У Берліне адбылася беларуска-нямецкая сустрэча, якая сабрала больш за 30 прадстаўнікоў культурніцкіх і грамадскіх арганізацый з Польшчы, Літвы і Германіі. Удзельнікі пазнаёміліся з працай адно аднаго, абмеркавалі агульныя праблемы і магчымасці супрацоўніцтва.

Мерапрыемства прайшло ў Фондзе Генрыха Бёля (Heinrich Böll Stiftung) у якасці сайд-івенту праграмы Berlin–Belarus Future Forum. Яе мэтай было стварыць прастору для абмену досведам паміж беларускімі арганізацыямі, якія працуюць у розных краінах, а таксама для знаёмства з нямецкімі партнёрамі.
Да размовы далучыліся прадстаўнікі арганізацый і ініцыятыў, якія займаюцца сучасным мастацтвам, літаратурай, кіно, культурнай спадчынай, гістарычнай памяццю, адукацыяй, медыя, правамі чалавека і развіццём грамадзянскай супольнасці.
Сустрэча была ініцыяваная Беларускай Радай культуры сумесна з партнёрамі — «Дыялог бюро» (Dialogbüro), Ambasada Kultury і RAZAM e.V.
Моцныя бакі і агульныя праблемы
Размова пачалася з трох пытанняў: у чым сёння сіла беларускіх культурніцкіх арганізацый, якія планы яны маюць на сярэднетэрміновую перспектыву і чаго ім не хапае для іх рэалізацыі.
Удзельнікі адзначалі працавітасць, шырокую сетку прафесійных кантактаў, досвед працы ва ўмовах ціску і вымушанай эміграцыі, здольнасць рэалізоўваць маштабныя праекты нават пры абмежаваных рэсурсах.
Гаварылі і пра тое, што беларускія арганізацыі часта ставяць перад сабой задачы, якія выходзяць за межы іх непасрэднай дзейнасці. Яны імкнуцца ўплываць на шырэйшыя грамадскія працэсы, працуюць з міжнароднай аўдыторыяй і надаюць вялікую ўвагу якасці сваёй працы. Пры гэтым стараюцца не губляць з поля зроку людзей, якім патрэбная асаблівая падтрымка.
Нягледзячы на розныя сферы дзейнасці і краіны знаходжання, удзельнікі вызначылі шэраг агульных праблем:
- Структурнае і гнуткае фінансаванне. Арганізацыям патрэбныя рэсурсы, якія дазваляюць планаваць працу на некалькі гадоў наперад, развіваць каманды і рэалізоўваць стратэгічныя мэты, а не залежаць выключна ад кароткатэрміновых праектаў.
- Кааперацыя і ўключанасць у агульнабеларускую павестку. Важна развіваць супрацоўніцтва ўнутры культурнага сектара і з іншымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, каб культура была паўнавартаснай часткай размовы пра будучыню Беларусі.
- Міжнародная бачнасць. Беларускай культуры і мастацтву неабходная большая прысутнасць у міжнароднай прасторы. Гэта датычыцца не толькі праектаў і арганізацый, але і саміх творцаў, іх імёнаў і прафесійных дасягненняў.
- Незалежны статус беларускай культуры. Удзельнікі гаварылі пра неабходнасць адрозніваць незалежнае беларускае мастацтва ад палітыкі рэжыму Лукашэнкі і статусу Беларусі як краіны-суагрэсаркі ў вайне Расіі супраць Украіны. Незалежныя творцы не павінны атаясамлівацца з дзеяннямі дзяржавы, якую яны не прадстаўляюць.
- Падтрымка мастацтва як самастойнай каштоўнасці. Не ўсе мастацкія праекты мусяць мець непасрэдную грамадскую або палітычную мэту. Мастацкая якасць і творчы пошук таксама патрабуюць падтрымкі.
- Магчымасць жыць са сваёй творчасці. Прафесійным творцам патрэбныя ўмовы, якія дазваляюць зарабляць сваёй працай, а не шукаць іншую занятасць дзеля выжывання.
- Падтрымка людзей ва ўразлівым становішчы. Важна, каб доступ да культурных магчымасцяў і рэсурсаў мелі таксама тыя, хто сутыкаецца з дадатковымі бар’ерамі.
Пра што яшчэ разважалі
Асобныя дыскусіі былі прысвечаныя канкрэтным напрамкам працы і магчымасцям супрацоўніцтва.
Культурная спадчына. Абмяркоўвалі, як захоўваць і даследаваць беларускую спадчыну, працаваць з архівамі і калекцыямі, а таксама рыхтаваць новых спецыялістаў у гэтай сферы. Асобнае пытанне — як забяспечваць пераемнасць ведаў і прафесійнага досведу.
Бачнасць беларускай культуры і вектары яе развіцця. Гаварылі пра тое, як беларуская культура прадстаўленая ў міжнароднай прасторы, якія тэмы і мастацкія практыкі атрымліваюць увагу і як пашыраць магчымасці для беларускіх творцаў. Важна, каб беларускае мастацтва было вядомае не толькі ў сувязі з палітычнымі падзеямі і рэпрэсіямі.
Культурная інфраструктура і ўстойлівасць. Удзельнікі абмяркоўвалі, якія арганізацыі, прафесійныя сеткі, адукацыйныя праграмы і механізмы падтрымкі патрэбныя для доўгатэрміновай працы культурнага сектара. Як захаваць ужо створанае, падтрымліваць каманды і развіваць супрацоўніцтва ва ўмовах нестабільнасці?
Што паказала сустрэча і над чым варта працаваць далей
Падчас выніковай рэфлексіі ўдзельнікі адзначылі яшчэ некалькі важных пытанняў і магчымых напрамкаў далейшай працы.
Беларуская культурная прысутнасць у Германіі. Прагучала патрэба ў мапінгу беларускіх культурных арганізацый і ініцыятыў, якія працуюць у Германіі. Больш поўнае разуменне таго, хто і ў якіх гарадах працуе, якімі рэсурсамі і экспертызай валодае, дапамагло б наладжваць сувязі паміж арганізацыямі, знаходзіць партнёраў і лепш прадстаўляць беларускую культуру ў нямецкім культурным асяроддзі.
Супрацоўніцтва з нямецкімі партнёрамі. Адным з назіранняў стала адносна невялікая прадстаўленасць нямецкіх арганізацый на нэтворкінгу. Нягледзячы на шырокае кола запрошаных інстытуцый, зацікаўленасць у непасрэдным удзеле аказалася абмежаванай. Гэта таксама паказвае, што наладжванне беларуска-нямецкага культурнага супрацоўніцтва патрабуе дадатковай працы — найперш пошуку тэм і фарматаў, якія былі б аднолькава цікавымі і карыснымі для абодвух бакоў.
Што мы можам рабіць разам? Гэтае пытанне праходзіла праз усю сустрэчу. Удзельнікі шукалі магчымасці для сумесных праектаў, абмену экспертызай, доступу да прафесійных сетак і культурных пляцовак. Абмяркоўвалася і магчымасць аб’яднання высілкаў вакол аднаго маштабнага праекта. У якасці прыкладу прагучала ідэя «Мінск у выгнанні — Еўрапейская сталіца культуры 2034», якая магла б аб’яднаць розныя арганізацыі, творцаў і міжнародных партнёраў вакол агульнай мэты.
Скразной тэмай стала патрэба ў прафесійнай асацыяцыі, якая магла б прадстаўляць і адстойваць інтарэсы сваіх чальцоў, а таксама дапамагаць арганізацыям абменьвацца інфармацыяй.
«Сёлета Беларуская Рада культуры арганізавала ўжо чатыры нэтворкінгавыя сустрэчы, кожная з якіх была скіраваная на развіццё супрацоўніцтва паміж рознымі сектарамі і міжнароднымі партнёрамі. Мы стваралі прастору для дыялогу паміж культурай і медыя, культурай і бізнесам, арганізоўвалі сустрэчы беларускіх культурніцкіх арганізацый з польскімі калегамі ў Варшаве і Любліне, а цяпер — з нямецкімі партнёрамі ў Берліне.
Паралельна мы разам з іншымі арганізацыямі сектара працягваем развіваць Форум культурніцкіх арганізацый як пастаянную пляцоўку для прафесійнага дыялогу, каардынацыі і сумеснага пошуку рашэнняў. Да Форуму можна далучыцца, запоўніўшы форму.
Для нас гэта не проста серыя асобных мерапрыемстваў, а паслядоўная праца над умацаваннем сувязяў і пошукам новых партнёрстваў. Мы хочам, каб арганізацыі лепш ведалі пра працу і патрэбы адно аднаго, маглі аб’ядноўваць экспертызу і рэсурсы, а супрацоўніцтва не залежала выключна ад выпадковых знаёмстваў або асобных праектаў», — адзначыў кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.
Беларуская Рада культуры таксама арганізавала панэльную дыскусію «Beyond Borders: Belarusian Culture as a Pillar of National Resilience» у межах экспертнай часткі Berlin–Belarus Future Forum, пра якую мы раскажам у асобным матэрыяле.
Арганізацыі і ініцыятывы, прадстаўленыя на сустрэчы
У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі наступных арганізацый, творчых аб’яднанняў і ініцыятыў:
- Арт-група «1+1=1»
- Ambasada Kultury
- Belarusian Filmmakers’ Network (BFN)
- European Heritage Volunteers
- Fem.Cultural Network / Fem*HUB Bridging Cultures
- The Free Media Centre
- Fundacja Krok Media
- Fundacja Tutaka
- LookByMedia
- MARA e.V.
- Minsk x Minga
- Mycelium [Грыбніца] / AWC Journal
- Pavetra e.V.
- RAZAM e.V. (Belarusische Gemeinschaft RAZAM)
- S. Fischer Stiftung
- Беларуская Рада культуры (Belarusian Council for Culture)
- Беларускі ICOMOS
- Беларускі Інстытут Спадчыны
- Беларускі ПЭН (PEN Belarus)
- Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча
- ЕўраБеларусь (EuroBelarus)
- Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі