Rufina Bazlova. Photo by Jan Hromádko (3) 1

694 вышыўкі і сотні гісторый салідарнасці: як Руфіна Базлова прадставіла маштабную інсталяцыю на біенале Matter of Art

Працягваем серыю гісторый пра праекты, падтрыманыя ArtPower Belarus пры фінансаванні Еўрапейскага Саюза.

Праект мастачкі Руфіны Базловай пачаўся ў 2021 годзе з вышытых гісторый беларускіх палітвязняў. За некалькі гадоў ён ператварыўся ў вялікі калектыўны архіў, да стварэння якога далучаліся людзі з розных краін. Пры падтрымцы ArtPower Belarus удалося ўпершыню прадставіць сабраныя працы ў маштабнай прасторавай інсталяцыі на біенале Matter of Art у Чэхіі, а таксама завяршыць важны этап стварэння лічбавага архіва.

Rufina Bazlova. Photo by Jan Hromadko

Пра тое, як сотні асобных вышывак сталі адным мастацкім выказваннем, чаму для праекта не менш важны сам працэс удзелу і што змянілася дзякуючы грантавай падтрымцы, мы паразмаўлялі з мастачкай Руфінай Базловай.

Ад асобных гісторый да маштабнага праекта

Руфіну Базлову ведаюць найперш дзякуючы яе вышыўкам, у якіх традыцыйная тэхніка ператварылася ў мову асэнсавання сучаснай беларускай гісторыі. Аднак сама мастачка падкрэслівае, што яе творчы досвед значна шырэйшы: яна вывучала сцэнаграфію ў Пражскай акадэміі тэатральных мастацтваў, працавала з тэатрам, перформансамі і праектамі, у якіх глядач становіцца непасрэдным удзельнікам мастацкага працэсу.

Openning. Biennale Matter of Art, National Gallery, Prague. Photo Jan Hromádko

Гэты падыход адчуваецца і ў праекце, прысвечаным беларускім палітвязням. Ён пачаўся ў 2021 годзе і з самага пачатку задумваўся не толькі як серыя мастацкіх твораў, але і як працяглы калектыўны працэс.

«Для мяне гэта перадусім працэсуальная праца. Сам працэс — вельмі важная частка праекта. Мы праводзілі майстар-класы, людзі далучаліся анлайн, па-рознаму ўключаліся ў праект, вышывалі гісторыі палітвязняў паводле схем, якія я стварала. Потым мы збіралі гэтыя працы, і так паступова рос наш архіў», — расказвае Руфіна.

Сёння ў калекцыі, паводле мастачкі, ужо 694 вышыўкі.

За некалькі гадоў асобныя часткі калекцыі неаднаразова паказвалі на выставах. Аднак маштаб экспазіцый заставаўся абмежаваным: часам дэманстравалася толькі адна праца, а самая вялікая выстава ўключала каля 130 вышывак.

Ідэя прадставіць усю калекцыю як адзінае мастацкае выказванне ўзнікла раней, але рэалізаваць яе было няпроста.

«Мне вельмі хацелася паглядзець, як гэта будзе выглядаць, паспрабаваць папрацаваць з усёй калекцыяй», — расказвае Руфіна.

Канцэпцыя інсталяцыі

Прадставіць сотні вышывак у адной інсталяцыі азначала змяніць звыклы спосаб іх успрымання. І для самой мастачкі гэта было няпростым рашэннем.

Openning. Biennale Matter of Art, National Gallery, Prague. Photo Jan Hromádko

«У мяне была пэўная дылема. Вышыўка — вельмі далікатная праца, яе цікава разглядаць зблізку, заўважаць тэхнічныя дэталі. А калі мы працуем з вялікай колькасцю вышывак, частка з іх апынаецца так высока, што ўжо немагчыма ўсё разгледзець. Таму для мяне было важна, каб паралельна існаваў анлайн-архіў, дзе можна пазнаёміцца з кожнай працай асобна».

На біенале Matter of Art Руфіна прапанавала іншы спосаб сустрэчы з калекцыяй: апынуцца ўнутры прасторы, цалкам запоўненай вышыўкамі.

Для гэтага была створана спецыяльная канструкцыя памерам прыблізна тры на шэсць метраў і вышынёй 6,7 метра.

«Атрымалася нешта накшталт пакоя, камеры, калодзежа. Для мяне было важна, каб вышыўкі атачалі чалавека з усіх бакоў, каб іх колькасць літаральна ціснула на гледача, а самі працы сыходзілі высока ўверх. Усё гэта немагчыма ахапіць адным позіркам».

Так змяніўся і спосаб успрымання праекта. Кожная вышыўка па-ранейшаму распавядала пра канкрэтную гісторыю, але разам яны стваралі адчуванне маштабу рэпрэсій і адначасова маштабу салідарнасці людзей, якія далучыліся да праекта.

Тры тыдні планавання і сотні дробных задач

За ўяўнай хаатычнасцю інсталяцыі стаяла дакладная сістэма размяшчэння сотняў вышывак.

«Усё выглядае хаатычна, але насамрэч там вельмі строгая сістэма. Толькі на тое, каб распланаваць размяшчэнне вышывак, у мяне пайшло каля трох тыдняў», — расказвае Руфіна.

Перад распрацоўкай схемы да працы далучыліся архітэктары і іншыя спецыялісты, якія займаліся канструкцыяй, мацаваннямі і мантажом.

Асобнай задачай стала падрыхтоўка самой калекцыі. Вышыўкі ўжо захоўваліся паводле пэўнай сістэмы, але для выставы іх трэба было пераразмеркаваць у адпаведнасці з планам экспазіцыі.

На гэта спатрэбілася яшчэ каля трох дзён. Мантаж заняў прыблізна пяць–сем дзён.

Працэс аказаўся больш працаёмкім, чым каманда чакала падчас планавання.

#FramedinBelarus. Matter of Art Bienniale, National Gallery, Prague. Photo by Jonáš Verešpej
#FramedinBelarus. Matter of Art Bienniale, National Gallery, Prague. Photo by Jonáš Verešpej

«Гэта вельмі шмат дробнай падрыхтоўчай працы. Цяпер мы прынамсі ведаем, колькі часу насамрэч патрабуецца, каб апрацаваць увесь архіў і падрыхтаваць такую экспазіцыю», — адзначае мастачка.

Менавіта гэты аб’ём працы стаў адным з галоўных аргументаў на карысць грантавай падтрымкі.

Што стала магчымым дзякуючы ArtPower Belarus

Арганізатары біенале былі зацікаўленыя ў маштабнай прэзентацыі калекцыі, аднак не мелі дастаткова сродкаў, каб рэалізаваць яе ў задуманым фармаце.

«Мы размаўлялі з арганізатарамі біенале, і яны вельмі хацелі паказаць працы менавіта ў вялікім фармаце. Але ім не хапала фінансавання. Бо гэта не проста ўзяць адну вялікую работу і павесіць. Тут вельмі шмат дробнай падрыхтоўчай працы, і ўвесь гэты час трэба аплачваць. Дзякуючы ArtPower гэта стала магчымым».

Аднак грантавая падтрымка ахоплівала не толькі фізічную экспазіцыю.

#FramedinBelarus. Matter of Art Bienniale, National Gallery, Prague. Photo by Jan Hromádko

Другім важным вынікам стала праца над лічбавым архівам, які каманда развівала на працягу некалькіх гадоў.

Гэта не проста фотакаталог вышывак. Для кожнай працы прадугледжана інфармацыя пра палітвязня, гісторыю яго пераследу, чалавека, які стварыў вышыўку, і яго матывацыю далучыцца да праекта.

Таксама архіў дазваляе даведацца, на якіх выставах была прадстаўлена канкрэтная праца, і пазнаёміцца з гісторыяй публічных паказаў праекта.

Гэтая сістэма дапамагла вырашыць і важную мастацкую дылему. Цяпер Руфіна можа працаваць з вялікай колькасцю вышывак у адной прасторы, не баючыся, што асобныя гісторыі згубяцца.

У інсталяцыі глядач сутыкаецца з маштабам. У лічбавым архіве ён можа вярнуцца да канкрэтнага чалавека і канкрэтнай гісторыі.

#FramedinBelarus. Matter of Art Bienniale, National Gallery, Prague. Photo by Jan Hromádko

«З аднаго боку — маштаб рэпрэсій, з другога — салідарнасці»

Для мастачкі адным з найважнейшых вынікаў стала рэакцыя наведвальнікаў.

Openning. Biennale Matter of Art, National Gallery, Prague. Photo Jan Hromádko
Openning. Biennale Matter of Art, National Gallery, Prague. Photo Katarína Hudačinová

Яна адзначае, што інсталяцыя спрацавала менавіта так, як задумвалася: людзі адчувалі яе маштаб фізічна.

«З аднаго боку, фізічна адчувалася велізарная колькасць рэпрэсій. З другога — салідарнасць людзей, якія далучыліся да праекта».

На выставу прыязджалі ўдзельнікі, якія самі вышывалі працы для калекцыі. Некаторыя спрабавалі знайсці ў экспазіцыі ўласную вышыўку, але гэта было няпроста.

І ўсё ж нават тыя, каму не ўдалося яе адшукаць, казалі Руфіне, што рады бачыць сябе часткай такой вялікай супольнай працы.

Інсталяцыя выклікала цікавасць і ў людзей, якія не ведалі падрабязнасцяў беларускай сітуацыі. Вышытыя гісторыі могуць быць зразумелымі і без падрабязных тлумачэнняў.

#FramedinBelarus. Matter of Art Bienniale, National Gallery, Prague. Photo Jan Hromádko

«Мы нават гулялі ў такую гульню: я прапаноўвала людзям паспрабаваць расказаць гісторыю палітвязня толькі паводле малюнка. І некаторыя рэчы яны сапраўды разумелі адразу. Неабавязкова ведаць увесь кантэкст да дробязяў. Ёсць вобразы, якія счытваюцца імгненна: кагосьці затрымліваюць, кагосьці пераследуюць, у кагосьці страляюць».

Гэты досвед паказаў, што мастацкі праект можа стаць спосабам размовы пра Беларусь з людзьмі, якія раней амаль нічога не ведалі пра падзеі ў краіне.

Cichanouskaja & Klempir. Matter of Art Bienniale. Photo by @OfficeBLRinCZE, Elizaveta Konyukhova

Праект, які працягвае расці

Для Руфіны Базлавай выстава на Matter of Art не стала завяршэннем шматгадовай працы. Хутчэй, яна дазволіла ўпершыню ўбачыць, як увесь назапашаны матэрыял можа працаваць у вялікай прасторы.

Адначасова стварэнне лічбавага архіва заклала аснову для далейшага захавання і прадстаўлення калекцыі.

Гэта асабліва важна для праекта, у якім мастацкі вынік неаддзельны ад удзелу людзей. За кожнай вышыўкай стаіць не толькі гісторыя палітычнага зняволення, але і чалавек, які вырашыў прысвяціць ёй свой час і працу.

Гісторыі, якія нельга забываць

Мастацтва не можа змяніць лёсы палітвязняў або адмяніць тое, што з імі адбылося. Але яно можа дапамагчы захаваць іх гісторыі ў грамадскай памяці і зрабіць так, каб яны працягвалі гучаць за межамі Беларусі.

Openning. Biennale Matter of Art, National Gallery, Prague. Photo Jan Hromádko

Праект Руфіны Базловай паказвае, што для гэтага не заўсёды патрэбныя гучныя заявы ці складаныя мастацкія формы. Часам дастаткова простага дзеяння: узяць іголку з ніткай і прысвяціць свой час гісторыі чалавека, якога, магчыма, ніколі не сустрэў.

І менавіта з такіх асабістых рашэнняў нараджаецца салідарнасць, здольная пераадольваць межы.

Таксама паглядзіце

Літаратура: Паміж «тут» і «там» Кіно: Два люстэркі для нацыі Тэатр: Вымушаны курс на Усход Музыка: Замежныя зоркі на фэсце ў Мінску …

Увосень 2020 года, калі незалежны культурніцкі сектар сутыкнуўся з рэпрэсіямі, стратай інстытуцый і рэсурсаў, вымушанай эміграцыяй, была заснаваная Беларуская Рада культуры. З …