Працягваем серыю гісторый пра праекты, падтрыманыя ArtPower Belarus пры фінансаванні Еўрапейскага Саюза.
У 2024 годзе «Вольныя Купалаўцы» ўпершыню паказалі ў Варшаве спектакль «Зэкамерон» паводле аднайменнай кнігі Максіма Знака. Сто кароткіх гісторый, напісаных у зняволенні, дзякуючы ArtPower Belarus ператварыліся ў сцэнічную пастаноўку, дзе тэатр злучыўся з жывой музыкай і вершамі беларускіх палітвязняў. За два гады каманда сыграла яго больш за два дзясяткі разоў, паказвала ў розных гарадах і краінах, а песні, напісаныя спецыяльна для пастаноўкі, паступова сталі яе самастойнай часткай.

Так праз два гады ў гэтай гісторыі з’явіўся працяг. 21 мая 2026 года, у Дзень салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі, J:МОРС і «Вольныя Купалаўцы» выпусцілі альбом «Зэкамерон. Песні да спектакля» — восем кампазіцый і адна інтэрмедыя, якія выраслі са сцэнічнай пастаноўкі, але цяпер могуць існаваць асобна ад яе. Гэты праект быў падтрыманы ўжо ў межах працягу праграмы ArtPower Belarus.
Сёння мы можам паглядзець не толькі на вынік аднаго падтрыманага праекта, але і на тое, што з ім адбываецца праз некалькі гадоў. Як адна падтрымка запускае творчы працэс, з якога нараджаецца супрацоўніцтва ў новых формах і ўрэшце паўстае наступны самастойны праект.
Пра гэты шлях мы паразмаўлялі з двума яго ўдзельнікамі: акторам і менеджарам «Вольных Купалаўцаў» Алегам Гарбузам (А.Г) і музыкам, лідарам J:МОРС Уладзімірам Пугачам (У. П.).
Сто гісторый, якія трэба скласці ў адну і музыка, якая нараджалася разам за спектаклем
З тэкстамі Максіма Знака Алег Гарбуз быў знаёмы яшчэ з 2020 года. Калі з’явіўся «Зэкамерон», асобныя апавяданні пачалі гучаць са сцэны ў акторскім выкананні яго і Сяргея Чуба. Але ўжо тады Алег Гарбуз разглядаў кнігу як матэрыял для большага тэатральнага праекта.
Падтрымка ArtPower Belarus дала магчымасць перайсці ад асобных чытанняў да працы над паўнавартасным спектаклем Увесь шлях ад працы з матэрыялам да гатовай пастаноўкі заняў каля трох месяцаў, і першай вялікай задачай стала драматургія: сто самастойных апавяданняў трэба было ператварыць у адну сцэнічную гісторыю.
А. Г.: «Спачатку выкрэслівалі тое, што не падыходзіць, потым выбіралі найлепшае з таго, што засталося. Пасля фармавалі блокі: атрымалася прыкладна сем-восем сэнсавых частак, якія выцякаюць адна з адной. Апавяданні аб’ядноўвалі, рабілі з іх сцэны і маналогі. Ужо падчас рэпетыцый нешта змянялі, нешта дадавалі, нешта прыбіралі або мянялі месцамі».

Праца над драматургіяй заняла больш за месяц. Паралельна вызначалася і сама форма будучай пастаноўкі. «Зэкамерон» задумваўся камерным: мінімальная колькасць людзей на сцэне, акторы і жывая музыка. Таму патрэбны быў не проста актор, а музыка, які арганічна існаваў бы ўнутры спектакля.
А. Г.: «Я разглядаў розных людзей. Мне было важна, каб тое, што чалавек робіць у музыцы, адпавядала маім адчуванням ад таго, што мы хацелі стварыць. У выпадку з Валодзем Пугачам супала і гэта, і яго асабістыя якасці як чалавека. Для мяне ён быў амаль ідэальным кандыдатам».
Так да працы далучыўся Уладзімір Пугач. З Алегам Гарбузам яны былі знаёмыя больш за дзесяць гадоў, а пасля вымушанага пераезду працягвалі перасякацца ў беларускай культурніцкай супольнасці.
Першапачаткова задача Уладзіміра Пугача была цалкам звыклай для яго — напісаць песні для спектакля. А вось наступная прапанова стала нечаканай: «Вольныя Купалаўцы» прапанавалі яму самому выйсці на сцэну як аднаму з выканаўцаў.
У. П.: «Я вельмі здзівіўся такой прапанове, таму што ў мяне ўвогуле не было такой экспертызы. Але два месяцы падрыхтоўкі пад наглядам прафесіяналаў зрабілі сваю справу».
Музыка тым часам стваралася разам са спектаклем. Уладзімір Пугач прыходзіў на чыткі, слухаў матэрыял, назіраў, як змяняецца будучая пастаноўка, і шукаў для яе ўласнае гучанне.

У выніку з прозай Максіма Знака ў спектаклі вырашылі выкарыстаць і паэтычныя тэксты. Уладзімір Пугач шукаў вершы, якія суадносіліся з асобнымі сэнсавымі часткамі пастаноўкі і маглі стаць іх музычным працягам. Так з’явіліся дзве песні на вершы Максіма Знака і дзве — на вершы журналіста Андрэя Кузнечыка. Іншыя песні Уладзімір Пугач напісаў сам.
У. П.: «Для нас было вельмі важна разумець, што адчуваў аўтар, як ён бачыў тое, пра што пісаў. Мая задача была знайсці вершы, якія максімальна пасавалі б па сэнсе да спектакля, пакласці іх на музыку. Мне асабліва падабаецца, што ў творы Максіма Знака і ў нашым спектаклі ўсе гэтыя пакуты паказаныя праз усмешку. Гэтае спалучэнне пакуты і ўсмешкі сведчыць пра ўнутраныя эмоцыі чалавека, які гэта напісаў. Мы разумелі гэта ад самага пачатку працы і вельмі хацелі гэта перадаць».
Больш за дваццаць паказаў
Прэм’ера «Зэкамерона» адбылася ў Варшаве 7 мая 2024 года, але гэтым жыццё праекта толькі пачалося. На працягу наступных двух гадоў «Вольныя Купалаўцы» працягвалі граць спектакль і вазіць яго ў іншыя гарады і краіны, ў тым ліку Вільнюс, Даўгаўпілс, Прагу, Берлін і Цюрых, а таксама прымалі ўдзел у фестывальных праграмах. Для замежнай аўдыторыі выкарыстоўвалі польскія, англійскія і чэшскія субтытры.

Гэты досвед паказаў, што «Зэкамерон» можа працаваць не толькі з беларускай аўдыторыяй. Для беларускага гледача кантэкст, у якім узніклі тэксты Максіма Знака, у значнай ступені ўжо вядомы. Для замежнага — спектакль часам станавіўся нагодай упершыню паглядзець на беларускую гісторыю бліжэй.
А. Г.: «Для замежнікаў Беларусь можа быць дзесьці на перыферыі ўвагі. А тут яна раптам аказваецца ў фокусе. І пакуль яна ў фокусе, даводзіцца разглядаць яе падрабязней: у людзей узнікаюць канкрэтныя пытанні, яны пачынаюць разбірацца ў нашай тэме. У гэтым сэнсе «Зэкамерон» дае магчымасць расказаць пра рэчы, якія нам, беларусам, добра вядомыя, а для замежнікаў могуць быць новымі».
Пры гэтым Уладзімір Пугач не разглядае мастацтва як інструмент, які павінен даваць гледачу гатовыя адказы або вучыць яго, як успрымаць беларускія падзеі. Для яго важней, каб мастацкае выказванне заставалася шчырым, а далей ужо само знаходзіла водгук.
У. П.: «Творца не павінен ставіць перад сабой месіянскія задачы. Творца павінен рабіць творчасць. У нас проста такі час, што шмат што ў ёй усплывае. Калі гэта адгукаецца і ўплывае на людзей, значыць, мы нешта зрабілі правільна. Але задачы навучыць людзей, як ім правільна жыць, мы перад сабой не ставілі».
За гэтыя два гады змянілася і яшчэ адна важная рэч. Калі спектакль стваралі, Максім Знак знаходзіўся ў зняволенні і не мог убачыць, як яго тэксты жывуць на сцэне. Пасля вызвалення ён нарэшце змог прыйсці на «Зэкамерон».
Для каманды гэтая сустрэча стала асобным момантам у гісторыі спектакля.
А. Г.: «У той момант мы ў поўнай ступені адчулі, што ўсё гэта рабілі правільна. І было вельмі важна, што ён ведаў: пра яго памятаюць, пра яго не забыліся».
Песні, якія захацелася захаваць
Такая колькасць паказаў змяніла і стаўленне Уладзіміра Пугача да музыкі, якую ён некалі пісаў як частку спектакля. Песні паўтараліся з паказу ў паказ, заставаліся з камандай падчас паездак і паступова сталі для музыканта звязаныя ўжо не толькі з пастаноўкай, але і з некалькімі гадамі ўласнага жыцця.
Менавіта адсюль з’явілася ідэя другога праекта — запісаць альбом.

У. П.: «Для мяне праца над “Зэкамеронам” вельмі шмат значыць, і мне было важна захаваць памяць пра яе. Як сямейны фотаальбом. Толькі я захацеў зафіксаваць яе так, як умею, у выглядзе музычнага альбома».
Тут была і яшчэ адна прычына. Спектакль па сваёй прыродзе існуе толькі тады, калі яго працягваюць граць. Уладзімір Пугач хацеў, каб музыка «Зэкамерона» не знікла разам з пастаноўкай, калі аднойчы яна сыдзе са сцэны.
У. П.: «Я хацеў, каб гэтыя песні жылі незалежна ад таго, як доўга мы яшчэ будзем граць спектакль. Гэта была асноўная думка. Я хацеў зрабіць альбом даўно. І зрабіў бы яго ў любым выпадку. Пытанне было толькі — калі».
Гэтым разам ініцыятыва ўжо ішла ад Уладзіміра Пугача. Праект рэалізоўвала каманда J:МОРС, а «Вольныя Купалаўцы» дапамагалі з арганізацыйнай часткай і сваім досведам працы з грантавымі праектамі. Асобна Уладзімір Пугач згадвае культурніцкую менеджарку Кацярыну Чуб, якая суправаджала праект ад пачатку да завяршэння і дапамагала з дакументамі і справаздачнасцю.
Магчымасць рэалізаваць задуму з’явілася дзякуючы падтрымцы міні-гранта ArtPower Belarus. Песні да спектакля» выйшаў на лічбавых пляцоўках.
Творчы эксперымент
Для J:МОРС гэты альбом стаў нетыповай працай. Ён адрозніваецца ад звычайных рэлізаў гурта і па гучанні, і па сваёй пабудове. Але галоўнае, Уладзімір не хацеў проста сабраць пад адной вокладкай дзевяць кампазіцый, якія раней гучалі на сцэне.

Парадак песень у альбоме паўтарае іх паслядоўнасць у спектаклі. Так тэатральная драматургія захавалася і ў запісе, толькі цяпер гісторыя расказваецца пераважна музычнымі сродкамі.
Падчас працы каманда нават запісала з акторамі невялікія інтэрмедыі — фрагменты спектакля, якія маглі б звязваць кампазіцыі і яшчэ мацней пераносіць тэатральную форму ў аўдыязапіс. У выніку Уладзімір Пугач пакінуў у альбоме толькі адзін такі фрагмент.
Але галоўная праверка чакала ўжо пасля рэлізу: ці зразумее гэтую гісторыю чалавек, які ніколі не бачыў «Зэкамерон» на сцэне?
Для Уладзіміра Пугача гэта было асабліва важна, бо, паводле яго слоў, большая частка аўдыторыі J:МОРС па-ранейшаму знаходзіцца ў Беларусі і не мела магчымасці прыйсці на спектакль.
У. П.: «Я быў вельмі рады пачуць, што нашая аўдыторыя гэты вайб, гэтую эмоцыю таксама адчула».
Зрэшты, запыт на асобны рэліз існаваў яшчэ да таго, як пачалася праца над альбомам. Пасля паказаў гледачы падыходзілі і пыталіся, ці можна недзе паслухаць песні са спектакля. Тады Уладзімір мог толькі адказаць, што каманда хацела б калісьці іх запісаць.
Вынік, які не вымяраецца першымі тыднямі
Уладзімір не спяшаецца ацэньваць поспех альбома паводле першых месяцаў пасля рэлізу. За больш чым 25 гадоў у музыцы ён неаднойчы бачыў, як творы працягваюць знаходзіць слухачоў праз гады пасля выхаду.
У. П.: «Якасныя музычныя праекты робяцца з разлікам на доўгі эфект. Гэта не маркетынгавая кампанія, дзе трэба выпусціць прадукт на рынак і за першыя тры тыдні зразумець вынік. Таму, магчыма, толькі праз пяць гадоў я змагу зразумець, наколькі варта было запісваць гэты альбом».

Але адзін вынік ужо ёсць: музыка «Зэкамерона» больш не залежыць ад таго, колькі яшчэ будзе існаваць спектакль.
Калі адзін праект становіцца пачаткам наступнага
Для самога Уладзіміра Пугача альбом стаў яшчэ і першым досведам, калі ён звярнуўся па грантавую падтрымку для ўласнага музычнага праекта. Раней J:МОРС існаваў паводле іншай мадэлі: гурт сам зарабляў на сваю дзейнасць, а незалежнасць ад знешняга фінансавання была для музыканта прынцыповай.
Пасля вымушанага пераезду стаўленне да гэтага змянілася.
У. П.: «Раней у мяне было такое стаўленне: я паспяховы музыка, мы зарабляем грошы, з якой прычыны я буду ў кагосьці іх прасіць? Мы ніколі не бралі грошай на стварэнне музыкі, і для мяне было важна, што мы незалежныя і самастойныя. Але калі я апынуўся тут, зразумеў, што мы знаходзімся ў сітуацыі, калі беларусам трэба разам адбудоўваць тое, што ў гэты самы час у Беларусі руйнуецца, — беларускую культуру. І калі я ўбачыў патрэбу ў падтрымцы, я па яе звярнуўся. Я вельмі ўдзячны, што мне дапамаглі ажыццявіць задуму з гэтым альбомам».
Пры гэтым досвед працы над альбомам паказаў і практычны бок такіх праектаў: творчай ідэі недастаткова, калі побач няма людзей, здольных узяць на сябе адміністрацыйную працу.
У. П.: «Калі ты творчы чалавек і хочаш захаваць прафесію і свой лад жыцця ва ўмовах эміграцыі, варта шукаць фінансаванне. Гэта нармальна. Але мой досвед паказвае: нават калі падаешся на грант як фізічная асоба, лепш загадзя стварыць каманду. Творчаму чалавеку складана займацца ўсім дакументаабаротам. Таму добра, калі ад самага пачатку ёсць людзі, якія адказваюць менавіта за працу з грантадаўцам».
Алег Гарбуз, які ўжо меў досвед рэалізацыі падтрыманага ArtPower Belarus спектакля, фармулюе сваю параду яшчэ прасцей:
А. Г.: «Баяцца не трэба — трэба падавацца. Гэта нармальная практыка. Так, напісанне гранта і потым справаздачнасць — цяжкая праца, гэта не творчасць. Але ArtPower — цалкам адэкватны грант: на яго можна падацца і можна даць рады яго рэалізацыі сваімі сіламі».
«Мая маленькая драматычная кар’ера працягваецца»
Але, магчыма, самы нечаканы працяг «Зэкамерона» не альбом.
Калі Уладзімір упершыню пагадзіўся выйсці на сцэну разам з «Вольнымі Купалаўцамі», ён успрымаў гэта як адзін асобны эксперымент. З часам з’явілася іншае адчуванне: спектакль калісьці скончыцца, і разам з ім скончыцца яго ўласны досвед у тэатры.
Гэтага, аднак, не адбылося. Цяпер Уладзімір ужо працуе з «Вольнымі Купалаўцамі» над наступным спектаклем: зноў піша для яго музыку і плануе зноў выйсці на сцэну.

У. П.: «У мяне быў момант, калі я шкадаваў, што ўсё калісьці скончыцца. Спектакль — рэпертуарная рэч: ён жыве, жыве, а потым яго змяняе нешта новае. Я думаў: вось мы сыграем “Зэкамерон” — і ўсё, я ж не актор, далей з імі не буду. А мне так цікава. Таму я вельмі шчаслівы, што цяпер мы ўжо знаходзімся ў працэсе стварэння новага спектакля. Мая маленькая драматычная кар’ера працягваецца».
Так адна гісторыя працягнулася адразу ў некалькіх кірунках. Апавяданні сталі спектаклем. Музыка, напісаная для гэтага спектакля, — асобным альбомам. А супрацоўніцтва, якое пачыналася як праца над адной пастаноўкай, ужо прывяло да наступнага сумеснага праекта.