Адной са сфераў зацікаўленасці нашай арганізацыі з’яўляецца вывучэнне сістэмаў фінансавання культуры, што склаліся ў розных краінах. Так, з гэтай мэтай мы ініцыявалі адмысловае даследаванне, а нядаўна прадстаўнікі Беларускай Рады культуры завіталі ў Талін. Тут адбыўся шэраг працоўных сустрэч з кіраўнікамі і кансультантамі ўстановаў, ключавых у справе фінансавання эстонскай культуры.
Дзелімся з вамі нашымі адкрыццямі, што ў той жа час могуць паслужыць як магчымасці для беларуска-эстонскага супрацоўніцтва.
Міністэрства культуры Эстоніі
Сустрэча з Карла Функам, кансультантам па аўдыявізуальных пытаннях, Мары Анет Хейнсалу, кансультанткай па тэатральным кірунку, і Улай Кіхва, дарадцай па інтэрнацыялізацыі.
Тэатр
Што тут цікава:
- у краіне існуе чатыры асноўныя тыпы тэатраў: нацыянальныя, муніцыпальныя, прыватныя і оперныя;
- пры насельніцтве 1,3 млн чалавек эстонскія тэатры збіраюць 1,2 млн наведвальнікаў на год і ставяць каля 300 спектакляў;
- дзейнічае праграма «Тэатр у вёсках»: гарадскія трупы выязджаюць з пастаноўкамі ў рэгіёны;
- на перфарматыўныя мастацтвы дзяржава выдзяляе каля 50 млн еўраў штогод;
- сістэма падтрымкі мае два асноўныя кірункі – аперацыйная (штодзённае фінансаванне дзейнасці) і інвестыцыйная (развіццё і інфраструктура).
Не ўсе ўрошы ідуць непасрэдна праз дзяржаву. Вялікая частка сродкаў размяркоўваецца праз фонд культурнага капіталу (Kultuurkapital), які дае гранты, у тым ліку на мабільнасць і гастролі. Акрамя таго, у Эстоніі існуе нацыянальная сістэма падтрымкі творчых аб’яднанняў (акцёраў, балета, сцэнарыстаў, танцораў і інш.). Дзяржава вылучае сродкі на ўзроўні саюзаў, а тыя самі распаўсюджваюць іх паміж творцамі.
Асноўная праблема, адзначаная прадстаўнікамі Міністэрства культуры, – нізкія заробкі ў культурніцкім сектары і складанасць справядлівага размеркавання грошай паміж інстытуцыямі.

Аўдыявізуальны сектар і кінематаграфія
Эстонская кінаіндустрыя была фактычна адноўленая пасля 1992 года, калі фінансаванне савецкіх кінастудый спынілася. Новая сістэма будавалася з нуля – з прыцягненнем еўрапейскіх сродкаў і партнёрстваў. У 1997 годзе быў адноўлены Эстонскі інстытут кіно, які атрымаў пачатковы бюджэт і хутка разросся, найперш дзякуючы ўваходжанню ў міжнародны рынак і сумесным вытворчасцям з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі.
Сёння індустрыя функцыянуе праз фундацыю Film Estonia, якая фінансуе вытворчасць, адукацыю і даследаванні.
Што тут цікава:
- дзяржаўная праграма рэбэйтаў: замежныя кампаніі, якія здымаюць у Эстоніі, атрымліваюць да 30% вяртання выдаткаў, пры гэтым у творчы працэс актыўна ўцягваюцца мясцовыя фільммэйкеры;
- усе кінатэатры, акрамя аднаго дзяржаўнага з класічным рэпертуарам, належаць прыватным уласнікам;
- нацыянальныя бродкастэры застаюцца недафінансаванымі і не ўдзельнічаюць у вытворчасці фільмаў, як гэта робяць у іншых краінах Еўрапейскай Саюза;
- кантэнт фільмаў часта не звязаны з Эстоніяй, бо фінансаванне паступае ад замежных партнёраў;
- стрымінг стаў ключавым каналам дыстрыбуцыі – урад Эстоніі разглядае еўрапейскую ініцыятыву накладання падаткаў на буйныя стрымінгавыя сэрвісы, каб яны ўскосна падтрымлівалі мясцовую вытворчасць.
Пры параўнальна невялікім аб’ёме кінафестывальны рынак Эстоніі мае поспех на міжнароднай арэне. Краіна ўдзельнічае ў пан-еўрапейскіх праграмах: падтрымлівае іншых ігракоў (напрыклад, Грузію) у далучэнні да еўрапейскіх кінафондаў; удзельнічае ў European Training Initiative – праграме прафесійнай адукацыі ў сферы кіно.
Фонд культурнага капіталу Эстоніі (Kultuurkapital)
Сустрэча з Маргусам Алікмаа, генеральным дырэктарам фонду.

Гадавы бюджэт Kultuurkapital – 48,3 млн еўраў, з якіх 17 млн скіроўваецца на інфраструктуру (рэканструкцыі, будаўніцтва культурных цэнтраў і бібліятэк, каля 1 млн – на адукацыйныя праграмы ва ўніверсітэтах, астатнія сродкі – на гранты, стыпендыі, прэміі і адміністрацыйныя выдаткі.
Што тут цікава:
- бюджэт фарміруецца з падаткаў на алкаголь, тытунь, паліва і азартныя гульні (3,5% ад абароту), а таксама з інвестыцыйных прыбыткаў — фонд мае права інвеставаць частку сродкаў у акцыі праз банкаўскіх партнёраў;
- штогод фонд атрымлівае каля 16 000 заявак ад творцаў і арганізацый, падтрымлівае 11 000 з іх;
- прэтэндаваць на падтрыманне могуць не толькі рэзідэнты Эстоніі, але праекты мусяць мець культурную сувязь з краінай – напрыклад, пераклад беларускіх аўтараў на эстонскую мову можа быць падтрыманы;
- заяўкі ацэньваюць 15 экспертных груп, якія фарміруюцца кожныя два гады з вядомых спецыялістаў у галіне літаратуры, музыкі, візуальнага і перфарматыўнага мастацтваў, архітэктуры, аўдыявізуальнай культуры, народнай творчасці і спорту;
- рашэнні экспертных груп канчатковыя – абскарджанне рашэнняў пра гранты не прадугледжанае.
- акрамя грантаў, фонд прапануе сацыяльныя стыпендыі і тэрміновую падтрымку (у тым ліку дапамогу родным у выпадку смерці дзеяча культуры або сродкі на лячэнне);
Што датычыць магчымых грантаў для беларускіх ініцыятыў, прадстаўнікі Kultuurkapital адзначылі, што калабарацыя ў галіне тэатра можа быць складанай праз моўны бар’ер, але сумесныя праекты ў візуальным і перфарматыўным мастацтве, а таксама мастацкія рэзідэнцыі – цалкам магчымыя. Эстонскі бок паабяцаў даслаць прадстаўнікам Беларускай Рады культуры спіс рэсурсаў і магчымасцяў для супольных праектаў.
Фонд Эстонскай нацыянальнай культуры (Eesti Rahvuskultuuri Fond)
Сустрэча з Юры Лейтэнам, генеральным дырэктарам фонду.
Eesti Rahvuskultuuri Fond – недзяржаўная структура, якая дзейнічае па інвестыцыйнай мадэлі з 1991 года. Яго кіраўніцтва складаецца з трох чалавек: каардынатар, фінансавы і праектны менеджары. Фонд аб’ядноўвае 185 падфондаў, створаных асобамі, кампаніямі або ў памяць пра дзеячаў культуры. Кожны падфонд мае свой мэтавы профіль і раду, але ўсе рашэнні падпісваюцца галоўнай радай. Рада фонду — 12 уплывовых асоб з розных сфер, якія не могуць удзельнічаць у палітыцы.

Што тут цікава:
- фонд працуе як інвестыцыйны інструмент, укладаючы капітал у нізкарызыкоўныя аблігацыі і акцыі праз банк LHV;
- агульны капітал – 8,5 млн еўра, гадавы даход ад інвестыцый – каля 5,3–7%. Прыбытак ад інвестыцый ідзе толькі на стыпендыі і даследаванні, асноўны капітал не выкарыстоўваецца.
- Штогод фонд выдае каля 440 тыс. еўраў у выглядзе стыпендый (падтрымліваецца каля 500 заявак з 10 000).
Асаблівасць Eesti Rahvuskultuuri Fond у тым, што ён працуе на эмацыйнай матывацыі донараў: людзі або арганізацыі адкрываюць уласныя падфонды ў гонар дзеячаў культуры. Грошы пасля ўнясення не могуць быць вернутыя, нават праз суд – яны застаюцца ў сістэме і працягваюць прыносіць прыбытак.
Адметнай ідэяй, якая цяпер распрацоўваецца, з’яўляецца стварэнне дома для дзеячаў культуры сталага ўзросту (70+), дзе яны змогуць жыць, камунікаваць і перадаваць свой досвед маладзейшым пакаленням. Праект плануецца фінансаваць праз дадаванне 10 еўрацэнтаў да кошту кожнага білета на культурніцкія мерапрыемствы і дзяржаўнае суфінансаванне.
Які досвед Эстоніі можа быць карысным для беларусаў?
Эстонская мадэль падтрымкі культуры паказвае сябе як устойлівая, празрыстая і збалансаваная сістэма, якая спалучае дзяржаўныя, недзяржаўныя і прыватныя крыніцы фінансавання.
Для Беларусі гэты досвед асабліва каштоўны ў частцы:
- дэцэнтралізаванага прыняцця рашэнняў;
- стабільнага падатковага фінансавання культуры;
- падтрымкі незалежных творцаў і ініцыятыў;
- актыўнага ўдзелу ў еўрапейскіх праграмах і міжнародных калабарацыях.
Беларуская Рада культуры бачыць у гэтым магчымасць для супрацоўніцтва ў будучыні – праз рэзідэнцыі, даследаванні, сумесныя праграмы мабільнасці і адукацыйныя праекты з удзелам беларускіх і эстонскіх творцаў.
Таксама адбылася сустрэча ў Міністэрстве замежных справаў Эстоніі, падчас якой прадстаўнікі нашай арганізацыі Сяргей Будкін, Эліна Калнібалоцкая, Алена П. распавялі пра стан незалежнай культуры ўнутры Беларусі, яе ролю ва ўмацаванні грамадзянскай супольнасці і пра важнасць праграмы ArtPower Belarus, што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам. Таксама яны падзяліліся аналітыкай пра стан справаў у канкрэтных сферах культуры.
Вынікам сустрэчы стала супольнае рашэнне абменьвацца інфармацыяй. Так, у якасці наступнага крока на замову Міністэрства замежных спраў Эстоніі мы рыхтуем аналітычную запіску пра дзеячаў культуры ў няволі (на сёння зафіксаваныя 154 выпадкі).
Крыніца фота на галоўнай: english.news.cn