Не спыняем працы па вызначэнні прыярытэтных кірункаў і ацэнцы аб’ёму неабходнага падтрымання для розных сектараў беларускай культуры. Вынікам гэтай дзейнасці сталася новая Дарожная мапа падтрымання галіны на 2025-2027 гг.
Беларуская Рада культуры ўжо мае паспяховы досвед адвакатавання ўсёй сферы на міжнародным узроўні. Праграма ArtPower Belarus, якую мы разам з Дацкім інстытутам культуры рэалізоўваем другі год пры фінансавым спрыянні Еўразвязу, — выдатнае таму пацвярджэнне. А сёлета разам з партнёрскімі культурніцкімі арганізацыямі і ініцыятывамі пры падтрымцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай Рады зноў зладзілі ацэнку патрэбаў сферы культуры Беларусі ў знешняй дапамозе.
Дарожная мапа — дакумент, які ўлічвае ключавыя выклікі, што стаяць перад сектарам, і тлумачыць неабходнасць усебаковага падтрымання еўрапейскімі інстытуцыямі.
- акцэнт на ролі культуры ў грамадстве;
- культурныя правы;
- рэалізацыя патэнцыялу актараў і роўны доступ да рэсурсаў;
- каардынацыя паміж арганізацыямі, выбудова цэласнай культурніцкай палітыкі;
- пашырэнне дыялогу і міжнародных кантактаў.
У аснову Дарожнай мапы падтрымання беларускай культуры на 2024 – 2027 гг. закладзеныя вынікі апытання з удзелам каля сотні дзеячаў культуры, пры яе складанні ўлічаныя досвед працы і намаганні дзясяткаў арганізацый.
Гэтая грунтоўная праца ўжо была прадстаўленая на высокім узроўні ў Бруселі. Прэзентацыя з удзелам чальцоў каманды Беларускай Рады культуры і Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні адбылася падчас сустрэчы старшых службовых асоб (Senior Officials Meeting) па дапамозе ЕЗ для дэмакратычнай Беларусі.
Кароткі тэкст Дарожнай мапы на англійскай і беларускай мовах можна спампаваць у фармаце pdf.
Поўную версію дакумента вы можаце атрымаць па запыце на адрас: [email protected]