Праграма ArtPower Belarus працягвае грантавы конкурс для прадстаўнікоў беларускай незалежнай культуры і абвяшчае новае кола прыёму заявак па Трэку 2 — Творчыя праекты. Падача заявак адкрываецца 25 лістапада і будзе доўжыцца да 13 студзеня 2026 года (23:59 па мінскім часе).
Ключавыя ўмовы для заяўнікаў
Да ўдзелу ў новым коле Трэку 2.Творчыя праекты запрашаюцца беларускія творцы і дзеячы культуры, якія працуюць як унутры краіны, так і ў выгнанні. Падацца могуць культурніцкія арганізацыі, незалежныя ініцыятывы, а таксама партнёрскія або міжсектаральныя праекты, што аб’ядноўваюць прадстаўнікоў розных сфер і дысцыплін.
Падтрымка ў межах трэка прадугледжана для шырокага спектра ініцыятываў, звязаных з развіццём сучаснай беларускай культуры. Сярод іх могуць быць праекты, накіраваныя на стварэнне новых мастацкіх або культурніцкіх прадуктаў — спектакляў, фільмаў, выстаў, кніг, музычных альбомаў, медыяпрадукцыі, інтэрактыўных і адукацыйных фарматаў, даследчых і аналітычных ініцыятываў. Таксама фінансаванне можа быць накіравана на арганізацыю публічных падзей, фестываляў, паказаў і выстаў, якія спрыяюць пашырэнню аўдыторыі і развіццю культурніцкага дыялогаі
Сума грантаў: MINI ад 3 000 да 10 000 еўра; MIDI ад 10 000 да 40 000 еўра. Таксама могуць быць разгледжаныя заяўкі да 60 000 еўра, якія ацэньваюцца па асаблівым крытэрыям.
Што новага ў гэтым коле
Новае кола Трэку 2 распрацавана з улікам досведу першага конкурснага этапу, а таксама шматлікіх прапаноў і зваротнай сувязі ад заяўнікаў. Каманда праграмы абнавiла ўсе тлумачэнні, формы і Q&A, якія цяпер даступныя на старонцы праграмы byculture.org/artpower_belarus.
Асноўныя змены і важныя моманты:
- Абноўленыя формы заяўкі і бюджэта. Яны сталі больш зручнымі і дакладнымі.
- 1 заяўка ад 1 апліканта. Калі ўдзельнік падае некалькі заявак, будзе разгледжана толькі першая (гэта тычыцца адначасова і MINI, і MIDI грантаў).
- Пашыраныя Q&A. Сабраныя найбольш частыя пытанні ад удзельнікаў першага кола з падрабязнымі адказамі.
Тэрміны і ацэнка заявак
Рэалізацыя праектаў у межах гэтага кола можа доўжыцца ад аднаго да дванаццаці месяцаў: у залежнасці ад фармату і маштабу задумы. Падаць заяўку можна да 13 студзеня 2026 года (23:59 па мінскім часе) праз анлайн-форму на сайце праграмы.
Усе заяўкі праходзяць шматступеньчаты адбор: пасля тэхнічнай праверкі іх разглядаюць незалежныя эксперты і эксперткі з адпаведных культурніцкіх сектараў, якія ацэньваюць суадноснасць праектаў мэтам праграмы, іх мастацкую вартасць, устойлівасць і патэнцыял развіцця. Вынікі будуць апублікаваныя пасля завяршэння працы экспертаў і прыняцця фінальнага рашэння адборачнай камісіяй ArtPower Belarus.
Інфасесіі па Трэку 2
Каманда ArtPower Belarus правядзе дзве адкрытыя інфармацыйныя сесіі ў фармаце Zoom, дзе прадстаўнікі Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры раскажуць пра мэты трэка, прыярытэты і асаблівасці падачы.
- 2 снежня (аўторак) — «Новае кола па Трэку 2. Што варта ведаць»
18:00 Мінск / 17:00 Вільнюс / 16:00 Варшава - 9 снежня (аўторак) — «Трэк 2. Падрыхтоўка бюджэту заяўкі»
18:00 Мінск / 17:00 Вільнюс / 16:00 Варшава
Рэгістрацыя на першую інфасесію адкрытая да 2 снежня (10:00, Мінск), а на другую да 9 снежня (10:00, Мінск).
Да сустрэч змогуць далучыцца толькі зарэгістраваныя ўдзельнікі, якія прайшлі верыфікацыю. Спасылку на далучэнне ўдзельнікі атрымаюць па e-mail. Правярайце папкі «Спам» і «Промаакцыі».
Падрыхтоўка да падачы
Каманда праграмы рэкамендуе перад падачай заяўкі азнаёміцца з:
- тлумачэннямі і формай заяўкі;
- Q&A-раздзелам, дзе сабраныя адказы на асноўныя пытанні;
- відэабібліятэкай “5 крокаў да ўстойлівасці культурніцкага праекта”, якая дапаможа палепшыць стратэгію, камунікацыю і фінансаванне вашага праекта.
Глядзець папярэднія варкшопы і інфасесіі тут.
Кантакты і дадатковая інфармацыя
Падача заявак і дакументацыя: byculture.org/artpower_belarus
Пытанні можна дасылаць на пошту: info@artpowergrants.org
Сачыце за абнаўленням у сацыяльных сетках праграмыі: Instagram | Telegram
ArtPower Belarus — гэта маштабная праграма, якая з 2022 года спрыяе развіццю незалежнай беларускай культуры як унутры краіны, так і за яе межамі. Ініцыятыва рэалізуецца Беларускай Радай культуры ў партнёрстве з Дацкім інстытутам культуры і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.