backup-archivebynet-org

Калі беларускі інтэрнэт знікае, хто мусіць яго ратаваць?

“Я не магу захаваць гістарычны будынак або помнік у Беларусі, затое магу дапамагчы не згубіць беларускую лічбавую спадчыну. Магчыма, гэта проста мая асабістая схільнасць: я ўвогуле вельмі не люблю губляць даныя. Нядаўна знайшоў у сябе нават гісторыі SMS, экспартаваныя са старых кнопачных тэлефонаў з часоў, калі людзі яшчэ сапраўды перапісваліся праз SMS”.

З вамі рубрыка “ПрыСутнасць”. Тут друкуем меркаванні экспертаў у культуры з Беларусі і з замежжа. Пра тое, што ім баліць як прафесіяналам і як беларусам, пра іх адкрыцці, развагі і назіранні, іх думкі і высновы. 

Запрашаем і вас да сумеснага роздуму. Калі вы гатовыя падзяліцца ўласнымі назіраннямі, уражаннямі, пішыце нам: media@byculture.org 

У гэтай публікацыі праграміст, стваральнік праекта ArchiveByNet Іван Бахцін разважае пра беларускую лічбавую суб’ектнасць, а таксама дае адказ на пытанне: чаму дзяржава працягвае ўплываць на digital-рэчаіснасць беларусаў у эміграцыі.

*Меркаванні аўтараў могуць не супадаць з пазіцыяй Беларускай Рады культуры.


 

****
Перыядычна мне трапляюцца спасылкі на беларускія сайты, якіх больш няма. Думаю, вам таксама. Прычыны іх недасяжнасці могуць быць вельмі розныя: стваральнікам стала не да праекта, скончыліся грошы, нехта памёр, нешта згубілася пры пераездзе з аднаго сервера на іншы. Але вынік адзін – тое, што яшчэ нядаўна было часткай беларускай лічбавай прасторы, проста перастае існаваць.

Адзін з прыкладаў, які я часта згадваю, – letapis.by, дзе была прыгожая анімаваная стужка часу гісторыі нашых земляў. Цяпер яе няма. Дзе сёння tut.by з архівам навінаў за больш як дзясятак гадоў? Колькі яшчэ сайтаў, тэкстаў, баз даных, фатаграфій і іншых матэрыялаў мы ўжо страцілі або нават не заўважылі, што губляем?

Напэўна, з пачуцця «ды як жа так» у нейкі момант і з’явіўся ArchiveByNet – праект, які дае беларускім ініцыятывам магчымасць бясплатна захоўваць дадатковую копію сваіх даных. Але чым больш я гэтым займаюся, тым менш мне здаецца, што гаворка тут толькі пра бэкапы. У больш шырокім сэнсе гэта пытанне пра тое, наколькі мы самі кантралюем беларускую лічбавую прастору і ці гатовыя браць за яе адказнасць.

Дзяржава ўсё яшчэ ўплывае на нашу лічбавую прастору

Падаецца, што лічбавая прастора беларускай грамадзянскай супольнасці яшчэ не аддзялілася ад беларускай дзяржавы. Ёсць важныя праекты, якія дагэтуль працуюць на серверах у Беларусі, ёсць іх аўтары, якія жывуць у Беларусі. Ёсць Беларускі N-корпус, Нацыянальны лінгвістычны корпус беларускай мовы, з якога пасля абвяшчэння шматлікіх твораў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» была прыбраная вялікая колькасць тэкстаў.

Уплыў дзяржавы пры гэтым не абмяжоўваецца тым, дзе стаіць сервер. Беларусы за мяжой таксама часта маюць унутранага цэнзара: нехта яшчэ ездзіць у Беларусь, нехта хвалюецца за сваякоў, якія там засталіся, таму нават у эміграцыі чалавек працягвае думаць, што яму варта гаварыць і рабіць публічна, а чаго лепей не рабіць. Пра людзей унутры краіны і казаць няма чаго – там часам трэба думаць нават пра спасылку, якую ты адкрываеш або перасылаеш.

І, напэўна, самая непрыкметная частка гэтай страты – праекты, пра якія мы ніколі не даведаемся, бо іх патэнцыйныя стваральнікі вырашылі, што лепей не прыцягваць да сябе ўвагі.

Калі ў Еўропе гавораць пра digital sovereignty, часта маюць на ўвазе незалежнасць ад Big Tech, замежных воблачных сэрвісаў або аднаго тэхналагічнага пастаўшчыка. Для беларусаў я б пачынаў з больш простых пытанняў: дзе ляжаць нашы даныя, хто мае да іх доступ, што з імі будзе, калі заўтра знікне сайт, і хто ўвогуле адказвае за тое, што створанае сёння застанецца даступным праз дзесяць гадоў.

Доўгі час я сам пра гэта амаль не думаў, бо меркаваў, што нехта недзе неяк зробіць усё неабходнае. У пэўным сэнсе гэта інфантылізм. 

Усяго, што трэба захоўваць, вельмі шмат, а людзей, якія гэтым займаюцца, мала, таму ў нейкі момант я проста вырашыў дапамагчы тым, чым магу.

Я не магу захаваць гістарычны будынак або помнік у Беларусі, затое магу дапамагчы не згубіць беларускую лічбавую спадчыну. Магчыма, гэта проста мая асабістая схільнасць: я ўвогуле вельмі не люблю губляць даныя. Нядаўна знайшоў у сябе нават гісторыі SMS, экспартаваныя са старых кнопачных тэлефонаў з часоў, калі людзі яшчэ сапраўды перапісваліся праз SMS.

У захаванні даных ёсць вядомае правіла 3–2–1: трэба мець тры копіі, захоўваць іх як мінімум на двух розных тыпах носьбітаў і адну трымаць фізічна асобна ад астатніх. Таму і асабісты жорсткі дыск, і Google Drive – ужо лепш, чым нічога. ArchiveByNet не замяняе іх, а прапануе яшчэ адну копію – у іншым месцы, незалежна ад асноўнай інфраструктуры праекта.

Цяпер для гэтага выкарыстоўваюцца серверы AWS у Еўропе. Што да бяспекі, то сёння мы ў першую чаргу працуем з матэрыяламі, якія і так публічныя, таму груба кажучы, там няма чаго красці. Калі трэба захоўваць адчувальныя даныя, яны павінны быць зашыфраваныя самім карыстальнікам.

Пры гэтым тэхнічная бяспека – толькі частка праблемы. Гісторыя зніклых праектаў вучыць яшчэ і таму, што справа, што трымаецца на адным або двух людзях, заўсёды ўразлівая, якім бы надзейным ні быў сервер. Я гатовы падтрымліваць ArchiveByNet праз год, тры або пяць, але значна важней, каб з часам ён перастаў залежаць ад мяне. Праект павінен стаць інстытутам, які працягвае жыць, калі адны людзі сыходзяць, а іншыя прыходзяць. Дарасціць ArchiveByNet да такога стану – мая мара і мэта.

Сваё трэба не толькі ствараць, але і падтрымліваць

Увогуле, я даволі шырока разумею беларускі лічбавы суверэнітэт. Кожны незалежны беларускі праект – гэта яго маленькая частка. SVAE, Gronka, Peera, якія робяць Павел Лібер і людзі вакол яго, Кіберпартызаны, незалежныя медыя, культурніцкія і адукацыйныя платформы – усё, што беларусы ствараюць для беларусаў, павялічвае нашу суб’ектнасць.

Але тут ёсць яшчэ адна рэч, якой нам, на мой погляд, крытычна не хапае: беларусы павінны навучыцца самі плаціць за сваё, а не зыходзіць з таго, што гэта заўсёды аплацяць ЗША або Еўропа. Знешняя падтрымка можа быць вельмі важнай, але калі ўласная інфраструктура цалкам залежыць ад таго, ці будзе наступны грант, такую незалежнасць цяжка назваць устойлівай.

Можна пачаць з простага – падтрымліваць тое беларускае, чым сам карыстаешся. Стрымінг прыносіць музыкам капейчыну, а купіўшы іх музыку на Bandcamp, вы не толькі больш непасрэдна падтрымліваеце аўтара, але і атрымліваеце файлы, якія можаце захаваць у сябе. Праектам можна дапамагаць грашыма, працай, валанцёрствам. Калі нешта для нас важнае, лагічна ўдзельнічаць у тым, каб яно працягвала існаваць.

Для мяне асабіста ўсё гэта ўрэшце зводзіцца да вельмі простай рэчы: я лічу здабыткі беларускай культуры ў нейкім сэнсе сваімі і не хачу іх губляць.

Мне здаецца, адна з самых сур’ёзных праблем, якія стварыла беларуская дзяржава, – тое, што многія беларусы не прызвычаіліся ўспрымаць беларускае як сваё. Інакш цяжка патлумачыць, чаму можна грэбаваць мовай і гісторыяй, амаль не заўважаць, як занепадае гістарычная забудова і як беларускага становіцца ўсё менш навокал.

У лічбавым свеце гэта працуе гэтак жа. Пакуль сайт існуе, ён здаецца нечым натуральным і вечным. А потым аднойчы адкрываеш старую спасылку – і там ужо нічога няма.

Хачу, каб мы перасталі ўспрымаць такія страты як нешта непазбежнае. Лічбавы суверэнітэт для мяне пачынаецца не з тэхналогій і нават не з бэкапаў, а з разумення, што гэта наша і ніхто, акрамя нас саміх, не абавязаны гэта захоўваць.

Таксама паглядзіце

Увосень 2020 года, калі незалежны культурніцкі сектар сутыкнуўся з рэпрэсіямі, стратай інстытуцый і рэсурсаў, вымушанай эміграцыяй, была заснаваная Беларуская Рада культуры. З …

Праграма ArtPower Belarus абвяшчае старт новага конкурснага кола па Трэку 2. Творчыя праекты. Прыём заявак адкрываецца 24 верасня 2026 года і працягнецца …