Першае кола грантавай праграмы ArtPower Belarus выклікала вялікую зацікаўленасць з боку творцаў і культурніцкіх ініцыятываў. На Трэк 2. Творчыя праекты — паступіла 213 заявак, з іх 120 — у катэгорыі MINI, 93 — у катэгорыі MIDI. Агульная сума запытанага фінансавання склала каля 4,4 мільёна еўра.
Гэтыя лічбы пацвярджаюць: на падтрыманне беларускай культуры ёсць вялікі запыт, а культурніцкая супольнасць працягвае актыўна працаваць, ствараць і развівацца нягледзячы на ўсе абставіны.
Што прапанавалі ўдзельнікі
Сярод пададзеных праектаў — выданне кніг, запіс музычных альбомаў, здымкі кароткаметражнага кіно і кліпаў, даследчая і асветніцкая праца, адукацыйныя фарматы для дзяцей і моладзі, новыя медыяпраекты і YouTube-шоу, тэатральныя і выставачныя ініцыятывы і шмат іншага.
Кожны з праектаў адлюстроўвае жывую, дынамічную і разнастайную культурніцкую прастору, якую ствараюць беларусы ўнутры краіны і ў выгнанні. Сярод кірункаў, якія прывабілі ўвагу найбольшай колькасці заяўнікаў: новыя медыя і культурніцкая прамоцыя, адукацыя, асвета і культурніцкія даследаванні і менеджмент культурніцкіх падзей.
“Мы ўражаныя! 213 заявак — гэта не проста лічбы, гэта сведчанне пра жывы рытм беларускай культуры. Гэта сапраўдны выбух энергіі, творчасці і самаарганізацыі.
Мы бачым, як беларускія мастакі, музыкі, даследчыкі, куратары працягваюць дзейнічаць, аб’ядноўвацца, рызыкаваць і ствараць будучыню, асабліва ў Беларусі. Для нас гэта ясны сігнал, што праграма своечасовая і запатрабаваная. Дзякуй усім, хто падаў заяўку.
Агульны запыт у першым коле перавышае магчымасці фінансавання ў 10 разоў. Гэта звычайная практыка для грантавых праграм, але для нас гэта выклік, бо неабходна адабраць найлепшае, не разгубіць энергію і творчую задуму, напоўніць прастору якаснымі культурніцкімі прадуктамі, заангажаваць у беларушчыну новыя аўдыторыі”, – адзначыла каманда ArtPower Belarus.
Што далей?
Прынятыя да разгляду пасля тэхнічнай праверкі заяўкі ўжо скіраваныя на незалежную ацэнку экспертам, а вынікі першага кола будуць абвешчаныя ў верасні 2025 года. Калі вы – аплікант, то абавязкова правярайце сваю пошту.
У межах гэтага кола па Трэку 2 плануецца размеркаваць да 400 000 еўра падтрымкі.
Сумы фінансавання:
- MINI — ад 3 000 да 10 000 еўра
- MIDI — ад 10 000 да 60 000 еўра
Наступнае кола па Трэку 2 будзе абвешчанае ў лістападзе 2025 года.
Сачыце за навінамі на byculture.org/artpower_belarus і ў сацсетках праграмы.
Засталіся пытанні? Напішыце нам info@artpowergrants.org
Для даведкі:
Праграма ArtPower Belarus рэалізуецца ў партнёрстве Беларускай Радай культуры з Дацкім інстытутам культуры і фінансуецца Еўрапейскім Звязам. Яе мэта — падтрымаць незалежныя беларускія культурніцкія і мастацкія ініцыятывы як рухавікі дэмакратычных пераменаў.
Асаблівая ўвага надаецца праектам, якія:
- павышаюць якасць і бачнасць беларускай культуры;
- злучаюць творцаў і аўдыторыю па абодва бакі мяжы;
- развіваюць прафесійныя сеткі;
- паляпшаюць умовы працы і інтэграцыю ў еўрапейскую прастору;
- ствараюць новыя формы прасоўвання беларускай культуры;
- грунтуюцца на адукацыі і пашырэнні навыкаў.