Аляксандр Енджэеускі — акцёр і рэжысёр, які больш за 20 гадоў працаваў у Гродзенскім абласным тэатры лялек. У 2020 годзе ён паставіў свой першы дарослы спектакль разам з жонкай-сцэнаграфкай. А потым усё перакулілася: пратэсты, звальненне, немагчымасць працаваць, затрыманне і вымушаная эміграцыя.
Сёння ён зноў ставіць спектаклі. Не ў родным горадзе, а ў Беластоку. Але галоўнае — з энтузіязмам і гледачом. У гэтым яму дапамог ArtPower Belarus.

Ад тэатра да вымушанай ізаляцыі
«Я больш за дваццаць гадоў працаваў у тэатры акцёрам, рэжысёрам-пастаноўшчыкам, вёў канцэрты. У 2020 годзе разам з жонкай паставілі спектакль “Ванільнае марожанае з цытрынай” па Брэдберы. Гэта была мая дэбютная работа як рэжысёра».
Пасля выбараў Аляксандр далучыўся да пратэстаў.
«Я спрабаваў арганізаваць дыялог паміж людзьмі і ўладай. Не атрымалася. А потым — звальненне. Мяне выклікалі да дырэктара і сказалі: “Прыйшоў загад звольніць”. Мне нават прапанавалі даіграць у навагодніх ранішніках, але я падзякаваў і сышоў».
Праз некалькі месяцаў Аляксандр страціў не толькі працу ў тэатры. Дзяржаўныя арганізацыі разарвалі ўсе дамовы з яго ІП. Ніводная структура не хацела з ім супрацоўнічаць.
«Я хацеў уладкавацца ў санаторый, ужо ўсё ўзгаднілі, планы былі. Але пасля атрымалі характарыстыку і адмовілі».
У 2023 годзе яго затрымалі. «Калі я сыходзіў з кабінета, сказаў: “Да пабачэння”. А мне ў адказ: “Яшчэ пабачымся”. Тады я зразумеў, што трэба з’язджаць. У ліпені мы з сям’ёй выехалі ў Беласток».
Пачаць спачатку: вярнуцца да ідэі, якую не здолелі рэалізаваць
Разам з жонкай і акторкай Настассяй Сухоносік Аляксандр вырашыў вярнуцца да ідэі, якую выношваў яшчэ да эміграцыі. Усё пачалося яшчэ тады, калі яны, пасля звальнення з Гродзенскага тэатра лялек, спрабавалі падацца на культурніцкі конкурс. План быў просты, але ў той жа час кранальны: зрабіць мультпраект па апавяданнях беларускай пісьменніцы Вольгі Гапеевай.
Жонка Аляксандра рабіла лялькі, музыка для ролікаў пісалася сябрам і калегам Віталём Лявонавым, а ролікі здымаліся літаральна на каленцы, з выкарыстаннем дзіцячых цацак і падручных матэрыялаў. Аднак у 2022 годзе ўсё спынілася: пачалася вайна, фінансаванне скончылася, а мара засталася толькі ў эскізах і няскончаных спробах.

«Тады мы хацелі зрабіць мультпраект. Былі лялькі, музыка, ідэя. Цяпер усё перанеслі на сцэну. Гэта была спроба вярнуцца да сябе, праз тых персанажаў, праз гісторыі, якія мы любілі і ў якіх былі нашыя эмоцыі», — тлумачыць ён.
Калі сям’я апынулася ў Беластоку, дзе жылі многія сябры і калегі, адчуванне супольнасці і падтрымкі зноў дала надзею. Аляксандр з жонкай вырашылі вярнуцца да ідэі, але перанесці яе ў сцэнічны фармат. У гэты момант ArtPower Belarus абвясціў пра прыём заявак на фінансаванне праектаў, і Аляксандр вырашыў рызыкнуць:
«Гэта было як выцягнуць сябе за валасы з багны. Мы падалі заяўку, прайшлі ўсе этапы адбору і атрымалі фінансаванне ў памеры 5000».
З гэтымі сродкамі яны распачалі працу над спектаклем. Рэпетыцыі ішлі літаральна на падлозе, паміж сталом і кухоннай ракавінай. Усё стваралася з нуля, без фінансавых рэзерваў, у арэндным жытле, дзе ў адной з пакояў адначасова жылі і майстравалі сцэнічныя дэкарацыі.

«Мая жонка рабіла дэкарацыі і лялькі проста ў пакоі, дзе мы спалі. Жыць у майстэрні — гэта складана, раздражняльна, але вынік быў варты таго. Гэта быў не проста спектакль. Гэта быў наш выдых».
Спектакль, які сабраў 500 гледачоў і стаў пунктам вяртання
Пастаноўка «Сумны суп прызямліцца ў Гародні» атрымалася «малая, прыгожая, вясёлая», у духу твораў Гапеевай. Яна стаў для сям’і не толькі мастацкім праектам, але і псіхалагічнай тэрапіяй пасля двух гадоў пераследу і заняпаду.
Паказы прайшлі ў Беластоку ў Доме культуры моладзі, у тэатры лялек, а пазней, дзякуючы ўжо другому гранту мабільнасці — у Кракаве, Вроцлаве, у Музеі Вольнай Беларусі і нават у дзіцячым садку з беларускай мовай навучання. Агулам спектакль паглядзелі больш за 500 чалавек.
«Для мяне было важна, што шмат беларусаў змаглі паглядзець гэта бясплатна. Гэта і была мая галоўная радасць», — кажа Аляксандр.
Спектакль стаў крыніцай новага жыцця: з ёй яны пачалі з’яўляцца на культурніцкай мапе беларускай дыяспары, і з’явілася надзея, што творчасць не скончыцца.
Ад аднаго спектакля да Школы мастацтваў
Сёння Аляксандр працуе з дзецьмі і падлеткамі ў Беластоку. Яго студыя робіць спектаклі, навучае, дапамагае перажываць траўмы праз творчасць.
«Не ўсе пойдуць да псіхолага. Але праз сцэну, праз ролі, праз малюнак можна перажыць, выкрыкнуць, адчуць сябе».
У яго планах адкрыць Школу мастацтваў: для дзяцей, падлеткаў і дарослых.
«У нас ужо быў тэатральны майстар-клас для дарослых, і мы набралі групу за тры дні. Гэта запатрабавана. Хачу, каб школа ўключала і жывапіс, і сцэнічную мову, і арт-тэрапію. Бо гэта патрэбна ўсім».
«Грант — гэта люстэрка. Ты пішаш і нарэшце разумееш, чаго хочаш»
Працэс напісання заяўкі на грант стаў для Аляксандра адкрыццём:
«Калі ёсць ідэя — шукай спосаб яе рэалізаваць. А калі няма ідэі — гэта не страшна. У працэсе напісання заяўкі яна сама сябе знойдзе. Бо гэта як люстэрка: пакуль пішаш, пачынаеш разумець, чаго ты сапраўды хочаш. І нават калі табе адмовяць, у цябе ўжо ёсць напісаны тэкст, які можна даслаць кудысьці яшчэ».
А тым, хто баіцца ўдзельнічаць у грантавых конкурсах, Аляксандр раіць:
«Не слухайце нікога. Спрабуйце. Нават калі атрымаеце адмову, у вас ужо будзе гатовы тэкст, які можна даслаць кудысьці яшчэ. І галоўнае, не бойцеся прасіць дапамогі. Кожнаму праекту патрэбны менеджар, СММ-спецыяліст, каманда. Не цягніце ўсё на сабе. І памятайце: грант — гэта не толькі пра грошы. Гэта пра сэнс. Гэта пра магчымасць выказацца і быць пачутым».
Праект стаўся магчымы дзякуючы падтрымцы праграмы ArtPower Belarus, што рэалізуецца ў партнёрстве Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры пры фінансавым спрыянні Еўрапейскага Саюза.
19 жніўня 2025 года адкрыўся прыём заявак на Трэк 3 у межах праграмы ArtPower Belarus. Гэта конкурс культурніцкіх праектаў для беларускіх творцаў і ініцыятываў, якія сутыкнуліся з форс-мажорнымі ці складанымі абставінамі: рэпрэсіі, страта фінансавання, вымушаная эміграцыя, праблемы са здароўем і іншыя непрадбачаныя сітуацыі. Падрабязнасці тут.