Frame 414

Стратэгія. Праграма “Творца і яго мастацтва як каштоўнасць”. Што зрабіць для канкрэтнага чалавека

Беларускія творцы ў Беларусі і за мяжою сутыкаюцца з нястачаю рэсурсаў для праектаў і асабістага прафесійнага росту. На выпраўленне гэтай сітуацыі накіравана Трэцяя праграма Стратэгіі Беларускай Рады культуры. Яна вынікае з Першай і Другой праграмы. 

Трэцяя Праграма Стратэгіі: “Творца і яго мастацтва як каштоўнасць”

Калі не будзе творцаў, тых, хто стварае культурніцкія прадукты, то і не будзе жывой культурніцкай прасторы. Таму ў Трэцяй праграме Стратэгіі мы маем тры лініі:

  • Клапоцімся пра базавыя патрэбы мастакоў і мастачак. Працягваем персанальную падтрымку (візавая, гуманітарная, юрыдычная, псіхалагічная і іншыя віды падтрымкі, рэкамендацыйныя лісты).
  • Адукацыйныя праекты. Некаторыя праекты, якія мы запускаем самастойна, некаторыя мы падтрымліваем. Яны падвышаюць кампетэнцыю творцаў і даюць добрыя магчымасці для абмену досведам.
  • Фінансаванне  творчых праектаў. Мы не толькі арганізуем конкурсы ў межах існуючых праграм падтрымкі,  але і ствараем новыя працэсы, якія дапамагаюць творцам знаходзіць рэсурсы на фінансаванне сваёй дзейнасці. Гаворка не толькі пра грошы, а пра рэсурсы любога кшталту. 

Сёння дадатковая адукацыя і абмен досведам наладжаныя слаба. Шмат хто працуе ў складаных умовах без падтрымання, сутыкаецца з прававымі цяжкасцямі, дыскрымінацыяй і праблемамі легалізацыі. Адсутнасць міжнародных сувязяў і міжсектаральнай супрацы перашкаджае развіццю.

Нашая мэта – забяспечыць творцам доступ да рэсурсаў, адукацыі, гуманітарнага і прававога падтрымання. Стварыць бяспечныя ўмовы для творчага развіцця і самарэалізацыі.

Цягам трох гадоў мы разлічваем пабачыць, што творцы маюць доступ да адукацыі, прававога і гуманітарнага падтрымання, рэалізуюць праекты з дапамогаю міжнародных праграмаў і фінансавання.

У гэтай праграме Беларуская Рада культуры працуе з фінальнымі бенефіцыярамі – самімі творцамі. Каб забяспечыць іх патрэбы ўстойлівым чынам мы падтрымліваем працу Форума культурніцкіх арганізацыяў, а таксама супрацоўнічаем з адукацыйнымі і праваабарончымі ініцыятывамі, адукацыйнымі і інфармацыйнымі рэсурсамі, медыямі і міжнароднымі платформамі.

Такім чынам тры праграмы Стратэгіі Беларускай Рады культуры ўзаемазвязаныя: у Першай Праграме галоўнае — культурна ўва ўсіх іншых працэсах; у Другой Праграме — усе віды сеткавання, у Трэцяй праграме мы ўзносім чалавека і яго ці яе талент і хочам захаваць жывую стваральную сілу.

Канешне, падрыхтоўка і рэалізацыя грантавых праграм з’яўляецца цэнтральнай дзейнасцю праграмы. Праз гэты механізм творцы атрымліваюць шанец атрымаць фінансавую падтрымку, ментарскую дапамогу, экспертную ацэнку іх ідэі. Нават калі ў межах аднаго конкурсу  мы можам падтрымаць толькі 20 заявак з 200, якія атрымалі, то лічым гэта перамогай, бо тыя, хто не змаглі адразу атрымаць фінансаванне, маюць шанец знайсці сродкі праз іншыя шляхі: камерцыйныя праекты, іншыя праграмы падтрымкі, краўдфандынг і іншых спонсараў.

Генерацыя ідэй — гэта ўжо вельмі каштоўна.  

Бо нават тое, што чалавек падрабязна апісвае свой праект — гэта ўжо добры ўнёсак у культуру. Нават калі ідэя не рэалізуецца зараз, яна можа ажыццявіцца пазней пры іншых умовах і з іншым фінансаваннем. 

Як далучыцца да Стратэгіі?

Дзеячы культуры і творцы,

Мы працуем дзеля вас і разам з вамі. Мы імкнёмся пачуць вашы патрэбы і зразумець сітуацыю сферы. Таму праводзім розныя апытанні і даследаванні, якія пасля кладуцца ў аснову праграм фінансавання, адвакацыйнай дзейнасці і супрацоўніцтвам з медыя. Не адмаўляйцеся ад прапановы выказацца, прайсці апытанне ці пакінуць каментар.

Карыстайцеся нашымі грантавымі конкурсамі ў межах праграмы ArtPower Belarus, магчымасцямі для прафесійнага росту і ментарства.

Ваша экспертнасць можа быць карысная ў розных сферах: у працэсе адбору праектаў на грантавы конкурс, адукацыйных праграмах, кантактах з медыя. Вы можаце прапанаваць сваю кандыдатуру для канкрэтнага запыту або напішыце нам на info@byculture.org.

Калі вы маеце патрэбу ў персанальнай падтрымцы,  псіхалагічнай ці юрыдычнай дапамозе, свой запыт можна накіраваць на rada_help@byculture.org

Далучайцеся да ініцыятыў БРК, каб ствараць, супрацоўнічаць і развівацца ў свабоднай культурнай прасторы.

Медыя і блогеры

Вы ствараеце бачнасць беларускай культуры і фарміруеце яе наратывы. Гісторыі поспеху, культкрытыка і шырокае асвятленне культурніцкіх падзей — гэта ўклад у грамадзянскую супольнасць. 

Будзьце нашымі партнёрамі ў асвятленні культурных ініцыятыў, публікацыі гісторый і інтэрв’ю, стварэнні серыйных прадуктаў (тэкстаў, падкастаў, відэа), якія пашыраюць разуменне ролі культуры ў грамадстве. Падтрымайце нашу адвакацыю культуры як стратэгічнага сектара праз медыяпраекты і супольныя кампаніі. Запрашаем да супрацоўніцтва ў межах інфармацыйных кампаній і прасоўвання ключавых тэм культуры і ідэнтычнасці.

Калі вы ў пошуку цікавых гісторый, экспертаў ці творцаў, звяжыцеся з намі праз пошту info@byculture.org.

Таксама раім паглядзець нашыя аналітычныя агляды і даследванні

Мы шчыра вітаем любую форму супрацы на карысць агульнай культурніцкай справы!

Таксама паглядзіце

Праграма ArtPower Belarus падвяла вынікі трэцяга кола конкурснага адбору па Трэку 2. Творчыя праекты. Падтрымку атрымалі 24 праекты ў розных сектарах беларускай …

Літаратура: У чаканні вялікай прозы Кіно: Перамога ў Кракаве і паўсюдныя «экстрэмісты» Тэатр: У кіраўніцтве – сілавікі, у рэпертуары – вайна. Але …