1solid-rough-silhouettes-of-birds-on-barbed-wire--s

У спісе на вызваленне палітвязняў – 15 дзеячаў культуры

19 сакавіка з беларускіх турмаў і калоній пачалі вызваляць палітвязняў па спісе, які налічвае 250 асобаў. Сярод іх – 15 дзеячаў культуры, але пакуль вызваленыя не ўсе.

Ужо на волі пісьменніца і журналістка Кацярына Андрэева, гісторык і арт-менеджар Эдуард Пальчыс, аналітык і рэдактарка Валерыя Касцюгова, дызайнер Дзмітры Кубараў, адмысловец у гістарычнай рэканструкцыі Кім Самусенка ды іншыя.

У спісе, што публікуецца праваабарончымі арганізацыямі, 250 асобаў, якія мусяць быць вызваленыя, сярод іх – 15 дзеячаў культуры:

  1. Дзмітрый Кубараў, UX/UI-дызайнер
  2. Іван Фалітар, арганізатар мерапрыемстваў, музыка
  3. Валерыя Касцюгова, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наша меркаванне» (пацверджанае вызваленне)
  4. Кацярына Андрэева (Бахвалава), журналістка, пісьменніца (пацверджанае вызваленне)
  5. Уладзімір Патапенка, заснавальнік школы электроннай музыкі
  6. Кім Самусенка, адмысловец у гістарычнай рэканструкцыі і грамадзянскі актывіст (пацверджанае вызваленне)
  7. Эдуард Пальчыс, блогер, публіцыст, арт-менеджар (пацверджанае вызваленне)
  8. Ілля Барыскевіч, рэдактар беларускай Вікіпедыі 
  9. Алег Зелянко, гісторык, кіраўнік гістарычнага клуба “Міндоўг”
  10. Зміцер Шалак, бубнач гурта Paranoia Dolls
  11. Аляксандра Дуброўская, настаўніца ангельскай мовы, арт-актывістка
  12. Яраслава Хромчанкава, настаўніца нямецкай мовы, педагог-арганізатар
  13. Аляксей Кайдаш, прафесійны фатограф
  14. Андрэй Несцяровіч, арт-менеджар, уладальнік гродзенскай этнакрамы “Цудоўня” 
  15. Сяргей Юнчыц, мецэнат 

Шчыра радуемся за ўсіх вызваленых! Але канстатуем, што ціск на культурніцкую супольнасць не спыняецца. На сёння як мінімум 47 дзеячаў культуры знаходзіцца ў ізалятарах, турмах і калоніях, а агулам адбывае пакаранне, у тым ліку на “хіміі”, не менш за 133 дзеячы культуры.

Сярод іншых, за кратамі працягваюць знаходзіцца музыкі Tor Band Дзмітрый Галавач, Яўген Бурло і Андрэй Яромчык. Усе трое маюць праблемы са здароўем; двое ўключаныя ў гуманітарны спіс. Яўген Бурло пасля аперацыі ходзіць з дапамогай мыліцаў і патрабуе далейшага лячэння. У лютым і сакавіку ў Мінску прайшлі масавыя затрыманні прадстанікоў выдавецкай сферы. У следчым ізалятары ўжо больш за месяц застаюцца выдаўцы і кнігараспаўсюднікі, сярод іх – Вацлаў Багдановіч і яго дачка Вікторыя Багдановіч, а таксама Зміцер Колас, Алесь Яўдаха. 

У сакавіку Мінскі гарадскі суд асудзіў на 3 гады пазбаўлення волі Алега Хаменку, музыканта, даследчыка, лідара гурта «Палац». Таксама былі асуджаныя на два гады калоніі нон-фікшн аўтарка Ціна Палынская і яе дачка Маргарыта Рабіновіч. 

Беларуская Рада культуры разам з іншымі беларускімі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі будзе дамагацца вызвалення ўсіх несправядліва затрыманых і асуджаных.

Таксама паглядзіце

19 сакавіка з беларускіх турмаў і калоній пачалі вызваляць палітвязняў па спісе, які налічвае 250 асобаў. Сярод іх – 15 дзеячаў культуры, …

Праграма грантавай падтрымкі ArtPower Belarus абвяшчае запуск чарговага конкурснага кола па Трэку 1. Арганізацыйнае развіццё. Падача заявак стартуе 17 сакавіка 2026 года …