Серыя анімаваных ролікаў “12 тэзісаў пра культуру” — гэта зборнік кароткіх, але вельмі ёмістых выказванняў, што за хвіліну патлумачаць 12 ключавых момантаў з Маніфесту новай беларускай культуры. Прасоўваем “базу” ў калабарацыі з kyky.org.
- Культура стварае агульны стан свядомасці нацыі і мову, на якой нацыя размаўляе са светам. Нацыя глядзіць на свет вачыма сваёй культурнай памяці, сістэмы каштоўнасцяў, гістарычнага досведу ды мараў пра сваю будучыню.
- Каштоўнасць ды непазбежная вартасць культуры вызначаюцца надзвычай проста: народ, пазбаўлены культурнага самавызначэння, не можа лічыць сябе нацыяй. Бо аўтаматычна трапляе ў залежнасць ад чужых культурных плыняў.
- Не маючы творчых, чалавечых, адукацыйных ды тэхнічных рэсурсаў да развіцця нацыянальнай культуры, мы ператвараемся ў каланіяльную правінцыю. Мы дазваляем чужынцам выдумляць нашае мінулае, кіраваць нашым сёння і вызначаць нашу будучыню.
- Культурнае самавызначэнне – гэта першы крок да незалежнасці. Найлепшы сродак разумення сваёй адметнасці і права будаваць сваю дзяржаву на карысць вольнай нацыі.
- Культурны супраціў – нармальная рэч, калі табе адмаўляюць у праве рабіць сваё, шанаваць сваіх герояў, прамаўляць без прымусу, жыць без страху. Наша гісторыя – шлях культурнай партызанкі. Наш гонар – практыкі нязгоды. Наш кайф – асалода супрацьстаяння.
- Жывая культура пазбягае дагматызму, татальнага кантролю і прымусовай еднасці. Яе нармальнае існаванне – сутыкненне стыляў ды накірункаў, дыялог традыцый, творчыя спрэчкі і дыскусіі. Не можа быць свабоднай краіны без свабоднай культуры. І наадварот.
- Ствараючы новую беларускую культуру, мы будуем новую краіну. Краіну адкрытых магчымасцяў, творчай мабільнасці і крэатыўных калабарацый.
- Беларусь не выспа, мы ловім агульныя трэнды, падзяляем агульны непакой. Існуем на скразняках інфармацыйных плыняў і войнаў культур. Захавацца тут няпроста. Таму нам патрэбныя сябры, што падзяляюць нашыя каштоўнасці і гатовыя супольна з намі будаваць лепшую будучыню.
- Мы лічым, што лепшая палітыка – гэта культурная палітыка. А лепшы палітык – чалавек культуры. Бо (еўрапейская) культура вучыць тэхнікам прамаўлення і крэатыўнай нязгодзе. Вучыць абараняць сваё ды асэнсоўваць чужое, пашыраць свядомасць і жыць як артыст. Нязмушана. Прыгожа. Бліскуча. Свабодна.
- Беларусь – незавершаны арт-праект. Па-за межамі ды турэмнымі мурамі, насуперак гвалту, ціску ды забаронам. Драматычныя абставіны апошніх гадоў раскідалі нас па свеце. Хтосьці скажа: гэта траўма. А як нас – гэта моц. Мы ўсё – амбасадары новай культуры. А кожная беларуская сядзіба – яе амбасада.
- Сёння наша краіна жыве паўсюль, дзе дзейнічаюць вольныя беларусы. І аднойчы мы вернемся ў наш дом. Які за гэты час паспеем пабудаваць.
- Як дапамагчы беларускай культуры? Спрыяць умовам для творчага руху. Ствараць крэатыўныя пляцоўкі ды ладзіць творчыя рэзідэнцыі. Падтрымліваць супольныя праекты беларускіх і еўрапейскіх артыстаў. Пашыраць адукацыйныя праграмы. Спрасціць легалізацыю беларускіх арт-мігрантаў. Усё астатняе мы зробім самі.