Праграма ArtPower Belarus, якая рэалізуецца ў партнёрстве Беларускай Радай культуры і Дацкім інстытутам культуры пры фінансаванні Еўрапейскага саюза, абвяшчае пошук экспертаў для ацэнкі праектных прапановаў у галіне культуры і мастацтва.
Асноўныя задачы экспертаў:
- Ацэнка прапановаў паводле апублікаваных крытэрыяў;
- Напісанне аргументаваных і канструктыўных каментарыяў;
- Удзел у анлайн сустрэчах (пры неабходнасці);
- Выкананне працы ў вызначаныя тэрміны.
Патрабаванні:
- Прафесійны досвед у адпаведнай сферы культуры і мастацтва;
- Досвед праектнай працы ў сферы культуры або грамадзянскай супольнасці;
- Уменне аналітычна ацэньваць і фармуляваць зваротную сувязь;
- Валоданне беларускай і англійскай мовамі;
- Папярэдні досвед ацэнкі праектаў у грантавых праграмах.
Абавязкова ўкажыце ў заяўцы:
- Узровень валодання мовамі (беларускай і англійскай);
- Пералік праграм, у якіх вы раней прымалі ўдзел у якасці эксперта па ацэнцы;
- Сферу вашых прафесійных кампетэнцый (гл. ніжэй).
Умовы:
- Аплата: 30-40 еўра за ацэнку адной прапановы ў залежнасці ад катэгорыі;
- Пачатак працы па ацэнцы: з 22 ліпеня (працягласць 2–3 тыдні);
- Перад пачаткам працы будзе арганізаваная анлайн-сесія з тлумачэннямі;
- Для захавання незалежнасці і аб’ектыўнасці ацэнкі, імёны экспертаў не агучваюцца;
- Ад экспертаў патрабуецца захаванне канфідэнцыяльнасці звестак, атрыманых падчас ацэнкі прапановаў.
Каб падацца, дашліце да 4 ліпеня 2025 г. на info@artpowergrants.org:
- Кароткі матывацыйны ліст (да 1 старонкі);
- CV (да 2 старонак);
* У гэтым коле грантавага конкурсу чакаем заяўкі ў наступных катэгорыях:
Трэк 1 — Арганізацыйнае развіццё
Гранты гэтага трэку накіраваныя на ўмацаванне і рост культурніцкіх арганізацый. Падтрымліваюцца ініцыятывы, скіраваныя на паляпшэнне ўнутраных працэсаў, распрацоўку дакументаў і стратэгій, удасканаленне камунікацыі і бяспекі, паляпшэнне фінансавага менеджменту, развіццё партнёрстваў і камандабудаўніцтва.
Трэк 2 — Творчыя праекты
- Перфарматыўныя мастацтвы
Сфера жывога мастацтва: тэатр, харэаграфія, музычныя і мультыжанравыя перформансы, вулічнае і цыркавое мастацтва, харавое мастацтва. - Кіна- і тэлевізійнае мастацтва
Стварэнне фільмаў, дакументальных, мастацкіх, анімацыйных, тэлевізійных праграм, серыялаў — ад сцэнара да экрана. - Музыка і аўдыёмастацтва
Запіс музыкі розных жанраў, стварэнне музычных твораў і гукавых інсталяцый. - Новыя медыя і прасоўванне культуры
Лічбавыя платформы, ютуб- каналы, відэапрадукцыя, медыя праекты, стварэнне падкастаў, радыё праграм, культурная журналістыка і прамоцыя, а таксама інтэрактыўныя гульні і новыя фарматы распаўсюджвання сэнсаў. - Візуальныя мастацтвы і дызайн
Жывапіс, скульптура, фатаграфія, выставачная дзейнасць, фотаальбомы, дыгітальнае мастацтва і дызайн, інсталяцыі. - Літаратура і выдавецкая справа
Творчасць слова: напісанне, рэдагаванне, пераклады, выданне кніг, удзел у кніжных кірмашах і фестывалях, распаўсюд літаратуры. - Спадчына і традыцыйная культура
Ахова матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны: фальклор, рамёствы, кулінарная культура, архітэктура — усё, што захоўвае жывую сувязь з каранямі. - Адукацыя, асвета і даследаванні ў культуры
Адукацыйныя ініцыятывы, павышэнне кваліфікацыі, культурная аналітыка, архівацыя, правядзенне даследаванняў, музейная справа, адукацыйныя і асветніцкія праекты для дзяцей і моладзі - Менеджмент культурніцкіх падзей
Арганізацыя фестываляў, узнагарод, імпрэзаў, мастацкіх рэзідэнцый, правядзенне святаў, міжнародных акцый - Супольнасці і прафесійныя аб’яднанні
Стварэнне і дзейнасць супольнасцяў, прафесійных сетак і аб’яднанняў, развіццё нетворкінгу, наладжванне партнёрстваў, абмену вопытам і агульнага прадстаўніцтва інтарэсаў, адвакацыйная дзейнасць