Вынікі базавага даследвання
Перад вамі — грунтоўная даследчая работа. Вялікі навуковы тэкст, у цэнтры ўвагі якога — асноўныя арганізацыі, дзеячы беларускай культуры ў краіне і за мяжой і тыя ўмовы, у якіх яны існавалі (былі вымушаныя існаваць) ў пачатку – сярэдзіне 2023 года.
Гэты тэкст стаўся вынікам базавага (baseline) даследавання, у якасці замоўцы працы выступіла Беларуская Рада культуры, а штуршком для вывучэння фонавых умоваў існавання нашай культуры сёння стаўся старт вялікай праграмы ArtPower Belarus.
Даследаванне з мэтамі апісання поля арганізацый і ініцыятыў, чыя дзейнасць скіраваная на развіццё і прасоўванне беларускай культуры, аналізу праблем і ўмоў развіцця з пункту гледжання актыўных агентаў праводзілася ў траўні – чэрвені 2023 года. Яго эмпірычнай базай сталіся вынікі маніторынгу адкрытых крыніц і матэрыялы, сабраныя даследчыкамі падчас онлайн-анкетавання (35 анкет) і экспертнага апытання (15 інтэрв’ю).
Мы ўсведамляем, што спрычыніліся да стварэння вельмі каштоўнага дакумента, дзе сабраная багатая інфармацыя пра тое, якая яна, беларуская культура сёння. Таму пасля абмеркавання ў камандзе і рэдактуры выніковага тэксту (каб выканаць умовы захавання бяспекі актараў) мы вырашылі змясціць гэтыя даследчыя матэрыялы ў адкрыты доступ для агульнага карыстання.
Змест
1. Агульная характарыстыка
2. Апісанне поля культурных актараў
3. Класіфікацыя арганізацый і ініцыятыў
4. Класіфікацыя суб’ектаў па галінах культуры
5. Характарыстыкі сувязей і ўзаемадзеяння паміж культурнымі актарамі
6. Сеткавыя арганізацыі, іх роля і ўспрыманне
7. Агульныя трэнды і выклікі
8. Праблемы і выклікі
9. Магчымасці для развіцця і кропкі росту
Агульная характарыстыка
Мэта даследавання
Апісанне поля арганізацый і ініцыятыў, чыя дзейнасць скіраваная на развіццё і прасоўванне беларускай культуры, аналіз праблем і ўмоў развіцця з пункту гледжання актыўных агентаў.
Тэрміны правядзення даследавання
Май 2023 – падрыхтоўчыя працы, распрацоўка і ўзгадненне праграмы і інструментарыя даследавання.
1-30 чэрвеня – правядзенне анлайн-апытання і экспертных інтэрв’ю.
21-30 чэрвеня – аналіз вынікаў, падрыхтоўка выніковых дакументаў.
Эмпірычная база
Вынікі маніторынгу адкрытых крыніц;
Вынікі анлайн-анкетавання (35 анкет);
Вынікі экспертнага апытання (15 інтэрв’ю).
Апісанне поля культурных актараў
У якасці аб’екта нашага даследавання выступілі 168 арганізацый і ініцыятыў, якія можна аднесці да беларускай незалежнай сферы культуры. Гэта актары розных формаў і тыпаў: грамадскія арганізацыі, камерцыйныя і некамерцыйныя ўстановы, фонды, асацыяцыі, творчыя калектывы і нефармальныя ініцыятывы, фонды і асацыяцыі. У поле нашага даследавання арганізацый культуры мы не ўключалі шматлікія музычныя калектывы і ансамблі.
Большасць арганізацый, якія сёння адназначна можна аднесці да сферы беларускай незалежнай культуры, часткова ці цалкам дзейнічае за межамі Беларусі, толькі 15% з іх маюць Беларусь адзінай ці асноўнай лакацыяй дзейнасці. Для характарыстыкі сітуацыі ў Беларусі трэба прымаць да ўвагі як мінімум тры акалічнасці.
Па-першае, працягваецца ліквідацыя арганізацый грамадзянскай супольнасці ў любых формах і назіраецца практычна поўная адсутнасць працэсу з’яўлення і рэгістрацыі ўнутры краіны новых арганізацый. Па дадзеных праваабаронцаў, па стане на сярэдзіну 2023 года, не менш за 809 некамерцыйных арганізацый знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі, яшчэ каля 480 НКА прынялі рашэнні аб самаліквідацыі.
Сярод іх – мінімум 220 арганізацый, якія працавалі ў сферы культуры або мелі ярка выражаны аспект культурнай дзейнасці (150 ліквідаваныя па рашэнні суда, 65 прынялі рашэнне аб самаліквідацыі). Гэта арганізацыі рознага парадку – ад найстарэйшых незалежных грамадскіх аб’яднанняў і саюзаў (як Саюз беларускіх пісьменнікаў), буйных і вядучых інтэнсіўную дзейнасць у 2020 годзе (Беларускі ПЭН), да мясцовых фондаў, танцавальных клубаў, арганізацый, якія займаюцца прасоўваннем культуры нацыянальных меншасцяў.
Па арганізацыйных формах ліквідаваныя арганізацыі размеркаваныя наступным чынам:
Што да індывідуальных культурных дзеячаў, то, абапіраючыся на маніторынг парушэнняў правоў у сферы культуры Беларускага ПЭН, мы можам зафіксаваць такія парушэнні супраць 1875 чалавек за перыяд з 2020 па сакавік 2023 года. Гэтыя парушэнні маюць розны характар: ад звальненняў, адміністрацыйных арыштаў і штрафаў, абмежаванняў свабоды слова і творчасці да крымінальнага пераследу.
Колькасць дзеячаў культуры, прызнаных палітвязнямі, да сакавіка 2023 года вырасла да 137.
Відавочна, што юрыдычная ліквідацыя арганізацый далёка не заўсёды прыводзіць да спынення яе дзейнасці, роўна як і прамыя рэпрэсіі супраць індывідуальных дзеячаў культуры зусім не абавязкова прыводзяць да спынення іх дзейнасці. Аднак дадзеныя лічбы дапамагаюць нам ацаніць маштабы стратаў беларускай культуры за апошнія тры гады і перашкодаў, з якімі сутыкаюцца культурныя дзеячы і арганізацыі ўнутры краіны.
Другая акалічнасць, якую трэба ўлічваць падчас аналізу сітуацыі ўнутры Беларусі, заключаецца ў тым, што сярод арганізацый, якія трапілі ў фокус даследавання, мінімум палова носіць трансгранічны характар, калі асноўныя аргструктуры знаходзяцца па-за межамі Беларусі, аднак дзейнасць тым ці іншым чынам звязана з працэсамі і аўдыторыяй унутры Беларусі на розных стадыях “культурнага цыклу”, у большай ступені звязаных са стварэннем, распаўсюджваннем і спажываннем культурных прадуктаў, у меншай – з вытворчасцю і дэманстрацыяй. (Прыклад для ілюстрацыі: з 35 арганізацый, якія прынялі ўдзел у анлайн-апытанні, 21 назвалі Беларусь у якасці краіны, на якую распаўсюджваецца іх дзейнасць, з улікам таго, што “чыста” беларускіх арганізацый сярод іх было ўсяго 5. Апытанне не рэпрэзентатыўнае, таму мы не можам перанесці гэтае размеркаванне на ўвесь сектар культурніцкіх арганізацый, аднак можна меркаваць, што і ў цэлым сітуацыя выглядае падобным чынам). Па-трэцяе, на фоне бесперапынных рэпрэсій і ліквідацыі абсалютнай большасці грамадскіх арганізацый і іншых суб’ектаў у полі незалежнай беларускай культуры, яна перайшла ў паўпадпольны, а дакладней будзе сказаць – у партызанскі стан. Ва ўмовах адсутнасці незалежных пляцовак, беларускія актары выкарыстоўваюць дзяржаўную інфраструктуру для падтрымання працэсаў трансляцыі культуры: музеі, бібліятэкі, кнігарні, дамы творчасці, нават выставы і фестывалі, якія арганізуюцца беларускімі ўладамі (аж да “Славянскага базару ў Віцебску”). Аднак гэтая актыўнасць непублічная і часцей за ўсё добра завуаляваная, таму ў ацэнцы інтэнсіўнасці культурнага працэсу ў Беларусі мы сутыкаемся з вялікімі цяжкасцямі. Падлік дзяржаўных “устаноў культуры” саміх па сабе не мае сэнсу, а для аналізу “жывога” культурнага працэсу патрэбныя больш глыбокія даследаванні, уключанае назіранне, сістэматычнае адсочванне.
З больш-менш публічных працэсаў можна адзначыць пакуль не вельмі маштабную, але намечаную тэндэнцыю на з’яўленне новых культурных прастораў у розных гарадах, аднак пакуль незразумела, наколькі яна ўстойлівая.
У ходзе анлайн-апытання сярод самых прыкметных і ўплывовых у розных сектарах арганізацый і ініцыятыў называліся: Беларуская Рада культуры, Беларускі ПЭН, “Будзьма”, Купалаўцы, грамадская арганізацыя “Годна”, Фундацыя Tutaka, выдавецтва “Янушкевіч”, Беларускія магістраты, CreateCulture Group, медыяпраект sekktor, Kamunikat, “Кніжны воз”, Беларускі Свабодны тэатр, “Дом творцаў”, Ambasada Kultury ды іншыя арганізацыі, у тым ліку тыя, што працуюць у Беларусі.
Такім чынам, падводзячы вынік дадзенай часткі, мы можам зафіксаваць наступнае.
У перыяд 2020-2023 гады поле арганізацый і ініцыятыў у сферы культуры зведала сутнасныя змены. Мінімум 220 культурніцкіх НКА розных прававых формаў былі ліквідаваныя, каля 2000 беларускіх культурных дзеячаў падпалі пад рэпрэсіі ці сутыкнуліся з парушэннем культурных, сацыяльна-эканамічных ці грамадзянскіх правоў.
На сённяшні дзень поле незалежных арганізацый і ініцыятыў у сферы культуры, якія маюць адносную ўстойлівасць (і існуюць больш за паўгады) можна ацаніць прыкладна ў 180-200 арганізацый. Сярод найбольш заўважных у полі арганізацый ёсць як арганізацыі “з гісторыяй”, так і ініцыятывы, якія ўзніклі на хвалі культпратэсту 2020 года або пасля 2020 года ў эміграцыі.
Каля 10-15% арганізацый і ініцыятыў дзейнічаюць выключна ў Беларусі, астатнія маюць дыяспаральны або трансгранічны характар. Акрамя таго, у Беларусі як у арганізацыйнай, так і ў індывідуальнай якасці працягваецца дзейнасць па стварэнні і распаўсюджванні культурных прадуктаў, аднак даць яе колькасную адзнаку на дадзены момант не ўяўляецца магчымым у сілу яе “партызанскага” характару.
Класіфікацыя арганізацый і ініцыятыў
Сярод усіх арганізацый і ініцыятыў можна вылучыць некалькі асноўных груп, ці кластараў. Самымі вядомымі з іх з’яўляюцца лакальныя фармальныя і нефармальныя ініцыятывы беларускіх дыяспар, якія ў большасці сваёй маюць культурны кампанент: іх чальцы ладзяць канцэрты, мастацкія майстар-класы, праводзяць традыцыйныя абрады і святы, літаратурныя вечарыны і шмат іншага.
Іншым кластарам культурных арганізацый і ініцыятыў з’яўляюцца грамадскія арганізацыі, якія зарэгістраваныя за мяжой або ў Беларусі і маюць культурны контур разам з іншымі напрамкамі сваёй дзейнасці.
І, нарэшце, трэці, асноўны кластар культурных арганізацый і ініцыятыў – гэта тыя, для якіх культурная дзейнасць з’яўляецца асноўным відам іх дзейнасці.
У сваю чаргу апошні кластар можна падзяліць на арганізацыі, якія не звязаны канкрэтнымі тэматычнымі галінамі культуры, маюць шырокі парадак дня, які датычыцца ўсяго культурнага поля (СМІ, медыяплатформы, сеткавыя арганізацыі, якія імкнуцца выконваць фасілітацыйную і каардынацыйную функцыі сярод культурных суб’ектаў), і на арганізацыі, якія маюць дакладную скіраванасць па сферах дзейнасці або якія дзейнічаюць у адной (або радзей у некалькіх) тэматычных галінах культуры.
Сярод галінаў культуры можна вылучыць наступныя:
- Візуальнае мастацтва, рамёствы і дызайн
- Музыка
- Літаратура і выдавецкая справа
- Кіно
- Тэатр і харэаграфія
- Нацыянальная спадчына, гісторыя і традыцыйная культура
Адзначым, што два самыя вялікія кластары складаюць арганізацыі і ініцыятывы, якія працуюць са спадчынай, гісторыяй і традыцыйнай культурай, і арганізацыі, якія можна назваць “інфраструктурнымі”, гэта значыць якія падтрымліваюць разнастайныя праекты і ініцыятывы ў розных галінах культуры і мастацтва.
Класіфікацыю па сферах дзейнасці можна ўявіць наступным чынам:
- Захаванне культурнай спадчыны (даследаванне, рэстаўрацыя і ахова матэрыяльных помнікаў гісторыі і культуры; даследаванне, ахова і трансляцыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны, музейная справа, архіўная справа);
- Мастацкая творчасць (мастацкая літаратура, кінематограф, сцэнічнае, пластычнае, музычнае мастацтва, архітэктура і дызайн, фотамастацтва, іншыя віды і жанры мастацтва);
- Тыражаванне і распаўсюджванне культурных прадуктаў (выдавецкая дзейнасць, вытворчасць аўдыявізуальнай прадукцыі, выставы, галерэі, медыяплатформы);
- Культурна-забаўляльная дзейнасць;
- Мастацкая адукацыя, педагагічная дзейнасць у гэтай галіне;
- Культурная асвета і прасоўванне беларускай культуры і мовы;
- Навуковыя даследаванні культуры;
- Крытыка, рэцэнзаванне і рэйтынгаванне (прэміі, фестывалі);
- Дыялог культур (перакладчыцкая дзейнасць, міжнародныя культурныя абмены, сумесныя мастацкія праекты і да т.п.);
- Падтрымка і фасілітацыя працэсаў развіцця саміх культурных суб’ектаў/актараў (творчыя і прафесійныя саюзы, сеткавыя і інфраструктурныя арганізацыі);
- Культурныя медыя і СМІ;
- Правы чалавека ў сферы культуры, абарона рэпрэсаваных дзеячаў культуры.
Сярод вывучаных намі ў рамках даследавання актараў ёсць як інстытуцыяналізаваныя (афіцыйна зарэгістраваныя ў якой-небудзь краіне), так і нефармальныя, якія існуюць як супольнасці, клубы ці валанцёрскія ініцыятывы. Пераважная большасць знойдзеных намі арганізацый маюць інстытуцыянальны характар, аднак, хутчэй за ўсё, у рэальнасці нефармальных ініцыятыў, так ці інакш звязаных з беларускай культурай, у колькасным вымярэнні больш, чым тых, што трапілі ў наш даследчы фокус.
Геаграфія арганізацый, якія дзейнічаюць за межамі Беларусі, даволі шырокая. Найбольш буйныя засяроджванні можна знайсці ў такіх краінах, як Польшча, Літва, Грузія, якія з’яўляюцца асноўнымі рэцыпіентамі беларускіх уцекачоў. Асобна варта згадаць краіны, якія не ўваходзяць у лік лідараў па колькасці беларускіх культурных арганізацый, аднак у якіх дзейнічаюць моцныя культурныя супольнасці (Германія, Чэхія).
Яшчэ адным крытэрам, паводле якога можна класіфікаваць культурных актараў, з’яўляецца іх аўдыторная арыентаванасць. Можна вылучыць тры тыпы аўдыторый, на якія арыентуюцца беларускія культурніцкія арганізацыі і ініцыятывы. Гэта: 1) мясцовыя дыяспаральныя супольнасці альбо людзі, якія нядаўна пакінулі Беларусь; 2) беларусы ў Беларусі; 3) замежная аўдыторыя.
Часцей за ўсё можна ўбачыць разнастайнае камбінаванне гэтых арыентацый. Тут таксама адзначым, што часта тыя арганізацыі, што арыентуюцца на замежнага спажыўца, таксама ўключаюць замежных культурных дзеячаў і інстытуцыі ў вытворчасць сваёй культурнай прадукцыі, што садзейнічае пашырэнню культурнага супрацоўніцтва і абмену.
Класіфікацыя суб’ектаў па галінах культуры
Прааналізаваўшы сабранае ў выніку маніторынгу адкрытых дадзеных поле арганізацый, якія займаюцца культурнай дзейнасцю, а таксама на падставе дадзеных, атрыманых падчас экспертных інтэрв’ю, можна вылучыць наступныя тыпы арганізацый па кожнай з культурных галінаў:
1. Галіна культуры «Візуальнае мастацтва, рамёствы і дызайн»
- Навукова-даследчыя і архіўныя платформы сучаснага мастацтва
- Віртуальныя музеі і медыяплатформы, якія рэпрэзентуюць творы мастацтва
- Арганізацыі, якія займаюцца арт-рэзідэнцыямі і рэтрытамі
- Культуралагічныя клубы і супольнасці, якія маюць рэгулярныя сустрэчы ўжывую
- Прафесійныя арганізацыі, якія развіваюць і пашыраюць арт-кам’юніці і ствараюць сеткі культурных актараў
- Медыярэсурсы, прысвечаныя візуальнаму мастацтву.
2. Галіна культуры «Тэатр і харэаграфія»
- Нефармальны “аргкамітэт” па стварэнні беларускага тэатральнага інстытута
- Прадзюсарскія цэнтры
- Тэатральныя калектывы, зарэгістраваныя як грамадскія арганізацыі
- Тэатральныя калектывы, якія не маюць фармальнага статусу
- Дзіцячыя гурткі і студыі
3. Галіна культуры «Кіно»
- Галіновыя сеткавыя аб’яднанні кінематаграфістаў
- Прыватныя камерцыйныя кінастудыі
- Групы кінематаграфістаў-фрылансераў (пераважна дакументалістаў) пры незалежных медыярэсурсах
- Кінатэатры і кінапрасторы
- Кінафестывалі і прэміі
- Стрымінгавыя сэрвісы і анлайн-кінатэатры
- Медыярэсурсы, прысвечаныя кіно
4. Галіна культуры «Нацыянальная спадчына, гісторыя і традыцыйная культура»
- Інстытут нацыянальнай памяці (ініцыятыўная група)
- Арганізацыі, якія займаюцца пытаннямі захавання і кіравання ў сферы матэрыяльнай спадчыны
- Арганізацыі, якія займаюцца архіваваннем і даследаваннем традыцыйнай беларускай культуры
- Арганізацыі, якія займаюцца прасоўваннем і папулярызацыяй нацыянальнай культуры і ідэнтычнасці
- Прадстаўніцтвы ў палітычных цэнтрах, якія займаюцца пытаннямі нацыянальнай ідэнтычнасці, мовы, захавання культуры
- Дыяспаральныя супольнасці з шырокім прабеларускім парадкам дня
- Нефармальныя клубы і суполкі, арганізаваныя вакол вузкай тэматыкі (гісторыя, мова, традыцыйныя танцы)
- Анлайн-платформы па вывучэнні беларускай мовы
- Адукацыйныя арганізацыі на беларускай мове (школьныя ініцыятывы, дзіцячыя сады)
5. Галіна культуры «Музыка»
- Музычныя калектывы
- Лэйблы і студыі гуказапісу
- Прадзюсарскія цэнтры
6. Галіна культуры «Літаратура і выдавецкая справа»
- Галіновыя сеткавыя аб’яднанні літаратараў і кнігавыдаўцоў
- Выдавецтвы
- Кнігарні і бібліятэкі
- Анлайн-бібліятэкі і платформы аўдыёкніг
- Літаратурныя клубы і супольнасці
Асобна варта згадаць арганізацыі і ініцыятывы з шырокім профілем культурнай дзейнасці: шматлікія арт-пляцоўкі і прасторы, а таксама некалькі міжгаліновых сеткавых інстытуцый.
Па выніках інтэрв’ю з экспертамі і аналізу поля культурніцкіх арганізацый, можна адзначыць, якіх тыпаў (па форме ці парадку) арганізацый і ініцыятыў не хапае сёння ў розных галінах.
Літаратура і выдавецтвы:
- Ініцыятывы, якія б займаліся арганізацыяй і падтрыманнем дыстрыбутарскай сеткі для беларускай літаратуры;
- Бюро літаратурных агентаў, якія выступаюць пасярэднікам паміж аўтарам, выдавецтвамі і аўдыторыяй.
Музыка:
- Арганізацыі, якія займаюцца прасоўваннем і раскручваннем беларускіх выканаўцаў, наладжваннем гастроляў, выяўленнем талентаў сярод маладых артыстаў: прома-групы, прадзюсарскія цэнтры.
Візуальнае мастацтва:
- Агульныя камунікацыйныя пляцоўкі (афлайнавыя), на якіх была б магчымасць хаця б раз на паўгода проста сустрэцца для пазапраектнай камунікацыі;
- Профільныя медыя, камунікатыўныя каналы па распаўсюджванні інфармацыі і ўзмацненні “бачнасці” беларускай культуры;
- Амбасады культуры: сетка злучальных цэнтраў у гарадах розных краін, якія фарміруюць вакол сябе супольнасці, што падтрымліваюць праекты і да т.п.
Тэатр і харэаграфія:
- Тэатральныя хабы – паўнавартасныя фізічныя пляцоўкі за мяжой для рэпетыцый і выступаў розных тэатральных калектываў са спадарожнай менеджарска-прадзюсарскай інфраструктурай.
Кіно:
- Менеджарска-прадзюсарскі цэнтр, які займаўся б пошукам фінансавання і дапамогай у прасоўванні маладых аўтараў (магчыма, дзве сеткавыя структуры будуць такімі цэнтрамі, пакуль яны займаюцца піярам і пазіцыянаваннем кіно за мяжой);
- Адукацыйны цэнтр у сферы кінаіндустрыі.
Нацыянальная спадчына, гісторыя і традыцыйная культура:
- Рэсурсныя цэнтры, здольныя аператыўна аказваць разнастайную падтрымку нізавым ініцыятывам унутры Беларусі і за яе межамі, прадусаваць і піярыць іх дзейнасць;
- Буйны сеткавы гулец накшталт Інстытута нацыянальнай памяці (ёсць ініцыятыўная група па стварэнні такога).
Сувязі паміж культурнымі актарамі
Падчас онлайн-апытання і інтэрв’ю з экспертамі было выяўлена некалькі трэндаў ва ўзаемадзеянні і камунікацыі актараў беларускай незалежнай культуры.
З аднаго боку, і большасць экспертаў, і большасць удзельнікаў анлайн-апытання (21 з 35) не зусім задаволеныя ўзроўнем наяўнага ўзаемадзеяння з іншымі арганізацыямі і ініцыятывамі беларускай культуры і хацелі б яго павысіць. З іншага боку, за агульным жаданнем падвышэння ступені ўзаемадзеяння часам стаяць вельмі розныя ўстаноўкі.
Сярод праблем, якія перашкаджаюць дасягаць жаданага ўзроўню ўзаемадзеяння з іншымі арганізацыямі/ініцыятывамі, удзельнікі онлайн-апытання часцей за ўсё называлінедахоп часу і рэсурсаў у сваёй арганізацыі для наладжвання такога ўзаемадзеяння. Гэта сведчыць аб інстытуцыйнай слабасці арганізацый, паколькі наладжванне пастаяннага працэсу пошуку новых партнёраў і падтрымання сувязей патрабуе асобнай увагі, кампетэнцыі і затрат часу. Яшчэ адна распаўсюджаная праблема – пытанні бяспекі і даверу, таксама досыць зразумелая ў бягучых умовах. Акрамя гэтага, у якасці перашкод для павышэння ўзроўню ўзаемадзеяння часта называюцца праблемы ва ўзгадненні інтарэсаў з іншымі арганізацыямі і ініцыятывамі, адсутнасць агульных пляцовак для ідэй, напрамкаў развіцця, пошуку новых партнёраў, а таксама недахоп інфармацыі аб іншых арганізацыях, якія працуюць у сферы культуры.
Інтэрв’ю з экспертамі дазваляюць вызначыць яшчэ дзве не такія трывіяльныя праблемы, звязаныя з павышэннем узроўню ўзаемадзеяння беларускіх культурніцкіх арганізацый.
Цяжкасці ў камунікацыі паміж культурнымі дзеячамі ў сувязі з геаграфічнай раз’яднанасцю. Гэтая акалічнасць натуральным чынам вызначае «астраўны» характар узаемадзеяння і кааперацыі сярод беларускіх культурных актараў: упісанасць у «свае» колы ўзаемадзеяння і камунікацыі з невысокай сувяззю паміж гэтымі коламі. Нягледзячы на тое, што культурныя дзеячы добра камунікуюць адзін з адным у анлайн-фармаце праз рэгулярныя Zoom-канферэнцыі ці ўваходзяць у чаты, дзе сабраны прадстаўнікі розных культурных арганізацый і ініцыятыў, многія з іх згадваюць пра непаўнавартаснасць такой камунікацыі і адчуваюць неабходнасць пашырэння жывых зносін, у тым ліку па-за рамкамі рэалізацыі агульных праектаў.
Адсутнасць наладжанасці праектнага і інстытуцыйнага ўзаемадзеяння. Нягледзячы на тое, што эксперты адзначаюць неабходнасць пашырэння інстытуцыйнага і праектнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва, многія з іх указваюць на адсутнасць тэм ці праблем, якія патрабуюць пашырэння такой кааперацыі. Размова тут таксама ідзе і аб тым, што агульныя праблемы і выклікі, якія ёсць у розных сектарах культуры, далёка не заўсёды можна вырашыць простым аб’яднаннем намаганняў або арганізацыяй сеткавай ініцыятывы. Асабліва гаворка ідзе пра галіны, якія патрабуюць вялікіх фінансавых інвестыцый. Да таго ж у многіх галінах культурнай дзейнасці ёсць ці плануецца стварэнне сеткавых ці кааліцыйных аб’яднанняў. У якасці прыкладу можна прывесці такія аб’яднанні ў сферы беларускага незалежнага кіно, як Belarusian Filmmakers’ Network, Беларуская незалежная кінаакадэмія, у сферы літаратуры і выдавецкай справы – Інстытут беларускай кнігі, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, у сферы тэатра – ініцыятыва па стварэнні Беларускага тэатральнага інстытута, у сферы нацыянальнай спадчыны, гісторыі і традыцыйнай культуры – ініцыятыву па стварэнні Інстытута нацыянальнай памяці.
У некаторых сферах культуры, аднак, ёсць рэальныя запыты і тэмы, у якіх зацікаўлены актары, і, самае галоўнае, якія патэнцыйна могуць быць дазволеныя кааліцыйным супрацоўніцтвам. Так, у беларускай незалежнай кнігавыдавецкай справе відавочна не хапае інстытуцый па дыстрыбуцыі прадукцыі выдавецтваў, у музычнай сферы – прадзюсарскіх цэнтраў і экспертна-рэйтынгавых платформаў (як, напрыклад, Тузін гітоў, experty.by).
Пры гэтым на ўзроўні асабістага ўзаемадзеяння культурныя дзеячы лёгка знаходзяць агульную мову, падтрымліваюць кантакты і пры неабходнасці лёгка праз іх рэалізоўваюць агульныя праекты. Сёння менавіта такі тып супрацоўніцтва з’яўляецца пераважным у незалежнай сферы культуры. Адсюль і адсутнасць у многіх экспертаў уяўленняў аб неабходнасці стварэння ўстойлівых структур, якія аб’ядноўваюць сектар.
Трэба адзначыць, што на сённяшні дзень паўнавартасным полем магчымых камунікацый і ўзаемадзеянняў фактычна з’яўляецца прастора па-за межамі Беларусі, арганізацыі і ініцыятывы ўнутры Беларусі слаба ўключаны як у дыскусіі, так і ў рэальныя працэсы кааліцыйнага і сеткавага будаўніцтва. Наяўныя ўмовы робяць задачу ўключэння ў гэты абарот культурных актараў з Беларусі асобнай нетрывіяльнай задачай, паколькі характар гэтага ўключэння патрабуе непублічнасці і асаблівых рэгламентаў работы, якія даволі цяжка забяспечыць.
У якасці адносна новай і перспектыўнай тэндэнцыі ў характары ўзаемадзеяння паміж беларускімі культурнымі актарамі можна адзначыць пашырэнне практык міждысцыплінарных і міжгаліновых калабарацый. Размова ідзе аб з’яўленні праектаў, у якіх нехарактэрным для беларускай сферы культуры чынам сумяшчаюцца розныя галіны культуры, мастацтва і новыя тэхналогіі і г.д.
Сеткавыя арганізацыі, іх роля і ўспрыманне
У полі арганізацый беларускай культуры дзейнічае і развіваецца шэраг ініцыятываў, якія імкнуцца выконваць функцыі стратэгічнага планавання і фасілітацыі для ўсяго сектара незалежнай беларускай культуры. Да такіх арганізацый можна аднесці Беларускую Раду культуры, Беларускі ПЭН. Падчас анлайн-апытання ў якасці сеткавых і парасонавых арганізацый згадваліся таксама CreateCulture Group, Беларускі Моладзевы Хаб, Інстытут беларускай кнігі, Беларуская незалежная кінаакадэмія.
Трэба разумець, што на ўспрыманне такіх арганізацый уплываюць патэрны, характэрныя для ўспрымання лідарства беларусамі, якія праяўляюцца ў самых розных палях (ад інтэлектуальнага да палітычнага). Адзін з іх заключаецца ў тым, што любая ініцыятыва па “аб’яднанні” або апасродкаванні адносін (у дадзеным выпадку, у сектары культурніцкіх арганізацый) адразу ўспрымаецца як спроба заняць месца лідараў або пераразмеркавання рэсурсаў.
Нягледзячы на ў цэлым станоўчыя ацэнкі дзеянняў гэтых ініцыятыў, эксперты ўказваюць на шэраг недахопаў у дзейнасці такіх арганізацый.
У першую чаргу гэта неразуменне і недавер да павестак такіх арганізацый на фоне відавочнага невалодання імі неабходнымі для вырашэння стратэгічных задач рэсурсамі. Частка культурных актараў, якія маюць досвед пошуку донарскай падтрымкі для сваёй дзейнасці, маюць навыкі рашэння падобнага роду задач і ў цэлым не маюць патрэбы ў пасярэдніцтве ў яе атрыманні праз названыя сеткавыя арганізацыі. Арганізацыі, якія не маюць такіх кампетэнцый, знаходзяцца ў ілюзіі, прасцейшым і больш эфектыўным. Традыцыйна любыя спробы выконваць пасярэдніцкую функцыю ў адносінах паміж донарамі і нізавымі арганізацыямі ўспрымаюцца з падазрэннем. У сувязі з гэтым, лічаць эксперты, было б больш дарэчы ствараць пляцоўкі і кансультацыйныя цэнтры, якія б наўпрост злучалі грантадаўцаў і патэнцыйных суіскальнікаў дапамогі (варта абмовіцца, што механізм дзеяння такіх пляцовак наўрад ці хтосьці сабе ўяўляе).
Акрамя таго, на думку экспертаў, прэтэндуючы на фасілітацыю самых разнастайных галінаў культурнай дзейнасці, падыходы сеткавых аб’яднанняў часта не ўлічваюць спецыфіку кожнай з галін культуры. Такі недахоп кампетэнцый перашкаджае знайсці агульную мову з прафесіяналамі ў той ці іншай галіне, а таксама не дазваляе весці дыялог на належным прафесійным узроўні з прэстыжнымі замежнымі арганізацыямі, фестывалямі, экспертамі і г.д.
“Палітызацыя культуры”, на думку некаторых экспертаў, таксама сёння з’яўляецца адной з перашкод ва ўзаемадзеянні з буйнымі сеткавымі аб’яднаннямі. Пасля 2020 года беларуская культура выйшла на новы віток развіцця, аднак у гэтым кантэксце “запатрабаванай” з’яўляецца перш за ўсё “культура пратэсту” і ўсё, што так ці інакш звязана з актуальнымі падзеямі, рэпрэсіямі або нацыянальным кантэнтам, які вузка разумеецца. Сеткавыя арганізацыі таксама часта робяць акцэнт менавіта на гэтым. Гэта выключае або істотна абмяжоўвае ўключэнне ў іх павесткі непалітычнага кантэнту або кантэнту без відавочна выяўленага нацыянальнага кампанента. Да такіх «выключаных» сфер культуры можна аднесці сучаснае візуальнае мастацтва.
Абмяжоўваючым уключанасць і зацікаўленасць у працы згаданых вышэй сеткавых аб’яднанняў з’яўляецца і той факт, што некаторыя з іх з’яўляюцца наўпрост звязанымі з палітычнымі дэмакратычнымі цэнтрамі альбо маюць маркер “экстрэмісцкіх”. Дадзеная акалічнасць адпужвае многіх культурных гульцоў, асабліва тых, хто супрацоўнічае з беларускімі творцамі і арганізацыямі, якія знаходзяцца ў Беларусі.
У цэлым шэраг экспертаў гавораць аб неабходнасці стварэння нейкай платформы, якая дае магчымасць рэпрэзентацыі культурнымі дзеячамі сваіх дасягненняў і праектаў, асабліва для не самых медыйна вядомых гульцоў. Запатрабаванай таксама застаецца функцыя навігацыі ў полі беларускіх культурніцкіх арганізацый, а таксама магчымых партнёраў, пляцовак, фондаў і донараў у розных краінах.
Агульныя трэнды і выклікі
Прааналізаваўшы вынікі онлайн-апытання і інтэрв’ю з экспертамі, у якіх мы прасілі іх распавесці не толькі аб сваёй арганізацыі, але і ў цэлым аб сітуацыі ў той галіне культуры, што яны прадстаўляюць, можна вылучыць наступныя агульныя трэнды ў сферы культуры:
1. Рост цікавасці да беларускай культуры, пытанняў ідэнтычнасці і беларускай мовы сярод саміх беларусаў выбухнуў у 2020 годзе і па-ранейшаму працягваецца, хоць і ў інэрцыйным рэжыме.
2. Паступовая пераарыентацыя культурніцкіх арганізацый і беларускіх культурных дзеячаў на замежнага спажыўца, а не толькі на беларускую дыяспару і аўдыторыю ўнутры Беларусі. Актыўнае асвойванне замежных рынкаў, маркетплэйсаў і г.д.
3. Паступовая дэпалітызацыя беларускай незалежнай культуры (гэта тычыцца найперш эміграцыі, якая ўсе гэтыя тры гады была зараджаная на пратэсны кантэкст і ангажаванага спажыўца, цяпер паступова назапашваецца стомленасць і ў спажыўца, і ў саміх дзеячаў). Аднак нягледзячы на тое, што «выбух» цікавасці да ўсяго беларускага на фоне палітычных працэсаў 2020-га года, у тым ліку і да беларускай культуры “мінулага перыяду”, хутчэй ідзе на спад, усё яшчэ можна назіраць адчувальны запыт на такія культурныя тэмы, асабліва за мяжой (унутры Беларусі цяжэй штосьці рэгістраваць).
4. Паглыбленне падзелу і адасобленасці дзвюх культурных сітуацый: унутры Беларусі і па-за ёй.
5. Унутры Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, і невыразнасць прававых, інстытуцыйных і палітычных умоў задае асаблівы модус існавання незалежнай культуры – паўпадпольны ці партызанскі. Культурнае поле, якое фарміруецца ў Беларусі, мае свае асаблівасці ў фарміраванні камунікатыўных сувязей.
6. Паступовае адбудоўванне за межамі Беларусі незалежнага культурнага поля ў такім выглядзе, у якім яно было ў Беларусі да 2020 года («НДАшныя формы і выгляд»). З той розніцай, што ў Беларусі незалежныя актары імкнуліся неяк падладзіцца пад істытуцыянальныя ўмовы беларускай дзяржавы, а цяпер яны змушаныя адаптавацца да ўмоў іншых (у асноўным дэмакратычных) дзяржаў. Пры гэтым даволі значныя змены («скажэнні») перажываюць сферы, якім «цяжка пераехаць» за мяжу, у якіх важнай з’яўляецца сувязь з аўтэнтычным беларускім матэрыялам (перш за ўсё матэрыяльная і нематэрыяльная спадчына, ахова помнікаў культуры і прыроды). Аднак і ў гэтых сферах знаходзяцца новыя формы, якія дазваляюць у адрыве ад артэфактаў неяк дзейнічаць і развівацца (як прыклад – платформа аўдыягідаў па беларускіх славутасцях).
7. Усё яшчэ характэрна расплывістае ўяўленне аб будучыні і разгубленасць, немагчымасць будаваць доўгатэрміновыя планы і стратэгіі.
8. У якасці асноўных негатыўных трэндаў часта адзначаюцца не толькі рэпрэсіі і зачыстка поля культурніцкіх арганізацый і ініцыятыў у Беларусі, але і працэсы русіфікацыі, экспансіі рускай культуры.
Праблемы і выклікі
Новыя ўмовы, у якіх існуе беларуская культура сёння, даюць багата магчымасцяў для развіцця і росту арганізацый, але яны ж ствараюць і перашкоды на шляху да станаўлення новых ініцыятыў. Эксперты адзначылі асноўныя з іх.
1. Фінансавыя цяжкасці. У ходзе анлайн-апытання недахоп фінансавання найбольш часта называўся ў якасці самай вострай праблемы як для сферы беларускай культуры ў цэлым, так і ў якасці найбольш вострай праблемы, якая стаіць перад канкрэтнымі арганізацыямі. Акрамя недахопу фінансавання і адсутнасці неабходнага для многіх культурных практык інфраструктурнай падтрымкі, ёсць таксама цяжкасці ў арыентацыі на полі грантавай падтрымкі, няведанне, куды менавіта звярнуцца па рэалізацыю таго ці іншага праекта. Акрамя таго, эксперты гавораць аб тым, што замежная падтрымка больш арыентавана на іншыя грамадскія пачынанні беларусаў: на падтрымку медыя, прадэмакратычнай палітычнай дзейнасці і г.д. Многія творчыя калектывы і арганізацыі, адказваючы на гэты выклік, робяць спробы выхаду за межы грантавага фінансавання – шукаюць камерцыйныя нішы і стратэгіі развіцця.
2. Складанасць ва ўтрыманні беларускага кантэксту. У многіх галінах беларускай культуры ідзе пераарыентацыя на замежную аўдыторыю і культурныя рынкі, што непазбежна вядзе да памяншэння вытворчасці культурнай прадукцыі з выразным беларускім кампанентам, на зразумелай беларусу мове і г.д.
3. Менеджмент і прасоўванне. У ходзе онлайн-апытання недахоп эфектыўнага менеджменту заняў другое месца ў рэйтынгу праблем. Эксперты адзначаюць недахоп кампетэнцый у прасоўванні і самарэпрэзентацыі сярод культурных дзеячаў і ініцыятыў, што запавольвае інтэграцыю ў замежны культурны абарот. Тут жа дадамо, што часта пляцоўкі і праекты, прызначаныя дапамагчы культурным дзеячам прасоўваць свае прадукты (пітчынгі і г.д.), не даюць рэальнай магчымасці “злучэння” з патэнцыйнымі інвестарамі.
4. У той частцы незалежнай беларускай культуры, якая фарміруецца і развіваецца па-за межамі Беларусі, не выявілася дзейных лідараў культурных ніш, якія б аб’ядноўвалі ці інфраструктурна звязвалі (праз дзейнасць і вырашэнне канкрэтных праблем) тыя ці іншыя напрамкі культурнай дзейнасці.Ёсць ініцыятывы кшталту Беларускай Рады культуры, прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні, але яны выконваюць іншыя функцыі (распрацоўваюць дакументы і стратэгіі).
5. Цяжкасці ва ўладкаванні паўнавартаснай прафесійнай інфраструктуры для вытворчасці, дэманстрацыі, распаўсюджвання беларускага культурнага прадукта за межамі Беларусі. Нягледзячы на тое, што ў замежжы за апошнія гады з’явілася і развіваецца мноства пляцовак і арт-прастор, часта іхняя тэхнічная і кадравая забяспечанасць не дазваляе разгортваць паўнацэнны культурны працэс. Асабліва гэта датычыцца такіх сфер як тэатр, сучаснае мастацтва і г.д. Як правіла, прадстаўнікам гэтых сфер даводзіцца звяртацца да небеларускіх пляцовак, галерэяў, залаў, тэатральных сцэн і г.д. у рамках рэалізацыі разавых выступленняў, праектаў, выстаў.
Магчымасці для развіцця і кропкі росту
- выхад на міжнародную аўдыторыю, уключэнне ў міжнародныя культурныя рынкі, магчымасць асвойваць сусветны культурны досвед, упісваць беларускую культуру ў агульнаеўрапейскі кантэкст;
- вытворчасць беларускага культурнага кантэнту з 2020-га года вырасла ў разы і гэтая акалічнасць задае перспектывы пашырэння носьбітаў беларускай ідэнтычнасці (мовы, нацыянальна арыентаваных людзей), аднак на дадзены момант няма буйных гульцоў, якія маглі б узяць на сябе ролю прадусавання ўсяго гэтага масіву, выхаду на вялікія аўдыторыі і г.д.;
- развіццё тых напрамкаў, у якіх зараз адчуваюцца відавочныя нястачы ў розных галінах культуры: у першую чаргу, гэта інфраструктурныя элементы для шэрагу сфер (хабы, сістэмы дыстрыбуцыі), менеджмент культуры і сістэмы крытыкі і рэйтынгавання;
- утрыманне сувязі з культурнымі актарамі ўнутры Беларусі за кошт уключэння іх у культурную вытворчасць на тых стадыях, якія дазваляюць выконваць патрабаванні бяспекі; барацьба са стыгматызацыяй культурных актараў і дзеячаў, якія застаюцца ў Беларусі і выкарыстоўваюць дзяржаўную інфраструктуру ўстаноў, сімвалічная і нефармальная падтрымка;
- пашырэнне (пераважна ў онлайн і дыстанцыйных формах) у Беларусі сеткі распаўсюджвання беларускай літаратуры, кіно, іншых культурных прадуктаў, якія вырабляюцца сёння ў іншых краінах. Паколькі “дастаўка” і “дэманстрацыя” такога кшталту прадуктаў у фізічным выглядзе з’яўляецца сёння даволі рызыкоўнай і можа быць справай асобных энтузіястаў, сістэмна задачы можна вырашаць за кошт электронных выданняў новых кніг, большай колькасці каналаў і рэсурсаў, якія збіраюць кніжныя “навінкі”, кіна- і тэатральную крытыку і да т.п.;
- сістэматычныя даследаванні і маніторынг працэсаў развіцця культуры і іх уплыву на беларускую і замежную аўдыторыю. Маніторынг працэсаў русіфікацыі ў Беларусі, распрацоўка новых стратэгій супрацьстаяння ёй.