1_People of Salt_2024Photo credits_Jonas Verespej 14

Нататкі на палях львоўскага экспертнага форуму імя Астрожскіх

Ужо пяты раз у Львове прайшоў экспертны форум імя князёў Астрожскіх – адна з нешматлікіх сталых пляцовак беларуска-ўкраінскага дыялогу. Вельмі важна, што сёлета падзея ўпершыню адбылася пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Украіны.

Форум імя Астрожскіх. Львоў, Украіна. 20 лістапада 2026 года. Фота: Алесь Мінаў / Белсат

Праграма форуму добра адлюстроўвае кола пытанняў, якія сёння паўстаюць у беларуска-ўкраінскіх адносінах. Як змяніліся гэтыя адносіны на пятым годзе поўнамаштабнай вайны? Ці можа Украіна стаць адным з цэнтраў Новай Беларусі? Як успрымаюць беларусаў ва ўкраінскім грамадстве? Якія магчымасці для супрацы адкрывае сфера адукацыі і як выбудоўваць дыялог вакол складаных пытанняў агульнай гісторыі?

Для нас асабліва важна, што ў гэтым пераважна палітычным і экспертным парадку дня ёсць месца для размовы пра культуру і беларускую мову. Прычым не толькі ў кантэксце захавання нацыянальнай ідэнтычнасці, але і ў кантэксце сённяншіх і заўтрашніх адносінаў паміж дзвюма краінамі, двума народамі.

Варта адзначыць, што форум не абмяжоўваецца двухдзённымі дыскусіямі, але запускае і падтрымлівае важныя працэсы. Сярод іх – круглы стол беларускіх і ўкраінскіх гісторыкаў, якія ўжо некалькі гадоў планамерна працуюць над фармаваннем гістарычнага дыялогу, а таксама Індэкс беларуска-ўкраінскіх адносінаў, які дазваляе адсочваць іх дынаміку.

Хацелася б, каб з часам падобную пераемнасць і сістэмнасць набыло і культурніцкае супрацоўніцтва.

Што адбываецца ў полі культуры?

Ужо другі раз культурніцкая панэль форуму была арганізаваная сумесна з Беларускай Радай культуры. Сёлета мадэратаркай дыскусіі «Культура супраць імперскага ўплыву: беларуска-ўкраінскае партнёрства ў час вайны» выступіла каардынатарка аналітыкі Рады Марыя А.

Гаварылі пра магчымасці супрацоўніцтва беларускіх і ўкраінскіх культурніцкіх інстытуцый і творцаў, пра ролю культуры ў супрацьстаянні расійскаму імперскаму ўплыву, пра агульную спадчыну і, што не менш важна, пра неабходнасць лепш пазнаваць адно аднаго праз сучасную культуру.

Падчас панэлі быў прэзентаваны абноўлены мапінг беларуска-ўкраінскіх культурніцкіх адносінаў за 2022–2026 гады, які цяпер налічвае ўжо больш як 60 праектаў і ініцыятыў.

І гэта, бадай, адна з добрых нагодаў для асцярожнага аптымізму. Нягледзячы на надзвычай складаны кантэкст беларуска-ўкраінскіх адносінаў, культурніцкая супраца не спынілася. Яна працягваецца, набывае розныя формы і фарматы, у яе ўключаюцца новыя творцы і арганізацыі. Аднак складанасць у тым, што гэты досвед не заўсёды дастаткова бачны нават унутры саміх культурніцкіх супольнасцяў.

Адсюль і патрэба ў больш актыўнай папулярызацыі як ужо рэалізаваных супольных праектаў, так і сучаснай беларускай культуры ва Украіне ды ўкраінскай культуры ў беларускім грамадстве. І тут важную ролю магла б адыграць супраца беларускіх незалежных і ўкраінскіх медыя. Наколькі добра мы ведаем сучаснае культурніцкае жыццё адно аднаго? Ці дастаткова ў нашай медыйнай прасторы матэрыялаў, якія дазваляюць вывучаць суседнюю краіну не толькі праз палітычныя навіны?

Пры гэтым мы маем яшчэ адну каштоўную магчымасць, якой, падаецца, не заўсёды карыстаемся напоўніцу, – магчымасць непасрэднай камунікацыі на сваіх нацыянальных мовах. Беларусы і ўкраінцы могуць весці дыялог, размаўляючы кожны на сваёй мове, без перакладу і без неабходнасці звяртацца да расійскай мовы як мовы-пасярэдніцы. І сам форум стаў добрым прыкладам такой камунікацыі.

Варта было б часцей ствараць прасторы для такога непасрэднага кантакту – ад супольных публічных дыскусій і творчых сустрэч да інтэрв’ю, падкастаў і іншых медыйных фарматаў. Бо гэта таксама шлях да лепшага ўзаемнага пазнання і пераадолення стэрэатыпаў.

Па-за межамі экспертных дыскусій

Форум імя Астрожскіх у Львове – гэта яшчэ і магчымасць пабачыцца з беларусамі і беларускамі, якія працягваюць жыць ва Украіне. І часам размовы па-за межамі афіцыйнай праграмы дазваляюць не менш даведацца пра рэальны стан беларуска-ўкраінскіх адносінаў, чым самі экспертныя дыскусіі.

Так, сёння надзвычай няпроста падтрымліваць беларускае культурніцкае жыццё ва Украіне. Арганізацыя нават невялікіх сустрэч і імпрэзаў патрабуе значных высілкаў, а ўся гэтая праца адбываецца пераважна на валанцёрскіх пачатках. Пры гэтым ёсць досвед падтрымкі з боку ўкраінскіх партнёраў: для беларускіх сустрэч свае дзверы адчыняюць гарадскія культурніцкія прасторы, бібліятэкі.

Аднак за апошнія гады ў беларускай культурніцкай прасторы за межамі краіны шмат што адбылося: выходзяць новыя кнігі, засноўваюцца культурніцкія і адукацыйныя ініцыятывы, беларускія музыкі і мастакі актыўна прадстаўляюць свае новыя творы на еўрапейскіх пляцоўках. Аднак доступ да значнай часткі гэтых культурніцкіх прадуктаў для беларусаў ва Украіне застаецца закрытым. 

А мы, ці дастаткова мы ўлічваем беларусаў ва Украіне, калі гаворым пра адзіную беларускую культурніцкую прастору, якая сёння існуе па-за геаграфічнымі межамі Беларусі?

З чым вяртаемся са Львова?

Адно з найбольш пазітыўных уражанняў ад сёлетняга форуму – з украінскага боку падчас розных панэляў гучала жаданне супрацы з беларусамі. І гэта важна.

Праўда, пакуль не заўсёды зразумела, у якіх фармах такая супраца можа адбывацца. Застаюцца складанасці з перасячэннем мяжы для беларусаў, бракуе рэсурсаў і механізмаў, якія дазволілі б ператварыць узаемную зацікаўленасць у рэгулярнае супрацоўніцтва.

Магчыма, менавіта цяпер варта больш прадметна паразважаць над тым, што мы як беларуская культурніцкая супольнасць можам прапанаваць украінскім партнёрам, які досвед можам пераняць у іх і што можам рабіць разам.

І, што асабліва важна, – не адкладаць гэтую размову да заканчэння вайны ці палітычных зменаў у Беларусі. Бо ўжо сёння ёсць творцы, культурніцкія дзеячы, ініцыятывы, досвед супрацы і, як паказаў сёлетні форум, зацікаўленасць з абодвух бакоў.

Таксама паглядзіце

У Берліне адбылася беларуска-нямецкая сустрэча, якая сабрала больш за 30 прадстаўнікоў культурніцкіх і грамадскіх арганізацый з Польшчы, Літвы і Германіі. Удзельнікі пазнаёміліся …

Літаратура: Паміж «тут» і «там» Кіно: Два люстэркі для нацыі Тэатр: Вымушаны курс на Усход Музыка: Замежныя зоркі на фэсце ў Мінску …