17 кастрычніка памёр японскі пісьменнік Ру Муракамі. Яму было 74 гады. У Беларусі пяць ягоных кніг прызнаныя здольнымі нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам. Наўрад ці Муракамі паспеў даведацца, што ягоныя кнігі забароненыя ў далёкай краіне. Ці мог ён уявіць, што творы, у якіх ён даследаваў цёмныя бакі японскага грамадства, тут палічаць пагрозай нацыянальным інтарэсам? Чым менавіта японскі пісьменнік мог пагражаць Беларусі? За гэтым абсурдам стаіць цалкам рэальная і ўжо добра знаёмая нам логіка, піша ў калонцы для «Люстэрка» намесніца дырэктара Беларускай рады Надзея Гарэцкая.

У 2021 годзе, калі сілавікі прыйшлі з ператрусам у маю кватэру, іх асабліва зацікавіла хатняя бібліятэка. Кнігі выцягвалі з паліц, разглядалі вокладкі, назвы, часам звярталі ўвагу на выдавецтва. Відавочна, іх змест нікога асабліва не цікавіў. Небяспеку шукалі ў колерах, словах на вокладцы, нейкіх знешніх прыкметах.
Цяпер у пэўным сэнсе такая адвольнасць стала адной з характэрных рыс беларускай цэнзуры. Адны кнігі трапляюць у спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», іншыя прызнаюцца шкоднымі для нацыянальных інтарэсаў, трэція проста знікаюць з публічнай прасторы. Паводле праекта Беларускага ПЭНа Belarus. Banned Books, пасля 2020 года пад розныя формы забаронаў трапілі больш за 390 кніг, а абмежаванні закранулі больш за 324 аўтараў і аўтарак. Абсурднасць такіх рашэнняў добра бачная на прыкладзе беларускамоўнага выдання дзіцячай кнігі Іосіфа Бродскага «Балада пра маленькі буксір». У 2022 годзе кнігу прызналі «экстрэмісцкай». Разабрацца, паводле якіх крытэрыяў прынялі такое рашэнне, не ўдаецца, таму застаецца толькі здагадвацца.
Калі крытэрыі небяспекі незразумелыя, ніхто не можа быць упэўнены, што заўтра пад забаронай не апынецца яшчэ адна кніга, аўтар ці цэлае выдавецтва. У такой атмасферы бібліятэкар можа вырашыць прыбраць кнігу з паліцы, кнігар — адмовіцца ад яе продажу, выдавец — не рызыкаваць з рукапісам. А пісьменнік пачынае задумвацца, ці варта наогул пісаць на пэўную тэму.
Так узнікае самацэнзура. Яе наступствы значна цяжэй падлічыць: мы ведаем, колькі кніг забаронена, але ніколі дакладна не даведаемся, колькі не было напісана, не выдадзена ці не прачытана з прычыны страху.
Калі знікаюць не толькі кнігі
Цэнзура стала часткай значна шырэйшага працэсу — паступовага разбурэння незалежнага кнігавыдання ў Беларусі.
У 2022 годзе прыпынілі дзейнасць выдавецтваў «Галіяфы», «Медысонт», «Лімарыус» і «Кнігазбор», пазней частку з іх ліквідавалі. У 2023 годзе закрылі выдавецтва Змітра Коласа. А ў лютым 2026 года пасля ператрусу і канфіскацыі абсталявання спыніла працу «Тэхналогія» — адно з першых прыватных выдавецтваў Беларусі, якое працавала з 1988 года і мела 38-гадовую гісторыю.
За гэтымі назвамі — людзі, якія дзесяцігоддзямі стваралі беларускую кніжную прастору. Іх праца не абмяжоўвалася друкаваннем кніг. Яны знаходзілі аўтараў, працавалі з перакладчыкамі, рэдактарамі, мастакамі, дапамагалі кнігам трапляць да чытачоў. Фактычна стваралі тую культурніцкую інфраструктуру, якую цяжка заўважыць, пакуль яна існуе, і вельмі цяжка аднавіць, калі яна знікае.
У лютым гэтага года не стала выдаўца Рамана Цымберава. Пасля ягонай смерці спынілася і ягоная выдавецкая справа. Я ўпэўненая, што гады напружання і няпэўнасці не маглі не адбіцца на ягоным здароўі. Незалежным выдаўцам даводзілася працаваць не дзякуючы сістэме, а насуперак ёй, а гэта забірае куды больш сілаў.
У такіх гісторыях асабліва востра адчуваецца, што мы губляем не толькі выдавецкія назвы і магчымасць купіць пэўную кнігу. Мы губляем людзей, іх досвед, сувязі і веды, якія назапашваліся дзесяцігоддзямі. І наступствы гэтых страт выходзяць далёка за межы кніжнага рынку.
На якой мове мы адкрываем свет
Яны датычацца і таго, як новыя пакаленні знаёмяцца з літаратурай.
Варта паглядзець на школьную праграму, каб заўважыць, наколькі рознае месца ў адукацыі займаюць беларуская і руская літаратуры. Замежныя творы нярэдка вывучаюцца ў межах рускай літаратуры і праз рускія пераклады. Фармальна ніхто не забараняе знаёміцца з сусветнай літаратурай па-беларуску, але сама арганізацыя навучання часта прапануе дзецям менавіта рускую мову як звыклы шлях да сусветнай класікі.
Для мяне гэта не толькі пытанне навучальных планаў. Гэта пытанне прызмы, праз якую дзіця адкрывае свет літаратуры, і таго, наколькі натуральным для яго становіцца існаванне розных гісторый па-беларуску.
Мае дзеці пачалі чытаць «Гары Потэра» па-беларуску і глядзелі фільмы ў беларускай агучцы. У іх уяўленні Гары размаўляў па-беларуску — так натуральна, нібыта іначай і быць не магло. Калі яны дайшлі да частак, якіх яшчэ не было ў беларускім перакладзе, чытанне пайшло павольней і ўжо не з той радасцю.
Тады я асабліва выразна зразумела, што беларуская мова была для іх не дадатковай умовай, а натуральным уваходам у гэты свет. І калі наступнай кнігі па-беларуску няма, губляецца не толькі пераклад. Перапыняецца пэўны чытацкі досвед.

І ўсё ж, нягледзячы на гэтыя страты і абмежаванні, беларускае кнігавыданне працягвае развівацца. Проста значная частка яго сёння існуе па-за межамі Беларусі.
Нядаўна я была на фестывалі «Прадмова» ў Вільні. На адносна невялікай плошчы размясціліся больш за дзесяць выдавецтваў. Людзі разглядалі кнігі, размаўлялі з выдаўцамі, выбіралі навінкі, а потым выходзілі з фестывалю з торбамі, поўнымі кніг. Я глядзела на іх і думала: значыць, ёсць каму чытаць і ёсць каму выдаваць.
Гэты вымушаны падзел беларускага жыцця на «тут» і «там» уплывае не толькі на тое, дзе сёння выдаюцца і прадаюцца кнігі. Ён усё больш адчувальны і ў самой літаратуры — у тэмах, сюжэтах і досведзе, які асэнсоўваюць пісьменнікі.
На гэта звяртае ўвагу эксперт у аглядзе беларускай культуры за ліпень — верасень 2026 года, падрыхтаваным Беларускай радай культуры. У ім згадваюцца два новыя раманы: «Глыбіня» Віктара Марціновіча, які жыве ў Беларусі і назірае за падзеямі знутры краіны, і «Падземныя пераходы» Альгерда Бахарэвіча, напісаны ў эміграцыі і ў значнай ступені пра эміграцыю.
«Для абедзвюх кніг важная і балючая тэма падзелу беларускага жыцця на „тут“ і „там“», — адзначаецца ў аглядзе.
Мы па-ранейшаму належым да адной культурнай прасторы, але ўсё часцей асэнсоўваем агульную рэчаіснасць з розных яе бакоў. І літаратура становіцца адным са спосабаў не страціць сувязь паміж гэтымі светамі. Але каб такая сувязь не перарывалася, недастаткова проста выдаваць кнігі. Трэба яшчэ зрабіць так, каб яны траплялі да чытачоў.

Зрэшты, не ўсе перашкоды можна пераадолець самім выдаўцам. Часам на шляху кнігі становяцца дзяржаўныя межы і абмежаванні на імпарт. Пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання Украіна забараніла камерцыйны імпарт выдавецкай прадукцыі з Беларусі і Расіі. У 2026 годзе абмежаванні на імпарт друкаванай прадукцыі беларускага і расійскага паходжання ўвяла і Латвія. Часам гэтыя рашэнні могуць падавацца прыкладам таго, што кнігі забараняюць не толькі ў аўтарытарных дзяржавах. Але тут важна адрозніваць мэты і механізмы. Ва Украіне і Латвіі гаворка ідзе пра імпартныя абмежаванні ў кантэксце вайны, бяспекі і супрацьдзеяння прапагандзе. У Беларусі ж асобныя кнігі і аўтары становяцца аб’ектам палітычнай і ідэалагічнай цэнзуры.
Попыт, які нікуды не знік
Было б няправільна думаць, што беларуская кніга сёння патрэбная толькі тым, хто з’ехаў.
Нават унутры Беларусі, нягледзячы на ўсе абмежаванні, працягвае існаваць попыт на беларускамоўную літаратуру. Я заўважаю гэта часам у зусім невялікіх штодзённых гісторыях. Нядаўна адна інтэрнэт-крама звярнулася ў беларускім Threads да чытачоў з просьбай падказаць, як назваць асобны раздзел з кнігамі на беларускай мове. У каментарах прапанавалі шмат варыянтаў. Спадзяюся, асобная палічка ўжо з’явілася.
У тым жа Threads бацькі абмяркоўваюць, дзе знайсці кнігі для маленькіх дзяцей, што лепш чытаць разам, якія выданні ёсць у бібліятэках і кнігарнях. Людзі дзеляцца ўражаннямі ад прачытанага, абменьваюцца кнігамі, ствараюць чытацкія клубы — і ў Беларусі, і за яе межамі.
Мне падаецца важным заўважаць гэтыя працэсы побач з гісторыямі рэпрэсій. Інакш можна стварыць памылковае ўражанне, нібыта беларускую літаратуру цалкам выціснулі з краіны, а яе будучыня магчымая толькі за мяжой. Насамрэч культурнае жыццё значна складанейшае, і яно працягваецца нават там, дзе магчымасцяў для яго застаецца ўсё менш.
У змаганні з бульдозерам

Калі я думаю пра гэтую настойлівасць выдаўцоў і чытачоў, мне ўспамінаецца адна з работ, прадстаўленых сёлета на Венецыянскім біенале.
У незалежным беларускім праекце Official. Unofficial. Belarus паказалі інсталяцыю Мікалая Халезіна «Сабакі Еўропы» — вялікі шар з забароненых кніг, заціснуты ў каўшы бульдозера. Коўш дэфармаваны, нібыта не вытрымаў цяжару кніг. Мне здаецца, гэта вельмі трапная метафара таго, што адбываецца з беларускай літаратурай. Можна забараняць творы, закрываць выдавецтвы, прыбіраць кнігі з бібліятэк, перашкаджаць іх распаўсюду. І ўсё гэта мае рэальныя, часам вельмі цяжкія наступствы. Але цалкам знішчыць літаратуру як жывую сувязь паміж людзьмі значна складаней.
Больш за тое, кнігі, якія ў Беларусі спрабуюць зрабіць нябачнымі, становяцца часткай міжнароднага мастацкага выказвання. Іх бачаць людзі, якія, магчыма, раней нічога не ведалі пра беларускую цэнзуру. Так літаратура працягвае гаварыць нават тады, калі ёй спрабуюць перашкодзіць.
Памяць, якую немагчыма выкрасліць
Напярэдадні Ночы расстраляных паэтаў гэты вобраз набывае для мяне яшчэ адно вымярэнне.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску расстралялі больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — сярод іх былі пісьменнікі, паэты, навукоўцы і культурныя дзеячы. Сённяшнія рэпрэсіі нельга наўпрост атаясамліваць са сталінскімі расстрэламі. Тады спрабавалі пазбавіцца не толькі ад людзей, але і ад памяці пра іх, ад іх твораў, ад магчымасці наступных пакаленняў адкрыць для сябе іх думкі.
І ўсё ж многія імёны вярнуліся. Іх кнігі перавыдаюцца, творы чытаюць, пра іх гавораць на літаратурных сустрэчах, іх памяці прысвячаюць імпрэзы. Штогод у канцы кастрычніка беларусы ў розных краінах збіраюцца, каб згадаць тых, каго спрабавалі прымусіць замаўчаць назаўсёды.
Вядома, вяртанне гэтых імёнаў не адмяняе трагедыі. Імпрэзы памяці не замяняюць патрэбы асуджэння злачынстваў камунізму. Сённяшнія поспехі беларускіх пісьменнікаў за мяжой не адмяняюць шкоды, якую цэнзура наносіць літаратуры ў самой Беларусі. І ўсё ж, як паказвае інсталяцыя з Венецыянскага біенале, кнігі часам аказваюцца мацнейшымі за машыну, якая спрабуе іх раздушыць.