20250417-ZAM-rada_kultuty_nadzeya-010

Беларуская культура як падмурак міжнароднай суб’ектнасці. Досвед ArtPower Belarus

На платформе Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства апублікаванае інтэрв’ю з намесніцай кіраўніка Беларускай Рады культуры Надзеяй Гарэцкай, прысвечанае праграме ArtPower Belarus і шырокай трансфармацыі беларускай культурніцкай сцэны пасля 2020 года.

Намесніца кіраўніка Беларускай Рады культуры Надзея Гарэцкая.

У гэтым матэрыяле праз досвед канкрэтнай праграмы прадстаўніца нашай арганізацыі фармулюе аргументацыю пра ролю культуры ў сітуацыі палітычнага крызісу і вымушанай транснацыяналізацыі. Так, ArtPower Belarus сёння – адзін з ключавых механізмаў падтрымкі беларускай культуры ў выгнанні і ўнутры краіны. Аднак гаворка ідзе не толькі пра інструмент фінансавання.

Надзея паслядоўна даводзіць, што ArtPower Belarus фактычна функцыянуе як інфраструктура, якая:

  • падтрымлівае бесперапыннасць культурніцкай вытворчасці,
  • забяспечвае сувязь паміж актарамі ў розных краінах,
  • фармуе прастору для творчых пошукаў і пераасэнсавання ролі культуры.

У гэтым сэнсе праграма выходзіць за рамкі звыклай «праектнай падтрымкі» і набліжаецца да мадэлі экасістэмнага ўздзеяння на сферу культуры.

“Адзін з самых стратэгічна важных вынікаў – яўленне і ўмацаванне прафесійных асацыяцый, сетак і супольнасцяў у розных сектарах. Мы разглядаем гэта як доўгатэрміновую інфраструктурную працу: не толькі падтрымку асобных творцаў, але і садзеянне самаарганізацыі культурніцкіх актараў, развіццю супрацоўніцтва і ўзмацненню іх здольнасці да прадстаўлення сябе і вынікаў сваёй працы”, – падкрэслівае Надзея. 

Бачнасць як палітычная задача

Важна, што праграмнае інтэрв’ю апублікаванае менавіта на сайце Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Гэтая рэгіянальная платформа аб’ядноўвае НДА краін Усходняга партнёрства для ўдзелу ў фарміраванні палітык, прасоўвання дэмакратычных каштоўнасцяў і ўмацавання супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам. Цалкам заканамерна, што ў прасторы гэтай міжнароднай сеткі культурніцкія кейсы могуць быць перакладзеныя на мову палітык і міжнародных стратэгій.

Таму інтэрв’ю прапануе шэраг важных назіранняў, якія маюць значэнне для фармавання сучаснай беларускай культурніцкай палітыкі.

  1. Культура як інфраструктура ўстойлівасці. ArtPower Belarus паказвае, што культура можа выконваць функцыі, якія традыцыйна не асацыююцца з ёй: падтрымка супольнасцяў, пераразмеркаванне рэсурсаў, стварэнне сетак даверу.
  2. Транснацыянальнасць як новая норма. Праз праграму добра бачна, як беларуская культура пераходзіць у рэжым размеркаванай прысутнасці, дзе геаграфія становіцца другаснай адносна сувязяў і супрацоўніцтва.
  3. Пераасэнсаванне ролі донараў. Адзін з ключавых пасылаў – неабходнасць руху ад emergency-падыходаў да доўгатэрміновых інвестыцый у культурніцкія структуры і інфраструктуру.
  4. Культура як форма дыпламатыі. Праекты, падтрыманыя ArtPower Belarus, працуюць як каналы камунікацыі паміж Беларуссю і міжнароднай супольнасцю, пераносячы складаныя палітычныя рэаліі ў культурную плоскасць.

Чытаць інтэрв’ю цалкам (на англійскай мове)

Таксама паглядзіце

19 сакавіка з беларускіх турмаў і калоній пачалі вызваляць палітвязняў па спісе, які налічвае 250 асобаў. Сярод іх – 17 дзеячаў культуры.  …

Праграма грантавай падтрымкі ArtPower Belarus абвяшчае запуск чарговага конкурснага кола па Трэку 1. Арганізацыйнае развіццё. Падача заявак стартуе 17 сакавіка 2026 года …