collage

Віншуем з Днём Волі!

25 сакавіка мы адзначаем Дзень Волі — свята, якое стала сімвалам імкнення да свабоды, годнасці і праўды.

Больш чым праз стагоддзе гісторыі, у часы выклікаў і выпрабаванняў, у нас застаецца шмат агульнага  з тымі, хто ў 1918 годзе паставіў ідэалы свабоды вышэй за асабістыя інтарэсы. Гэтая сувязь жыве ў нашых сэрцах.

Асаблівую ролю ў гэтым змаганні адыгрываюць дзеячы і дзяячкі культуры, чый голас гучыць выразна нават у найскладанейшыя часы. Менавіта культура дае  сілы, натхненне і веру ў лепшую будучыню, умацоўвае нашу нацыянальную беларускую ідэнтычнасць і дапамагае рухацца наперад да волі і незалежнасці. 

Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай Рады культуры: 

“Я не ўмею ў палымяныя прамовы. Але я веру ў нашу сілу і нескаронасць. Беларусаў нішчылі стагоддзямі, але мы здолелі пранесці сваю мову і культуру нягледзячы ні на што. Як у гэты святочны Дзень, так і ў прынцыпе штодня важна памятаць, што менавіта наша культура гарантуе нам незалежнасць. Мы будзем жыць і развівацца як нацыя, калі будзем пяяць сваім дзеткам нашы калыханкі, калі будзем вывучаць, чытаць, слухаць, глядзець сваё і перадаваць гэтае веданне і захапленне далей, каб яно сілкавала нашы сілы і натхняла на тое, каб зрабіць свой унёсак у будучыню нашай свабоднай еўрапейскай краіны”.

Надзея Гарэцкая, намесніца кіраўніка:

“Дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі сваімі жыццямі праклалі дарогу да свабоднай Беларусі. Іх ахвяры нават зараз не да канца ацэненыя, а спадчына не да канца вывучаная. Але што мы можам рабіць зараз: памятаць іх подзвіг, ганарыцца тым што мы – беларусы, і ведаць, што кожны, хто зараз ідзе шляхам змагання за свабоду Беларусі, – адно аднаму сябар, паплечнік і слуга”.

Цімафей Акудовіч, эксперт і праектны менеджар:

“25 сакавіка яднае беларусаў па ўсім свеце ўжо больш за 100 год! Няхай гэты дзень натхняе нас трымацца разам, захоўваць нашу мову, гісторыю і ствараць Беларусь, якой мы ганарымся”.

Маргарыта Прохарчык, спецыялістка па камунікацыях:

“Беларусы, якія ў 1918 годзе абвясцілі незалежнасць БНР, і мы сённяшнія — звязаныя не толькі гісторыяй, але і цвёрдай верай у сваю годнасць і права на свабоду. Прайшло больш за сто гадоў, а мы зноў сутыкаемся з выклікам — з тымі, хто хоча перапісаць гісторыю і прымусіць нас забыць, хто мы ёсць. Але гэта немагчыма. Пакуль мы памятаем, святкуем і не здаёмся — Беларусь жыве.

Тым, хто не можа святкаваць адкрыта: вы — не адны. За кожным сцягам на вуліцах Варшавы, Вільні ці Берліна — сэрцы тых, хто думае пра вас, змагаецца і натхняецца вамі. Ідэі БНР — гэта не мінулае. Гэта наш напрамак, у якім культура застаецца нашым самым моцным інструментам супраціву і адраджэння”.

Мы віншуем вас з Днём Волі! Зычым вытрымкі, адзінства і мужнасці працягваць шлях, натхнёны спадчынай БНР і ідэаламі свабоды.

Жыве Беларусь!

Таксама паглядзіце

25 сакавіка мы адзначаем Дзень Волі — свята, якое стала сімвалам імкнення да свабоды, годнасці і праўды. Больш чым праз стагоддзе гісторыі, …

21 сакавіка 2025 года ў Лондане адбыліся першыя кансультацыі паміж Міністэрствам замежных спраў, па справах Садружнасці і развіцця Вялікабрытаніі (FCDO) і беларускімі …