У межах першага кола праграмы ArtPower Belarus на Трэк 1. Арганізацыйнае развіццё паступіла 37 заявак ад культурніцкіх арганізацый і ініцыятываў з Беларусі і з выгнання. Агульны запыт на фінансаванне склаў каля 1,32 мільёна еўра.
Асноўны фокус трэка — умацаванне каманд, распрацоўка стратэгій, развіццё ўнутраных працэсаў і партнёрстваў. У гэтым годзе каманда ArtPower Belarus ўвяла асобны этап ментарскай падтрымкі: умовай падачы было запаўненне Ацэнкі і плану арганізацыйнага развіцця, і ініцыятывы атрымалі магчымасць папрацаваць з ментарамі, каб зрабіць самаацэнку і вызначыць, як каманда можа узмацніць свой патэнцыял праз праект.
Гэтыя вынікі сведчаць пра запыт у культурніцкай супольнасці на сістэмную працу з устойлівасцю, структурным развіццём і стратэгічным мысленнем. Вялікая частка заяўнікаў скарысталася магчымасцю не толькі падацца на грант, але і атрымаць экспертны фідбэк на этапе ацэнкі і плана арганізацыйнага развіцця.
“Для нас гэты трэк пра падтрымку ўстойлівасці. Мы бачым, што многія ініцыятывы прагнуць не толькі рэалізаваць асобны праект, але і ўмацаваць сябе як інстытуцыі: праз пабудову каманды, праз празрыстыя працэсы, праз доўгатэрміновую стратэгію. Мы вельмі цэнім такую працу, бо яна ўмацоўвае ўсю беларускую культурніцкую інфраструктуру”, — адзначыла каманда ArtPower Belarus.
Што далей?
Усе заяўкі, якія прайшлі тэхнічную праверку, скіраваныя на ацэнку незалежным экспертам. Вынікі першага кола па Трэку 1 будуць абвешчаныя ў верасні 2025 года. Калі вы падаваліся, сачыце за сваёй паштовай скрыняй.
У межах гэтага кола па Трэку 1 плануецца размеркаваць да 240 000 еўра падтрымкі.
Сумы фінансавання: ад 10 000 да 60 000 еўра.
Наступнае кола па Трэку 1 будзе абвешчанае вясной 2026 года.
Для даведкі:
Праграма ArtPower Belarus рэалізуецца ў партнёрстве Беларускай Радай культуры з Дацкім інстытутам культуры і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам. Яе мэта — падтрымаць незалежныя беларускія культурніцкія і мастацкія ініцыятывы як рухавікі дэмакратычных пераменаў.
Асаблівая ўвага надаецца праектам, якія:
- павышаюць якасць і бачнасць беларускай культуры;
- злучаюць творцаў і аўдыторыю па абодва бакі мяжы;
- развіваюць прафесійныя сеткі;
- паляпшаюць умовы працы і інтэграцыю ў еўрапейскую прастору;
- ствараюць новыя формы прасоўвання беларускай культуры;
- грунтуюцца на адукацыі і пашырэнні навыкаў.
Кантакты і дадатковая інфармацыя
Сачыце за навінамі на byculture.org/artpower_belarus і ў сацсетках праграмы.
Засталіся пытанні? Напішыце нам info@artpowergrants.org