Удзельнікі і удзельніцы першай беларуска-брытанскай сэсіі

Падтрымка свабоды і культуры: пра што дэмакратычныя сілы дамовіліся з брытанскімі калегамі

Удзельнікі і удзельніцы першай беларуска-брытанскай сэсіі

21 сакавіка 2025 года ў Лондане адбыліся першыя кансультацыі паміж Міністэрствам замежных спраў, па справах Садружнасці і развіцця Вялікабрытаніі (FCDO) і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. У мерапрыемстве ўзялі  ўдзел прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, беларускіх няўрадавых арганізацый і грамадзянскай супольнасці, у тым ліку прадстаўніца Беларускай Рады культуры.

Кансультацыі ахапілі тры асноўныя кірункі: палітычныя пытанні і сітуацыю з правамі чалавека, культуру і адукацыю, а таксама медыя і супрацьдзеянне прапагандзе.

У палітычным блоку ўдзельнікі асудзілі грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, незаконнае ўтрыманне больш за 1200 палітвязняў, а таксама рэпрэсіўныя метады рэжыму Лукашэнкі, уключаючы транснацыянальныя рэпрэсіі і суды завочна. Абмяркоўвалася і ўзмацненне залежнасці рэжыму ад Расіі, асабліва ў кантэксце вайны ва Украіне. Беларускія дэмакратычныя сілы і прадстаўнікі Вялікабрытаніі выказалі салідарнасць з Украінай і падкрэслілі важнасць захавання міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі праз санкцыі і іншыя міжнародныя механізмы.

Другі блок быў прысвечаны культуры, адукацыі беларускай дыяспары. Адзначалася цяжкае становішча беларускай культуры ўнутры краіны, дзе сістэматычна закрываюцца  прыватныя ўстановы адукацыі, узмацняецца цэнзура, знішчаецца беларускамоўнае навучанне, а дзяржаўная палітыка актыўна навязвае ідэалогію “русского мира“. У якасці супрацьдзеяння адзначаліся паспяховыя прыклады незалежных культурніцкіх і адукацыйных праектаў за мяжой, такія як ArtPower Belarus, Vasmіnoh, праграмы падтрымкі мабільнасці, дзейнасць ЕГУ і праграмы Каліноўскага. Удзельнікі падкрэслілі неабходнасць устойлівага фінансавання, уключэння беларускіх арганізацый дыяспары ў міжнародныя праграмы і падтрымкі стварэння спецыяльнага культурна-грамадзянскага хаба ў Вялікабрытаніі.

У трэцім блоку кансультацый гаворка ішла пра беларускія незалежныя медыя і спосабы супрацьдзеяння расійскай прапагандзе, якая шырока распаўсюджваецца ў Беларусі. Удзельнікі абмеркавалі негатыўны ўплыў расійскіх медыя, выклікі пасля замарожвання праграмы і USAID, а таксама неабходнасць падтрымкі беларускіх незалежных СМІ. Падкрэслівалася важнасць міжнароднай дапамогі ў медыйнай сферы, падрыхтоўцы журналістаў і развіцці сістэм супрацьдзеяння прапагандзе праз адукацыю і інфармацыйныя кампаніі.

Як адзначыла прадстаўніца Беларускай Рады культуры Надзея Гарэцкая:

«Гэта сустрэча сапраўды была незвычайнай, брытанскі бок прыклаў немалыя намаганні, каб беларуская дэлегацыя прыбыла ў Лондан. Кожная панэль суправаджалася разгорнутай дыскусіяй, пошукам агульных інтарэсаў. Важна адзначыць, што развіццё і падтрымку незалежнай культуры бакі ўспрымаюць як ключавы фактар дасягнення бяспекі ў рэгіёне».

Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся пра актыўную стратэгічную супрацу. Беларуская дэлегацыя прапанавала канкрэтныя формы супрацоўніцтва, у тым ліку распрацоўка адукацыйных праграм для беларускіх актывістаў і журналістаў, стварэнне доўгатэрміновых механізмаў фінансавай падтрымкі культурніцкіх  ініцыятыў і праектаў дыяспары, рэалізацыя сумесных культурніцкіх  і адукацыйных праграм у супрацоўніцтве з вядучымі брытанскімі ўстановамі. Брытанскі бок выказаў згоду ў сумесным супрацьстаянні ідэалогіі рускага міру, падтрымку беларускай супольнасці і пытання Беларусі на павестцы дня, асабліва ў час перамоваў пра завяршэнне вайны.

Гэтая сустрэча стала першым этапам у развіцці адносін паміж Вялікабрытаніяй і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, а таксама паказала, што беларуская дэмакратычная супольнасць з’яўляецца паўнавартасным партнёрам у пабудове будучай свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Наступным крокам стане праца ў групах з прыцягненнем іншых арганізацый і зацікаўленых бакоў як з беларускага так і брытанскага боку.

Таксама паглядзіце

25 сакавіка мы адзначаем Дзень Волі — свята, якое стала сімвалам імкнення да свабоды, годнасці і праўды. Больш чым праз стагоддзе гісторыі, …

21 сакавіка 2025 года ў Лондане адбыліся першыя кансультацыі паміж Міністэрствам замежных спраў, па справах Садружнасці і развіцця Вялікабрытаніі (FCDO) і беларускімі …