У Афінах, у Goethe-Institut Griechenland, у рамках Refugee Week Greece прайшла падзея Stories of Courage and Solidarity – прэзентацыя новага мапінг-даследавання бяспечных прастораў для мастакоў і дзеячаў культуры ў выгнанні ва Усходняй Еўропе, а пасля – дыскусія з мастакамі і арганізацыямі, якія працуюць з гэтай тэмай. Сярод удзельнікаў дыскусіі была і прадстаўніца Беларускай Рады культуры – дырэктарка па развіцці Эліна Калнібалоцкая.
У сваёй калонцы пра беларускую культурніцкую міграцыю ў еўрапейскім кантэксце Эліна дзеліцца ўражаннямі з афінскай падзеі, а таксама разважае пра адметнае/не-адметнае месца беларускіх творцаў на мапе мастакоў-мігрантаў Еўропы.
***
Прызнаюся шчыра: сама дыскусія не прынесла мне інсайтаў. За адным сталом сабраліся людзі, якія працуюць з палестынскімі і ліванскімі арганізацыямі, з сірыйскімі і суданскімі бежанцамі – і на фоне іх выклікаў беларускія праблемы гучалі, па праўдзе, адасоблена. Але было адно, што паўтаралі кожная і кожны са спікераў, незалежна ад кантэксту: патрэба ў сувязях і абмене досведам, мабільнасцях, уключанасці культурніцкіх мігрантаў у прыняцце рашэнняў, якія тычацца іх лёсу, і – умовах для мяккай ды безбалеснай інтэграцыі ў новую супольнасць (доступ да банкаў, адукацыі, рынку працы). Гэтыя рэчы не залежаць ад таго, з якой краіны ты прыехаў і ад якой бяды бяжыш.
Гэтае назіранне і стала для мяне зачэпкай, каб паглядзець шырэй – на два дакументы, апублікаваныя незадоўга да афінскай падзеі і, як мне здаецца, тычацца адной і той жа рэальнасці, толькі з розных ракурсаў.
Адна рэгіянальная гісторыя, а не шэсць розных
Першы – зборнік Displaced Culture(s), выдадзены сеткай незалежных культурніцкіх арганізацый ICON× разам з Дацкім інстытутам культуры. Аўтары эсэ, што ўвайшлі ў выданне, аналізуюць культурную міграцыю ў шасці краінах Усходняга партнёрства – Арменіі, Азербайджане, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне – не як выпадковы збор нацыянальных крызісаў, а адзіны структурны працэс, які фарміруе рэгіён з 2020 года.

Гэта, бадай, найважнейшы момант для мяне: у гэтай рамцы Беларусь – не унікальны выпадак, а адзін з шасці раздзелаў адной і той жа гісторыі. Тое, што адбылося з беларускай культурай пасля 2020-га, апісанае побач з тым, што адбылося з грузінскай культурай пасля прыняцця “закону аб замежных агентах”, з армянскай – пасля вымушанага перасялення карабахскіх армянаў, з украінскай – пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Розныя прычыны, розная інтэнсіўнасць, але адна логіка: дзеячы культуры аказваюцца першымі ахвярамі рэпрэсій, аўтарытарызму і звужэння грамадзянскай прасторы.
Другі дакумент – мапінг-даследаванне для Goethe-Institut Athen (аўтарства Святланы Мінчэвай і Ірыні Вузелаку), якое разглядае ўжо не краіны паходжання, а краіны-рэцыпіенты для мігрантаў: Арменію, Балгарыю, Грэцыю, Польшчу, Румынію і Турцыю. І тут высновы вельмі падобныя: у кожнай з гэтых краін падтрымка мастакоў-мігрантаў – фрагментарная, залежная ад грантавых цыклаў, без сталай дзяржаўнай палітыкі. Дзяржавы рэагуюць на крызісы, а не будуюць структуры. Асноўны цяжар нясуць грамадзянская супольнасць, дыяспарныя ініцыятывы і міжнароднае фінансаванне – а не нацыянальныя бюджэты на культуру.

Цікава, што ў польскім раздзеле гэтага даследавання Беларуская Рада культуры сама трапіла ў спіс закартаграфаваных арганізацый – побач з украінскімі і польскімі структурамі.
Што нас яднае з іншымі
Калі скласці гэтыя два дакументы і досвед афінскай дыскусіі, вымалёўваецца некалькі характарыстык, агульных для ўсіх культурніцкіх мігрантаў рэгіёна, незалежна ад краіны паходжання:
- Структурнасць, а не эпізадычнасць. Культурная міграцыя – не серыя выключных крызісаў, а новы доўгатэрміновы стан, у якім рэгіён жыве ўжо шмат гадоў. Гэта тычыцца і грузінскіх, і армянскіх, і ўкраінскіх, і беларускіх дзеячаў культуры.
- Адсутнасць дзяржаўнай палітыкі ва ўсіх без выключэння краінах прыёму. Ні ў адной з шасці даследаваных краін няма сфармаванай палітыкі падтрымкі рэлакаваных творцаў – ёсць толькі праектнае, спарадычнае, залежнае ад донараў рэагаванне.
- Залежнасць ад грантавых цыклаў. Праграмы, створаныя ў момант крызісу, часта закрываюцца, калі крызісная ўвага і фінансаванне спадаюць – незалежна ад таго, ці гаворка пра ўкраінскіх, беларускіх, сірыйскіх ці афганскіх дзеячаў.
- DIY і самаарганізацыя як механізм выжывання. Там, дзе не хапае інстытутаў, узнікаюць гарызантальныя сеткі, архівы, рэзідэнцыі, платформы ўзаемнай падтрымкі – гэта агульная рыса і беларускага, і грузінскага, і шматлікіх іншых культурных палёў у выгнанні.
- Патрэбы, агучаныя ў Афінах, – не спецыфічна беларускія. Сувязі, абмен досведам, мабільнасць, уключэнне ў прыняцце рашэнняў, доступ да банкаў, адукацыі і рынку працы – тыя ж патрэбы, што фіксуе і мапінг-даследаванне Goethe-Institut як агульныя для ўсіх шасці краін прыёму.
Што нас адрознівае
Але было б няшчыра сказаць, што ўсе культурніцкія мігранты аднолькавыя і іх рэчаіснасці таксама роўныя. Ёсць рэаліі, якія робяць беларускі досвед іншым, – і гэта важна не для таго, каб настойваць на асобнасці, а каб разумець, дзе агульная рамка можа прытупляць спецыфіку.
Па-першае, маштаб і характар гвалту розныя. Сядзячы за адным сталом з арганізацыямі, якія працуюць з Палестынай і Ліванам, я адчувала, наколькі неадэкватна дробнымі могуць выглядаць беларускія праблемы на фоне войнаў і масавых чалавечых страт. Гэта не абясцэньвае беларускі досвед, але задае пытанне пра іерархію ўвагі і рэсурсаў у міжнароднай сістэме падтрымкі – пытанне, якое, дарэчы, узнікае і ў зборніку ICON×, калі заходзіць гаворка пра тое, як расійская культурная міграцыя ў Арменію атрымлівала больш эканамічных рэсурсаў і ўвагі, чым вымушанае перасяленне карабахскіх армян.
Па-другое, у беларускім выпадку існуе відавочны падзел на дзве рэальнасці: тых, хто застаўся ўнутры краіны, і тых, хто ў выгнанні. Даследчыца Ліза Сцяцко ў сваім эсэ пра Беларусь са зборніка Displaced Culture(s) падкрэслівае: культура ўнутры Беларусі вымушаная быць нябачнай, каб выжыць, тады як культура ў дыяспары можа будаваць музеі, архівы і адкрытыя платформы. Але культура, створаная за межамі Беларусі, таксама нясе адказнасць, якой няма, напрыклад, у грузінскага ці армянскага кантэксту: любая бачнасць дыяспары можа стварыць дадатковую рызыку для тых, хто ўнутры.
Па-трэцяе, пераход на беларускую мову ў эміграцыі – не толькі культурны, але і палітычны жэст дыстанцыявання ад расійскага імперскага погляду, які працягвае актыўна пашырацца у культурнай прасторы самой Беларусі. Гэтая лінія напружання – паміж уласнай мовай і русіфікацыяй – робіць беларускі кейс бліжэйшым да ўкраінскага, чым, скажам, да турэцкага ці румынскага.
Дык што з гэтым усім рабіць?
Калі беларуская культурная міграцыя – не выключэнне, а частка агульнаеўрапейскай рэальнасці, з гэтага вынікае некалькі практычных высноваў.
Першае: варта пераставаць прасіць падтрымку “для беларусаў” як унікальны кейс і больш актыўна ўбудоўвацца ў агульныя рэгіянальныя ўмовы – тыя ж, у якіх ужо існуюць ICON× ці мапінг Goethe-Institut. Там, дзе ёсць агульная рамка, ёсць і агульны голас, і больш шанцаў уплываць на палітыку на ўзроўні ЕС, а не толькі спадзявацца на разавыя праекты.
Другое: рэкамендацыі абодвух дакументаў – шматгадовае, а не праектнае фінансаванне; сталыя партнёрствы паміж дыяспарнымі і мясцовымі інстытуцыямі; уключэнне саміх рэлакаваных дзеячаў культуры ў прыняцце рашэнняў пра іх – амаль слова ў слова паўтараюць тое, што прагучала ў Афінах ад арганізацый, якія працуюць з зусім іншымі кантэкстамі. Гэта сігнал: рашэнні, патрэбныя беларускай культуры ў выгнанні, ужо сфармуляваныя на рэгіянальным узроўні – трэба не вынаходзіць іх нанова, а далучацца.
Трэцяе, і, бадай, найважнейшае: важна ўлічваць адначасова дзве рэчаіснасці. З аднаго боку – сваю спецыфіку: мову, дэкаланізацыю, падзел на “ўнутры” і “ў выгнанні”, адказнасць за тых, хто застаўся. З другога – сваю ўключанасць у большую еўрапейскую гісторыю культурнай міграцыі, дзе беларусы дзеляць лёс з грузінамі, армянамі, украінцамі, азербайджанцамі, малдаванамі – і, у шырэйшым сэнсе, з мастакамі з Сірыі, Афганістана, Ірана, Палестыны.
Мы не адзінокія ў сваім статусе. І гэта, урэшце, добрая навіна: значыць, ёсць з кім будаваць агульную інфраструктуру, а не толькі трымацца за ўласны, ізаляваны досвед страты.