Праграма ArtPower Belarus завяршыла другі этап конкурснага адбору па Трэку 2 (Творчыя праекты). Па выніках ацэнкі 16 незалежных экспертаў і фінальнага рашэння адборачнай камісіі былі падтрыманыя 23 праекты – 13 у фармаце MINI-грантаў і 10 MIDI-грантаў. Усяго было пададзена 132 заяўкі (74 MINI і 58 MIDI). Агульная сума запытанага фінансавання склала каля 2,8 мільёна еўра. Запыт на падтрымку істотна перавыcіў фінансавыя магчымасці гэтага конкурснага этапу.
З улікам папярэдняга конкурснага этапу па Трэку 2 у межах бягучай эдыцыі праграмы падтрымана ўжо 50 праектаў. У працэсе рэалізацыі таксама знаходзяцца 8 праектаў у Трэку 1 (Арганізацыйнае развіццё) і 21 праект у Трэку 3 (Праекты ў асаблівых абставінах).
Актыўнасці ахопліваюць 10 сектароў беларускай культуры: перфарматыўныя мастацтвы; кіна- і тэлевізійнае мастацтва; музыка і аўдыёмастацтва; новыя медыя і прасоўванне культуры; візуальныя мастацтвы і дызайн; літаратура і выдавецкая справа; спадчына і традыцыйная культура; адукацыя, асвета і даследаванні ў культуры; менеджмент культурніцкіх падзей; супольнасці і прафесійныя аб’яднанні.
«Мы адзначаем прыкметнае павышэнне якасці заявак: яны сталі больш прафесійнымі, лагічна выбудаванымі і лепш прапрацаванымі з пункту гледжання праектнага менеджменту. Але хочацца звярнуць увагу на адзін момант: ў шэрагу праектаў усё яшчэ недастаткова глыбока прапісваюцца рызыкі, бюджэтныя тлумачэнні і камунікацыйныя стратэгіі, а супрацоўніцтва паміж ініцыятывамі ў Беларусі і дыяспары часта носіць фармальны характар», — эксперты другога кола Трэка 2.
Што далей
Звяртаем вашу ўвагу на бліжэйшыя магчымасці:
- наступнае кола для Трэка 1 (Арганізацыйнае развіццё) распачнецца ў сакавіку 2026 года;
- наступнае кола для Трэка 2 (Творчыя праекты) распачнецца ў красавіку 2026 года;
Усе адукацыйныя матэрыялы дасяжныя ў відэабібліятэцы ArtPower Belarus.
Інфармацыя пра публічныя падтрыманыя праекты будзе з’яўляцца цягам іх рэалізацыі ў сацсетках і на сайце праграмы.
З пытаннямі можна звяртацца на: info@artpowergrants.org
ArtPower Belarus — гэта маштабная праграма, якая з 2022 года спрыяе развіццю незалежнай беларускай культуры як унутры краіны, так і за яе межамі. Ініцыятыва рэалізуецца Беларускай Радай культуры ў партнёрстве з Дацкім інстытутам культуры і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.