Вынікі базавага даследавання
Перад вамі – кроткая версія аналітычнай працы, якая прапануе ўсебаковае даследаванне адметнасцяў дзейнасці ключавых арганізацый і значных фігур беларускае культуры – як унутры краіны, так і за яе межамі – разам з аналізам умоваў, што ўплывалі на іх існаванне з восені 2024 да восені 2025 года. Яна праводзілася Беларускай Радай культуры ў супрацы з Дацкім інстытутам культуры ў межах праграмы ArtPower Belarus, што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.
Папярэднія даследаванні, праведзеныя ў 2023 і 2024 гадах з падобнымі мэтамі пасля запуску праграмы, даступныя тут і тут.
Падчас працы выкарыстаная методыка, сфармаваная ў дзвюх папярэдніх ацэнках стану развіцця поля незалежнай беларускай культуры, што дазваляе супастаўляць атрыманыя сёлета дадзеныя з вынікамі леташняй залеташняй работ.
Мэты даследавання – апісаць поле арганізацыяў ды ініцыятываў, дзейнасць якіх скіраваная на развіццё і прасоўванне беларускай культуры, прааналізаваць праблемы і перспектывы іх развіцця, а таксама ацаніць змены і дынаміку ў беларускім культурным полі за апошні год, пачынаючы з восені 2024-га.

Асноўны метад – напалову структураваныя інтэрв’ю з культурніцкімі лідарамі і актывістамі. Выбарка рэспандэнтаў была збалансаваная адносна тэмы дзейнасці паводле вылучаных галінаў культуры. Усяго былі праведзеныя 19 інтэрв’ю.
У якасці дадатковага метаду было праведзенае онлайн-апытанне беларускіх культурніцкіх арганізацыяў ды ініцыятываў. У ім узялі ўдзел 50 арганізацыяў рознага кірунку. Вынікі апытання не прэтэндуюць на рэпрэзентатыўнасць, але варта адзначыць, што ў даследаванні ўзялі ўдзел арганізацыі з рознымі характарыстыкамі і бэкграўндам. Размеркаванне ўдзельнікаў апытання паводле асноўных характарыстык (фармальны статус актара, тэматычны кірунак дзейнасці, перыяд існавання) даволі блізкае да агульнай карціны сектару, якую мы ў стане зафіксаваць праз аналіз адкрытых крыніцаў. Адзіная характарыстыка, пра якую мы не можам сказаць пэўна, – размеркаванне арганізацыяў паводле крытэру знаходжання звонку / у краіне, бо з прычынаў бяспекі апытанне было цалкам ананімнае. Комплексны аналіз анкетаў дазваляе заўважыць, што сярод рэспандэнтаў ёсць культурніцкія дзеячы з Беларусі, але нічога больш дакладнага вызначыць нельга.
Эмпірычнаю базаю даследавання сталіся таксама адкрытыя медыйныя матэрыялы, допісы ў сацыяльных сетках, а таксама аналітычныя і даследчыя матэрыялы на тэму.
Тэрміны правядзення даследавання: жнівень – кастрычнік 2025 году.
Галоўныя высновы (разгарнуць)
1. Культурная эміграцыя на розных хуткасцях. Летась даследчыкі канстатавалі наяўнасць дзвюх ідэальных (у сэнсе чысціні) мадэляў развіцця: 1) утрыманне на трэку 2020 году і працяг палітычна-пратэставага дыскурсу з апораю на касцяк нацыянальна ангажаваных эмігрантаў-беларусаў; 2) спробы выхаду з гэтага аўдыторнага кола і знаходжання шляху рэалізацыі ў міжнароднай культурнай прасторы.
Актуальны аналіз паказвае адыход ад мадэлі развіцця, пабудаванай на салідарнасці міжнароднай супольнасці і пратэсных беларусаў. Пошук новых пунктаў апоры як у фінансах, так і ў тэме творчасці бачым па ўсёй плошчы эмігранцкага культурнага поля. Але вынік і паспяховасць гэтага працэсу вельмі неаднародныя. Ёсць культурныя кірункі і актары, што іх рэпрэзентуюць, якія за 5 гадоў значна паглыбіліся ў замежны культурны ландшафт і даволі камфортна ўжо сябе ў ім адчуваюць, а ёсць і тыя, хто толькі пачынае гэты шлях.
2. Устаноўка на мультыкультурнасць як новая магчымасць для інтэграцыі беларускай культуры ў еўрапейскі ландшафт. У мінулым даследаванні аўтары пісалі, як няпроста захоўваць ідэнтычнасць і сувязі з Беларуссю на шляху да інтэграцыі ў культурны ландшафт замежжа. Тады адзначалі рызыку зліцця з еўрапейскім кантэкстам, змяншэнне вытворчасці культурніцкай прадукцыі па-беларуску і з выразным беларускім кампанентам. Да таго ж пасля піку міжнароднай увагі 2020–2021 гадоў заўважнасць беларускай культуры на замежнай сцэне адчувальна знізілася. Цяпер можна адзначыць, што ў гэтай супярэчнасці з’явілася пазітыўнае вымярэнне: беларуская культура ў замежжы, не губляючы самой сябе, можа дэманстраваць адкрытасць да іншых культураў, а таксама знаходзіць прастору для развіцця і пашырэння творчага арэалу (праз эксперыментальныя практыкі, напрыклад, мультымоўе).
3. Незалежная культура ў краіне: новая архітэктура публічнасці. З 2020 году палітычныя, прававыя і ідэалагічныя ўмовы застаюцца неспрыяльнымі для творчасці. Цэлы шэраг важных кірункаў культурніцкай дзейнасці і дзеячы выкрасленыя з публічнага жыцця. Тым не менш за 5 гадоў публічнае поле напоўнілася рознымі ініцыятывамі і прадуктамі, якія выраслі па-за межамі дзяржаўнай інфраструктуры. Колькасць падзеяў, аб’ём творчай прадукцыі гавораць пра сфармаванасць новага легальнага і публічнага незалежнага культурнага поля.
Назіраць развіццё гэтага працэсу можна было прыкладна з канца 2022 году. Натуральна, гаворка не пра выхад з падполля творцаў, якія трапілі ў негалосныя чорныя спісы і атрымалі фактычную забарону на прафесію (хаця ёсць нямала актараў, якія адаптаваліся да сітуацыі і праз камерцыйныя ці самаакупныя праекты здолелі выйсці з творчага небыцця), але агулам пра адбудову архітэктуры публічнай прысутнасці незалежнай (часцей забаўляльнай паводле формы і бяспечнай паводле зместу) культуры са сваймі правіламі, пунктамі прыцягнення, супольнасцямі і больш ці менш аўтаномнымі працэсамі. Але апісаныя тут працэсы суіснавання незалежнай культуры і моцна ідэалагізаванай дзяржаўнай не пазбаўленыя нечаканасцяў і рызык.
Таксама варта адзначыць існаванне і пашырэнне фарматаў культурнай вытворчасці і трансляцыі, характэрнай асаблівасцю якіх з’яўляецца наўмыснае пазбяганне публічнасці. Кватэрнікі, вечарыны для даверанага кола ды іншыя фарматы працягваюць быць натуральнаю справаю для беларускага арт-кам’юніці.
4. Нацыянальнае праз забаўляльнае – фрагментарнае аднаўленне культурнага поля ў Беларусі. З канца 2022 году ў Беларусі можна было назіраць паступовае аднаўленне культурніцкага жыцця. Можна бачыць, што поле збольшага развіваецца ў забаўляльным рэгістры і працуе, хутчэй, на атрыманне асалоды ад новага досведу або на культурніцкую рэкрэацыю. Публічнае мастацтва, за рэдкім выключэннем, трымаецца як мага далей ад актуальных грамадскіх праблемаў, ідэалагічна табуяваных, канфліктных альбо небяспечных тэмаў. Творцы разважаюць на вечныя і нібыта далёкія ад беларускай злабадзённасці тэмы (любоў, жыццё і смерць, прырода і г. д.), а спажыўцам прапануюць шмат фарматаў творча-інтэлектуальнага адпачынку. Але сярод гэтых лёгкіх фарматаў можна знайсці і грунтоўныя культурніцкія зместы, якія актуалізуюцца праз гэтыя самыя вечныя тэмы.
Падобным чынам спрацоўваюць шматлікія ініцыятывы, прысвечаныя этна- і фолк-тэме, нацыянальнай спадчыне і традыцыям: яны могуць не адрознівацца характарам ад умоўна забаўляльных праектаў, але маюць выразную каштоўнасную надбудову, якая, з аднаго боку, збірае аўдыторыю з пэўнымі поглядамі, а з другога – працуе на вонкавы контур, рэпрэзентуючы і ўмацоўваючы беларускую нацыянальную ідэнтычнасць у больш шырокія колы.
5. Беларуская культурная і ідэалагічная палітыка: паміж беларусізацыяй і саветызацыяй. Тэндэнцыя, вяртанне якой можна даволі ўпэўнена фіксаваць, – маўклівы дазвол на беларускае з боку афіцыйнай культуры. Гаворка пра палітыку пасіўнага, а часам і актыўнага дазволу, падтрымання, стварэння і распаўсюджвання прабеларускага кантэнту і івэнтаў. Ад культурнай адлігі 2015–2019 гадоў працэс адрозніваецца найперш больш вузкімі рамкамі дазволенага (і нашмат большымі рызыкамі), а таксама прадугледжваннем флагманскай ролі дзяржаўных установаў культуры або надзейных прадзяржаўных пляцовак.
Але такая “мяккая беларусізацыя зверху” парадаксальным чынам ураўнаважваецца апеляцыяй у публічным полі да гістарычнага досведу жыцця ў савецкай дзяржаве. Гэтак, у год “80-годдзя Вялікай Перамогі” на дзяржаўных пляцоўках, апроч тэматыкі, непасрэдна звязанай з вайной і вызваленнем Беларусі і Еўропы ад фашызму, знайшлі месца падзеі і выставы, прысвечаныя дзеячам савецкага перыяду, і іншы “настальгічны” кантэнт. Такім чынам, на ўзроўні культурніцкай палітыкі прапануюцца дзве альтэрнатывы, пакліканыя нейтралізаваць ультранацыянальны дыскурс “русского мира”: альтэрнатыўнае нацыянальнае і пазанацыянальнае савецкае.
Базуючыся на аналізе бягучых працэсаў і намацаных трэндах, можна сфармуляваць візіянерскую гіпотэзу пра нацыянальны наратыў як шанец на паразуменне. Сёння ў Беларусі фармуецца ці прынамсі мае магчымасць сфармавацца платформа нацыянальнага наратыву, дзе сыдуцца розныя аўдыторыі, раздзеленыя палітычнымі падзеямі 2020-га. Гаворка як пра грамадскі кансэнсус наконт каштоўнасцяў і здабыткаў нацыянальнай культуры, гэтак і пра агульныя прасторы, якія дазваляюць дзейнасную супрысутнасць і хаця б мінімальнае ўзаемадзеянне паміж былымі рознымі бакамі барыкадаў.
Складана сказаць, ці ўвасобіцца нашая здагадка ў рэчаіснасць, можна пакуль гаварыць толькі пра тое, што падмурак для непрымусовай і доўгатэрміновай гармоніі ў беларускім грамадстве існуе.