Працягваем серыю інтэрв’ю з праектамі, якія былі падтрыманыя ArtPower Belarus пры фінансаванні Еўрапейскага Саюза.
Дакументальны фільм BIALIATSKI / UNBROKEN нараджаўся больш за тры гады. Спачатку гэта была ідэя зрабіць асобны праект пра Алеся Бяляцкага пасля атрымання ім Нобелеўскай прэміі міру. Але чым глыбей каманда пагружалася ў матэрыялы, архівы і сведчанні людзей, якія ведалі Алеся ў розных краінах і ў розныя перыяды ягонага жыцця, тым больш відавочным станавілася: гэта не можа быць проста біяграфічны фільм пра аднаго чалавека.
У гісторыі поспеху праекта размаўляем з аўтаркай сцэнарыя і сапрадзюсаркай Александрынай Глаголевай (А.Г.), прадзюсаркай літоўскага боку Тэрэсай Ражаноўскай (Т.Р.), а таксама ўключаем каментар Алеся Бяляцкага пра фільм.
Як з’явілася ідэя фільма
Ідэя праекта ўзнікла ў год, калі Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру і яшчэ знаходзіўся ў зняволенні. Паводле Александрыны Глаголевай, першапачаткова з прапановай зрабіць праект, прысвечаны Бяляцкаму, прыйшоў Яўген Вапа. На той момант каманда ўжо працавала з дакументальнымі фарматамі і мела досвед тэлевізійных і YouTube-праектаў, таму спачатку была зробленая кароткая дакументальная праца.
А.Г.: «Мы зрабілі невялікі такі YouTube-фільм. Са свайго боку Яўген Вапа выпусціў кнігу, вельмі добрую кнігу пра Алеся, якая таксама ёсць у нас у фільме. Тады ж мы зразумелі: у нас было вельмі шмат матэрыялаў, мы выкарысталі, 5–10 працэнтаў ад таго, што ў нас было. І мы зразумелі, што хочам зрабіць не кароткі біяграфічны фільм, а менавіта пашыраны фільм пра Алеся, пра яго міжнародную працу»
Менавіта міжнародная праца Бяляцкага стала адным з галоўных адкрыццяў для стваральнікаў. У Беларусі яго добра ведаюць як заснавальніка «Вясны», праваабаронцу, палітвязня, лаўрэата Нобелеўскай прэміі. Але маштаб ягонай дзейнасці далёка выходзіць за межы Беларусі.
А.Г.:«Гэта такое напрамак, які дастаткова малавядомы, маладаследаваны. Мы даведаліся вельмі шмат пра людзей, якія з ім працавалі па ўсім свеце: у Бахрэйне, Калумбіі, Тунісе. Нам было вельмі цікава, як узаемадзейнічаюць праваабаронцы, як гэта арганізавана, як усё адбываецца».
Так з’явілася ідэя фільма не толькі пра асобу, але і пра міжнародную праваабарончую супольнасць, у якой Алесь Бяляцкі быў і застаецца важнай фігурай.
Сведчанні з розных краін
Збор кантактаў і герояў па ўсім свеце стаў магчымым дзякуючы найбліжэйшай паплечніцы Алеся Сашы Кулаевай, якая шмат гадоў працавала з ім у Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH). Для каманды было важна паказаць не толькі тых, хто быў побач з Алесем у апошнія гады, але і людзей, якія сустракаліся з ім у розныя перыяды. Часам гэта былі кароткія, але вельмі значныя сустрэчы.
А.Г.: «Хтосьці 15 гадоў таму з ім сустракаўся, у кагосьці былі непрацяглыя сустрэчы. Але кожны чалавек, каму тэлефанавала Саша па нашай просьбе, казаў: “Алесь? Канешне, мы будзем на сувязі, мы зробім з вамі інтэрв’ю — усё, што трэба”».
Паступова фільм пачаў збірацца як мазаіка: асабістыя сведчанні, міжнародныя кантакты, архіўныя матэрыялы, гісторыі калегаў, сям’і і людзей, якія бачылі ў Бяляцкім не толькі беларускага праваабаронцу, але і чалавека глабальнага маштабу.
Што стала магчымым дзякуючы ArtPower Belarus
Праца над фільмам пачалася фактычна без стабільнага фінансавання. Каманда шукала падтрымку ў розных крыніцах, у тым ліку ў Літве і Германіі, але працэс ішоў складана і паступова.
Т.Р.: «Мы пачалі рабіць [фільм] увогуле без грошай. І ў Літве мы не змаглі атрымаць грошы з публічных фондаў, таму што ў нас ёсць толькі адзін кінафонд, і для такога тыпу дакументалістыкі існуюць вельмі лімітаваныя магчымасці. Кіно — гэта вельмі шырокае паняцце, і для такіх партрэтаў, факталагічнай дакументалістыкі, палітычнай дакументалістыкі канкурэнцыя велізарная».
Паводле стваральнікаў, падтрымка збіралася часткамі: дапамагалі Фонд імя Конрада Адэнаўэра, нямецкія партнёры, іншыя кантакты, якія перадавалі праект адзін аднаму. Але менавіта грант ArtPower Belarus дазволіў своечасова завяршыць працу. Грант падтрымаў завяршэнне вытворчасці і постпрадукцыю: дадатковыя здымкі, мантаж, працу з гукам, колеракарэкцыю і фінальную зборку фільма.

Асабліва важным стаў момант, калі падчас завяршэння мантажу Алесь Бяляцкі выйшаў на волю. Гэта змяніла драматургію фільма і дало камандзе магчымасць зафіксаваць тое, на што яны спадзяваліся, але не маглі планаваць.
Т.Р.: «Мы заканчвалі мантаж, і гэта было якраз калі Алесь выйшаў. Так што мы хутка сабраліся і знялі пару дзён. Сустрэчу яго, ноччу ў аэрапорце сустрэчу Наталлі, жонкі, і потым таксама размову. Гэта быў такі апошні момант».
Для здымак таксама запрасілі Сашу Кулаеву, якая прыехала з Парыжа.
А.Г.: «Прывезлі Сашу. Саша хутка села на самалёт і прыляцела з Парыжа. І мы сустрэлі яе, знялі яе. Гэта быў канечны этап. Потым усё гэта трэба было ўкласці ў фільм».
Постпрадукцыя як асобная вялікая праца
Завяршэнне фільма аказалася складаным і тэхнічна, і арганізацыйна. Асобнай праблемай стала праца з архівамі: атрымаць дазволы на выкарыстанне матэрыялаў ад тэлеканалаў і арганізацый часам займае месяцы, а вынік не заўсёды станоўчы.
Т.Р.: «Постпрадукцыя — гэта цяжкі этап. Мы фактычна яшчэ нават не скончылі, не разлічыліся з усімі архівамі. Таму што атрымаць дазвол на выкарыстанне архіва — гэта вельмі доўгі працэс. Тэлевізійныя каналы вельмі часта не адказваюць паўгода, а потым кажуць: выбачайце, нельга, у нас няма правоў перадаваць трэцім краінам».
Асобнай часткай стала праца з гукам і колерам. Ужо на першых паказах гэтая праца была заўважаная гледачамі, якія адзначалі, што была зроблена якасная праца.
Міжнародная каманда і літоўскі кантэкст
Важна, што фільм не быў зроблены выключна беларускай камандай у выгнанні. Значную частку працы выканалі літоўскія кінапрафесіяналы: рэжысёр, мантажоры, гукарэжысёры, аператары.
Т.Р.: «Гэта не толькі беларусы ўзялі і зрабілі кіно. Гэта супрацоўніцтва з літоўскімі аўтарамі, што вельмі-вельмі важна. Усю постпрадукцыю, мантаж рабілі грамадзяне Літвы, кінапрафесіяналы. І гэта таксама быў вельмі добры, вельмі добры працэс. Дарэчы, у нас рэжысёр, у якога прозвішча таксама Бяляцкі — Бяліцкас».
Для літоўскай часткі каманды беларускі кантэкст не быў далёкім. Вільнюс, памяць пра савецкі досвед, геаграфічная і гістарычная блізкасць зрабілі гэтую гісторыю зразумелай.

Т.Р.: «Літва знаходзіцца вельмі блізка да Беларусі не толькі геаграфічна, але і праз агульны гістарычны досвед апошніх гадоў. Таму для літоўскай каманды многія рэчы былі зразумелыя без дадатковых тлумачэнняў. Калі б гэты фільм ствараўся ў краіне, больш аддаленай ад беларускага кантэксту, нам давялося б значна больш часу траціць на тое, каб растлумачыць саму гісторыю. Тут жа ўсе ўдзельнікі працэсу добра разумелі, што адбываецца і чаму гэта важна».
Аднак погляд літоўскага рэжысёра збоку быў вельмі важны. Ён дапамагаў задаваць пытанні, якія беларусам, глыбока пагружаным у кантэкст, маглі здавацца занадта відавочнымі.
Міжнародная дзейнасць Алеся як адкрыццё
Нават для часткі каманды маштаб міжнароднай працы Алеся Бяляцкага стаў адкрыццём. Праваабарончая дзейнасць Бяляцкага ў Беларусі была вядомая, але ягоная роля ў міжнародных структурах і сувязях значна менш.
А.Г.:«У кантэксце яго міжнароднай дзейнасці ніхто з нас, акрамя Александрыны і яшчэ аднаго чальца каманды, не быў. Для мяне гэта была абсалютна новая рэч: яго дзейнасць у FIDH, у міжнароднай асацыяцыі. Я думала, што гэта толькі Беларусь. Я дакладна не ведала, што Алесь такі чалавек, што ён дзейнічае па ўсім свеце, што ён сябра гэтай арганізацыі і нават намеснік. Гэта было абсалютна новае».
Для Александрыны Глаголевай гэта таксама стала адным з ключавых сэнсаў фільма: паказаць, што для Бяляцкага правы чалавека — гэта не толькі правы беларусаў, але ўніверсальная каштоўнасць.

Так фільм выходзіць за межы нацыянальнай гісторыі і становіцца часткай больш шырокай размовы пра салідарнасць, годнасць і адказнасць.
Першыя паказы і рэакцыя аўдыторыі
Адным з важных паказаў стаў паказ у Інсбруку на фестывалі журналістыкі. Гэта быў закрыты прагляд з дыскусіяй пасля фільма і ўдзелам Алеся Бяляцкага,менавіта на ім Алесь упершыню ўбачыў стужку пра сябе.
Аўдыторыя была вельмі розная: журналісты, студэнты, людзі без глыбокага ведання беларускага кантэксту. Але менавіта таму паказ стаў важнай праверкай: ці будзе гісторыя зразумелая тым, хто не жыве беларускай тэмай штодня.
А.Г.:«У Інсбруку была вельмі розная аўдыторыя: і моладзь, і людзі, якія не былі ў кантэксце абсалютна. І ўсе казалі: так, нам усё зразумела, што там адбываецца, хто гэты чалавек. Прафесіяналы адзначылі, што вельмі важна, што быў складны, спакойны расповед. Без вялікіх пераходаў, без рэзкіх скачкоў. Проста спакойны, складны расповед гісторыі».
Для аўтараў гэта было асабліва важна: калі стваральнікі самі глыбока ведаюць тэму, лёгка памыліцца і лічыць, што гледач таксама ўсё разумее. Але добры дакументальны фільм павінен працаваць і для тых, хто не мае папярэдняй падрыхтоўкі.
Асаблівым момантам стала прысутнасць самога героя.

А.Г.:«Для іх і для нас самым важным было, калі герой нашага фільма ў канцы ўстаў. Ён быў на месцы і таксама першы раз глядзеў кіно. Гэта было для ўсіх вельмі моцна».
Каментар Алеся Бяляцкага
Бяляцкі прызнаецца, што спачатку хваляваўся, ці магчыма зрабіць паўнавартасны фільм пра чалавека, які знаходзіцца ў турме, каб гэта не было аднастайна і цяжка для гледача.
«Калі сказаць коратка, лаканічна, то фільм мне спадабаўся. Каманда зрабіла даволі вялікую працу. Яна, па-першае, знайшлі архіўныя кадры, здымкі 90-х гадоў, пра якія я нават не ведаў, што яны існуюць. І яны дасталі іх, і яны сустрэліся з многімі маімі сябрамі, знаёмымі».
Асобна ён адзначыў тон фільма.
«Сам па сабе фільм атрымаўся даволі цёплы і душэўны, я сказаў бы. Ён не барабанны, не ваенны, а менавіта цёплы і душэўны».
Для Бяляцкага стужка паказвае не толькі яго асабісты лёс, але і агульную трагедыю беларускіх праваабаронцаў, актывістаў, людзей, якія прайшлі праз турмы і вымушаную эміграцыю.

«Гэта фільм пра Беларусь, канешне. Гэта не пра Бяляцкага, а пра Беларусь».
Чаму грантавая падтрымка важная для культуры
Падчас размовы стваральнікі фільма асобна закранулі тэму грантавай падтрымкі. Для часткі беларускай аўдыторыі гранты ўсё яшчэ могуць выглядаць як нешта падазронае або палітызаванае. Але ў еўрапейскім культурным полі такая падтрымка звычайная і неабходная частка працы.
Т.Р.: «Карыстанне грантамі ў Еўропе, якія падтрымліваюць культуру, гэта база. Кожнае мастацтва падтрымліваецца або дзяржаўнымі датацыямі, або нейкімі фондамі. Іншай дарогі проста няма».
Пры гэтым важна тлумачыць, адкуль ідзе фінансаванне і навошта яно патрэбнае.
Т.Р.: «Вельмі важная камунікацыя фонду: як яны гэта прадстаўляюць. Адкрытасць, адкуль грошы, таксама важная. Гэта не палітызавана, гэта правільнае разуменне важнасці культуры. Важна разумець, што культура — гэта не актывізм. На стварэнне якаснага культурнага праекта патрэбныя вялікія каманды і рэсурсы».
Складанасці і тое, што запомнілася
Найбольш складанай часткай, паводле прадзюсаркі, была праца з фінансаваннем і пастаянная неабходнасць рухацца далей пасля адмоваў.
Т.Р.: «Для мяне, як для прадзюсара, самае цяжкае было, калі мы два разы падавалі заяўку ў літоўскі кінафонд і не атрымалі грошы. Але я шмат гадоў працую і ведаю, што не бывае так, каб кожную тваю заяўку ўхвалялі. Важна разумець гэта і ўсё адно ісці далей».
Сярод запамінальных момантаў: удзел у Канскім кінафестывалі — гэта былі індустрыяльныя непублічныя паказы на Marche du Film, — сустрэчы з партнёрамі і новыя кантакты для далейшага прасоўвання фільма. Асабліва кранальнай стала сустрэча з рэжысёрам з Паўднёвага Судана.

А.Г.:«Мы сядзім за адным сталом, абодва ўцекачы. Ён кажа: я ведаю, у вас там складана. І ён проста некалькі фраз кажа, якія гучалі ў нашым фільме, хаця ён гэты фільм яшчэ не бачыў».
Такія сустрэчы паказваюць, што гісторыя пра Беларусь можа быць зразумелай людзям з зусім іншых рэгіёнаў і досведаў.
Што далей
Пасля першых паказаў каманда плануе далейшае фестывальнае жыццё фільма, а таксама невялікія мэтавыя паказы ў месцах, дзе тэма правоў чалавека можа прагучаць найбольш дакладна: універсітэты, праваабарончыя цэнтры, культурныя інстытуты, адукацыйныя пляцоўкі.
Т.Р.: «Гэта не толькі фестывалі і не толькі тэлебачанне. Вельмі важна паказваць фільм у розных маленькіх месцах. Ва ўніверсітэтах, дзе ёсць моцныя факультэты сацыялогіі, дзе сур’ёзна працуюць з правамі чалавека».
Для стваральнікаў важна, каб фільм працягваў працаваць не толькі як дакументальная стужка, але і як нагода для размовы пра Беларусь, палітвязняў, міжнародную салідарнасць і тое, чаму правы чалавека ніколі не з’яўляюцца толькі лакальнай тэмай.
BIALIATSKI / UNBROKEN — гэта фільм пра чалавека, які стаў сімвалам нязломнасці. Але яшчэ больш — пра краіну, дзе гэтая нязломнасць стала досведам тысяч людзей.