Стратэгія Беларускай Рады культуры 2025–2027

Візія: Беларусь – наш з вамі супольны арт-праект!

Місія: Мы ствараем умовы для ўстойлівае культурніцкае дынамікі, якая вядзе да несупыннага развіцця і свабоднага самавыяўлення.

Што робім: Ініцыюем. Напаўняем. Гуртуем 

Беларуская Рада культуры – незалежная інстытуцыя, каардынацыйны вузел для росту, самаарганізацыі і ўстойлівасці беларускае культуры.


Змест і хуткая навігацыя па тэксце 

Асноўныя паняткі

Для каго працуем і хто нам дапамагае

Візія, мэты і прынцыпы працы БРК

Праграмы

Устойлівасць і фінансавае забеспячэнне стратэгіі

 


Уступ (паводле маніфесту “Больш чым культура”) 

Сёння беларуская культура – гэта не толькі творчасць, але і спосаб захавання адзінства нацыі, нават калі супольнасць раскіданая па ўсім свеце. Яна сталася цэментам, які злучае людзей у грамадстве і палітыцы.

Укладанне ў культуру – гэта інвестыцыя ў грамадзянскую адказнасць, самавыяўленне і выбар будучыні. Мы не толькі ствараем культурныя прадукты, але і фармуем прастору для росту і свабоды.

Нашая мэта – пераадолець культурны застой і наступствы “прайгранай рэвалюцыі”. Заданне – не ратаваць культуру, а ствараць умовы для яе росту як асновы грамадзянскае супольнасці.

Нам патрэбныя не новыя міністэрствы, а новыя правілы, што падтрымліваюць самаарганізацыю творцаў. Замест вертыкалі – гарызантальныя партнёрствы.

Неабходна запусціць працоўна-культурніцкую сістэму: адукацыя, публіка, прамоцыя, экспертыза. І ўсё гэта – з уплывам на палітыку, эканоміку і грамадства.

Больш чым культура. Маніфест беларускага культурніцкага поля. Чытаць цалкам.

 

Асноўныя паняткі 

Культура (агульна) – гэта сістэма камунікацыяў, што яднае супольнасць праз каштоўнасці, якія перадаюцца праз адукацыю, мастацтва, святы, палітыку, эканоміку, выхаванне ды іншыя аспекты жыцця. Культура ўплывае на індывідуальны светапогляд і паводзіны чалавека.

Культура (паводле UNESCO) – складаны комплекс, які месціць веды, мастацтва, мараль, законы, звычаі ды іншыя аспекты жыцця чалавека ў грамадстве. Культура фармуе ўстойлівы лад жыцця групы асобаў, вызначаючы каштоўнасці і спосабы адаптацыі да навакольнага асяроддзя.

Культура (паводле маніфесту “Больш чым культура”) – гэта спосаб сацыяльнага дзеяння, які дазваляе нацыі вызначаць сябе. Культура служыць рэсурсам для самаарганізацыі і вызначае, якімі мы дазваляем сабе быць.

Беларуская культура – гэта дынамічная сістэма, якая ўплывае на фармаванне нацыянальнае свядомасці. Яна залучае каштоўнасці, традыцыі, веды, мастацтва і практыкі, якія ствараюць гармонію ў грамадстве, яднаюць беларусаў між сабой і адрозніваюць нас ад іншых культураў.

Сучасныя выклікі беларускае культуры:

  • русіфікацыя; 
  • пагроза страты незалежнасці; 
  • масавая эміграцыя, рэпрэсіі;
  • прапаганда і наступствы ваенных канфліктаў; 
  • адыход дасведчаных творцаў і выканаўцаў з прафесіі;
  • адсутнасць пераемнасці;
  • нястача фінансавання і незразумелыя механізмы пошуку сродкаў. 

У гэтых умовах культура робіцца сродкам самавызначэння нацыі ды інструментам захавання і развіцця нацыянальнай і грамадзянскай ідэнтычнасці. Яна абараняе ад выклікаў, спрыяе кансалідацыі супольнасці, захаванню гістарычнае памяці, мовы і каштоўнасцяў. Гэта таксама спосаб адаптацыі да новых рэаліяў і змагання за існаванне.

Для каго працуем і хто нам дапамагае

Нашая дзейнасць скіраваная на тых, хто стварае культуру і праз творчасць захоўвае беларускую спадчыну, фармуючы яе будучыню. Гэта пісьменнікі, мастакі, рэжысёры, музыкі, даследнікі і асветнікі – усе, хто натхняе і сваім унёскам злучае мінулае з будучыняю, дзе б яны ні былі – у Беларусі ці ў эміграцыі.

Мы працуем разам з тымі, хто дапамагае беларускай культуры квітнець: з арганізацыямі і супольнасцямі, што паляпшаюць умовы для творцаў, развіваюць культурніцкую палітыку, адстойваюць правы і інтарэсы. Гэта незалежныя тэатры, выдавецкія і кінематаграфічныя ініцыятывы, музычныя праекты, культурніцкія хабы і пляцоўкі, дзе беларускія ідэі знаходзяць дом, а таксама медыі і даследчыя цэнтры, што асвятляюць і паглыбляюць культурніцкую тэму.

Побач з намі – тыя, хто падтрымлівае культуру на міжнародным узроўні: лабісты, палітычныя структуры краінаў ЕЗ і ЗША, што дапамагаюць беларусам заставацца бачнымі ў свеце. І, вядома, дабрачынцы, спонсары і донары, якія вераць у сілу культуры і спрыяюць яе росту.

Усё гэта – вялікая жывая супольнасць, дзе кожны робіць свой унёсак, каб беларуская культура гучала і мела будучыню.

Візія, мэты і прынцыпы працы Беларускае Рады культуры

Беларуская Рада культуры: 

  • НЕ альтэрнатыўны Мінкульт,
  • НЕ прафсаюз,
  • НЕ івэнт-агенцтва,
  • НЕ размеркавальнік грошай.

Мы змагаемся за тое, каб беларуская культура заставалася жывой, самабытнай і свабоднай. Яна павінна быць прастораю для творчасці, а не інструментам ідэалогіі. Мы хочам, каб яна займала важнае месца ў грамадстве, уплывала на змены і была прызнаная як у краіне, гэтак і на міжнародным узроўні. Мы супраць таго, каб вонкавыя ўплывы кшталту “русского мира” выцяснялі нашыя традыцыі і каштоўнасці.

У сваёй працы мы кіруемся прынцыпамі гонару, годнасці, роўнасці і адкрытасці. Вера ў адукацыю, узаемнае падтрыманне і павагу да спадчыны – аснова нашага падыходу.

Нашая місія – аб’яднаць людзей і намаганні дзеля моцнае культурніцкае супольнасці. Мы хочам, каб культура не толькі існавала, але і квітнела: спрыяла супрацы творцаў у розных краінах, стварала якасныя праекты і развівала грамадзянскую супольнасць.

Мы імкнемся да таго, каб творцы мелі доступ да рэсурсаў, маглі прафесійна працаваць і самарэалізоўвацца. Культура павінна пераходзіць за межы лакальных ініцыятываў і быць часткаю міжнароднага дыялогу.

Праз тры гады мы хочам бачыць мацнейшыя незалежныя праекты, новыя партнёрствы і шырэйшую прысутнасць беларускае культуры, што спрыяе фармаванню нацыянальных каштоўнасцяў.

Праграмы

1. Культура ў прыярытэце

Праблема

Культуру часта недаацэньваюць як фактар развіцця грамадства і міжнароднага іміджу Беларусі. Яе разглядаюць як другасную сферу, што абмяжоўвае яе ўплыў на дэмакратычныя перамены. Гэта вядзе да нястачы рэсурсаў, слабое пазнавальнасці за мяжой і ізаляцыі. Без аналізу патрэбаў немагчыма ствараць эфектыўныя стратэгіі падтрымання.

Мэта праграмы – паказаць, што культура – гэта не толькі творчасць, але і інструмент грамадскіх пераменаў, фармавання ідэнтычнасці, палітыкі і эканомікі. Забяспечыць рост сектару праз супрацу з іншымі сферамі ды залучэнне культуры ў міжнародныя праграмы.

Што робім? 

– Адсочваем тэндэнцыі і патрэбы творцаў, каб планаваць дзеянні.
– Ствараем пляцоўкі для дыялогу, арганізуем сустрэчы, вядзём перамовы і рыхтуем дакументы для развіцця сектару.
– Кансультуем палітыкаў, каб яны разумелі значэнне культуры.
– Бяром удзел у міжнародных падзеях, прасоўваем беларускіх творцаў і ініцыятывы.
– Змагаемся за роўныя магчымасці для беларусаў у культурнай прасторы.
– Супрацоўнічаем з медыямі і бізнесам, ствараючы новыя каналы прамоцыі культуры.

Удзельнікі
– Адрасаты: палітыкі, чыноўнікі, міжнародныя структуры, арганізатары культурніцкіх праграмаў.
– Партнёры: культурніцкія арганізацыі, даследнікі, дыяспара, медыі і бізнес.

Праз тры гады разлічваем пабачыць:

– культуру ўспрымаюць як рухавік пераменаў; 

– больш фінансавання і падтрымання дзякуючы супрацы з палітыкамі, бізнесам, медыямі і міжнароднымі партнёрамі;

– новыя мадэлі фінансавання, якія паляпшаюць умовы для ініцыятываў.

2. Цэласнасць культурніцкае прасторы

Праблема
Беларуская культурніцкая супольнасць раз’яднаная, што ўскладняе супрацу і супольныя праекты. Творцы сутыкаюцца з ціскам, ізаляцыяй, візавымі бар’ерамі і дыскрымінацыяй. Міжнародных сувязяў і міжсектаральнай супрацы бракуе, што абмяжоўвае рост.

Мэта – аб’яднаць рэсурсы і ўдзельнікаў, стварыць інклюзіўную і бяспечную прастору для супрацы, умацаваць супольнасць і пераадолець бар’еры.

Што робім?
– Падтрымліваем праекты, што злучаюць беларускіх і замежных творцаў.
– Спрыяем наладжванню сувязяў паміж творцамі і аўдыторыяй з абодвух бакоў мяжы.
– Не забываем пра ініцыятывы ў Беларусі і падтрымліваем іх.
– Ствараем праграмы мабільнасці і культурніцкага абмену.
– Дапамагаем запусціць флагманскіх праектаў, якія фармуюць станоўчы вобраз Беларусі.
– Зарганізуем форумы, дыскусіі, нэтўоркінг, падтрымліваем прафесійныя аб’яднанні ды інфраструктуру.
– Рэалізуем міжсектаральныя праекты і далучаем творцаў да міжнародных сетак.

Удзельнікі
– Адрасаты: замежныя палітычныя структуры, амбасады, МЗС, арганізатары праграмаў падтрымання, фестывалі, прафесійныя сеткі.
– Партнёры: незалежныя палітычныя сілы, грамадзянскія ініцыятывы, Форум культурніцкіх арганізацый, ArtPower ды іншыя.

Што спадзяёмся пабачыць
Жывое асяроддзе супрацы, лепшыя ўмовы для творцаў у эміграцыі, інтэграцыя ў міжнародныя сеткі і новыя інавацыйныя праекты. Гэта ўмацуе імідж Беларусі і дапаможа культурнай прасторы стабілізавацца з захаваннем ідэнтычнасці.

3. Творца і яго мастацтва як каштоўнасць

Праблема
Беларускія творцы, у Беларусі і за мяжою, сутыкаюцца з нястачаю рэсурсаў для праектаў і прафесійнага росту. Дадатковая адукацыя і абмен досведам наладжаныя слаба. Шмат хто працуе ў складаных умовах без падтрымання, сутыкаецца з прававымі цяжкасцямі, дыскрымінацыяй і праблемамі легалізацыі. Адсутнасць міжнародных сувязяў і міжсектаральнай супрацы перашкаджае развіццю.

Мэта забяспечыць творцам доступ да рэсурсаў, адукацыі, гуманітарнага і прававога падтрымання. Стварыць бяспечныя ўмовы для творчага развіцця і самарэалізацыі.

Што робім?
– Ствараем фінансавыя праграмы: гранты, спонсарства, краўдфандынг.
– Забяспечваем псіхалагічнае і юрыдычнае падтрыманне ў складаных сітуацыях.
– Арганізуем навучальныя курсы, падтрымліваем творчыя хабы, лабараторыі, супольныя ініцыятывы.
– Прасоўваем мабільнасць: стажыроўкі, абмены, удзел у міжнародных праграмах.
– Будуем партнёрствы з міжнароднымі арганізацыямі для пошуку рэсурсаў і супрацы.

Што чакаем праз тры гады?
Творцы маюць доступ да адукацыі, прававога і гуманітарнага падтрымання, рэалізуюць праекты з дапамогаю міжнародных праграмаў і фінансавання.

Удзельнікі
– Мэтавая аўдыторыя: гуманітарныя фонды, праграмы падтрымання, бізнес, грамадскія лідары.
– Партнёры: Форум культурніцкіх арганізацыяў, адукацыйныя і праваабарончыя ініцыятывы, Sekktor, медыі і міжнародныя платформы.

Устойлівасць і фінансавае забеспячэнне стратэгіі на 3 гады

  1. Праект ArtPower 2.0 (2025–2028)
  • Субгранты для падтрымання арганізацыяў, крэатыўных праектаў і рэпрэсаваных творцаў.
  • Сустрэчы і пошук узаемадзеянняў для прадстаўнікоў арганізацыяў.
  • Адукацыйныя праграмы для творцаў.
  • Пошук новых спосабаў фінансавання.
  • Адвакацыя для адкрыцця новых фінансавых магчымасцяў.
  • Аналітычныя матэрыялы для падтрымання праграмаў.
  1. Праекты: Клуб беларускіх мецэнатаў, Магістраты культуры
  • Дапамога ў фінансаванні культурніцкіх праектаў.
  • Вяртанне (выкуп і часовае захаванне) гістарычных артэфактаў.
  • Стварэнне супольнасці для фінансавай падтрымкі культуры.
  • Павышэнне ролі культуры ў бізнесе.
  • Развіццё самафінансавання.
  1. Форум культурніцкіх арганізацыяў, сетка NDF, Reset, EUNIC, Культурны код
  • Супраца з палітыкамі.
  • Узаемадзеянне з прадстаўнікамі культурнай сферы.
  • Распрацоўванне стратэгіяў для сферы.
  • Пошук развязанняў і абарона праблемаў культуры.
  • Супольныя праекты.
  • Наладжванне міжнародных сувязяў.
  • Адукацыйныя і акселерацыйныя праграмы для культуры і бізнесу.
  1. Супольныя праекты з іншымі ўдзельнкамі працэсу
  • Люблін 2029 – прамоцыя беларускае культуры з 2027-га да 2031 году.
  • Узаемадзеянне з медыямі: арт-крытыка і культурніцкая аналітыка.
  • Sekktor — платформа для пошуку магчымасцяў.
  • Удзел у стварэнні Інстытуту прамоцыі Беларусі.
  • Супраца ў гуманітарным трэку.
  1. Камерцыйныя праекты / культурніцкія індустрыі

Камерцыйныя праекты дапамогуць зрабіць культуру больш устойліваю. Беларуская Рада культуры бачыць наступныя шляхі ў працы

  • Платныя адукацыйныя праграмы і кансалтынг для культурніцкіх арганізацыяў.
  • Манетызацыя даследаванняў і аналітыкі.
  • Продаж культурніцкага мерчу і ліцэнзаванне медыяпрадуктаў.
  • Платныя імпрэзы і рэзідэнцыі, якія дапамогуць самафінансавацца.
  • Развіццё бізнес-мадэляў для культурніцкіх ініцыятываў.

Для ўсёй сферы

  • Пераход да гібрыдных фінансавых мадэляў.
  • Падтрыманне прадпрымальніцтва ў культуры і выхад на міжнародныя рынкі.
  • Акселерацыйныя праграмы для стартапаў.
  • Новыя спосабы зарабляць (краўдфандынг, онлайн-продажы).
  • Лабіяванне найлепшых эканамічных умоваў для культуры.

Беларусь – гэта наш супольны арт-праект!