Беларуская культура: агляд (люты – красавік 2023)

Беларуская культура: агляд (люты – красавік 2023)

Агульная сітуацыя: коды адсутнасці

Літаратура. Вертаграды і вертаградары белліту

Беларускае кіно: ліст чакання

Тэатр: рух у расійскую тэатральную прастору

Музыка: Поп & рок. Паляванне на ведзьмаў і “змагарскі бабл”

 


Агульная сітуацыя: коды адсутнасці

Найноўшы стан пасечанага на пярэстыя кавалкі белкульту цікавы перадусім адсутнасцю відавочных падзеяў і бясспрэчных перамог. Галоўнае тут вызначаецца не праз мастацкі пошук, а праз чалавечыя сітуацыі. Тэксты працуюць дадаткам да лёсу аўтараў, асабісты почырк выглядае прыладаю для агучвання пустой жыццёвай прасторы. Ёсць адчуванне канчатковай вычарпанасці сюжэту “недаробленай рэвалюцыі” і адпаведна — патрэбы ў замене дэкарацыяў.

Колішні падзел на сваіх і чужых сёння не вызначае нічога, бо няма ўжо ні былых сваіх, ні ўчорашніх чужых. Зрэшты, з рознай нагоды. Бо чужыя канчаткова абнуліліся і сышлі ў шумавое вяшчанне прымусова прыязнай аўдыторыі.

З таго боку не відаць гітоў і бестселераў, дзяржаўнае кінапланаванне працуе з асцярожнай аглядкаю на маскоўскіх партнёраў, выяўленчае мастацтва практыкуе агратрэш. Тэатр, губляючы “нелаяльныя” творчыя кадры, усё больш трапляе ў эстэтычную і фінансавую залежнасць ад усходняга суседа. Лаяльны сегмент белкульту неадваротна схіляецца да безнадзейна другаснага ды ідэйна бездапаможнага стылю кволай расейскай правінцыі. Перманентнае вынішчэнне нефармату і нязгоды ператварае культурніцкія інстытуцыі ў бюракратычныя філіялы сілавых структураў. І пазбаўляе большасць бюджэтных культурніцкіх івэнтаў нават рэшткавай значнасці.

Дзяржкульт працуе ў сінхрон з уладаю: не стварае сэнсаў, а трымае месца. Запаўняе сабою прастору. Пазначае фантомную прысутнасць.

Што да сваіх, сітуацыя больш складаная. Бо пасечаным аказалася як артыстычнае асяроддзе, гэтак і кола яго (і без таго нешматлікай) адданай публікі. Новыя вымярэнні беларускасці (як ва ўнутраным, гэтак і ў мігранцкім фармаце) не ўкладаюцца ў мастацкі слоўнік папярэдняй эпохі. Свае разляцеліся па турмах і выгнаннях. Рэшта вучыцца нябачнаму партызанінгу.
Быць публічным у краіне небяспечна. За мяжою — трывожна. Адно і другое — пераважна інерцыйны рух.

Аднаўленне прасоўваецца цяжка. Таму жывём паўзамі. Таму няшмат прэм’ераў. Таму на канцэртах пераважна працуюць не новыя рэчы, а старыя рэпутацыі. Таму выставы хутка жывуць у музеях і хранічна не дацягваюць да падзеі. Таму ў чарговым культурніцкім аглядзе манецца замест тэксту зрабіць прабел. Пры ўсёй павазе да прысутных і адсутных.
Сваіх вылічваеш у цемры нашай нябачнасці. Шукаеш праз агульную нявызначанасць. І знаходзіш як нечаканы бонус да тваёй далікатнай адсутнасці.

Паралельна разгортваюцца дзве стратэгіі незалежнага культурніцкага будаўніцтва: сістэмнае праектаванне і дэструкцыя пропісяў. Першая выдумляе матрыцу, другая гадуе бязладдзе. Першая жыве ў слоўніку, другая прапануе невымоўнае. Праблема ў тым, што гэтыя стратэгіі не ведаюць, што рабіць адна з адной, і не складаюцца ў агульны працэс.

Гэтак, паўстае чарговы разрыў беларускага культурніцкага поля: у дадатак да падзелу спачатку на праўладных і незалежных, а далей яшчэ на тых, хто выехаў і застаўся, адбываецца раскол на культурніцкую бюракратыю і культурніцкіх актывістаў. І адпаведна надыходзяць новыя формы канкурэнтнага ўзаемадзеяння ўжо ў самых пазначаных колах: барацьба за размеркаванне рэсурсаў паміж рознымі кланамі культурніцкай бюракратыі ды змаганне за сродкі, аўдыторыю і пляцоўкі сярод культурніцкіх дзеячаў.

Калі дадаць да агульнай карціны яшчэ і актыўную прысутнасць лакальнага ды глабальнага замежнага культурніцкага кантэксту і кантэнту (куды “намадам белкульту” даводзіцца паглыбляцца проста з нагоды свайго “мігранцкага” статусу), вынікі атрымліваюцца даволі няпростымі: беларускае культурніцкае поле пакуль тыражуе не новую еднасць, а новы ўзровень раз’яднанасці.

Паспяховыя праекты міжнароднага ўзроўню — кшталту апошніх працаў Свабоднага тэатру альбо аднаўлення ў выгнанні працы выдавецтва “Янушкевіч” — выглядаюць хутчэй выключэннямі. Разавымі перамогамі адзінкавых “канвертаваных” беларусаў. Новая Беларусь сама сябе бачыць слаба. Што і як казаць аўдыторыі за межамі зразумелых сваіх, большасці творцаў дасюль няясна. “Неакрэслены стан, незавершаны лад” (Анемпадыстаў), у якім застаецца беларуская грамада ў краіне і за мяжою, вызначаецца збольшага банальнасцю арт-менеджменту, крызісам экспертнай справы, агульнаю няўцямнасцю наратываў, стылістычнай інерцыяй. І як вынік — відавочнаю расцярушанасцю таго, што хацелася б лічыць новым культурніцкім парадкам.

Відавочна адно: праз чыстае адміністраванне — хай сабе і еўрапейскага ўзору — сітуацыя не выпраўляецца. Патрэбны якасны сістэмны перазапуск беларускага крэатыву. Альбо канчатковы сыход у “эмігранцкі шансон” і патаемную партызанскую барацьбу.

 


Літаратура. Вертаграды і вертаградары белліту

Асноўныя трэнды сезону:

1. Барацьба за дыскурс: беларускія аўтаркі і аўтары як голас Новай Беларусі (звонку); праўладныя пісьменнікі ва ўмовах канкурэнцыі са “збеглымі” і “незалежнымі” (унутры).
2. Працяг фізічнай і сімвалічнай чыстак літпрацэсу (унутры).
3. Паралелізацыя і сінхранізацыя кніжных актыўнасцяў (унутры і звонку).
4. Надыход эпохі спажывання белліту.

Мапа сэнсаў

Якую б адпаведную паравіне года метафару выбраць для зачыну на гэты раз? Падняцце лазы. О так — яно. Калі на вясковы падворак ці лецішча, дзе дзесяцігоддзямі гадуюць вінаград, урываюцца газавікі, электрыкі з новаю ЛЭП або гаспадары надумалі правесці каналізацыю, падыход да дому часта закрывае добра ўкаранёная лаза. І тады трэба разбурыць апору і адкінуць лазу ўбок, каб праехаў бульдозер. Часам — пакласці вінаград на зямлю на год, а то і два. Але калі ўсё скончана і надыходзіць чарговая вясна, гаспадары выходзяць на падворак і ставяць новыя апоры, падымаюць лазу. Ужо ўлетку яна аджывае, цвіце і плоданосіць, як нічога-ніякага.

Беларуская кніжная справа сёння — у віры рэпрэсіяў, але ўсё ж уяўляецца такою знятаю з апоры лазой, якая дае новыя парасткі, як толькі ёй ствараюць умовы.

Працягваецца працэс перамяшчэння грамадскай супольнасці з Беларусі вонкі, і ў яго непазбежна ўлучаныя літаратары — нягледзячы на фобію страты дому, дыягнаставаную намі ў творчай багемы яшчэ ў папярэдніх аглядах. Гэта адбываецца на фоне няспыннага застрашвання насельніцтва ў Беларусі. Пашырылася кола асобаў, выкліканых на гутаркі спецслужбамі, у асноўным за пераводы грошай ахвярам рэпрэсіяў, творчую эліту пакрысе пазбаўляюць магчымасці працаваць паводле спецыяльнасці. Адно за адным адбываюцца ператрусы, арышты і гучныя судовыя справы: ініцыятары яўна спадзяюцца на розгалас дзеля псіхалагічнага ціску на шырокую аўдыторыю. Гэтак, адметным быў эпізод, які апублікаваў у сацыяльных сетках Андрэй Горват у сакавіку 2023 года. На выездзе з Беларусі ў Літву яго брутальна затрымалі і дапыталі, але ў выніку адпусцілі з краіны. Можна меркаваць, з разлікам на рэзананс, які атрымае гэты выпадак. Цяпер папулярны аўтар і краязнаўца за мяжою.

Іншым уражвальным для супольнасці выпадкам стаўся арышт у пачатку сакавіка выдаўца Змітра Коласа, які правёў у СІЗА КДБ 10 дзён і быў выпушчаны без выстаўлення абвінавачанняў. Ягоны супрацоўнік, друкар Алег Сычоў, на момант канца красавіка 2023 года застаецца за кратамі. Інцыдэнт, на фоне якога адбыліся гэтыя арышты, звязаны з дыверсіяй на аэрадроме “Мачулішчы” ў кантэксце агрэсіі Расіі ва Украіне. Як вынік — узмацніліся правяранні на межах, пільную ўвагу надаюць друкаваным выданням у багажы пасажыраў.

У канцы красавіка стала вядома пра спыненне ліцэнзіі выдавецтва Змітра Коласа, але, выглядае, гэта не было звязана з ягоным папярэднім зняволеннем. Прычынаю выраку сталася прызнанне аднаго з выданняў гэтага выдаўца экстрэмісцкім. “Зміцер Колас” — восьмае выдавецтва, што спыніла існаванне ў Беларусі з тых ці іншых прычынаў з 2020 года.
Такім чынам, унутры краіны створаныя максімальна некамфортныя (хоць пакуль і адносна бяспечныя) ўмовы для культурніцкай дзейнасці. Гэта толькі павялічвае ўпэўненасць і рашучасць, з якою дзеячы культуры падымаюць лазу белліту па той бок калючага дроту, за Бугам.

У новыя ўмовы “з мінулага жыцця” перанесены праект “Літрадыё: медыя пра сучасную беларускую літаратуру” (раней існаваў у Беларусі пад парасонам Беларускага ПЭНу). Як і даслоўна ўсе адроджаныя ініцыятывы, партал Паўла Анціпава зазнаў апґрэйд. Абноўлены партал пакліканы змяшчаць літаратурныя творы, крытыку і падкасты пра літаратуру, камбінуючы тэкставы і аўдыяфармат. Ён актыўна напаўняецца, і, як іншыя нашыя літрэсурсы, не падзяляе аўтарак і аўтараў Беларусі на беларускамоўных ды расійскамоўных, што лішні раз сведчыць пра каштоўнасць такога падыходу для літаратурнага асяроддзя Новай Беларусі, а таксама спрабуе пашырыць оптыку, з якой глядзяць на літпрацэс самыя беларусы за кошт аўтсайдараў: для пачатку ўкраінскі расійскамоўны крытык Юрый Валадарскі, які цяпер жыве ў Ізраілі, чытае знакавыя празаічныя творы па-беларуску і піша пра іх тэксты. Сціслы фідбэк: хочацца, каб такіх аўтсайдарскіх ракурсаў — і не толькі з расійскамоўнага свету — з’яўлялася на партале болей.

Яшчэ адзін знакавы для белкульту партал — Makeout —актываваўся ва ўмовах рэлакацыі ў лютым пад лэйблам “ДазХіп: медыя пра гендар і сексуальнасць у кантэксце Беларусі” (фасілітатар праекту — Нік Анціпаў). Мэта — надаць голас супольнасці ЛГБТК+ у Беларусі і за яе межамі. Адметна, што паралельна онлайн адбываюцца майстар-класы творчага гендарнага і кўір-пісьма, што, несумненна, у лепшы бок мяняе айчыннае літаратурнае поле. У гэтым кантэксце, з прыкрым спазненнем, варта згадаць онлайн-зборнік “Расцяжэнне”, які з’явіўся ў канцы 2022 года і быў незаслужана праігнараваны ў нашых аглядах. Зборнік уяўляе сабою вынік лабараторыі фем-пісьма, арганізаванай адукацыйным кўір-фем-сястрынствам “Тэндар на гендар” (фасілітатар і фасілітатаркі праекту: Дар’я Трайдэн, Ганна Отчык, Юля Чарнышова, Таня Заміроўская, Юля Арцёмава, Тоні Ладшэн).

У кантэксце рэлакацыі беларускай выдавецкай справы працягвае з размахам выдаваць папулярную літаратуру па-беларуску выдавецтва “Янушкевіч”, наладзіўшы ў дадатак зручную дыстрыбуцыю праз allegro.pl, пра што даўно марылася беларусам замежжа. У дадатак Андрэй Янушкевіч абвесціў у канцы красавіка пра выкуп правоў на шэраг твораў Стывэна Кінґа. З улікам таго, што амерыканскі пісьменнік за год да таго публічна спыніў супрацу з выдавецтвамі Расіі і Беларусі на знак пратэсту супраць агрэсіі Расіі ва Украіне, навіна гэтая мае не толькі вузка культурніцкае, але і шырэйшае, палітычна-дыпламатычнае значэнне. Увесну 2023-га можна сцвярджаць, што выдавецтва “Янушкевіч” на 90 % аднавіла тыя магутнасці, якія мела да закрыцця ў Беларусі — увесну 2022-га.

Адзіны пакуль істотны прагал у адрастанні лазы літпрацэсу — знікненне з парадку дня незалежных літаратурных прэміяў: імя Цёткі, Шэрмана, Анемпадыстава, Арсенневай. Будзем спадзявацца, іх узнаўленне — пытанне часу.

Але вернемся ў Сінявокую. Інсайдары падаюць сігналы пра крызіс дзяржаўных структураў літаратуры. Каб утрымаць рэсурсы ў сваіх руках, літчыноўнікам трэба напаўняць старонкі газетаў, часопісаў, кніг больш-менш прыстойнымі тэкстамі, а падчас планавых імпрэзаў у музеях і бібліятэках, якіх таксама павінна быць рэгламентаваная колькасць, паказваць публіцы не зусім ганебных жывых аўтараў. Аднак рэпрэсіўны апарат праводзіць ускрай строгую цэнзуру, ужываючы ананімныя даносы, наезды прапагандыстаў, шпіянаж у сацсетках ды іншае такое кунг-фу. Негалосныя чорныя спісы пашырыліся фактычна на ўсю творчую супольнасць унутры Беларусі, незалежна ад мовы і эстэтыкі творчасці. Каб зрабіцца non grata для дзяржавы, аўтарам сёння трэба вельмі і вельмі мала. Пры гэтым неймаверны ўздым нефармальнай культуры папярэдніх гадоў моцна падняў планку нават для Мінінфарму з Мінкультам ды іх стракатых праектаў, павялічыўшы адчувальнасць чытача да трэшу. Праўладным пісьменнікам даводзіцца канкураваць і старацца выглядаць годна — і гэта таксама, хутчэй, не іхная ўнутраная патрэба, а загад зверху. Рэжым, здаецца, сцяміў, што адною з асноўных прычынаў рэвалюцыі 2020-га была эстэтычная: мела месца перакормленасць насельніцтва афіцыёзам, безгустоўнасцю і кічам.

Гэтак, створаны запыт на тое, каб было прыгожа, шляхетна, якасна, але каб аўтар ці аўтарка нічога нідзе не вывесілі, нікому не заданэйцілі і — mission impossible – не падпісаліся ў 2020-м “не за таго” кандыдата. Як вынік — Музей Багдановіча фактычна ператварыўся ў аўтарскую пляцоўку свайго работніка Міхала Бараноўскага. І гэта было б нават камічна, калі б не было гэтак дэпрэсіўна. Патэнцыял творчага поля РБ імкнецца да нуля і моцна залежыць ад лаяльнасці да сістэмы паасобных “незасвечаных” творцаў, ад таго, ці спакусяцца яны на мізэрныя ганарары ў абмен на страту рэпутацыі. (Адметным стаўся, напрыклад шэймінг у сацсетках паэта Рагнеда Малахоўскага за патрыятычны верш “Ганаруся”, надрукаваны ім у канцы сакавіка ў газеце “Літаратура і мастацтва”).

Адказнасць за доступ у друк “экстрэмісцкіх элементаў”, відавочна, ляжыць на чыноўніках ад літаратуры, таму гэтых пазіцыяў ніхто займаць не імкнецца. Паступаюць сігналы пра дэфіцыт кадраў дзяржаўнай літаратурнай кармушкі. Выглядае, літчыноўнікі паставілі новую крутую апору для вінаграду, але абсякаюць любыя “ненадзейныя” парасткі — нават тыя, што не супраць да яе дацягнуцца. Такая селекцыя выглядае адначасова забаўна і сумнавата. Адкрытае пытанне: адбудзецца негалосная амністыя ўнутры сістэмы дзеля далейшага ціхамірнага распілу бюджэту ці аўтарак і аўтараў, якія сёння друкуюцца за кошт дзяржавы, пачнуць выкарыстоўваць у іміджавых мэтах — шантажаваць дадзенымі ім прывілеямі і прымушаць да публічнай прысягі рэжыму?

Незалежная ад праўладнай кармушкі большасць схільная шукаць праявы старога добрага чырвона-зялёнага трэшу ўва ўсім, што робіцца сёння дзяржаўнымі чыноўнікамі ад літаратуры. Напрыклад, пад віртуальны булінг у лютым трапіла эпатажная мінская пісьменніца Ната Алейнікава, якая чытала вершы пра каханне ў ружовых сукенках падчас планавых імпрэзаў 23 лютага. Але, як нам здаецца, маргінальная з’ява тут няслушна выдаецца за мэйнстрым. Нельга не заўважыць выключна якаснага кантэнту, прадукаванага сціплымі вертаградарамі дзяржліту пад пагрозаю непрацягнення кантрактаў, ва ўмовах “забароны ўсяго”, нельга не ацаніць партызанскіх схемаў для далучэння да культуры людзей, якім гэта сёння патрэбна як ніколі, развіваць нацыянальную гуманітарную навуку і адукацыю ў ценю “русского мира”. Прыкладаў, ясна, не будзе.

Агляд і аналіз найважнейшых падзеяў сезону

10–12 лютага ў Вільні прайшоў чарговы паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова “Вершы на асфальце”: яго зарганізаваў Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў у супрацы з Звязам пісьменнікаў Літвы. Важным выглядала тое, што звыклы прыхільнікам беларускай паэзіі фармат, вядомы з мінскіх пляцовак, быў паўтораны і ва ўмовах рэлакацыі. Праўда, было менш, як звычайна, панку, а больш сантыментаў і эмпатыі. Бо сёлета ў дадатак да іншых місіяў “Стралфэст” паслужыў нагодаю сустрэцца аўтаркам і аўтарам з Беларусі і тым, хто не можа прыехаць на радзіму. Лаўрэатам фестывалю зрабіўся Юр Пацюпа. Прэзентацыя ў межах фэсту выдадзенай у 2022 годзе анталогіі “Baltaі – Raudonaі – Baltaі” як акт салідарнасці літоўскіх паэтаў ды перакладнікаў з беларускімі калегамі таксама абазначыла важны пункт культурніцкай супрацы Літвы і Беларусі. Укладальнікі анталогіі — паэты і перакладнікі Марус Бурокас і Вітаўтас Дэкшніс.

22–26 сакавіка адбыўся ХХХ Міжнародны кніжны кірмаш-выстава ў Мінску, які можна разглядаць як першы вынік кадэнцыі Алеся Карлюкевіча, якога ў пачатку 2022 года абралі (прызначылі?) старшынём праўладнага Саюзу пісьменнікаў Беларусі. І гэты вынік цікавы найперш тым, што ён наагул ёсць — на кантрасце з эпохаю Мікалая Чаргінца, якая была адметная хіба адыёзнымі эскападамі літаратара-генерала. Гэтак, у выдавецкім доме “Звязда” ў партнёрстве з расійскім выдавецтвам ОГИ выйшлі прынамсі два тоўстыя фаліянты: “Сучасная расійская проза” (960 старонак, укладальнік — Сяргей Шаргуноў, галоўны рэдактар часопісу “Юность”, расійскі літчыноўнік пад заходнімі санкцыямі) і “Сучасная расійская паэзія” (704 старонкі, укладальнік – Максім Амелін). Дзве таўшчэзныя білінгвы з серыі “Літаратура краінаў СНД” выдадзеныя “пры падтрыманні Міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавай камунікацыі РФ”, якія можна было пагартаць на стэндзе Расіі, змяшчалі зрэз неапазіцыйнага сучаснай расійскай літаратуры (Ад А да Я, ад Аксёнава да Яхінай), з беларускім варыянтам тэксту. А гэта значыць, працавалі людзі — перакладнікі, рэдактары, засвойваліся бюджэты. Праўладны літаратурны холдынг ці не ўпершыню з 2004 года прадэманстраваў здольнасці да ўдзелу ў калектыўных праектах і распіле грошай з карысцю для сваіх адэптаў.

У 2023 годзе супольныя з расіянамі праекты ўспрымаюцца чытачамі ўскрай негатыўна, бо такім чынам беларускія аўтары ўбудоўваюцца ў апарат расійскай прапаганды. Але калі б падобныя актыўнасці пачаліся раней, да 2020-га, мы, верагодна, мелі б зусім іншы літаратурны ландшафт, чым сёння, калі ўсё жывое і актуальнае ў сучліце (фестывалі, прэміі, школы маладых літаратараў) было інстытуцыялізавана ў Беларусі праз Беларускі ПЭН або незалежны Саюз пісьменнікаў.

Прэзентацыя анталогіяў зрабілася нагодаю для невядомых герояў вывесці на велізарны экран стэнду Расіі і трансляваць на ўсю выставу словазлучэнне “расейская літаратура”. За ўжыванне слова “расейскі” замест “рускі” ў дзяржаўнай ВНУ сёння можна атрымаць прачуханца ад выкладніка-ябацькі, але, як бачым, Юпітэру дазволена.

Загадкавае знікненне бюста Ларысы Геніюш 30 сакавіка пасля даносу прарасійскай гродзенскай прапагандысткі Вольгі Бондаравай — яшчэ адзін адметны кейс сезону. Помнікі, якія ходзяць, — важны топас еўрапейскай літаратуры, але ў Беларусі гэтая фантасмагорыя мела месца ў рэальнасці. Рабочая версія: бюст быў схаваны мясцовымі жыхарамі, каб не раздражняць прапаганды, што выглядае як чарговы акт беларускай культурніцкай партызанскай барацьбы.

27–30 красавіка адбыўся адзін з найважнейшых для кніжнай Еўропы кірмаш — у Ляйпцыгу, пры шырокім удзеле беларускіх пісьменнікаў. Працаваў стэнд выдавецкай ініцыятывы “Пфляўмбаўм”, прайшлі прэзентацыі нямецкамоўных перакладаў кніг “Па што ідзеш, воўча?” Евы Вежнавец, Альгерда Бахарэвіча, Юлі Цімафеевай, Сашы Філіпенкі, Вольгі Гапеевай, Максіма Знака, сустрэчы з выдаўцамі і літаратарамі Аленаю Казловаю, Святланай Алексіевіч, Дзмітрыем Строцавым, Змітром Вішнёвым.

Сярод іншых адметных міжнародных падзеяў, дзе прагучала беларуская літаратура, варта згадаць International Writer’s Week у Адэлаідзе 4–9 сакавіка, дзе паказалі спектакль Свабоднага тэатру паводле “Сабакаў Еўропы” Альгерда Бахарэвіча пры ўдзеле аўтара. Аўстралійская сустрэча з Бахарэвічам суправаджалася цэтлікам A Writer in Exile (пісьменнік у выгнанні). Можна спрачацца, наколькі беларуская тэма сёння цікавая сусветнаму істэблішменту, але істотнае іншае. У кантэксце вайны і геапалітычных зменаў у рэгіёне адбываецца таксама сімвалічная барацьба паміж украінскімі і расійскімі інтэлектуаламі за дыскурс і бачнасць у свеце. Гэта выражаецца, напрыклад, у нязгодзе ўкраінскіх пісьменнікаў выступаць там, куды запрасілі расіянаў. Або ў рэвізіі сусветнага культурнага канону на прадмет яго “дэрусіфікацыі”.

На гэтым фоне можа скласціся ўражанне, што беларусы нячутныя і нябачныя, але гэта наўрад ці так. Беларуская праблема — найперш жыццё ў несвабоднай краіне, ва ўмовах рэпрэсіяў, што набіраюць моц, грубыя парушэнні базавых правоў і свабодаў, зняволенні журналістаў і літаратараў пры наяўнасці моцнай грамадзянскай супольнасці — і яна толькі часткова перасякаецца з праблемамі расійскага грамадства ды зусім не рэлевантная для ўкраінскай сітуацыі. Краіны, у кантэксце якіх свет лепш разумее Беларусь і беларускую спецыфіку, — гэта М’янма, Іран, Кітай, Турцыя ды іншыя дзяржавы, дзе дэспатыя сутыкаецца з рэальным грамадскім супрацівам. Глабальны фокус нашых лакальных праблемаў, які акурат дасягаецца міжнароднаю супрацаю пісьменнікаў, дапамагае адэкватней бачыць сябе і шукаць рэальна працоўныя рашэнні для таго крызісу, які тут і цяпер зазнае́ Беларусь.
Важна таксама згадаць і тыя літаратурныя івэнты, што адбыліся, пераасэнсоўваючы Валянціна Акудовіча, “без нас”. Гэта, напрыклад Міжнародны кірмаш дзіцячай кнігі ў Балонні 4–9 сакавіка, на якой львоўскае “Видавництво старого Лева” прызналі найлепшым у Еўропе. Ідэі на будучыню?

На завяршэнне — чарговая мантра пра непадзельнасць айчыннага літпрацэсу межамі на канкрэтных прыкладах. Выглядае, што ўпершыню ў межах “новай літаратурнай сітуацыі” праўладныя і незалежныя выданні не падзяляюцца паводле эстэтычна-мастацкіх плыняў (ну, хіба крышачку). Цікава параўнаць рэлакаваны праект Сяргея Календы “Мінкульт” (у сакавіку 2023 года ў Вільні выйшаў 6-ы нумар, прысвечаны асэнсаванню эміграцыі; крыніца фінансавання – краўдфандынґ) і зборнік маладых празаікаў “Цень зоркі”, які выйшаў паралельна ў Беларусі (фінансаванне – Мінінфарм РБ, укладальніца — Юлія Алейчанка). У абодвух змясціў сваю прозу Андрэй Дзічэнка — малады левы авангардыст. Выступіў у “Мінкульце” з калючым нон-фікшанам па-расійску, у праўладным зборніку — з не менш калючым, але прычасаным пад сацрэалістычны грабянец “юнага таленту” беларускамоўным тэкстам. Мы далёкія ад таго, каб шэйміць кагосьці з маладых аўтараў, якія надрукаваліся ўнутры, ды апяваць “кола Календы”. І там, і там ёсць моцныя ды слабыя тэксты. Мы проста мусім канстатаваць, што праз палітычны фон сёння павялічылася значэнне інстытуцыйнага падзелу. Незалежная літаратура фінансуецца мецэнатамі, супольнасцю або грантамі, якія праходзяць праз новыя беларускія інстытуцыі (Рада культуры), што выклікае сёння больш сімпатыі і даверу. Дзяржаўная літаратура з бюджэтным фінансаваннем, нават падаючы прывабны чытачу прадукт — прыгожа, па-беларуску, успрымаецца гэтым чытачом як інструмент прапаганды рэжыму.

У канцы красавіка выйшлі друкам дзве доўгачаканыя кнігі паэзіі: “Побач” Насты Кудасавай з графікаю Святланы Дземідовіч і “Цела мігдалу” Ганны Шакель ад выдавецкай ініцыятывы “Вілма”. Абедзве кнігі, апроч іх выключнага зместу, — праява найноўшых трэндаў беларускага кнігавыдання. Даволі цяжка адразу сказаць, у якой краіне якая кніга выйшла: абедзве ўспрымаюцца як арганічны акт белліту. Падобным чынам пазіцыянуе сябе і жаночая выдавецкая ініцыятыва “Пфляўмбаўм”: яна не абазначае рэлакацыі ды не дэкларуе заставання тут. Кнігі аўтарак выходзяць і тут, і там ды чытаныя паўсюдна.

Высновы і прагнозы

“Русский мир” і яго рыторыка арганічна чужыя Беларусі і беларусам, гэта праяўляецца нават у кантэксце, калі трэба прадэманстраваць братнюю дружбу і вернападданасць “вялікай Расіі”. Адыёзнасць асобных прапагандыстаў на сёння пакліканая хіба адцяніць глыбіннае (і цалкам, дарэчы, рацыянальнае) імкненне беларусаў да самасці. Як і 200 гадоў таму, расійская культура ў Беларусі – інструмент гвалту і ціску. Супрацьстаянне гэтаму – падпольна ў краіне і адкрыта за яе межамі – задача, якая сёння, апроч іншага, яднае культурніцкую супольнасць.

Турбуленцыі беларускага літпрацэсу апошніх 40 гадоў — расколы, трансфармацыі, аб’яднанне ў эстэтычныя рухі і г. д. – заўсёды папярэднічалі грамадскім зрухам і былі іх прадвеснікамі. Калі ўзяць гэта за аксіёму, то, паводле назіранняў за полем літаратуры і кніжнай культуры, кансалідацыя беларусаў вакол тэмы беларускасці (што б хто ні ўкладваў у гэты панятак), незалежна ад межаў, непазбежная. І праявіцца яна, як гэта і паказаў 2020 год, у тым ліку праз цэхавую салідарнасць.

У актуальных умовах сімвалічная значнасць такіх прафесіяў, як выдавец, кнігагандляр, бібліятэкар, музейнік, архівіст, адукатар літаратуры, гісторык літаратуры, літагент, вырасла і ўнутры, і звонку. У нечым нават прэстыжнасць гэтых заняткаў сёння зацяняе пакліканне паэта, пісьменніка. Ці не ўпершыню за гісторыю беларускай літаратуры мы можам канстатаваць пераход ад жанглявання сімваламі да стварэння і пашырэння прадукту.

Вертаград — сад, вінаграднік: слова са старабеларускага лексікону. У кантэксце айчыннай культуры — з 1670-х, калі выйшаў зборнік Сімяона Полацкага “Вертаград шматколерны”.

Маецца на ўвазе гісторыя сучаснай беларускай літаратуры — ад часу вакол 1991 г., ад наступлення “новай літаратурнай сітуацыі”.

 


Беларускае кіно: ліст чакання

Трэнды:

1. Беларускае кіно вяртае прысутнасць у свеце…
2. …і працягвае губляць прысутнасць у Беларусі.
3. Але ж улучае рэжым надзеі ды абяцання: штосьці будзе неўзабаве (насамрэч не факт).

Залежныя vs незалежныя: барацьба лаяльнасцяў

Гэтыя тры месяцы беларускае кіно паабапал мяжы разгарнула нечакана насычаную дзейнасць, і ўзнікла лёгенькае дэжа-вю, быццам дзеянне адбываецца годзе ў 2019-м (і гэта пра тое, што прынцыпова новых рашэнняў для новых выклікаў у нашага кіно не з’явілася).

Люты пачаўся з аб’явы пра стварэнне Беларускай незалежнай кінаакадэміі — і неўзабаве яе прэзентавалі на “Берлінале”. Візіт на “Берлінале” штогод быў для нашага кіно пунктам хістання. З аднаго боку, гонар і абяцанне вялікіх перспектываў, калі гаворка ішла пра незалежных кінематаграфістаў. З другога — абурэнне наконт таго, што дзяржава не рупіцца аб прадстаўніцтве на фэсце. Па кароткім нерваванні ўсё вярнулася на свае месцы.

Стаўшы ў 2021-м сімвалічнаю абяцанкай альтэрнатыўнае будучыні “неўзабаве”, “Берлінале” і сёлета добра адыграў гэтую ролю. Прэзентацыя незалежнай кінаакадэміі — прыгожы сімвалічны крок адасаблення ад забаненай дзяржавы-суагрэсара — зноў абяцае, што ўшчэнт разнесенае беларускае кіно займела неймаверныя перспектывы. У доказ прэзентавалі дзесяць кінапраектаў, якія выклікалі на “Берлінале” крыху настаўніцкае адабрэнне, а ў кіношнай супольнасці — ціхія пытаннечкі наконт адбору і міжсабойчыкавасці. Запомнім гэтае спалучэнне: знешняе адабрэнне і ўнутраны разлад. Давядзецца з ім жыць, як раней. Суполка пакуль не спяшаецца рабіцца супольнасцю, а па-ранейшаму змагаецца за лаяльнасць.

Прыкладна тым жа часам у Астраўцы гэтаксама сімвалічна адкрывалі адноўлены “кінаканцэртавы зал”, а пазней чыноўнікі з Наталляю Качанаваю на чале вясёлаю зграйкаю наведалі адноўлены кінатэатр “Беларусь” у Стоўбцах. І абудзілі старую завядзёнку: чым менш у кінатэатрах застаецца ўласна кіно, тым радасней чыноўнікі ўспамінаюць, што найважнейшае, найлаяльнейшае з мастацтваў — якраз яно.

Быццам у адказ незалежныя кінематаграфісты прэзентавалі не меней сімвалічную онлайн-платформу незалежнага беларускага кіно Vodblisk. Яна мае выдатныя шанцы стацца онлайн-гета беларускага кіно, бо ўзнікла з неразвязвальнай гадамі патрэбы: беларускае кіно — гэта кіно, якое ўсе робяць і ніхто не можа паглядзець.

Жэст Vodbliskу наконт бясплатнай гадавой падпіскі для жыхароў Беларусі мае засведчыць сімвалічнае заставанне на радзіме. Пакуль Мінкульт зачышчае пракат унутры краіны, онлайн-платформа можа выконваць сваю невялічкую місію “на бязлюддзі і мы людзі”, хаця відавочна, галоўная яе задача — зберагчы прысутнасць (і ілюзію адзінства) незалежных кінематаграфістаў як такую. Проста стварыць месца, дзе яны застаюцца бачнымі.

Наконт зачысткі: вясной паў апошні бастыён дэцэнтралізаванага фестывальнага руху — кінафэст “Нефільтраванае кіно”. За пару дзён да старту яго адмянілі тэлефонным званком з Мінкульту. Гэтак сама, як у 2020-м “Лістапад”.

Пакінем галасам у слухаўцы тлумачыць іхныя рашэнні, бо важней — што гарызантальныя сувязі даўно працуюць куды лепш за вертыкальныя. І паказы “Няфільтру”, хай у фармаце кіналекторыю, усё адно адбыліся ў Гомлі. У час напісання гэтага тэксту планаваліся ў Віцебску. А ў Мінску былі адмененыя новым званком. У Вільні ж паказалі ўсю невялічкую беларускую праграму — праз якую, будзем меркаваць, і адмянялі фэст у Мінску.

Пераможца, дарэчы, той самы, што і на леташнім фэсце “Бульбамуві” — фільм Юрыя Сямашкі “Смеццевая галава”. Ён засведчыў, што саматужнае кіно і яго гледачы па-ранейшаму кіруюцца кансерватыўнымі ўяўленнямі пра аўтарства — аддаюць перавагу кіно наратыўнаму, “штучнаму”. То бок “з прыдумкаю”, досыць адарванаму ад рэчаіснасці, а часам і зусім эскапісцкаму, са зразумелаю “філасофінкаю”. Весяліць і абнадзейвае тут тое, што на колькі імгненняў у гэтым добра выхаваным фільме з добра выхаванымі элементамі звышнатуральнага паўстае цень Яна Шванкмаера.

Канец свету адмяняецца

Калі згадаць, што год таму беларускія кінематаграфісты панічна баяліся смерці ад кэнсэлінгу, то цяпер маем засведчыць, што страшнага не адбылося.

Сёлета ці не ўпершыню з 2020-га фестывальны пракат беларускіх фільмаў здаўся гэткім жа насычаным, што і да расколу — і нават асцярожна зазначым, што быў ён актыўнейшым за пракат па дыяспарах. Вось стужка Мары Тамковіч “У жывым эфіры” бярэ ўзнагароду на польскім кінафэсце. Вось “Away” Руслана Фядотава перамагае ў Тампэрэ. Вось на швейцарскім фэсце Visions du Réel адбываецца прэм’ера ягонага ж новага доку “Rui” пра лісабонскага рыбара. Вось Artdocfest паказвае офлайн яшчэ і свежы “Каршак памерам з каня” Сашы Кулак, дзе краінаю-вытворцаю значыцца Францыя, а онлайн — фільм “Беларусь 23.34”Таццяны Свірэпы. А вось у Карэі бярэ ўзнагароду анімацыя “Прэлюдыя і фуга” Ігара Волчака, якога, імаверна, належыць адносіць да супрацьлеглага, “залежнага” лагеру.

Вось на GoEast у Вісбадэне паказваюць падбор старога беларускага кіно — у тым ліку досыць невідавочныя “Аранжавыя камізэлькі” Юрыя Хашчавацкага і знакавую “Акупацыю. Містэрыі” Андрэя Кудзіненкі. (Прытым ягоныя ж новыя “Дзесяць жыццяў Мядзведзя” бачылі пакуль толькі ў Расеі – калі бачылі ўвогуле.)

У Вісбадэне адбылася і даволі міфатворчая дыскусія “Беларусь — ад узлёту і падзення “Лістапада” да ўтварэння Беларускай незалежнай кінаакадэміі”, якая ў такой фармулёўцы цягне на ўстаноўчы сход пэўнага новага беларускага кіно. Ці хаця б на новы этап старога.
Маем і прэм’еры двух фільмаў, так ці іначай датычных пратэстаў 2020 года: “Радзіма” Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча, які перамог на дацкім фэсце CPH:DOX і атрымаў узнагароду FIPRESCI на GoEast, і “Беларусь 23.34” Таццяны Свірэпы. Выпушчаны іранічна і сумна ў той час, калі Беларусь даўно ўжо 342.

Гэта мусяць быць ці не апошнія спробы зафіксаваць рэчаіснасць гвалту і дыктату, якая агалілася і выбухнула ў 2020-м (варта чакаць, што неўзабаве, пасля яшчэ дзвюх-трох спробаў, кіно ўжо пакіне гэтую тэму). У “Радзіме” – праз ужо архетыпную постаць маці салдата, які загінуў падчас службы ў арміі. У “Беларусі 23.34” — праз сведчанні ахвяраў, збітых сілавікамі падчас пратэстаў.

Машына гвалту, якой выглядае Беларусь у гэтых стрыманых фільмах, — вобраз ужо трошку і пакаяльны, магчымы ў такім выглядзе пасля пачатку вайны ва Украіне. Позірк на пратэсты і рэпрэсіі пакрысе набрыньвае заўважнаю трывожнаю канатацыяй: ці маглі мы тады заўважыць, што гэтая машына гвалту коціцца наўпрост у вайну? Правільны адказ, як заўсёды, дваісты: і так, і не. Але пакаяльны наратыў ужо патрабуе адказваць “так”. Запомнім тое.

Усё будзе, але не цяпер (і не будзе)

Зачышчаная прастора кіно ўнутры Беларусі пераключылася ў рэжым абяцання: нам усё абяцаюць неўзабаве паказаць кіно. То “Ліст чакання” Аляксандра Яфрэмава (з “Беларусьфільму” даходзяць да нас звесткі, што стужку ўжо здалі), то дзве дзіўныя капрадукцыі з Узбекістанам, то нават – уявіце – “Авантуры Пранціша Вырвіча”, знятыя яшчэ ў 2020-м і паказаныя нават у Кітаі. Але ж не ў Беларусі (“Рассматриваем возможность его показа для белорусского зрителя”, — сфармуляваў гендырэктар “Беларусьфільму”, каб мы памяталі, што няма нічога цяжэйшага, чымся паказаць беларускі фільм у Беларусі). І асабліва ўпарта — “Мы адзіныя”, які ўжо змянілі назву на няўцямна-рамантычную “На іншым беразе”.

Эксплуатацыя надзеі — звычайная справа для беларускага кіно, якое дзесяцігоддзямі жыве ў рэжыме “вось-вось, хутка, з гэтым новым рэжысёрам, з гэтым прадзюсарам — усё як расквітнее”.

Гэтым разам усё мусіць афіцыйна расквітнець ад абвешчанага блокбастару “Чорны замак Альшанскі”, праекту колькі састарэлага, столькі і неабгрунтаванага. Каб не чакаць дарма, трэба проста разумець, што жанр гэты — постсавецкі блокбастар — нарадзіўся амаль адначасова з тутэйшымі дыктатурамі і дасюль абслугоўвае іх мару пра відовішча для народу — і пра масавае падтрыманне як блокбастару, так і рэжыму. Штораз, як дзяржаве манецца заявіць аб уласнай патэнцыі, аб’яўляецца “аперацыя блокбастар”, толькі і ўсяго.

Шмат шуму нарабіла тое, што на асноўных аўтарскіх пазіцыях у “Чорным замку Альшанскім” — расейскія творцы. Але ж адначасова маем не надта адрозны паводле мэты рэтрасерыял “За паўгадзіны да вясны” пра Уладзіміра Мулявіна і “Песняроў” — і там перавага расейскіх творцаў у капрадукцыі, і нават прэм’ера на расейскім Першым канале калі і абмяркоўвалася, то ціха і з незвычайным паразуменнем.

Хрыстос прызямліўся на Першым

Рэтрапраекты — такая штука, што варта толькі іх зрабіць, як даводзіцца іх апраўдваць, шукаць у іх каштоўнасць і нават яе знаходзіць. Таму лепш не рабіць. Калі ж не стрымацца, давядзецца шукаць якога-кольвек сэнсу ў нягеглым косплэі савецкасці як прасторы татальнай і гратэскнай шчырасці, такога коснага і лагоднага протасусвету для Сапраўднага Творцы. Даводзіцца нанова міфалагізаваць постаць Уладзіміра Мулявіна, і без таго заміфалагізаваную па дзясятках настальгічна-біяграфічных тэлепраграмаў.

Па вадзе ў серыяле ён, дзякуй богу, не ходзіць. Але нязграбны сюжэт збаўцы адыгрывае і мае пул музыкаў-апосталаў. Варта задумацца, нашто нам вобраз творцы-пакутніка, які ўмее гутарыць і з Богам, і з Машэравым (з другім, што праўда, ахвотней — і галоўнае, той, калі яму дагадзіць, адказвае, як і мусіць быць у рэтрасерыяле для Першага каналу).

Проста заўважым, што серыял яшчэ на далоньку зачыняе магчымасць тут і цяпер — калі нам дужа тое патрэбна, а не калі-небудзь потым — дэміфалагізаваць савецкую культурную прастору, дэканструяваць памяць пра яе і саму з’яву “зручнага аўтарства”, якая выгадавала пакаленні постсавецкіх, яшчэ зручнейшых творцаў. Дужа непрыемная задача, лепш назвацьмем “Песняроў” савецкімі бітламі.

Цікава, што пытанні да даволі рэваншысцкага серыялу, які міла і недарэчна нагадвае свежую спецаперацыю ў Гродне (абое неадвязна выклікаюць у памяці неўміручую рэпліку “у вас ус отклеился”), Мінкульт абясшкодзіў геніяльна ідыятычнаю цэнзураю. Хто б мог падумаць, што “сцерці” непажаданага купалаўца Дзмітрыя Есяневіча ў ролі Аляксандра Дзямешкі — дзейсны спосаб прымусіць скептычную публіку прыняць серыял спачатку як ахвяру цэнзуры, а пасля і як “сваё”. Шкада, серыял пазбег тлумачыць, як цэнзура стала грамадскаю скрэпай і салідарызавальнаю культурніцкаю практыкаю.

І на салодкае. Увесну на сэрвісе Voka выйшаў анімацыйны серыял “Марыля. У пошуках дзіўнікаў”, адметны спевамі Iva Sativa, жменькаю пазнавальных мінскіх лакалізацыяў і беларускім агучваннем (хаця не будзем рабіць падзеі на роўным месцы: ці не большасць беларусьфільмаўскіх мультоў — беларускамоўныя). Галоўнае ж, што зноў аспрэчаная невыносная манаполія “Беларусьфільму” на дзіцячыя анімацыйныя серыялы.

“Марыля”, падобна, адзіны новы і цалкам беларускі кінатвор, які айчынны глядач можа паглядзець у Беларусі без перашкодаў “па гарачых слядах”, не чакаючы сакраментальнага “неўзабаве” і не ўваходзячы ў пул і тусоўку. Па праўдзе, беларусы такою раскошай асабліва не разбэшчаныя, то дзякуй. За яе, як заўсёды, даруюцца ўсе недасканаласці.

Замест высноваў

се прыкметы кажуць, што нейкі новы пачатак вылузваецца ў становішчы беларускага кіно. Але ў ім не відаць уласна Беларусі.

Адчуваецца патрэба ў новых практычных і вытворчых формах арганізацыі, апроч сімвалічнай і статуснай кінаакадэміі. Можа, вернемся да краўдфандынгу? А мо замахнёмся на фонд? Кінападполле? Гібрыдная кінастудыя? Ці кінем як ёсць і хай яно само?

Трэба меркаваць, той пачатак будзе выглядаць як зацішша і роспач, пакуль бюракратычнае кіно будзе нагнятаць абяцанкі светлае будучыні.

Ян Шванкмаер – класік чэшскай анімацыі, аўтар сюррэалістычных твораў, якія нагадваюць страшныя сны.

 


Тэатр: рух у расійскую тэатральную прастору

Трэнды:

  1. Беларускі тэатр, што працуе ўнутры краіны, усё больш губляе сваю адметнасць і становіцца правінцыйным прыдаткам да расійскай прасторы.
  2. Назіраюцца спробы перапісаць гісторыю і выкрасліць адтуль імёны нелаяльных уладзе творцаў.
  3. Працягваецца русіфікацыя айчыннага тэатру. Пасля знікнення “Зніча” і праз палітыку Веры Паляковай у ЦЮГу ў краіне засталіся толькі чатыры калектывы, што працуюць выключна па-беларуску.
  4.  Беларускі тэатр у краіне сутыкаецца з кадравым голадам і ціскам дзяржавы, калектывы ў замежжы (за выключэннем Свабоднага) — з узаемазвязанымі праблемамі менеджменту і фінансавання.

Выкрэсліванне крамольных прозвішчаў і запрашэнне актораў у Купалаўскі з Расіі

Беларускі тэатр працягвае заставацца ў расійскай тэатральнай прасторы (як палітычнай, так і культурнай), а таму пераймае тэндэнцыі, уласцівыя гэтай краіне.

Пасля пачатку расійскай агрэсіі з сайтаў расійскіх тэатраў сталі знікаць прозвішчы харэографаў, рэжысёраў, драматургаў, якія не падтрымалі дзеянняў Крамля (напрыклад, моднага пісьменніка Барыса Акуніна, выбітнага харэографа Аляксея Ратманскага і г. д.). Беларусь пайшла па шляху Расіі. Напрыклад, з сайту мінскага Тэатру оперы і балету — дакладней, са старонак, прысвечаных пэўным спектаклям, – сталі выдаляць прозвішчы звольненых творцаў. Гаворка пра чатырох дырыжораў: Андрэя Галанава, Вячаслава Чарнуху-Воліча, Івана Касцяхіна і Алега Лесуна. Калі прэм’еры рыхтаваў хтосьці з гэтых творцаў, то астатнія чальцы пастановачнай каманды (рэжысёры, мастакі, хормайстры, харэографы) засталіся, а вось дырыжораў – няма. Назіраюцца спробы перапісаць тэатральную гісторыю і нават выкрасліць згадкі пра нелаяльных творцаў.

Сумна, што Чарнуха-Воліч зведаў рэпрэсіі не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне. У красавіку з ім разарваў кантракт Адэскі тэатр оперы і балету, у якім маэстра апошнія чатыры гады быў галоўным дырыжорам і разам з калектывам перажываў цяжкасці вайны. Нагодаю стаўся фотаздымак дырыжора з Юсіфам Эйвазавым – мужам расійскай прымадонны Ганны Нятрэбкі, якая пад санцыямі ў Кіеве. Яны сустрэліся ў Баку – беларус прыехаў туды правесці спектакль на запрашэнне тагачаснага кіраўніцтва, але за дзень да ягонага прыезду новым дырэктарам прызначылі Эйвазава. Фотаздымка хапіла, каб разарваць з беларусам кантракт. Хоць сам Эйвазаў асудзіў вайну.

Але вернемся да расійскага ўплыву ў дачыненні нашай краіны. Дзякуючы суседняй краіне беларуская дзяржава нарэшце развязала адну з кадравых праблемаў, якая муляла вока ўжо некалькі гадоў: сфармавала трупу дзяржаўнага Купалаўскага тэатру. Пытанне вырашылі элегантна: новых актораў пераважна запрасілі з Расіі. Праўда, беларускую мову яны пачалі вучыць, калі ўжо перабраліся ў Мінск. Зрэшты, сярод нашых суайчыннікаў, якіх узялі ў тэатр, знайшліся тыя, хто ніколі не працаваў па-беларуску на сцэне або ведае яе са слоўнікам. Між тым, гаворка пра нацыянальны калектыў, найстарэйшы ў краіне.

Натуральна, вывучэнне нашай мовы нават замежнікамі магчымае. У Купалаўскім у савецкі час таксама працавалі акторы з Расіі. Але ў іх быў стымул вучыць мову, для іх тэатр быў домам. А набраным цяпер расійскім студэнтам вучыцца няма ў каго. Таму для іх Купалаўскі – гэта месца транзіту: адпрацаваць і вярнуцца дадому.

Уплыў Расіі назіраецца і ў іншым. У красавіку стала вядома, што два беларускія тэатры – мінскі Горкаўскі і гродзенскі Тэатр лялек — атрымаюць фінансавую дапамогу Расіі. Кожны з калектываў (сярод іншых з постсавецкай прасторы) атрымае 5 мільёнаў расійскіх рублёў (больш за 120 тысяч долараў ЗША) на абсталяванне, а таксама 5 мільёнаў на пастаноўкі. Гэта значная дапамога ва ўмовах, калі беларуская дзяржава надзвычай слаба фінансуе культуру. Але існуюць дзве акалічнасці. Этычная: дапамога ідзе ад краіны-агрэсара. І культурніцкая: грошы, хутчэй за ўсё, будуць вылучацца на пастаноўкі расійскі творцаў.

Часам для такой рэпертуарнай палітыкі нават не трэба атрымліваць дадатковага фінансавання. У студзені ў Гомельскім моладзевым тэатры змяніўся дырэктар – не працягнулі кантракту Алене Маставенцы. Хутка сталі назірацца рэзкія змены ў рэпертуары: у сакавіку ў тэатры паказалі прэм’еру паводле п’есы Мікалая Някрасава “Осеньская скука”. Пастаноўку назвалі “Как убить один вечер” і ажыццявілі яе пры падтрыманні Расійскага дому ў Гомлі. А вось раней у гэтым тэатры ставілі спектаклі паводле п’есаў знанага ірландскага драматурга Марціна МакДоны і ягонага калегі з Нямеччыны Марыюса фон Маенбурґа.

Госці з Расіі і русіфікацыя ад Паляковай

На гэтым расійскі ўплыў не заканчваецца. Але ў плане прыезду замежнікаў альтэрнатывы яму амаль няма: з Заходняй Еўропы да нас прыязджаюць адзінкі. Адно з выключэнняў — пастановачная група на чале з італьянцам Альда Тарабэлля, што ўлетку 2023-га паставіць у Оперным чарговую версію “Сэвільскага цырульніка”. Але астатнія абмінаюць тэатр нашай краіны бокам.

Таму менавіта з тэрыторыі нашых усходніх суседзяў у асноўным прыязджаюць як выканаўцы, гэтак і замежныя калектывы. У сакавіку ў Магілёве прайшоў фестываль “M.@rt.Кантакт”. Дзяржаўныя СМІ анансавалі, што форум вяртаецца ў поўнамаштабным фармаце. Сапраўды, у мінулым фестываль ледзь не ператварыўся ў агляд беларускіх калектываў, але летась ізноў вярнуўся да звыклай міжнароднай праграмы. Сёлета яго геаграфія пашырылася ўдвая ў параўнанні з 2022 годам. Тады ў праграме былі рэпрэзентаваныя Беларусь і Расія, цяпер да іх далучыліся Балгарыя з Казахстанам. Але ў рэальнасці ў Магілёве паказалі дзве казахскія пастаноўкі і адну балгарскую. Надвор’я яны не зрабілі: ільвіную долю ў праграме зноў займалі Беларусь (9 спектакляў) і Расія (6), дый пераможцаў выбіралі сярод гэтых краінаў.

Перамаглі, дарэчы, “Пачупкі” Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі. Гэта этапная праца рэжысёра Яўгена Карняга, якая ўвасабляе цяперашнюю эпоху і наш час. Але прэм’ера адбылася яшчэ ў пачатку 2022-га, і з таго часу спектаклю аналагічнага ўзроўню ў Беларусі не з’явілася. Гэта чарговы раз даказвае, што пры цяперашняй сітуацыі ў краіне шэдэўры ці нават паспяховыя спектаклі з’яўляюцца хутчэй насуперак, чымся дзякуючы абставінам.

Зрэшты, магілёўскі форум усё ж дазволіў паказаць асобныя цікавыя пастаноўкі з замежжа. У параўнанні з ім надзвычай традыцыйна выглядае заяўлены фестываль “Перамога”, зарганізаваны дзяржаўным Купалаўскім (красавік–травень 2023-га). У яго праграме — традыцыйныя паводле рэжысуры спектаклі пра Другую сусветную, заяўленая мэта — “патрыятычнае выхаванне грамадзянаў”, што адсоўвае ўласна мастацтва на другі план.

Ідэю запрашаць гасцей з Масквы падхопліваюць і іншыя калектывы. Рэпутацыя візітантаў пры гэтым не мае значэнне. У сакавіку 2023-га ў сталічным Музычным тэатры паставілі спектакль “Гульня любові”. Рэжысёрам выступіў Марат Башараў. Ён падтрымаў расійскую агрэсію ў дачыненні Украіны. А дасюль быў знаны як чалавек, які ў розны час збіваў дзвюх жонак. Сталічны Оперны запрасіў на адзін з канцэртаў “спецыяльнага госця” з Расіі — ім стаўся музыка Сяргей Ралдугін. Ён мае рэпутацыю гаманца расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, які дапамагае яму адмываць грошы.

Свабодна пачуваць сябе расіяне і на сцэне Тэатру юнага гледача: амаль усе апошнія прэм’еры ставілі выключна масквічы. Гэта акалічнасць — нагода падрабязней пагаварыць пра ЦЮГ. Апошнім часам ён часта выступае на фестывалях, што тлумачыцца ўплывам яго дырэктаркі Веры Паляковай. Напрыклад, “M.@rt.Кантакт” адкрываўся спектаклем “Карэніна” ейнага прыватнага праекту “ТрыТэФармат”, які фактычна інтэгруецца ў сістэму ЦЮГу. У праграме быў заяўлены і “Фігара”, пастаўлены беспасярэдне гэтым калектывам.

Дырэктаркаю Палякова сталася год таму, у красавіку 2022-га. Яшчэ да яе прызначэння ў ЦЮГу паставілі спектакль “Время выбрало их” на матывы серыі кніг “Піянеры-героі”. Але ўсе астатнія спектаклі тэатру дасюль паказваліся па-беларуску. Перад сваім з’яўленнем Палякова анансавала ў інтэрв’ю скарачэнне ўжывання беларускай мовы.

“У нас у краіне дзве дзяржаўныя мовы. Упірацца толькі ў беларускую мову гэта губляць частку гледачоў, гасцей гораду. Бо да нас прыязджаюць госці, тыя ж расіяне, якія, на жаль, не ведаюць беларускай мовы. Чаму мы губляем гэтага гледача? У нас ёсць Купалаўскі, які працуе толькі на беларускай мове. Тэатр рэспубліканскай драматургіі (РТБД), які працуе толькі на беларускай мове. <…>. Мы гэтым самым збядняем. Я мяркую, спектаклі павінны быць на дзвюх мовах: і на беларускай, і на расійскай. Тады ў тэатру ёсць камерцыйная гісторыя. <…> Дзяржава заўсёды працягне нам руку дапамогі, але мы не павінны сядзець на гэтай прышчэпцы. Мы павінны навучыцца самі зарабляць грошы. Мне здаецца, мы самі ад гэтага будзем ганарыцца, што зможам самі зарабляць грошы”, — заявіла Палякова.

Словы не разышліся з дзеяннем. Прэм’ера наступнай пастаноўкі, “Кэнтэрвільскі прывід”, ажыццёўленай пасля прызначэння новага дырэктара, яшчэ прайшла па-беларуску, але афіша ўжо была расійскамоўнаю. Пасля спектаклі ставіліся спрэс па-расійску: “Альпы. Сорок первый”, створаны на матывы аповесці Васіля Быкава “Альпійская балада”; “Женя + Таня = любовь” (паводле “Яўгена Анегіна” Пушкіна), “Фигаро”, “Пиковая дама”, а таксама пастаноўка для дзяцей “Ёжик в тумане” і навагодні спектакль “Новогоднее представление “Однажды в Сладкограде”. За выключэннем апошняга ўсе іх паставілі рэжысёры з Масквы.

Колькасць беларускамоўных калектываў зменшылася не толькі за кошт ЦЮГу. У верасні 2022 года ўлады прыпынілі працу Чырвонага касцёлу — менавіта ён з канца 1990-х стаўся пляцоўкаю для Беларускага паэтычнага тэатру аднаго актора “Зніч”: там была абсталяваная спецыяльная зала. З таго часу спектакляў больш не праводзілі. Пасля памёр Вячаслаў Шакаліда — адзіны актор, які быў у штаце тэатру. А ў лютым 2023-га на пенсію адправілі дырэктарку і мастацкую кіраўніцу “Зніча” Галіну Дзягілеву. Звальненне не было палітычным: сёлета Дзягілевай споўніліся 76 гадоў. Але ў штаце не засталося ніводнага актора, пасады дырэктара і мастацкага кіраўніка вакантныя. На афіцыйнай старонцы тэатру з таго часу няма ніякай інфармацыі.

Агулам у Беларусі дзеюць 29 прафесійных тэатраў. З іх выключна на беларускай мове да пачатку сезону 2022/2023 працавалі ўсяго шасцёра. Цяпер, калі “Зніч” спыніў працу (цалкам магчыма, што назаўсёды), а ЦЮГ русіфікуецца на вачах, іх засталося толькі чатыры: Купалаўскі, РТБД, Коласаўскі і Беларускі тэатр “Лялька” (апошнія два — у Віцебску).

Кадравы голад

Тым часам у Беларусі трываюць нябачныя старонняму воку рэпрэсіі ды звальненні з тэатраў (часам вымушаныя, часам добраахвотныя). Напрыклад, з мінскага Тэатру лялек фактычна прымусілі звольніцца Святлану Цімохіну — зорку трупы, якая ззяла і ў звышкасавых “Інтэрв’ю з вядзьмаркамі”, і “Нататках юнага доктара”, і ў незалежных праектах Ok16. “Вядзьмарак” няма ў афішы на найбліжэйшыя месяцы. Цалкам верагодна, гэтага спектаклю больш паказваць не будуць. У гомельскім Моладзевым больш не працуе Галіна Анчышкіна — ёй таксама давялося сысці.

Часам маштаб звальненняў і сыходаў відаць толькі з дыстанцыі. Як адзначыў у інтэрв’ю дырыжор Іван Касцяхін, Нацыянальны оперны тэатр страціў траціну балетнай трупы. Дадамо, што ў выніку звыклаю справаю сталіся бясконцыя ўводы новых выканаўцаў. Такім чынам зніжаецца агульны ўзровень трупы і парушаюцца традыцыі. Цяпер у рэпертуары пераважаюць балеты, пастаўленыя яшчэ ў 1970–1980-ыя гады харэографам Валянцінам Елізар’евым, які апошнім часам ажыццяўляе іх новыя рэдакцыі. Але перадаваць спектаклі “з ног у ногі” ад тых, хто ў іх танчыў, да навічкоў не заўжды ўдаецца. У выніку агульны ўзровень яшчэ больш зніжаецца.

Кадравыя праблемы праяўляюцца і праз відавочны “рэжысёрскі голад” у драматычным тэатры. Спіс патэнцыйных пастаноўнікаў значна парадзеў за апошні час. Адныя з’ехалі, другія ставіць не могуць, бо ў чорных спісах, іншыя — прынцыпова не хочуць. Нястача кадраў прывяла да пошуку нават у аматарскіх калектывах. Напрыклад, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі паказаў у красавік прэм’еру спектаклю“Вось я і прыйшла!” — камедыю парадоксаў на матывы твораў Данііла Хармса. Як мінімум з сярэдзіны нулявых мінскія прафесійныя тэатры не звярталіся да гэтага творцы. Дый цяпер яго адмыслова пераклала для пастаноўкі Марыя Пушкіна.

У якасці рэжысёра РТБД запрасіў Аляксандра Бародку – выпускніка сталічнай Акадэміі мастацтваў, які працуе ў Салігорску (прафесійнага тэатру гэты буйны — для Беларусі — горад, на жаль, не мае). Ягоны дэбют аказаўся цалкам паспяховым і прыстойным, спектакль выглядае прафесійна зробленым. Іншая рэч, што ўбачаная прэм’ера дазваляе акрэсліць іншыя праблемы.

Звальненні ў РТБД, што адбываюцца пасля 2020-га, крыху размылі сталы касцяк трупы, у ёй сталі з’яўляцца навічкі. Паказ “Вось я і прыйшла!” засведчыў, што ў жаночым ансамблі найбольш упэўнена глядзяцца Людміла Сідаркевіч і Вераніка Буслаева — даўнія зоркі трупы, іхныя маладыя калегі толькі імкнуцца да такога ўзроўню. З гэтай нагоды можна нагадаць пра агульны, даўні крызіс у беларускай тэатральнай адукацыі: нядаўнія выпускнікі часта не могуць ствараць годнай канкурэнцыі (нават з улікам непазбежнай адсутнасці досведу). А таксама адзначыць пэўны дысбаланс ва ўзроўні трупы, з якім надалей будуць сутыкацца запрошаныя ў РТБД рэжысёры.

Менеджмент, фінансаванне і нястача прэм’ераў і паказаў

Беларускае тэатральнае замежжа сутыкаецца з іншымі цяжкасцямі. Найперш з узаемазвязанымі праблемамі менеджменту і фінансавання. Гэта прыводзіць да мінімальнай колькасць прэм’ераў. Напрыклад, сёлета, у 2023-м, новых спектакляў пакуль не выпусціў ніводны з беларускіх замежных калектываў (Свабодны, “Купалаўцы”, Team theatre і Тэатр жніўня, што існуе ў структуры Віленскага старога).

Зрэшты, прэм’еры ўсё ж былі, толькі на іншых пляцоўках.

Напрыклад, музыка і рэжысёр Паліна Дабравольская паставіла ў лютым у авангардным тэатры Komuna Warszawa спектакль “Я выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе служыць мне замест мяча”. У тым жа месяцы актрыса Наталля Лявонава выпусціла разам з дзецьмі віленскай тэатральнай студыі пастаноўку “Сны аб Беларусі”, у якой былі занятыя некалькі прафесійных актораў.

У сакавіку рэжысёр Уладзімір Ушакоў паставіў у Хельсінкі спектакль “Боршч”, а рэжысёр Юра Дзівакоў выпусціў у Польшчы пастаноўку “рЭвалюцыя Зайца” (гэта частка праекту мастачкі Тані Дзіваковай, у які ўлучаныя выстава, майстар-клас і ўласна спектакль).
Апошнімі днямі красавіка беларускі тэатр “Крылы Халопа” і шведскі ADAS-тэатр паказаў у Ётэбoргу супольны праект – “Мама Зоя, Беларусь”, а Юра Дзівакоў выпусціў у варшаўскім тэатры Powszechny спектакль “Дрэнная кроў” (у ім бяруць удзел і беларускія акторы).

Агульная праблема, уласцівая добрай частцы з гэтых спектакляў, — у невялікай колькасці паказаў. “Купалаўцы” з пачатку года выступалі офлайн толькі тройчы. У Любліне падчас спектаклю “Дзяды” (у сакавіку) на яго адразу ж раскупілі квіткі, значыцца, попыт на яго ды іншую прадукцыю калектыву ёсць. Team theatre двойчы паказаў у красавіку пастаноўку “How are you?” і аднойчы — “Верасовы мёд”. Згаданыя вышэй спектаклі Дабравольскай, Лявонавай і Ушакова пакуль паказалі ад аднаго да трох разоў. Гэта натуральна для іх праектнага статусу, але незалежнай тэатральнай прадукцыі бракуе, таму хочацца бачыць іх часцей.

Выключэнняў некалькі. У выйгрышным становішчы – Тэатр жніўня: пастаноўкі “Трэцяя змена” і “Спектакль, які не адбыўся” паказваюцца некалькі разоў за месяц. Праект Тані і Юры Дзіваковых ужо паспелі прэзентаваць у польскіх Сопаце, Вроцлаве і Беластоку, у чэрвені запланаваныя паказы ў Варшаве.

Свабодны тэатр робіць стаўку на гастролі: увесну яго спектакль “Сабакі Еўропы” пасля Лондану і Парыжу з поспехам паказалі на Адэлаідскім міжнародным фестывалі, адным з найбуйнейшых у паўднёвым паўшар’і. Гэтая вандроўка — вялікі арганізацыйны і менеджарскі поспех кіраўніка калектыву Мікалая Халезіна. Дарэчы, з Аўстраліі калектыў рушыў на паказы ў Берлін. Такі рэзананс дазволіў калектыву ўпэўнена глядзець у будучыню і анансаваць восеньскую прэм’еру оперы “Дзікае паляванне караля Стаха”, што адбудзецца ў Лондане.

З замежных гастроляў адзначым і паездкі ў Францыю праекту “1.8”, які яшчэ ў 2021-м паставілі ў варшаўскім Новым тэатры Варлікоўскага з удзелам беларускіх актораў Паўла Гарадніцкага, Паліны Дабравольскай, Ігара Шугалеева і Алега Гарбуза. Летась яго гастролі прайшлі ў Празе, сёлета — у Францыі, на восень запланавалі новую вандроўку ў апошнюю краіну.

Высновы

Айчынны тэатр працягвае сутыкацца з ціскам з боку ўладаў, які ўсё мацнее. Татальная русіфікацыя, масавыя звальненні, аднабаковая арыентацыя на ўсходняга суседа прыводзяць да таго, што ў гэтай сферы ён становіцца прыдаткам Расіі. Але арыентацыя не на найлепшыя традыцыі, назапашаныя за гады адноснай даваеннай “вольніцы” і пэўнай аўтаноміі расійскага тэатру ад сваёй улады. Вымушаная інтэграцыя адбываецца ў правінцыйным ключы.

У замежжы беларускі тэатр сутыкаецца з наступствамі таго, што большасць яго прадстаўнікоў раней ігнаравалі апошнія культурніцкія працэсы і тэндэнцыі (як у мастацкім, так і менеджарскім плане). Цяпер жа яны вымушаныя экспрэс-метадам авалодваць тым, што ёсць неад’емнаю часткай еўрапейскай культурніцкай палітыкі. Ад паспяховасці гэтага працэсу і будуць залежыць іх перспектывы найбліжэйшым часам у эміграцыі, а ў глабальнай будучыні (пры вяртанні) – у магчымасці перабудовы ўнутрыбеларускай тэатральнай кухні і яе пераходу на новыя рэйкі.

 


Музыка: Поп & рок. Паляванне на ведзьмаў і “змагарскі бабл”

Трэнды:

  1. Чорныя спісы абрастаюць новымі імёнамі. Пад санкцыямі — Іна Афанасьева і Лэдзі Ґаґа.
  2.  “Здраднікаў” выкрэсліваюць. Мінкульт транслюе афіцыйную пазіцыю дзяржавы і адкрыта заяўляе, што лаяльнасць даражэйшая за мастацкую вартасць. “Песня года” цудоўна адлюстроўвае гэтую тэндэнцыю.
  3. Культурніцкі дэсант у замежжы. Беларусы гуртуюцца і пачынаюць сістэматызаваць гастрольную дзейнасць.
  4. Новыя рэлізы. Ад энергічнага панк-року да дум-мэталу.
  5. “Змагарскі бабл” як сімвал раз’яднанасці пакаленняў.

Афіцыйная культура: творчае самазабойства з патрыятычнай усмешкаю

Беларускія “чорныя спісы” заўсёды існавалі вось так – у двукоссі, у напалову легальным і напалову міфічным выглядзе. Гэта факт, якога ніколі не прызнавалі публічна афіцыйныя прадстаўнікі ўладаў Беларусі: усе паперкі, якія траплялі ў медыяпрастору, нагадвалі самвыдатаўскі крэатыў і не выглядалі як нейкая афіцыйная паперчына.

Тое сама адбываецца і цяпер. У байнэце зноў з’явіўся нібыта дакумент з прозвішчамі непажаданых артыстаў. Спіс вельмі пярэсты: там ёсць і Шэр з Лэдзі Ґаґай, і Аляксей Хлястоў з Сашам Нэма – магчыма, гэта гістарычны момант і адзінкавы выпадак, калі ўвогуле гэтыя прозвішчы апынуліся на адным аркушы паперы. Дакладна невядома, ці сапраўды гэта дакумент, якім карыстаюцца ўлады, бо ён выклікае шмат пытанняў. Напрыклад, тут ёсць гурт N.R.M., але няма Лявона Вольскага. Ёсць Зміцер Калдун, але няма “Дай дарогу!”.

Калі гэта сапраўдны спіс, то яго складалі не вельмі дасведчаныя людзі, якія звычайна займаюцца зусім іншымі задачамі. Калі крэатыў невядомага аўтара, то, як мінімум, удалы, бо выклікаў маштабную дыскусію. Іншая рэч, што арыгінальнасць гэтай паперчыны насамрэч мае выключна другаснае значэнне: цяпер ужо ніхто не аспрэчвае і не замоўчвае фактаў ультрацэнзуры, а існаванне чорных спісаў можна нарэшце прыбіраць з двукосся і надаваць ім афіцыйны статус. У любым выпадку спіс з амаль 90 гуртоў і выканаўцамі выглядае вельмі павярхоўным: рэпрэсіўная машына ў Беларусі працуе такімі тэмпамі, што спіс мусіць налічваць сотні толькі беларускіх прозвішчаў, што ўжо казаць пра сусветных артыстаў.

У кожным разе да пэўнага моманту спісы непажаданых артыстаў прадугледжвалі пэўны дзяржаўны крэатыў. Публічна чыноўнікі іх ігнаравалі, таму музыкі цалкам траплялі ў залежнасць ад форс-мажораў: у клубе раптам прападала святло ці цёк дах. Цяпер ёсць афіцыйная фармулёўка Міністэрства культуры, якую агучыў Анатоль Маркевіч: “Здраднікам не месца на сцэне”. Што такое “здрада” ў разуменні чыноўніка і як гэтая фармулёўка выглядае на паперы, не ясна. Але відавочна, што гэта важная заява ды фактычная і канчатковая легітымізацыя існавання чорных спісаў, забароненых артыстаў і татальнага вынішчэння незалежнай сцэны.

Хто такі здраднік паводле ўлады? Гэта артыст, пазіцыя якога нейкім чынам не суадносіцца з генеральнаю лініяй партыі. Гэта ўжо нават не гурт, які выступіў на падтрыманне нязручнага кандыдата, і не спявак, які выйшаў на пратэсты. Праблемы могуць узнікнуць нават у самых траваедных артыстаў, калі яны не зусім адназначна выказалі сваіх думак. Як прыклад — хваля хэйту ў бок самага цяпер гастрольнага па Беларусі гурта “Дразды”: паводлепраўладных тэлеграм-каналаў, Віталь Карпанаў недастаткова лаяльны спявак, а яго допісы ў сацсетках — гэта прыхаваная крытыка ўладаў Беларусі. Часам гэта нагадвае сярэднявечнае паляванне на ведзьмаў, спаборніцтвы ў мастацкай дэманстрацыі лаяльнасці, акт творчага самагубства з патрыятычнымі ўсмешкамі на тварах.

Ідэальная дэманстрацыя творчага патэнцыялу афіцыйнай культуры – конкурс “Песня года”, які пасля працяглага перапынку ўзнавіўся ў Беларусі. Парад дасягненняў Мінкульту канчаткова пераўтварыўся ў конкурс патрыятычнай песні з нэймінгам кшталту “Что ты сделал для Родины?” ці “За нами правда”. Пры гэтым амаль галоўныя ўзнагароды атрымалі песні, тэксты да якіх напісала сваячка Лукашэнкі. Фактычна афіцыйная культура займаецца карпаратыўным абслугоўваннем, стварае ўтульны сусвет для абмежаванага кола прыналежных да ўлады асобаў.

Важная цытата ад Маркевіча: “Калі чалавек шчыра раскайваецца ў сваіх словах, допісах, лайках, гатовы працаваць на дзяржаву і публічна заявіць пра сваю грамадзянскую пазіцыю, яму даецца другі шанец. Калі словы аказваюцца хлуснёю, з такімі людзьмі мы развітваемся раз і назаўжды”. Пры гэтым афіцыйная культура не здольная канструяваць якасных наратываў, яе творчы ды фінансавы патэнцыял вельмі абмежаваны, а бадай адзіны знаёмы масаваму слухачу амбасадор уладаў Беларусі — рэпер Сярога. Афіцыйны культурніцкі менеджмент не прадугледжвае селекцыі ды фінансавання, гэта ультыматыўная форма кіравання: лаяльнасць альбо смерць.

Суд Ленінскага раёну Брэста прызнаў экстрэмісцкім кліп і тэкст песні гурта “Дай Дарогу!” пад назвай “Экстрэміст”. Гэта выкшталцоная дэманстрацыя парадаксальнага гумару судовай сістэмы Беларусі, якая імкнецца вывесці ў абсалют экстрэмісцкі наратыў. Са свежых прыкладаў: браты Каракіны з гурта Litesound атрымалі 2,5 года “хатняй хіміі”, прыкладна такія ж тэрміны прысудзілі іхным бацькам. І гэта вельмі мяккі вырак паводле сучаснай судовай сістэмы Беларусі.

Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калачы цалкам адсядзелі прызначаны тэрмін і выйшлі на волю. Яны правялі за кратамі 1 год, 8 месяцаў і 9 дзён. З пазітыўных навінаў — спявачку Сашу Захарык вызвалілі ў зале суда. Паведамляюць, што ёй прызначылі пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Такія навіны становяцца ці не сенсацыйнымі ў бязлітаснай штодзённай інфармацыйнай жалобе.

Пазітыў па-беларуску, глыток свежага паветра ў карцары.

Культурніцкі дэсант, студыйныя пошукі, спробы сістэматызацыі

Броўнаўскі рух незалежнай беларускай культуры ў падполлі ды выгнанні выклікае спарадычную цікаўнасць з боку слухача. Ён з удзячнасцю ідзе кожны раз на вядомыя і ўлюбёныя імёны, з ветліваю насцярожанасцю ўспрымае новых артыстаў і вельмі хутка выкрэслівае з памяці не дужа актыўных музыкаў. Прыклад — гастрольны тур Святланы Бень і Галі Чыкіс, які прайшоў у даволі камерным фармаце. Музычная афіша ў эміграцыі пульсуе вядомымі тайтламі і не дае слухачу магчымасці даведацца пра новыя імёны. Часткова гэтую адукацыйную мэту выконваюць беларускія тэматычныя тэлеграм-каналы і YouTube-праекты, але гэта слаба канвертуецца ў прададзеныя квіткі і сталы інтарэс з боку наведнікаў канцэртаў.

Спроба сістэматызаваць канцэртавае жыццё беларусаў у эміграцыі ды звярнуць на яго ўвагу – новы праект Аляксандра Багданава і ягонай каманды Belarus Outside Sound System. Аляксандр і раней адкрываў для беларусаў новую беларускую музыку, але цяпер перад ім задача з зорачкаю, бо цяпер культурніцкі актывізм існуе яшчэ і ва ўмовах вельмі абмежаванай аўдыторыі.

Яшчэ адзін важны пойнт з сучаснай рэчаіснасці: шмат якія артысты цяпер існуюць выключна ў студыйным фармаце, бо працуюць на адлегласці ці ўвогуле не маюць канцэртавага складу. Пры гэтым выходзіць багата цікавых рэлізаў ад беларускіх музыкаў. Пералічым некаторыя з іх.

Самы цікавы дэбют года запісаў гурт The Tranzistorz. Гэта олдскульны панк-рок, зміксаваны з сайкабілі і сёрфам, а нігілістычныя і хтанічныя тэксты дэканструююць ушчэнт звыклыя мінскія пейзажы. У гэтым запісе столькі першабытнай энергіі ды непасрэднасці, якой так бракуе, што хочацца ў гэты ж момант апынуцца на канцэрце гурта і пераламаць сабе ногі ў ашалелым слэме.

Варта адзначыць гродзенскі дум-мэтал гурт Woe Unto Me, які выдаў альбом на амерыканскім лэйбле M-Theory. Песні з “Along the Meandering Ordeals, Reshape the Pivot of Harmony” часам нагадваюць рознакаляровую (натуральна, колеры самыя змрочныя) мазаіку, але нейкім чынам яны не развальваюцца на дробныя кавалкі, а, наадварот, складаюцца ў манументальныя кампазіцыі: тут і манатонны, пануры пахавальны дум, і меладычныя ўстаўкі з чыстым вакалам, а месцамі Woe Unto Me можна нават пераблытаць з сучаснымі запісамі культавага Behemoth.

А яшчэ новую сольную праграму прэзентаваў Іван Кірчук. Гурт “Троіца” перастаў існаваць, але спадар Кірчук працягвае апрацоўваць свае бясконцыя архівы. “Варажбіт” — гэта 55 трэкаў: і апрацаваныя народныя спевы, і аўтарскія творы, і вершы, і нават гульні. Двухгадзінны рытуал, сеанс сувязі з продкамі, беларуская нацыянальная медытацыя для дасведчаных і неафітаў.

“Змагарскі бабл” як сімвал пераемнасці пакаленняў

Гэты тэрмін выпадкова (ці невыпадкова) нарадзіўся падчас дыскусіі пра сучасную музычную журналістыку, і ён цудоўна апісвае парадыгму пераемнасці пакаленняў у беларускім культурніцкім асяроддзі. Гэтае словазлучэнне выкарыстаў стваральнік тэлеграм-каналу “Клік”, які піша пра сучасную беларускую поп-музыку, а датычыў ён творчасці Святланы Бень. Маўляў, Бенька жыве ў сваім “змагарскім бабле” і таму мае вельмі абмежаваную аўдыторыю.

Наратыў, некалі створаны беларускаю прапагандаю, мусіў маргіналізаваць пратэставую актыўнасць і зрабіць аўтсайдарамі яе амбасадораў. А цяпер выкарыстоўваецца новым пакаленнем культурніцкіх актывістаў. Выкарыстоўваецца ў дачыненні творцаў, якія некалі самі былі па-за гэтым штучным “баблам” і ніяк не асацыяваліся са “змагарствам”.

Падаецца, гэта цудоўна апісвае ўплыў беларускай дзяржаўнай прапаганды на маладую і нават прагрэсіўную аўдыторыю, і гэты ўплыў нельга недаацэньваць. Менавіта так адбываецца маргіналізацыя незалежнай беларускай культуры. І менавіта так сегментуецца на “баблы” каталагізацыя яе здабыткаў.

А яшчэ гэта шыкоўная ілюстрацыя адсутнасці сталай камунікацыі паміж пакаленнямі культурніцкіх актывістаў. А таксама сістэматызацыі наратываў і здабыткаў беларускай культуры. Кожную пяцігодку адбудоўваюцца новы кантэкст і новая сістэма каардынатаў. Кожны новы праект – інфармацыйная кропка адліку для неафітаў.

Высновы:

Легалізацыя чорных спісаў і публічныя заявы лукашэнкаўскіх чыноўнікаў дэманструюць рашучасць сістэмы, але і нарэшце акрэсліваюць правілы гульні. Галоўнае з іх – лаяльнасць вышэйшая за мастацкую вартасць і прафесіяналізм.

Афіцыйная культура ідзе шляхам імклівай дэградацыі і праводзіць рэгулярную адмоўную селекцыю метадам палявання на ведзьмаў. Выжываюць самыя прыстасаваныя ці самыя блізкія да правадыроў асобы.

Ментальная адлегласць паміж пакаленнямі культурніцкіх актывістаў павялічваецца. Яе можна апісаць тэрмінам “змагарскі бабл”. Што з гэтым рабіць? Наладзіць камунікацыю і сталую дыскусію.