мяне ў гэтым і была ўся сутнасць краіны-агрэсара. Гніль, брыдота, пакуты, прыкрытыя светлымі наратывамі. Я нават шкадую, што гэта не ўбачаць многія звычайныя наведвальнікі. Бо лепш праз мастацтва сутыкнуцца з ісцінай, чым здзівіцца, калі будзе ўжо позна.
І як асобная частка гэтага перформансу – вялікая колькасць аховы з сабакамі.
Японія
Павільён Японіі пакінуў мяне ў ступары. Ён апісаны як адзін з самых пазітыўных і тактыльных. У павільёне каля 200 лялек-немаўлятаў, а наведвальнікам прапануюць браць іх на рукі і насіць па прасторы павільёна. Для гэта стала шокам. Я ўбачыла амаль поўны разрыў паміж паняткам дзіцяці і бацькоўствам. Нібы немаўля тут – не чалавек, якога трэба выхоўваць, клапатліва суправаджаць да сталення і браць за яго адказнасць, а хутчэй антыстрэс-аб’ект на некалькі хвілін – пакуль не надакучыць.

Сотні пакінутых дзяцей пад дажджом, у небяспецы: яны караскаюцца па лесвіцах, сядзяць на парапетах, раскіданыя па прасторы без абароны. І пры гэтым выглядаюць як «заможныя дарослыя» – у модным адзенні і акулярах. Гэтая неадпаведнасць паміж вобразам дзіцяці і атрыбутамі дарослага жыцця стварае асабліва трывожнае ўражанне. Нібы клопат тут ператвараецца ў эстэтыку, а само дзіця – у аб’ект праекцыі дарослых жаданняў, стыляў і эмоцый.
Цікава, што побач у павільёне Даніі выстава таксама спрабуе разважаць над падобным пытаннем: як тэхналогіі, парнаграфія і штучныя выявы паступова змяняюць само разуменне інтымнасці, сэксу і чалавечых адносінаў. Сэксуальнасць нібыта адрываецца ад зачацця, ад цела, ад жывой блізкасці.
І тут аўтары хутчэй сігналізуюць пра трывожнасць і небяспеку гэтага разрыву, чым шукаюць яго прыхільнікаў.
Украіна
Украінскі павільён я шукала два дні і нарэшце знайшла яго ў Арсенале, на другім паверсе. Спачатку падалося, што сам павільён не да канца раскрывае маштаб і сутнасць таго выказвання, якое падрыхтавала Украіна. Але калі я ўчыталася ў куратарскія тэксты, зразумела, наколькі моцны і ясны сэнс нясе гэтая праца.
У цэнтры праекта – скульптура аленя-арыгамі, створаная Жанай Кадыравай. Раней гэты алень стаяў у горадзе Пакроўск на Данеччыне, на пастаменце, дзе калісьці знаходзіўся савецкі самалёт-ракетаносец, прыбраны пасля таго, як Украіна адмовілася ад ядзернай зброі паводле Будапешцкага мемарандума. Калі Расія пачала наступ на Пакроўск і фронт наблізіўся да горада, скульптуру эвакуявалі. Куратары і мастакі праекта вывезлі аленя і правезлі яго праз шэраг еўрапейскіх гарадоў, пакуль ён не дабраўся да Венецыі. Сам алень быў размешчаны ў грамадскай прасторы каля Джардзіні, у падвешаным стане, нібы ў няўстойлівай раўнавазе.
А непасрэдна ва ўкраінскім павільёне ў Арсенале можна было бачыць толькі відэадакументацыю гэтага падарожжа, архіўныя матэрыялы і куратарскія тэксты. Там былі дзясяткі экранаў з бесперапынным відэа, але амаль нічога іншага. Не было аб’екта, вакол якога можна сабрацца. Не было месца, дзе можна «спажыць» працу хутка і лёгка. Трэба было спыніцца, прачытаць, паглыбіцца і самому «змайстраваць» сэнс.
І менавіта тады асабліва моцна пачынае гучаць назва праекта – «Гарантыі бяспекі». Шкада, што не кожны наведвальнік, магчыма, знойдзе час і цярпенне, каб расчытаць задумку аўтараў і зразумець іх ідэі. Бо ўкраінскі павільён патрабуе не хуткага ўражання, а ўнутранай працы і разумення кантэксту.
Украіна прывезла на біенале шэраг выставаў, акрамя асноўнай экспазіцыі можна наведаць вельмі светлую выставу Still Joy – From Ukraine Into the World, праект, арганізаваны PinchukArtCentre. А таксама проста сярод дамоў і вуліц можна сустрэць украінскія сцягі, ці вось такую інсталяцыю: ваенная форма, што нібы сушыцца на вяроўцы. Гэта праект Дар’і Кальцовай як інтэрвенцыя у звычайны лад жыцця біенале – пастаяннае нагадванне пра вайну, што трывае ўжо больш за 4 гады.

Люксембург
На фоне гэтых разваг я выйшла з украінскага павільёна і амаль адразу трапіла на выставу Люксембурга. І тут трэба сказаць пра сам Венецыянскі Арсенал. Калі ў Джардзіні паміж павільёнамі ёсць сад, паветра, кавярні, нейкая магчымасць перадыхнуць, нібы «пераключыць пах» і выйсці з аднаго мастацкага стану перад тым, як увайсці ў іншы, то ў Арсенале ўсё адбываецца інакш. Адна выстава літаральна перацякае ў наступную. У цябе амаль няма часу выдыхнуць ці асэнсаваць убачанае. Усё перажываецца як адзін суцэльны паток, адзін доўгі тэкст без паўзы.
І вось пасля Украіны наступны закутак – Люксембург.
Іх павільён называецца *La Merde* — «Дзярмо». Гэта праект мастачкі Aline Bouvy. У цэнтры выставы – фільм, дзе адным з галоўных герояў становяцца чалавечыя фекаліі, па-просту какашка, створаная пры дапамозе штучнага інтэлекту з настолькі натуралістычнай дакладнасцю, што мне літаральна стала фізічна млосна. Я проста развярнулася і выйшла.
Але пры гэтым звярнула ўвагу на людзей вакол. Яны выходзілі з выставы ўсмешлівыя, вясёлыя, абмяркоўвалі яе, смяяліся. І ў гэты момант раптам падумалася, што само суседства гэтых дзвюх выстаў – Украіны і Люксембурга – ужо становіцца асобным мастацкім выказваннем. Бо побач з праектам пра вайну, эвакуацыю, страчаныя гарантыі бяспекі і крохкасць чалавечага жыцця знаходзіцца экспазіцыя, дзе Еўропа разважае пра фекаліі, сорам і цялеснасць.
І гэта не папрок мастацтву Люксембурга. Наадварот, іх праект насамрэч вельмі дакладна ўкладаецца ў сучасную еўрапейскую мастацкую традыцыю, якая падсвечвае табуяваныя тэмы і выводзіць саромнае ў поле нармальнага.
Але менавіта пасля Украіны ўсё ўспрымаецца зусім інакш.
Калі адна краіна ваюе за права існаваць, а іншая ў гэты самы момант прапануе гледачу філасофскі фільм пра экскрэменты, міжволі пачынаеш думаць не толькі пра мастацтва, але і пра сам стан сучаснай Еўропы. Пра тое, як па-рознаму сёння жывуць людзі ўнутры аднаго кантынента. І як побач могуць існаваць пытанні выжывання і пытанні культурнай рэфлексіі пра цела, агіднасць і табу.
Науру
Таксама хачу адзначыць выставу, на якую я выпадкова натрапіла ўжо ў самім горадзе. Гэта павільён маленькай дзяржавы Науру – астраўной краіны на паўночны ўсход ад Аўстраліі. Шчыра кажучы, мне нават давялося пагугліць яе назву.
Выстава распавядала пра жыццё краіны, яе побыт, гісторыю, пра тое, чым людзі Науру ганарацца. Там таксама былі развагі пра каланіяльнасць, залежнасць маленькай дзяржавы ад вялікага свету і пра тое, як лёгка такія краіны могуць стаць нябачнымі для астатніх.
І для мяне гэта раптам стала вельмі важнай думкай.
Калі такая маленькая дзяржава не саромеецца гучна заявіць пра сябе, пра сваё мастацтва і пра сваё існаванне на міжнароднай пляцоўцы, то чаму мы, беларусы, дагэтуль часта сумняемся, ці належыць нашая культура да еўрапейскага і сусветнага мастацкага кантэксту?
Менавіта там я вельмі моцна адчула гонар за тое, што ў гэтым годзе беларусы таксама ёсць на біенале. Што мы не застаёмся толькі ўнутры ўласнай траўмы або ізаляцыі, а ўваходзім у міжнародную размову. І гэтая прысутнасць, гэтая бачнасць, гэтае права гаварыць пра сябе ад свайго імя насамрэч і ўключае нас у сусветны культурны кантэкст.
Новая Зеландыя
І напрыканцы хачу расказаць пра свайго асабістага фаварыта. Напэўна, мала хто вылучыў бы менавіта гэты павільён, але для мяне, чалавека, які пры любой магчымасці паміж наведваннем мастацкай выставы і часам на прыродзе выбраў бы прыроду, павільён Новай Зеландыі стаў сапраўдным адкрыццём і радасцю. І мне здаецца, што менавіта ён вельмі дакладна перадаваў галоўную інтанацыю гэтай біенале.
У павільёне былі прадстаўлены вялікія, амаль манументальныя партрэты птушак, якія знаходзяцца на мяжы знікнення або ўжо цалкам зніклі ў Новай Зеландыі. І спачатку думаеш: ну, птушкі і птушкі, проста прыгожыя фатаграфіі. Што ў гэтым асаблівага? Але гэта толькі да таго моманту, пакуль не падыдзеш бліжэй і не прыгледзішся да іх вачэй.

Бо ў вачах кожнай птушкі адлюстроўваецца ландшафт, арэал, дзе яна жыве. І раптам гэтыя птушкі перастаюць быць проста аб’ектамі назірання. Яны становяцца галоўнымі героямі. І гэты свет, які адбіваецца ў іх позірку, выглядае як памяць, як нешта вельмі ўнутранае, нібы тое, што захоўваецца ў сэрцы. Асабліва калі думаеш пра тое, што многія з гэтых птушак жывуць у крохкім асяроддзі, якое пастаянна змяняецца або знішчаецца чалавекам.
У нейкі момант я сама паставіла сябе на месца гэтай птушкі. І падумала: а што зараз адлюстроўваецца ў маіх вачах? Напэўна, бабуліна хата ў вёсцы, дзе я бавіла кожнае лета. А можа, школа ў горадзе майго дзяцінства. Ці возера на Зялёным лузе, дзе я так часта гуляла з дзецьмі. А можа – ужо касцёлы старой Вільні?
Гэтая выстава сапраўды дала мне нейкую палёгку і радасць. Яна нагадала, што маленькае не азначае нязначнае. І што мастацтва часам можа сказаць пра чалавека, пра памяць, пра боль і пра любоў значна больш, чым любыя прамовы палітыкаў.