image-a3bdcbac-76b1-406a-88e8-06a9b6fe4b5d

Беларуская фатаграфія 2025: вялікі агляд

Як і іншыя сферы мастацтва, беларуская фатаграфія шукае апоры пасля 2020 году. Інфраструктура разбураная, супольнасць падзялілася на тых, хто застаўся ў Беларусі і вымушаны самацэнзуравацца, і тых, хто з’ехаў i мае больш свабодаў, але змагаецца з выклікамі эміграцыі. Найперш пацярпелі фотажурналісты. У 2020-м яны былі голасам людзей на вуліцах: з іхнаю дапамогаю свет дазнаваўся пра тое, што адбываецца ў краіне. У 2025-м беларускія медыі – у вельмі няўстойлівым становішчы, працы для фотажурналістаў амаль няма. Бальшыня шукае альтэрнатыўныя крыніцы заробку, шмат хто пакідае прафесію. З гэтае прычыны амаль не з’яўляюцца новыя праекты. 

Фотажурналістыка

Сярод фотажурналісцкіх працаў можна згадаць праект Пашы Крычка Map of Memories, асвятленне Аляксандрам Васюковічам вайны ва Украіне, два праекты Ірыны Арахоўскай – “Камера часова не даступна” і “Спаць спакойна” (у супрацы з Пётрам Вуйцікам). “Мапа ўспамінаў” Пашы Крычка гісторыя аб пражыванні беларусамі-эмігрантамі палітычнага крызісу ў час, калі праблемы беларусаў усё менш цікавяць свет.

Фота праекта “Map of Memories”. Крыніца: https://kranjfotofest.org/en/winners-announced-open-call-2025/

З тэмаю міграцыі працуе і Ірына Арахоўская. У серыі “Камера часова не даступна” аўтарка праз онлайн-камеры беларускіх мытных органаў назірала за міграцыйным крызісам на польска-беларускай мяжы. У другой працы Ірына зафіксавала гісторыі беларускіх палітычных мігрантаў у Польшчы. Праект “Спаць спакойна” паказалі ў прасторы Duży Pokój у Варшаве, на фестывалі Interphoto ў Беластоку і ў адкрытай пластычнай майстэрні імя Эўґеньюша Ґэпэрта ў Вроцлаве. Ірына ўсё часцей звяртаецца да тэхнiкi фотакалажу. 

Фота праета “Спаць спакойна”. Крыніца: https://www.interphoto.pl/exhibitions/piotr-wojcik-i-iryna-arakhouskaya/

Важна адзначыць беларусаў – пераможцаў самага буйнога і прэстыжнага конкурсу прэс-фатаграфіі World Press Photo. У 2021 годзе за здымак з Вольгаю Севярынец каля Акрэсціна Надзея Бужан атрымала другое месца ў намінацыі “Экстранныя навіны”, а ў 2025-м Таццяна Чыпсанава, якая нарадзілася ў Беларусі, але жыве ў Новай Зеландыі, атрымала ўзнагароду ў намінацыі “Доўгатэрміновы праект” (Акіянія і Ціхаакіянская Азія) з гісторыяй пра народнасць тухоэ (Ngāi Tūhoe). Агулам гэта другая і трэцяя перамогі за ўвесь час існавання конкурсу з 1955 году. Першаю пераможцай у сучаснай гісторыі Беларусі сталася Таццяна Ткачова. У 2020-м яна заняла 2-е месца ў намінацыі “Партрэт” (серыя) з гісторыяй пра жанчын, якія зрабілі спароны, і пра складанасці ўспрымання гэтае з’явы грамадствам.

Фота з Вольгаю Севярынец каля Акрэсціна. Крыніца: https://www.worldpressphoto.org/collection/photo-contest/2021/nadia-buzhan/1

Беларусы на Фотафестывалі ў Лодзі

З 2021 году найбольш важнаю пляцоўкаю для беларускіх фатографаў стаўся Фотафестываль у Лодзі. Тры гады запар беларускія аўтары мелі магчымасць паказваць свае актуальныя праекты на адным з найбуйнейшых фотафестываляў свету. Цікава адсачыць, як змяняліся тэмы беларускіх выставаў. У 2021-м фатографы яшчэ жылі надзеяй, а тэма гучала як лозунг – “Хай жыве Беларусь!”. У 2022-м адчуваецца ўжо большая разгубленасць. Куратары прапанавалi аўтарам паразважаць пра страту дому: фактычнага – для тых, хто з’ехаў, i метафарычнага – для тых, хто застаўся ў Беларусі і не мае магчымасцi паўнавартасна выказвацца. У 2023-м крызіс паглыбіўся: назва беларускае праграмы – Inbetweenland, завісанне грамадства ва ўмоўным лімбе. На наступны год у Лодзі ўжо не было вялікае беларускае выставы: на стэндах можна было пабачыць фотакнігі беларускіх аўтараў і наведаць панэльную дыскусiю з дзеячамi поля беларускае фатаграфіі, прысвечаную актуальнаму стану фотаінфраструктуры, які таксама моцна змяніўся. 

Беларусь

Галоўнаю штогадоваю фатаграфічнаю падзеяй для беларусаў быў Месяц фатаграфіі ў Мінску, апошняя эдыцыя якога адбылася ўвосень 2020 году ў культурніцкім цэнтры “Корпус”. Фокус на праектах беларускіх аўтараў устойлiва трымалi платформа “Шкло” і конкурс праектавай фатаграфіі “Прафота”. Абедзве ініцыятывы спынілі дзейнасць пасля палiтычнага крызiсу 2020-га. Трансфармавалася і ​​Беларускае грамадскае аб’яднанне фатографаў. Сёння яго дзейнасць палягае ў арганізацыі выставаў і сустрэчаў аўтараў мінулых пакаленняў: напрыклад, выставы Аляксандра Зазулі, Алены Ерашэвіч, Анатоля Дрыбаса ды іншых. Шэраг выставаў адбываецца ў абласных цэнтрах з удзелам мясцовых аўтараў. Пад эгідай аб’яднання праходзяць партфоліа-рэв’ю, лекцыі і сустрэчы з фатографамі.
Фатаграфічныя экспазiцыi можна пабачыць у Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва (НЦСМ) у Мінску. Сярод адметных – выстава легенды беларускае фатаграфіі Віктара Бутры “Эфект назіральніка”.

Аднаўленне інфраструктуры за мяжою

Адбудова беларускай фатаграфічнай інфраструктуры за мяжою пачалася ў 2023 годзе. Фоташкола “ФШ1”, якая займалася адукацыяй і стварэннем супольнасці фатографаў у Мінску, трансфармавалася ў платформу беларускае фатаграфіі “ФШ1”. Яе мэта – стварыць супольнасць беларускіх фатографаў, наладзіць сувязі з міжнароднымі інстытуцыямі, узмацніць галасы беларускіх аўтараў. Арганізацыя пачала ладзіць сустрэчы ў Варшаве і онлайн, пісаць пра беларускіх фатографаў, выпусціла два падкасты – “Далягляд” і “Адным кадрам”. У 2025-м разам з польскімі калегамі Picture Doc “ФШ1” запусцiла бясплатную ментарскую праграму Do Art Together. Дзеля захавання спадчыны “ФШ1” плануе адкрыць у 2025-м публічную бiблiятэку беларускіх фотакніг у Варшаве. Збор выданняў ужо пачаўся: на гэты момант у калекцыі – больш за 20 фотакніг і фотазінаў. У сакавіку 2025-га будучую бібліятэку “ФШ1” прэзентавала на фотафестывалі ў Рыбніку ў Польшчы.

Вокладкі падкастаў пра беларускую фатаграфію «Далягляд» і «Адным кадрам». Крыніца: https://tr.ee/LclKdZYkv_https://linktr.ee/fsh1?utm_source=linktree_profile_share<sid=32d6a7fb-e32c-4923-90dc-0d93f9a10460

У 2023 годзе пачала працу Беларуская незалежная асацыяцыя фатографаў (BIPA). Яна iмкнецца аб’яднаць беларускіх фатографаў у салідарную супольнасць, каб мець магчымасць лабіяваць інтарэсы аўтараў на рэгіянальным і міжнародным роўнях. Арганізацыя дзеіць у Вільні і онлайн.

Флагманскі праект BIPA – фестываль PhotoArtDoc, які спалучае адукацыйную і экспазiцыйную праграмы. Творчыя сустрэчы і лекцыі ад беларускіх фатографаў дасяжныя на YouTube-канале аб’яднання

Асобны фокус у працы асацыяцыі – захаванне спадчыны ды інфармацыі пра аўтараў мінулых пакаленняў. 

Дзякуючы праекту PerspAKTIV беларускія фатографы здолелі наведаць рэзідэнцыі і атрымалі магчымасць паказаць працы ў культурніцкіх арганізацыях Нямеччыны і Польшчы. Праект спрыяе інтэграцыі беларускіх мастакоў у еўрапейскую культурніцкую прастору, а таксама праз рэзідэнцыі стварае бяспечныя ўмовы для творчае рэалізацыі. Аўтары фіналізуюць сваё прыбыванне ў рэзідэнцыі выставамі ці прэзентацыям, што пашырае бачнасць беларускіх аўтараў у еўрапейскім полі, а таксама павялічвае сетку прафесійных кантактаў. 

Праекты

Вялікая колькасць аўтараў будуе кар’еру самастойна, намагаецца быць рэпрэзентаванаю ў еўрапейскай мастацкай прасторы. У праекце State of Denial (“Стан адмаўлення”) Саша Вялічка даследуе феномен лічбавае штодзённасці і тое, як прапаганда ў медыях намагаецца заглушыць любыя палітычныя навіны. Падмуркам праекту сталіся абсурдныя затрыманні ў краіне – за малітву, карагод або снежную бабу. Частка выяваў у праекце зробленая з дапамогаю штучнага інтэлекту, які браў за аснову візуалізацыяў загалоўкі навінаў беларускіх прапагандысцкіх медыяў. Праект “Стан адмаўлення” ў 2024 годзе прэзентавалі на фестывалі еўрапейскае маладое фатаграфіі Circulation(s) у Парыжы, у Нацыянальнай галерэі мастацтваў Zachęta ў Варшаве, на фестывалі SIPF у Сінгапуры; у 2025-м намінаваны на прэстыжную прэмію Images Vevey Book Award (пакажуць на фестывалі Les Boutographies як пераможцу оўпэн-колу), а таксама прэзентаваны ў межах персанальнае выставы ў Франкфурце.

Фота праекта “State of Denial”. Крыніца: https://www.festival-circulations.com/artiste/velichko-sasha-2/

Тэму ўздзеяння прапаганды на чалавека распрацоўвае і Аляксей Шлык у праекце GOO. У 2024 годзе працу прэзентавалі ў Futures Hub у Амстэрдаме. Аляксей візуалізуе нутраны адказ на плынь хлуслівай, жорсткай ды маніпулятыўнай інфармацыі з афіцыйных беларускіх і расійскіх медыяў, што асабліва ўзмацнілася пасля пратэстаў 2020 году ў Беларусі і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў 2022-м.

Фота праекта “GOO”. Крыніца: https://www.alexeyshlyk.com/goo#no3

Леся Пчолка ў праекце Descent into the marsh праводзіць паралелi памiж пратэставым рухам Беларусі і Гон-Конґу. Аўтарка звяртае ўвагу і на праблему развіцця сучасных тэхналогіяў: у руках аўтарытарных сістэмаў яны сталіся моцным інструментам кантролю і рэпрэсіяў у бок іншадумцаў. Яшчэ адзін праект Лесі Пчолкі, Roadside objects, у сакавіку 2025-га паказвалі на фотафестывалі Circulation(s) у Парыжы.

Адметна, што беларускiх аўтараў асаблiва хвалююць тэмы страты/адчування дому, памяці і пошуку апораў/каранёў, нацыянальнай ідэнтычнасці. У фотапраекце DOM. Аляксандра Кот-Зайцава праз ціхія і меланхалічныя вобразы мы сутыкаемся з умоўным домам, з нутраным адчуваннем гэтага месца. Доўгатэрміновы праект быў рэалізаваны ў выглядзе фотакнігі ў 2019 годзе, а цяпер, пераапрацаваны, набыў новае жыццё на выставах у Польшчы. 

У праекце “На краі памяці” Ганна Шот апавядае складаныя гісторыі сем’яў з Заходняе Беларусі, якія пацярпелі праз польскую ідэнтычнасць у 1940-ыя. Пасля смерці Сталіна і вызвалення з лагераў яны павінны былі пастанавіць: застацца ў савецкай краіне, рызыкуючы зноў сутыкнуцца з рэпрэсiямi, ці будаваць новае жыццё ў іншым месцы. Глядач мае магчымасць зрабіць асабісты выбар і пражыць наступствы гэтае пастановы. Праект абапіраецца на ўспаміны асобаў, чые родныя прайшлі гэты шлях у рэальным жыцці.

Кацярына Кузьмічова, якая сутыкнулася з эміграцыяй, намагаецца нанова перавызначыць панятак дому. З дапамогаю фотакамеры яна выхоплівае выявы гораду мары і шчасця. Праект атрымаў назву Hiraeth, што з валійскай азначае сумесь нуды, настальгіі і задуменнасці. Нягледзячы на тое, што праца напоўненая святлом, у здымках адчуваецца прыхаваная трывога і нявызначанасць.

Натхненнем для стварэння праекту The Art of (Not) Forgetting Вольгі Бубіч сталася кніга Ёка Оґавы “Паліцыя памяці”. Падчас Zoom-сазвонаў Вольга прасіла герояў і гераінь згадаць самы натхняльны ды самы балючы ўспаміны і фіксавала эмоцыі на фота. “Я хачу адчуць патэнцыял памяці як прасторы, што належыць толькі нам адным. Прасторы, за якую мы павінны асабліва змагацца і асабліва яе аберагаць у час цэнзуры памяці”, – апавядае пра сваю працу аўтарка. Праект быў фіналізаваны ў выглядзе фотакнігі, яна дасяжная больш як у 20 бібліятэках, арт-прасторах і калекцыях музеяў свету.

У праекце “Мая рака” Марыя Элена Банэ шукае адказ на важнае шмат каму з беларусаў пытанне хто я. З аднаго боку, яна разважае на складаныя тэмы ідэнтычнасці, пераемнасці, памяці, рэпрэсіяў, з другога дае надзею, бо “пад выкарчаванымі дрэвамі заўсёды прарастае насенне”. Рака ў праекце месца моцы, якое звязвае пакаленні родзічаў аўтаркі, а таксама метафара духу свабоды, што прысутнічае ў чалавеку, не зважаючы ні на што. Праект паказалі ў Беларусі, Францыі, Нямеччыне, Італіі і Польшчы.

У праекце Rattus sapiens мастачка Марыя Карнеенка фантазіюе: а што, калі людзі – не адзіны разумны від на Зямлі, і новая цывілізацыя ўжо развіваецца побач з намі? Яе героі – пацукі, якiя заўсёды жылі побач з людзьмi і былі нязменнымi спадарожнiкамі чалавека. Раптам заўтра яны зробяцца ўладарамі планеты? За 2024–2025 гады праект паказалі на трох фотафестывалях у Польшчы: Święto Fotografii ў Вроцлаве, Rise of Culture Festival у Жэшаве, на Rybnik Foto Festival у выглядзе слайд-шоу.

Двойчы беларускія аўтары рабіліся лаўрэатамі конкурсу Noc Fotografii ад Centrum Fotografii. Дзякуючы гэтаму слайд-шоу праекты Паўла Савіцкага і Вікторыі Адамавай былі паказаныя на плошчы Рынак у старым цэнтры Варшавы.

Фотакнігі і фотазіны

З 2021-га да 2025 году былі надрукаваныя прынамсі 16 беларускіх фотакніг і зінаў. Сярод іх – “Плошча перамен” Яўгена Атцецкага пра салідарнасць жыхароў аднаго з мінскіх двароў у 2020 годзе; “Колеры пратэсту” – серыя з чатырох кніг з рэпартажнымі здымкамі пра беларускі супраціў 2020-га, тры з якіх аформленыя адпаведна здымкамі чырвонага, чорнага і белага колераў, а ў чацвёртай – шэрай – фатографы апавядаюць гісторыі пра нязнятыя з розных прычынаў фатаграфіі; Descent into the marsh – Belarus & Hong Kong Лесі Пчолкі; Relaxing Chamber Аляксея Казанцава; Charomushki Odyssey Андрэя Логвінава; “Доўгая дарога дадому” калектыву аўтараў Машы Мароз, Ганны Карпенкі, Ігара Бабкова і Валера Мароза; Sorry for the Lack of Contact Кацярыны Кузьмічовай; Шчаслівае грамадства смерці” Андрэя Анро; The Art of (Not) Forgetting Вольгі Бубіч; зін Betonium Кацярыны Кузьмічовай. Асаблівасць беларускіх фотакніг – частае выкарыстанне адразу дзвюх моваў: беларускай і англійскай. Аднак ёсць выданні толькі па-беларуску, па-польску ці па-англійску, а нават з выкарыстаннем лакальнага палескага дыялекту (кніга Голі з Опаля “Мое баба – діректор морга”).

Фота: кніга «Плошча Перамен» — комплексны праект-архіў. Крыніца: https://book.squareofchanges.net/by/

Адукацыя

Цікавыя працэсы адбываліся і ў адукацыі. Частка адукацыйных арганізацыяў і ініцыятываў пасля 2020 году спыніла дзейнасць. Праз адсутнасць магчымасцяў фатографы ў Беларусі пачалі атрымліваць веды пераважна з расійскіх фоташколаў, дзе ёсць магчымасць вучыцца онлайн, моцныя праграмы і склад выкладчыкаў, а мова выкладання – расійская – добра зразумелая беларусам. У Беларусі няма альтэрнатывы такому навучанню. Гэта ўплывае на тое, што беларускія аўтары ўсё болей акунаюцца ў расійскі культурніцкі кантэкст. Фатографы ў эміграцыі яшчэ не дастаткова ўладкаваліся, каб мець магчымасць паўнавартасна вучыцца. Але ў перспектыве менавіта гэтыя аўтары будуць мець больш варыянтаў для рэалізацыі дзякуючы беспасярэдняму сутыкненню з еўрапейскаю фатаграфічнаю інфраструктураю ды больш блізкаму кантакту з мясцовымі інстытуцыямі, дзеячамі поля і рынкам. 

Асобна трэба адзначыць актыўнасць беларускіх фатографаў у сферы сацыяльнага выкладання. Напрыклад, праз мастацка-адукацыйны праект New Home Юлія Шаблоўская дапамагае ўкраінскім і беларускім падлеткам адаптавацца ў эміграцыі, а дуэт фатографаў Канаплёў – Лейдзік ладзяць курс для ўкраінскіх падлеткаў і курс для беларусаў сталага веку “Дружок”. 

Высновы

Беларуская фатаграфія пражывае складаны час, аднак мае тэндэнцыю аднаўлення ў актуальных умовах. Аўтары даволі моцна сфакусаваныя на тэмах, асновай якіх сталіся значныя палiтычныя падзеі ў нашым рэгіёне (пратэсты ў Беларусі, вайна ва Украіне), і звязаных з гэтым праблемах – страце дому, вымушанай эміграцыі, захаванні памяці, нацыянальнай ідэнтычнасці і прапагандзе. Частка актыўнасцяў перайшла ў онлайн. Пачалі з’яўляцца новыя фатаграфічныя ініцыятывы ў месцах, дзе шмат беларусаў: у Варшаве і Вільні. Не зважаючы на выпрабаванні, галасы беларускіх фатографаў усё яшчэ чуваць на еўрапейскіх пляцоўках. Таксама працягваюць выдавацца фотакнігі беларускіх аўтараў. У Беларусі ў публічнай прасторы – моцны фокус на класічнай фатаграфіі аўтараў папярэдніх пакаленняў. Праз міграцыю і перафарматаванне інфраструктуры назiраецца чарговы разрыў пакаленняў. Маладыя фатографы атрымліваюць інфармацыю з альтэрнатыўных крыніцаў, найчасцей з Instagram’у і Pinterest’у, і ў меншай ступені схільныя да праектавае працы.

Таксама паглядзіце

Гісторыя Надзі Букі — гэта гісторыя артысткі, якая праз мастацтва не толькі захоўвае сувязь з роднай культурай, але і фарміруе новыя маршруты …

Як і іншыя сферы мастацтва, беларуская фатаграфія шукае апоры пасля 2020 году. Інфраструктура разбураная, супольнасць падзялілася на тых, хто застаўся ў Беларусі …