Сабралі самыя яскравыя прыклады беларуска-ўкраінскіх культурніцкіх праектаў 2022-2025 гадоў. Гэта першая спроба намацаць ужо існыя кропкі ўзаемадзеяння беларускай і ўкраінскай культур пасля вялікага расколу. Пералік не прэтэндуе на вычарпальнасць. Наадварот, мы з радасцю падрыхтуем дадатковую падборку прыгожых супольных справаў з надзеяй, што ў 2026 годзе іх стане яшчэ больш.
Калі вы згадаеце важны праект, які мы абмінулі ўвагай, пішыце на media@byculture.org
Кароткая перадгісторыя
Беларуска-ўкраінскія культурныя адносіны традыцыйна развіваліся ў двух ключавых напрамках. Першы – міждзяржаўнае супрацоўніцтва, якое ахоплівала ўдзел у кніжных кірмашах, правядзенне дзён культуры, а таксама афіцыйныя імпрэзы, арганізаваныя амбасадамі і дзяржаўнымі інстытуцыямі. Другі – узаемадзеянне ў межах незалежнай культуры: удзел беларускіх аўтараў у нефармальных украінскіх фестывалях і конкурсах, прысутнасць украінскіх літаратараў і музыкаў на незалежных пляцоўках у Беларусі, а таксама рэалізацыя сумесных праектаў без удзелу дзяржавы.
Да 2020 года гэтыя дзве мадэлі існавалі паралельна. Пасля падзей 2020 года ў Беларусі характар беларуска-ўкраінскіх культурных кантактаў істотна змяніўся.
Украінская інтэлектуальная і культурніцкая супольнасць адкрыта выказала салідарнасць з беларускім грамадствам. Знакам падтрымкі – кніга Іі Ківы «Ми прокинемось іншими…», у якой для ўкраінскай аўдыторыі быў асэнсаваны беларускі досвед трансфармацыі і супраціву. Арт-салідарнасць панавала на выставе беларускага супраціву «Кожны дзень» у кіеўскім комплексе «Мистецький Арсенал». Падзея, што адкрылася 25 сакавіка 2021 года, аб’яднала пратэсныя працы больш як 50 беларускіх і ўкраінскіх мастакоў.
Украіна стала адной з галоўных краін рэлакацыі для беларускіх культурніцкіх дзеячаў. Гэта спрыяла ўзмацненню гарызантальных сувязяў, з’яўленню новых прафесійных і асабістых кантактаў, а таксама большай інтэграцыі беларускіх аўтараў ва ўкраінскі культурны кантэкст.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў 2022 годзе супрацоўніцтва беларускай і ўкраінскай культур на міждзяржаўным узроўні спынілася. Аднак у незалежнай сферы асобныя сувязі не толькі захаваліся, але і набылі новае значэнне.
Згадваем супольныя культурніцкія праекты, якія сталіся магчымыя нават у цяжкія 2022 – 2025 гады
1. Інфармацыйная кампанія адвакацыі негатыўнага стаўлення беларусаў да расійскай ваеннай агрэсіі #BelaruswithUkraine
Ініцыяваная шэрагам беларускіх незалежных арганізацый, каардынавалася Беларускай Радай культуры ў супрацы з медыяменеджарамі з Украіны. З пачатку сакавіка 2022 года, пасля жорсткага ўварвання Расіі на тэрыторыю Украіны, каманда праекта планамерна дакументавала гісторыю дапамогі, падтрымкі, супрацоўніцтва беларусаў і ўкраінцаў у драматычных умовах вайны. Інфаграфіка “Беларусы – не рэжым”, відэаролікі, адмысловая анімацыя, а таксама інтэрв’ю з вядомымі беларусамі і ўкраінцамі. Сабраныя разам, гэтыя матэрыялы пацвярджаюць маштаб беларуска-ўкраінскай салідарнасці. Сумарны ахоп падрыхтаваных у межах кампаніі матэрыялаў аб дапамозе беларусаў украінцам ва ўкраінскіх медыя і пабліках склаў больш як за 3,2 млн. карыстальнікаў.

2. Вышыванка/выжыванка аўтарства беларускі Руфіны Базловай на Уладзіміру Зяленскім
У жніўні 2022 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі некалькі разоў з’яўляўся на публіцы ў вышыванцы колеру хакі з ваенным і сімвалічным арнаментам. Арнамент быў не дэкаратыўны, а наратыўны і палітычны: танкі, каласы, людзі, якія трымаюцца за рукі. Гэта сімвалізуе вайну, супраціў і еднасць украінцаў, а таксама перакладае мову сучаснай вайны ў форму традыцыйнай вышыўкі. Адметна, што ўзор быў створаны Руфінай Базловай – беларускай мастачкай, вядомай дзякуючы серыі The History of Belarusian Vyzhyvanka (вышыўкі пра пратэсты 2020 года).
3. Feat Pink Floyd і Андрыя Хлыўнюка Hey Hey Rise Up (“Ой у лузі червона калина…”),
што стаў магчымы дзякуючы беларусам – сузаснавальнікам Беларускага Свабоднага тэатра Наталлі Калядзе і Мікалаю Халезіну.
“З усімі ўдзельнікамі гэтай нечаканай калабарацыі мы былі знаёмыя з 2015 года, калі Беларускі Свабодны тэатр святкаваў 10-годдзе. Тады да ўдзелу ў музычным фестывалі Staging a Revolution запрасілі шэраг артыстаў, у тым ліку Дэвіда Гілмара з Pink Floyd і «Бумбокс». Па задумцы яны выступалі разам, – прыгадвае Мікалай Халезін. – А ўжо ў 2022, калі пачалася вайна, Андруха заспяваў на вуліцы ў Кіеве “Ой у лузі червона калина…” Праз некаторы час спявак быў паранены, і Наташа даслала Дэвіду відэа і фота з ім са шпіталя. Так нарадзілася ідэя запісаць песню – але не сольна, а, упершыню за 28 гадоў, сабраўшы склад Pink Floyd. Мы да апошняга думалі, што гэта будзе калаб Гілмар – Хлыўнюк, але ён таемна ад усіх сабраў “залаты склад”, толькі без Роджэра Уотэрса”.
4. Паэтычная кніга–фотаальбом Алеся Плоткі Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine
Дыхтоўнае выданне з вершамі, створанае Алесем Плоткам у супрацы з фатографамі Алесем Пілецкім і Станіславам Крупажам. У фокусе аўтараў – «крывавыя землі» Беларусі і Украіны, і іх розныя шляхі дэкаланізацыі. Акрамя аўтарскіх твораў, кніга змяшчае пераклады вершаў украінскіх літаратараў: Івана Сэмесюка, Тані Радзівонавай, Вячаслава Лявіцкага, Лэсыка Панасюка, Angie Siveria. У 2023-2024 гадах кніга была шырока прэзентаваная беларусам Варшавы, Гаагі, Брусэля, Рыгі, Беластоку, Батумі і Тбілісі.
5. Фестываль дакументальнага кіно «1084. На мяжы» (2022 і 2023)
Фэст дакументальнага кіно пра Беларусь і Украіну, запушчаны пасля 2022 года ў кантэксце вайны і новай рэальнасці ў рэгіёне (арганізатар – “Звяно/Ланка”). 1084 км – даўжыня мяжы паміж Беларуссю і Украінай, гэтая лічба ў назве – сімвал разрыву і сувязі адначасова. Адбываўся ва Украіне, паказы і падзеі праходзілі ў Кіеве, Бучы, Адэсе, Тэрнопалі, Луцку. Уваход на ўсе мерапрыемствы быў вольны, але сабраныя ахвяраванні былі пералічаныя на закуп расходных матэрыялаў для VAC-тэрапіі ран ва ўкраінскіх ваенных і грамадзянскіх шпіталях.

6. Падборка ўкраінскай паэзіі ў перакладзе на беларускую мову Make Poetry, not War,
апублікаваная ў інтэрнэт-часопісе Taubin да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны. Выразны маніфест культурнай салідарнасці з Украінай. Праект аб’яднаў пераклады сучаснай украінскай паэзіі на беларускую мову, падкрэсліваючы, што слова можа быць не менш моцным за зброю: яно здольнае раніць, але і лячыць, вяртаць сувязі і падтрымліваць у час крызісу. На старонцы сабраныя тэксты розных украінскіх аўтараў (сярод іх Максім Крывцоў, Остап Слівинскі, Артур Дронь), перакладзеныя беларускімі паэтамі, у тым ліку Андрэем Хадановічам. Праект задуманы як адказ на маўчанне і раз’яднанасць.
7. Форум беларускага культурнага супраціву ў Луцку (2023)
Дыскусійная праграма, якая задумвалася як суправаджальная частка фэсту “1084. На мяжы”, але ператварылася ў асобную вялікую падзею. Беларускі і ўкраінскі бакі тады атрымалі пляцоўку для адкрытага дыялогу: тут не толькі глядзелі і абмяркоўвалі фільмы, але і асэнсоўвалі агульны досвед вайны, адказнасць, траўмы і будучыню адносінаў паміж дзвюма краінамі. Форум тады паказаў, што жывая гарызантальная камунікацыя магчымая, што важна пераадольваць недавер і ствараць супольную прастору разумення, у якой культура становіцца інструментам дыялогу, рэфлексіі і аднаўлення сувязяў нават ва ўмовах разрыву на міждзяржаўным узроўні.
8. Опера “Дзікае паляванне караля Стаха” Беларускага Свабоднага тэатра
Гэты праект, які здабыў сусветную славу і быў намінаваны на галоўную брытанскую тэатральную ўзнагароду Olivier Awards, стаў прыкладам жывой беларуска-ўкраінскай культурнай супрацы ва ўмовах вайны і выгнання. Разам з беларускімі акторамі на сцэну выходзілі ўкраінскія оперныя спевакі (галоўныя партыі выканалі ўкраінцы Андрэй Бандарэнка і Тамара Калінкіна), дырыжорам быў Віталь Алексяёнак – беларус, які меў досвед супрацы з Харкаўскім оперным тэатрам.
9. Выданне рамана “Салодкая Даруся” Марыі Маціёс у перакладзе з украінскай на беларускую мову (Pflaumbaum, 2023)
Трагічная і па-майстэрску напісаная сямейная сага, падзеі якой адбываюцца ў 1930-70-х гадах на Букавіне (рэгіён на ўкраінска-румынскім памежжы) на фоне змены ўладаў і дзяржаўных межаў у драматычныя часы вайны і савецкіх рэпрэсій. Вельмі чалавечная гісторыя пра жывых бяскрыўдных людзей, якія становяцца ахвярамі бессэнсоўных і бязглуздых дзеянняў прадстаўнікоў уладаў. Аўтарка падкрэслівае, што “рука кіраўніцтва” дацягнецца нават да самых аддаленых куточкаў краю і зробіць непапраўнае. На жаль, перасцярога вельмі актуальная для сённяшняй Беларусі. Ініцыятаркай выдання сталася нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, перакладчык тэксту ананімны.
10. Урачыстасці ў гонар бітвы пад Оршай і князя Астрожскага ў Кіеве
У 2023–2025 гадах у Кіева-Пячэрскай лаўры паслядоўна адбываюцца ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя гадавінам бітвы пад Оршай і ўшанаванню князя Канстанціна Астрожскага. У 2023 годзе, да 509-й гадавіны, быў адкрыты мемарыяльны барэльеф; у 2024-м, на 510-ю гадавіну, прайшлі афіцыйныя ўрачыстасці з удзелам мітрапаліта Эпіфанія; а ў 2025 годзе, да 511-й гадавіны, акцэнт быў зроблены на сімвалічным і гістарычным вымярэнні памяці – з ліціямі, ушанаваннем і прэзентацыяй адноўленых харугваў войска Астрожскага. Згаданыя ўрачыстасці сведчаць пра паступовае ўмацаванне прысутнасці супольнай беларуска-ўкраінскай гістарычнай падзеі ва ўкраінскай культурнай і мемарыяльнай прасторы.

11. Вуліца Караткевіча ў Кіеве
Вуліца імя Уладзіміра Караткевіча з’явілася ў Кіеве ў рамках шырэйшага працэсу дэкамунізацыі і пераасэнсавання гарадской тапанімікі, які асабліва актывізаваўся пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022-м. Кіеўскія ўлады масава перайменоўвалі вуліцы, пазбаўляючыся ад савецкіх ды расійскіх назваў і адначасова звяртаючыся да постацяў, звязаных з украінскай і суседнімі культурамі. Ініцыятыва ў справе з’яўлення вуліцы Караткевіча ў Кіеве належала ўкраінскаму літаратуразнаўцу і перакладчыку Вячаславу Лявіцкаму.
“Ушанаванне гэтага таленавітага літаратара і прынцыповай асобы важнае як для дыялогу Украіны з дэмакратычна арыентаванай беларускай грамадскасцю, так і для актуалізацыі недаацэненых фактаў культуры Кіева. Караткевіч – выпускнік Кіеўскага ўніверсітэта, ён любіў сталіцу Украіны і пісаў пра яе больш выразна, чуйна і этычна, чым большасць іншых урбаністаў. Да таго ж, гаворка ідзе пра вуліцу ў мясцовасці, дзе разгортваюцца трагічныя падзеі найбольш кіеўскай аповесці Уладзіміра Караткевіча “Лісце каштанаў”. Гаворка ідзе пра частку Пячэрска, які Караткевіч у мініпаэме “Размова з Кіева-Пячэрскім сланом” называў сваім улюбёным раёнам”, – такія аргументы, якія ў выніку і пераканалі экспертаў, прывёў спадар Вячаслаў.
12. Спектакль “Па што ідзеш, воўча?” – тэатральная пастаноўка на аснове аповесці беларускай аўтаркі Евы Вежнавец
Праект аб’яднаў беларускіх актрыс Святлану Зелянкоўскую і Яўгенію Кульбачную, украінскую актрысу Паліну Чабатарову і польскую актрысу Моніку Давідзюк, а польская рэжысёрка Моніка Дабраўлянска выбудавала дзею як шматмоўны праект пра памежжа і агульны досвед рэгіёна. Ідэя нарадзілася ў творчай лабараторыі InexKult «Мультылінгвізм на сцэне», пасля чытак у Варшаве і Берліне адбылася прэм’ера ў Беластоку, спектакль паказалі таксама ў Варшаве, а дзякуючы Клубу беларускіх мецэнатаў пастаноўку пабачылі госці тэатральнага фестывалю ў французскім Авіньёне. На сцэне гучаць пяць моў (беларуская, украінская, польская, ангельская і руская), адметна, што мовы не падзеленыя “па ролях” і не з’яўляюцца характарыстыкай пэўнага персанажу, а пераплятаюцца. Гэта адлюстроўвае змяшаную ідэнтычнасць рэгіёна, досвед міграцыі і выгнання, камунікацыю праз розныя культурныя коды.

13. Міжнародны мастацкі рух Antiwarcoaliton.art
Праект, заснаваны ў 2022 годзе беларускімі і ўкраінскімі куратарамі, мастакамі і арт-менеджарамі, які стаў транснацыянальнай платформай. Сёння ён аб’ядноўвае мастакоў з розных краін у адказ на поўнамаштабную вайну Расіі супраць Украіны і ў больш шырокім антыкаланіяльным кантэксце рэгіёна. функцыянуе адначасова як адкрыты архіў антываеннага мастацтва і як сетка салідарнасці. Важнай часткай дзейнасці кааліцыі сталі і офлайн-праекты, у тым ліку выстава “Пачуццё бяспекі” ў Харкаве – горадзе, які стаў адным з сімвалаў украінскага супраціву, – што надало ініцыятыве дадатковае значэнне як формы прамой культурнай падтрымкі ва ўмовах вайны. Праект “Пачуццё бяспекі” атрымаў шырокае міжнароднае прызнанне і быў намінаваны на Нацыянальную прэмію Украіны імя Тараса Шаўчэнкі, адну з самых прэстыжных узнагарод краіны у сферы культуры.
14. Прэмія Карласа Шэрмана, уручаная беларускаму паэту Андрэю Хадановічу за пераклад украінcкай паэзіі
Прэмія за найлепшую перакладную кнігу, заснаваная ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана, прысуджаецца ў Беларусі з 2016 году. Яе арганізатарамі з’яўляюцца Дабрачынная ініцыятыва “Viartańnie”, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН. Для беларускай пісьменніцкай супольнасці і літаратурнай прасторы гэтая ўзнагарода азначае не толькі прызнанне майстэрства перакладчыка, але і важнасць масткоў паміж літаратурамі, культурамі, нацыямі, што ствараюцца з дапамогай перакладу. Таму сімвалічна, што галоўнымі замежнымі паэтычнымі кнігамі 2023 года для беларусаў сталі «Іншае імя любові» і «Месапатамія» Сяргія Жадана. Беларусы могуць чытаць украінцаў і без перакладу, – скажаце вы. Так, але адметныя літаратурныя творы адной нацыі, пераствораныя мовай іншай нацыі (асабліва калі гаворка пра паэзію!) пачынаюць жыць сваё новае жыццё ў вымярэнні новай культуры. Гэтая прэмія – адзнака, што беларускай літаратуры менавіта сёння важна мець у сваім полі пераклады вершаў з украінскай.
15. Вечарыны і акцыі памяці, прымеркаваныя да Ночы паэтаў, у Львове, Харкаве, Кіеве, Адэсе
Пасля падзей 2020 года для беларусаў Ноч паэтаў – акцыя памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій 1930-х гадоў – стала адным з сімвалаў яднання нацыі і супольным інклюзіўным дзеяннем. Вельмі важна, што амаль штогод, пачынаючы з 2021 года, падзеі, прысвечаныя Ночы паэтаў, ладзяцца і ва Украіне. Памяць пра знішчаную інтэлігенцыю, пра расстралянае адраджэнне, пра масавыя пахаванні ў беларускіх Курапатах і на ўкраінскіх Быкаўнянскіх могілках нагадвае, што імперскі гвалт не знікае сам па сабе, а памяць становіцца формай супраціву і ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Для беларусаў і ўкраінцаў гэты досвед агульны: ён вучыць бачыць каштоўнасць чалавечага жыцця і свабоды, распазнаваць пагрозы аўтарытарызму, не дазваляць сцерці праўду і салідарна абараняць культуру і мову.
16. Культурніцкая панэль на Форуме Астрожскіх у Львове (2025)
Беларуска-ўкраінскі Форум імя Астрожскіх летась прайшоў ужо ў чацвёрты раз, але ўпершыню ў яго праграме з’явілася асобная культурніцкая панэль. І гэта сапраўды важна. Форум – адна з ключавых інтэлектуальных пляцовак, якая зазвычай аб’ядноўвае больш за 100 удзельнікаў з Беларусі, Украіны і іншых еўрапейскіх краін, каб абмяркоўваць бяспеку, дэмакратычнае развіццё і будучыню беларуска-ўкраінскіх адносінаў. Але менавіта культура – мова, памяць, ідэнтычнасць – у значнай ступені вызначае і палітыку, і рашэнні ў сферы бяспекі. Дыскусія «Супраца Украіны і Беларусі ў культуры: дэкаланіяльнае вымярэнне», арганізаваная пры ўдзеле Беларускай Рады культуры, паказала, што паміж беларусамі і ўкраінцамі ёсць узаемная цікавасць, чалавечая цеплыня і гатоўнасць да супольных праектаў – на аснове агульнай гісторыі, постацей і культурных сувязяў. Разам з тым адчуваецца і напружанне: многія масткі разбураныя, дыялог трэба аднаўляць амаль з нуля, пакуль без агульнай стратэгіі і выразнай мэты. Але нават гэта – ужо важны крок, бо сама магчымасць адкрыта гаварыць пра праблемы на такім узроўні азначае, што рух наперад пачаўся.

17. Выданне рамана Альгерда Бахарэвча “Дзеці Аліндаркі” ў перакладзе на ўкраінскую мову («Стилос», 2025, пераклад Лэсіка Панасюка і Дарыны Гладун)
Першы поўны пераклад твора Бахарэвіча на ўкраінскую мову, што робіць яго сапраўдным увядзеннем аўтара (галоўнага беларускага празаіка нашага часу) ва ўкраінскую літаратурную прастору. Выданне атрымала шырокі рэзананс і нават увайшло ў спіс найлепшых кніг года ва Украіне паводле Украінскага ПЭНа. У кантэксце сённяшнага часу гэты пераклад успрымаецца не толькі як літаратурная падзея, але і як акт культурнага дыялогу і салідарнасці: ён адкрывае ўкраінскаму чытачу адзін з ключавых тэкстаў сучаснай беларускай літаратуры.
18. “Маці. Песня падчас вайны” (Matki. Pieśń na czas wojny) –
“Маці. Песня падчас вайны” (Matki. Pieśń na czas wojny) – спектакль, створаны рэжысёркай Мартай Гурніцкай разам з хорам з 21 жанчыны з Украіны, Беларусі і Польшчы. У аснове – рэальныя гісторыі маці і дзяцей, закранутых вайной: уцякачак з Марыупаля, Кіева, Ірпеня, Харкава, а таксама жанчын, якія дапамагалі ім. Спектакль пабудаваны як калектыўны хор – жанчыны спяваюць, скандуюць і прамаўляюць тэксты на розных мовах, спалучаючы народныя песні, асабістыя сведчанні і сучасныя выказванні. Гэта таксама палітычная прамова пра вайну з жаночай перспектывы: пра гвалт, страх, адказнасць і спосабы выжывання.

19. Беларускія мастачкі на Кіеўскім біенале – 2025
Сярод удзельніц – мастачкі Марына Напрушкіна, Воля Сасноўская і Ала Савашэвіч – аўтаркі, якія сёння працуюць у міжнародным кантэксце і па-за межамі Беларусі. Беларусь у межах праекту не была прадстаўленая як дзяржава ці асобная культурная сцэна, але прысутнічала праз незалежных мастакоў як частка шырэйшага ўсходнееўрапейскага і постсавецкага досведу. У такім фармаце беларускае выказванне ўключаецца ў агульную размову пра вайну, імперыю, памяць і дэкаланізацыю – разам з украінскімі і іншымі еўрапейскімі аўтарамі, а не ў ізаляцыі. Дарэчы, Кіеўскае біенале 2025 праходзіла ў адмысловым фармаце: не адна выстава, а сеткаваны праект у розных гарадах, не толькі арт, а платформа для дыскусіі і палітычнага мыслення, не «нацыянальная» падзея, а транснацыянальны дыялог пра рэгіён і свет.
20. Вялікае інтэрв’ю Алеся Плоткі на YouTube-канале Ukrainer
Гэта адбылося! Ці не першы выпадак, калі беларускі культурніцкі дзеяч – паэт, перакладчык, арт-менеджар – стаў госцем вялікага (аж на 2 гадзіны!) фармату на ўкраінскім YouTube. У праекце “Моўнае пытанне” асобная ўвага надаецца мовам, што ўваходзяць у пералік моў, якім пагражае знікненне ва Украіне, у тым ліку беларускай. У гэтым выпуску размова будуецца вакол беларускага досведу: закранаецца тэма рэпрэсій, русіфікацыі і тых стратаў, якія перажыла культура, гаворка ідзе і пра сучасныя выклікі (эміграцыя, палітычны ціск і змены ў моўнай сітуацыі). Важнае месца займае тэма перакладаў як спосабу дыялогу паміж культурамі, які дазваляе лепш разумець адно аднаго. Інтэрв’ю на ўкраінскай мове.
Замест высноваў
Беларуска-ўкраінская культурная супраца сёння знаходзіцца ў фазе пераасэнсавання фарматаў, задач, стратэгічных прыярытэтаў. Яна больш не можа абапірацца на дзяржаўныя механізмы, але атрымлівае шанец эфектыўна развівацца як гарызантальная, дэкаланіяльная і суб’ектная мадэль узаемадзеяння. Гаворка ідзе не пра стварэнне новых сувязяў з нуля, а хутчэй пра аднаўленне і развіццё культурных кантактаў, якія гістарычна фармаваліся дзесяцігоддзямі і нават стагоддзямі, а сёння могуць стаць асновай для супольнага супраціву імперскім наратывам і культурнай залежнасці. Як паказвае практыка, для такой супрацы беларусам і ўкраінцам у сённяшніх умовах часта неабходны пасярэднік: у гэтай ролі могуць выступаць еўрапейскія культуры праз адпаведныя структуры і інстытуцыі.