Мапінг супрацы, асноўныя тэндэнцыі і перспектывы
Перад вамі – мапінг беларуска-ўкраінскай культурнай супрацы ў 2022–2026 гадах, падрыхтаваны экспертамі Беларускай Рады культуры сумесна з Дацкім інстытутам культуры.
Дакумент збірае і апісвае супольныя праекты ў літаратуры, тэатры, кіно, візуальным мастацтве, медыя, фестывальных праграмах і міжнародных сетках. Гэтыя прыклады паказваюць не толькі маштаб і разнастайнасць супрацы, але і тое, як змяніўся сам характар беларуска-ўкраінскага культурнага дыялогу пасля 2022 года.
Мэта працы – фіксацыя ўжо зробленага, а праз прызму назапашагана досведу – вызначэнне адметнасцяў актуальнага стану развіцця беларуска-ўкраінскага культурнага дыялогу і яго далейшага патэнцыялу.
Мапінг не прэтэндуе на вычарпальнасць: ён фіксуе больш як чатыры з паловай дзясяткі праектаў, але рэальны маштаб супрацы, верагодна, большы. Пры гэтым нават існая выбарка паказвае ўстойлівасць сувязяў: дзясяткі супольных ініцыятыў былі рэалізаваныя менш чым за чатыры гады ва ўмовах вайны, эміграцыі, абмежаваных рэсурсаў і фактычнай адсутнасці сістэмнага міждзяржаўнага дыялогу.
Значная частка гэтых ініцыятыў стала магчымай дзякуючы валанцёрскай працы, асабістым сродкам аўтараў і арганізатараў, краўдфандынгу або невялікай донарскай падтрымцы. Многія з іх мелі міжнародны поспех, былі прызнаныя публікай і экспетрнай супольнасцю, намінаваліся на прэстыжныя ўзнагароды. Пры гэтым беларуска-ўкраінская супраца часта развівалася ў межах больш шырокіх праграм падтрымкі незалежнай культуры і міжкультурнага супрацоўніцтва, а не як асобны прыярытэт.
Супольныя беларуска-ўкраінскія праекты, ужо рэалізаваныя і тыя, што працягваюць рэалізоўвацца, паказваюць – існуе значна больш шырокая аснова для супрацы, чым дазваляюць сённяшнія рэсурсы і інстытуцыйныя механізмы.
Адсюль вынікае адна з ключавых прапаноў дакумента: стварыць асобную доўгатэрміновую праграму падтрымкі беларуска-ўкраінскага культурнага супрацоўніцтва – з уласным фінансаваннем, устойлівымі партнёрствамі і падтрымкай як творчых праектаў, так і інфраструктуры дыялогу.
Чытаць цалкам у pdf (па-беларуску)
Чытаць цалкам у pdf (па-ўкраінску)
Чытаць цалкам у pdf (па-англійску)
Ёсць пытанні, ідэі ці каментары?
Будзем радыя вашым прапановам па далейшым развіцці даследавання.
Кантакт: info@byculture.org