У новым конкурсным коле па Трэку 1 «Арганізацыйнае развіццё» праграмы ArtPower Belarus падтрымку атрымалі 14 праектаў. Гэты кірунак падтрымлівае беларускія культурніцкія арганізацыі і ініцыятывы, якія працуюць над сваім доўгатэрміновым развіццём, умацаваннем каманды і ўнутраных працэсаў.
У адрозненне ад грантаў на рэалізацыю асобных культурніцкіх праектаў, Трэк 1 скіраваны на развіццё саміх арганізацый. Ён дапамагае беларускім культурніцкім інстытуцыям будаваць аснову для будучай працы: распрацоўваць стратэгіі, умацоўваць кіраванне, паляпшаць фінансавыя і арганізацыйныя працэсы, развіваць партнёрствы і працаваць з аўдыторыямі.
«Большасць заяўнікаў прайшлі ментарскую падтрымку па арганізацыйным развіцці, каб правесці самаацэнку патэнцыялу сваёй ініцыятывы і скласці план дзеянняў. Гэта вельмі каштоўны працэс, бо ён дапамагае камандам шчыра адказаць сабе на пытанні пра ўстойлівасць, перспектывы і будучыню сваёй працы, убачыць свае моцныя бакі і зоны росту. Ментарынг, у сваю чаргу, дапамагаe вызначыць прыярытэты і падказваe якія крокі варта зрабіць ужо сёння, каб заўтра адчуваць сябе больш упэўнена і мець трывалую аснову для развіцця», — адзначыла каманда ArtPower Belarus.
Усе заяўкі прайшлі шматступеньчатую працэдуру ацэнкі. Спачатку яны правяраліся на адпаведнасць умовам праграмы, пасля чаго кожную заяўку незалежна разглядалі два эксперты па ацэнцы. Фінальнае рашэнне прымала адборачная камісія ArtPower Belarus з улікам экспертных ацэнак.