На першай стратэгічнай сесіі ў Варшаве 6-7 сакавіка 2025 г. абмяркоўвалі, як спалучыць музейны досвед навукоўцаў і аматараў абапал беларускай мяжы і якія пытанні можа вырашыць новая пляцоўка.
Беларускія музеі і музейная супольнасць агулам сутыкаюцца з сур’ёзнымі выклікамі: палітычны ціск, закрыццё незалежных ініцыятыў, пагроза страты калекцый і разрыў сувязей з міжнародным музейным атачэннем. У гэтай сітуацыі музейныя ініцыятывы ў выгнанні, незалежныя даследчыкі і актывісты маюць вырашальную ролю ў захаванні беларускай культурнай спадчыны.
Па ініцыятыве Музея Вольнай Беларусі будзе створаная Беларуская музейная лабараторыя. Яна і стане пляцоўкай для каардынацыі, навучання і супрацы, дзе можна будзе абмяркоўваць праблемы, шукаць рашэнні і працаваць над агульнымі праектамі, эксперыментаваць і навучацца. Лабараторыя дапаможа адмыслоўцам развіваць ці працягнуць кар’еру ў выпадку страты старой працы, а таксама ствараць умовы для прыходу новых людзей у гэтую надзвычайна істотную галіну культуры.
“Гэта надзвычай важная ініцыятыва для ўсёй супольнасці музейных супрацоўнікаў па абодва бакі мяжы. Нарэшце адбылася размова пра тое, як яе можна захаваць у такіх складаных умовах, як людзям застацца ў прафесіі і як можна ў прынцыпе ўплываць на змены да лепшага. Для мяне найбольш каштоўнай часткаю была размова пра фарматы працы Лабараторыі. Бо мы можам разглядаць такую новую супольнасць і як закрыты экспертны клуб, і як структуру, якая працуе на папулярызацыю тэмы, на ўцягванне ўсё новых і новых людзей у яе, а можа нават важнай часткаю адвакацыі незалежнай Беларусі і культурніцкай дыпламатыі”, — адзначае кіраўнік Беларускай Рады Культуры Сяргей Будкін.
На што будзе накіраваная лабараторыя?
Беларуская музейная лабараторыя мае на мэце вырашыць цэлы шэраг пытанняў:
- Міжнародная сетка экспертаў — наладжванне сувязей з музеямі ў розных краінах, даследчымі інстытутамі і экспертамі.
- Навучальныя і метадычныя матэрыялы — доступ да сучасных методык захавання і экспанавання спадчыны.
- Форумы і працоўныя сустрэчы — магчымасць абменьвацца досведам і знаходзіць партнёраў для музейных праектаў.
- Праца з калекцыямі і архівамі ў выгнанні — каардынацыя намаганняў па дакументаванні і захаванні спадчыны, якая апынулася па-за межамі Беларусі.
На першай сустрэчы па стварэнні музейнай лабараторыі былі 28 чалавек: эксперты ў музейнай справе і культурнай спадчыне, культуролагі, этнолагі, гісторыкі, калекцыянеры, журналісты, а таксама — грамадскія актывісты і прадстаўнікі беларускіх музейных утварэнняў за мяжой — Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве (Польшча), Віленскага Беларускага музея Івана Луцкевіча (Літва), Беларускай бібліятэкі-музея імя Францыска Скарыны ў Лондане (Вялікая Брытанія), Дома Вольнай Беларусі ў Львове (Украіна), ініцыятыў «Варшаўскі шпацыр», «Народны музей» і «MALDZIS» (Польшча). Сесія праходзіла ў адкрытым фармаце і анлайн. У кожнага і кожнай падчас сесіі з’явіліся свае прапановы аб тым, як можа выглядаць і дзейнічаць новая пляцоўка.
“Спадзяюся, што так ці інакш, паступова Музейная лабараторыя паспрабуе сябе ў розных фарматах працы і знойдзе найбольш эфектыўны фармат. Што я падкрэсліў падчас свайго выступу, гэта тое, што за мяжой Беларусі вельмі лёгка згубіць сувязь з радзімай, і мы назіраем такі працэс. Беларуская Рада Культуры ставіць для сябе найвышэйшай каштоўнасцю захаваць культурніцкую еднасць людзей абапал мяжы. Таму надзвычай важна матываваць далучэнне экспертаў у музейнай справе з Беларусі да ініцыятывы ў максімальна бяспечных фарматах”, — дадае Сяргей Будкін.
Каб камунікацыя праходзіла бяспечна, ініцыятары маюць на думцы стварыць онлайнавую платформу, дзе ахвочыя змогуць абмяркоўваць, ствараць і эксперыментаваць.
Як далучыцца?
Калі вы хочаце стаць часткай Беларускай музейнай лабараторыі, то маеце звярнуцца да Музею Вольнай Беларусі праз сацсеткі. Арганізатары і арганізатаркі лабараторыі перакананыя, што ў хуткім часе ўсе ахвочыя змогуць далучыцца да праекту, засталося толькі абраць форму і платформу для гэтага.
“Беларуская Рада культуры вітае з’яўленне новай ініцыятывы і гатова ўсяляк спрыяць яе далейшаму развіццю, пошуку партнёраў, інтэграванню ў міжнародныя сеткі і стварэнні цікавых праектаў. Бо толькі ў пастаянным узаемадзеянні паміж сабою мы можам палепшыць умовы працы для людзей культуры і зрабіць усю нашу культурніцкую супольнасць мацней”, — падкрэслівае Сяргей Будкін.
Беларуская музейная лабараторыя — гэта крок да таго, каб наша спадчына не знікла і заставалася часткай жывога культурніцкага асяроддзя.