12 тэзісаў пра культуру

12 тэзісаў пра культуру

Серыя анімаваных ролікаў “12 тэзісаў пра культуру” — гэта зборнік кароткіх, але вельмі ёмістых выказванняў, што за хвіліну патлумачаць 12 ключавых момантаў з Маніфесту новай беларускай культуры. Прасоўваем “базу” ў калабарацыі з kyky.org.

  1. Культура стварае агульны стан свядомасці нацыі і мову, на якой нацыя размаўляе са светам. Нацыя глядзіць на свет вачыма сваёй культурнай памяці, сістэмы каштоўнасцяў, гістарычнага досведу ды мараў пра сваю будучыню.

  2. Каштоўнасць ды непазбежная вартасць культуры вызначаюцца надзвычай проста: народ, пазбаўлены культурнага самавызначэння, не можа лічыць сябе нацыяй. Бо аўтаматычна трапляе ў залежнасць ад чужых культурных плыняў.

  3. Не маючы творчых, чалавечых, адукацыйных ды тэхнічных рэсурсаў да развіцця нацыянальнай культуры, мы ператвараемся ў каланіяльную правінцыю. Мы дазваляем чужынцам выдумляць нашае мінулае, кіраваць нашым сёння і вызначаць нашу будучыню.

  4. Культурнае самавызначэнне – гэта першы крок да незалежнасці. Найлепшы сродак разумення сваёй адметнасці і права будаваць сваю дзяржаву на карысць вольнай нацыі.

  5. Культурны супраціў – нармальная рэч, калі табе адмаўляюць у праве рабіць сваё, шанаваць сваіх герояў, прамаўляць без прымусу, жыць без страху. Наша гісторыя – шлях культурнай партызанкі. Наш гонар – практыкі нязгоды. Наш кайф – асалода супрацьстаяння.

  6. Жывая культура пазбягае дагматызму, татальнага кантролю і прымусовай еднасці. Яе нармальнае існаванне – сутыкненне стыляў ды накірункаў, дыялог традыцый, творчыя спрэчкі і дыскусіі. Не можа быць свабоднай краіны без свабоднай культуры. І наадварот.

  7. Ствараючы новую беларускую культуру, мы будуем новую краіну. Краіну адкрытых магчымасцяў, творчай мабільнасці і крэатыўных калабарацый.

  8. Беларусь не выспа, мы ловім агульныя трэнды, падзяляем агульны непакой. Існуем на скразняках інфармацыйных плыняў і войнаў культур. Захавацца тут няпроста. Таму нам патрэбныя сябры, што падзяляюць нашыя каштоўнасці і гатовыя супольна з намі будаваць лепшую будучыню.

  9. Мы лічым, што лепшая палітыка – гэта культурная палітыка. А лепшы палітык – чалавек культуры. Бо (еўрапейская) культура вучыць тэхнікам прамаўлення і крэатыўнай нязгодзе. Вучыць абараняць сваё ды асэнсоўваць чужое, пашыраць свядомасць і жыць як артыст. Нязмушана. Прыгожа. Бліскуча. Свабодна.
  10. Беларусь – незавершаны арт-праект. Па-за межамі ды турэмнымі мурамі, насуперак гвалту, ціску ды забаронам. Драматычныя абставіны апошніх гадоў раскідалі нас па свеце. Хтосьці скажа: гэта траўма. А як нас – гэта моц. Мы ўсё – амбасадары новай культуры. А кожная беларуская сядзіба – яе амбасада.
  11. Сёння наша краіна жыве паўсюль, дзе дзейнічаюць вольныя беларусы. І аднойчы мы вернемся ў наш дом. Які за гэты час паспеем пабудаваць.
  12. Як дапамагчы беларускай культуры? Спрыяць умовам для творчага руху. Ствараць крэатыўныя пляцоўкі ды ладзіць творчыя рэзідэнцыі. Падтрымліваць супольныя праекты беларускіх і еўрапейскіх артыстаў. Пашыраць адукацыйныя праграмы. Спрасціць легалізацыю беларускіх арт-мігрантаў. Усё астатняе мы зробім самі.