Цэльнай культурніцкай палітыкі цяпер у Беларусі не існуе, што дае магчымасць з’яўляцца новым формам супраціву. Гэта адзначыла намесніца кіраўніка Беларускай Рады культуры Надзея Гарэцкая.
Яна ўзяла ўдзел у дыскусіі “Культурна-гуманітарная экспансія “русского мира”: выклікі і адказ грамадзянскай супольнасці”, якую зладзіў Institute for Development and Social Market.
Надзея Гарэцкая адзначыла, што творцы звяртаюцца ў Беларускую Раду культуры для таго, каб наладзіць камунікацыю, абмен досведам і мабільнасць за мяжу, каб заставацца часткай еўрапейскай супольнасці.
Экспертка таксама распавяла пра маніторынг культурніцкага асяроддзя ў Беларусі і адзначыла, што ўплыў “русского мира” вялікі, складзены з некалькіх чыннікаў, сярод якіх — актыўнасць расійскай палітыкі, адсутнасць альтэрнатывы, нізкая пакупніцкая здольнасць спажыўцоў культуры і адсутнасць культурніцкай палітыкі ў дзяржаве:
“Мы маем не культурніцкую палітыку, а сістэму цэнзуры, забаронаў і рэпрэсій. Гэта выклікае карупцыю і падпольны бізнес, але і дае магчымасць для новых формаў супраціву”, – падкрэсліла прадстаўніца нашай арганізацыі.
Надзея адзначыла, што з часам і пра розных умовах гэтыя формы супраціву змяняюцца ці камбінуюцца, але застаюцца бачнымі. Таксама расце новая хваля беларускаарыентаванай моладзі з еўрапейскімі каштоўнасцямі — гэта бачна праз павелічэнне колькасці беларускага кантэнту ў сацсетках. Разам гэтыя з’явы даюць нагоду для стрыманага аптымізму. Гэтае меркаванне падзяляе і Аляксей Ластоўскі — сацыёлаг, даследчык культурных практык і гістарычнай памяці.
Ён адзначыў, што расійскі ўплыў ва Украіне ўзмацніўся ў 2014м годзе, а ў Беларусі – пасля 2020га. Але і тактыкі супраціву кожны раз новыя, хаця цяпер яны і не з’яўляюцца гучнымі, а больш нагадваюць падпольны рух.
Аляксей Ластоўскі закрануў таксама тэму замоўчвання трагедыі Курапатаў і — шырэй — сталінскіх рэпрэсій, цяперашняе пераасэнсаванне беларускай гісторыі на больш зручны для Расеі варыянт:
“Такая пазіцыя займела істотны адбітак праз перагляд падручнікаў па гісторыі”.
Ён прагназуе нарастанне ўплыву “русского мира” і вялікія складанасці супрацьстаяння яму.
Кандыдат філасофскіх навук, эксперт у галіне палітычнай філасофіі і грамадскай трансфармацыі Павал Баркоўскі таксама звярнуў увагу на дынаміку:
“Цяпер 35-40% насельніцтва Беларусі знаходзіцца ў расійскай інфармацыйнай прасторы”.
Ён таксама адзначыў, што колькасць школьнікаў, якія вучацца на беларускай мове, сёння складае ўсяго 10% супраць 25% па стане на 30 гадоў таму.
“Таксама нарошчвае сваю прысутнасць Кітай”, — звярнуў увагу эксперт.
Кандыдат гістарычных навук, прафесар Павал Церашковіч назваў тры арганізацыі, якія, на яго думку, маюць найбольшы ўплыў у прасоўванні расійскіх інтарэсаў у беларускае грамадства. Наймацнейшымі арганізацымі прафесар лічыць фонд «Россотрудничество» і так званыя «Русские дома». Туды водзяць школьнікаў на кінапрагляды, раздаюць георгіеўскія стужкі, ладзяць творчыя конкурсы з нагоды 10-годдзя анексіі Крыма і гд.
Наступныя па ўплывовасці паводле Паўла Церашковіча, — фонд «Руский мир» і «Фонд падтрымкі публічнай дыпляматыі імя А. М. Гарчакова». «Фармальна гэта няўрадавая арганізацыя, але насамрэч ёй кіруе МЗС Расеі», — падкрэсліў эксперт.
Дыскусію цалкам можна паглядзець на канале Institute for Development and Social Market.