25 сакавіка мы адзначаем Дзень Волі — свята, якое стала сімвалам імкнення да свабоды, годнасці і праўды. Больш чым праз стагоддзе гісторыі, …
Гісторыя

#art_born_Belarus
Адвакацыйная медыякампанія з мэтай рэ:візіі беларускіх артэфактаў у сусветных музеях. Эксперт падрыхтаваў аргументацыі, чаму Марк Шагал, Хаім Суцін, Восіп Цадкін, Надзея Хадасевіч-Лежэ, Фердынанд Рушчыц, Іван Хруцкі, Сафія Федаровіч, Пітэр Блюм, Абрам Багданаў — беларускія артысты, а Слуцкія паясы — прыклад беларускага мастацтва. Мы ж ператварылі навуковыя каментары ў шаблоны лістоў, якія вы можаце самастойна скіраваць у музеі свету.
Давайце шанаваць сваё і старацца, каб усе ведалі, што гэтыя і многія іншыя творцы паходзяць з Беларусі.

Школа арт-менеджменту
Пілотны навучальны праект, што ладзіўся ў 2024 годзе ў межах праграмы ArtPower Belarus.
Паўгадавы курс уключаў шэраг тэарэтычных і практычных дысцыплінаў, засваенне базаў якіх з’яўляецца важнай перадумовай развіцця асобы ў прафесіі арт-менеджара. Выкладчыцамі былі адмыслоўцы фандрайзінгу, менеджменту і знаныя актары беларускай культурніцкай прасторы. 19 удзельніц і ўдзельнікаў паспяхова завяршылі праграму курсу, некаторыя з іх ужо паспелі атрымаць фінансаванне на ўласныя творчыя праекты і рэалізаваць іх.

#ByCultureGlobal — Дні беларускай культуры
Сайт: https://belarusis.art/
Кампанія з мэтай папулярызацыі беларускай культуры стартавала ў 2021 годзе. Тады падзеі, яб’яднаныя вакол 7 ліпеня — Міжнароднага дня беларускай культуры, — ладзіліся цягам тыдня. У 2022 годзе на мапе свята, што прайшло пад слоганам Belarus Must Go On, з’явілася больш як 100 імпрэзаў у 16 краінах свету. “Расказаць Беларусь” — гэтыя словы сталі дэвізам святкавання Дзён беларускай культуры ў 2023 годзе. Беларусь там, дзе гучыць беларуская мова і дзе шануюць беларускую культуру

Дабрачынныя аўкцыёны
Серыя з 18 інтэрнэт-аўкцыёнаў. Усе сродкі ад продажу эксклюзіўных лотаў былі скіраваныя на падтрымку рэпрэсаваных творцаў. Да руху ў межах аўкцыёнаў у свой час далучыліся: гурт MEUTE, Святлана Алексіевіч, Альгерд Бахарэвіч, Маргарыта Ляўчук, Лера Яскевіч, гурт NRM, Барыс Грабеншчыкоў, Вольга Якубоўская, Руфіна Базлова, Уладзімір Цеслер і іншыя творцы. Лотамі станавіліся творчыя працы, музычныя інструменты, унікальныя сцэнічныя касцюмы, кнігі (у тым ліку – выдадзеная ў адзіным асобніку адмыслова для аўкцыёна) і нават крыштальная рок-карона.
Агульны вынік таргоў: € 22 500

#FREEIRDORATH
Кампанія ў падтрымку музыкаў фэнтэзі-фолк гурта Irdorath і іх сяброў, затрыманых 2 жніўня 2021 года на лецішчы пад Мінскам. Тады лідары гурта Надзея і Уладзімір Калачы атрымалі па 2 гады калоніі, Антон Шніп, Пётр і Юлія Марчанкі — па 1,5 года калоніі. Бо гралі на вуліцах падчас масавых шэсцяў у Мінску ў жніўні 2020 года. У часе кампаніі падтрымкі ладзіліся акцыі салідарнасці дудароў, збор сродкаў на падтрымку арыштаваных, шмат высілкаў было скіравана на распаўсюд інфармацыі ў сусветных медыя.

#FREEPUSHKIN
Міжнародная акцыя салідарнасці з палітзняволеным мастаком, што аб’ядноўвала выставы, кінапрагляды, дабрачынныя аўкцыёны і распаўсюд пастоў з тэгам #FREEPUSHKIN у сацсетках.
Алесь Пушкін – мастак, рэстаўратар і перформер. Быў арыштаваны 30 сакавіка 2021 года за партрэт удзельніка пасляваеннага падполля Яўгена Жыхара. За гэтую працу, а таксама за выявы іншых беларускіх дзеячаў Другой сусветнай вайны і рэмэйк уласнага перформанса з тачкай гною “Падарунак прэзідэнту” Алеся асудзілі на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму.

#BelarusWithUkraine
Instagram: belarus_with_ukraine
Facebook: BelarusWithUkraine
X: Belarus_Ukraine
Telegram BY: BelarusWithUkraine
Telegram UA: BelarusWithUkraine_UA
Медыякампанія ў падтрымку Украіны, кампанія адвакацыі негатыўнага стаўлення беларусаў да расійскай ваеннай агрэсіі. З пачатку сакавіка 2022 года, пасля жорсткага ўварвання Расіі на тэрыторыю Украіны, каманда праекта планамерна дакументавала гісторыю дапамогі, падтрымкі, супрацоўніцтва беларусаў і ўкраінцаў у драматычных умовах вайны. Інфаграфіка “Беларусы – не рэжым”, відэаролікі, адмысловая анімацыя, а таксама інтэрв’ю з вядомымі беларусамі і ўкраінцамі. Сабраныя разам, гэтыя матэрыялы пацвярджаюць маштаб беларуска-украінскай салідарнасці.

#StopFakeListapad
Кампанія па пазбаўленні Мінскага Міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” акрэдытацыі ў FIAPF — Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў, зладжаная сумесна з прадстаўнікамі кінасупольнасці. Адкрыты ліст беларускіх адмыслоўцаў у кіно, адрасныя звароты кіраўніцтва Беларускай Рады культуры да прэзідэнта FIAPF прывялі да пазітыўнага выніку (з нашай перспектывы). “Лістапад”, беларускі кінафэст з багатымі традыцыямі, рэпутацыя якога была скампраметаваная ўладамі з-за палітычна матываванай змены дырэкцыі, пазбаўлены акрэдытацыі ў прэстыжнай міжнароднай арганізацыі.

Артысты Перамогі
Кампанія ў падтрымку музыкаў, якія нягледзячы на небяспеку рэпрэсій у 2020 годзе і пазней дэманстравалі грамадзянскую пазіцыю і натхнялі беларусаў сваёй творчасцю. У межах кампаніі адбыліся дзясяткі канцэртаў у Беларусі і свеце, зняты дакументальны міні-серыял і заснаваны медыяпраект. Інтэрв’ю з музыкантамі, мастакамі, рэжысёрамі, акцёрамі (многія з іх апынуліся ў эміграцыі), апублікаваныя ў межах праекта, паказваюць жыццё беларускай творчай супольнасці “да” і “пасля” 2020 года. Гэта групавы партрэт на фоне глабальных зрухаў у грамадстве, спроба герояў застацца сабой і выбудаваць новае жыццё ў свеце, які ўжо ніколі не будзе ранейшым.

#stopBTRС
Міжнародная акцыя па выключэнні Белтэлерадыёкампаніі са складу ўдзельнікаў Еўрапейскага вяшчальнага саюзу (EBU), а таксама супраць удзелу прадстаўнікоў БТРК у конкурсе песні “Еўрабачанне-2021”. У выніку EBU дыскваліфікаваў афіцыйнага прадстаўнікаў Беларусі праз “парушэнне правілаў конкурсу”, а сяброўства БТРК у EBU было прыпыненае. Гэта азначае, што цяпер БТ не можа праводзіць нацыянальныя адборы і паказваць дарослае і дзіцячае Еўрабачанне, а таксама весці некаторыя спартовыя трансляцыі. Прадстаўнікі БТ ні ў якой якасці не могуць удзельнічаць у праектах EBU і
прапаноўваць свой кантэнт у пакеты замежных каналаў-сяброў EBU (72 тэлекампаніі).
Таксама паглядзіце
21 сакавіка 2025 года ў Лондане адбыліся першыя кансультацыі паміж Міністэрствам замежных спраў, па справах Садружнасці і развіцця Вялікабрытаніі (FCDO) і беларускімі …