Беларуская Рада культуры абвяшчае кампанію ў падтрымку знакавага беларускага даследчыка і актывіста, планы якога раптоўна перарваў цяжкі дыягназ.
Дарагія сябры,
мы звяртаемся да вас з просьбай аб падтрымцы нашага блізкага чалавека — Юрася Юркевіча.
Беларус, народжаны ў Эстоніі, Юрась усю сваю энергію прысвяціў працы на карысць Беларусі. Яго даследчыцкая і грамадская дзейнасць заўсёды была цесна звязаная з беларускай тэматыкай, правамі чалавека і падтрымкай грамадзянскай супольнасці. Ён сам імкнуўся адгукнуцца на патрэбы іншых людзей, разам з жонкай Настай шмат каму дапамог з рэпрэсаваных дзеячаў культуры ў межах працы нашага кірунку дапамогі. Увосень Юрась узяўся за грунтоўную навуковую працу пра культурнае вынішчэнне беларускай нацыі для Лонданскага ўніверсітэта.
Аднак, амбітныя планы і задумы прыйшлося паставіць на паўзу. Пры канцы 2025 года ў Юрася выявілі пухліну мозгу. Дыягназ аказаўся вельмі цяжкім — злаякасная гліабластома. У снежні была праведзеная складаная нейрахірургічная аперацыя, пасля якой Юрась сутыкнуўся з глыбокай афазіяй — стратай маўлення і пісьма, а таксама з парушэннем функцый правай рукі. Цяпер яму неабходная працяглая неўралагічная і лагапедычная рэабілітацыя.
Адначасова наперадзе як мінімум шэсць курсаў хімія- і радыётэрапіі. Гэта патрабуе вялікіх фізічных сіл, але таксама значных фінансавых выдаткаў. Увесь фінансавы цяжар ляжыць на сям’і, даходы якой несумерныя тратам на лячэнне і рэабілітацыю.
Таму мы звяртаемся з просьбай аб падтрымцы. Кожны ўнёсак мае значэнне і дапаможа Юрасю засяродзіцца на барацьбе за жыццё і аднаўленні.
Мэта збору – 15 000 еўра, якія мы спадзяемся сабраць для Юрася. Гэтыя грошы пойдуць на кансультацыі спецыялістаў, рэабілітацыю (фізіятэрапеўт і нейралагапед), медыкаменты, якія спадарожнічаюць асноўнаму лячэнню і патрэбныя для аднаўлення падчас і паміж складанымі курсамі хімія- і радыётэрапіі.
Для гэтых патрэбаў Беларуская Рада культуры адкрыла асобны рахунак. Усе сродкі, якія паступяць на яго – будуць перададзеныя непасрэдна Юрасю і Насце, без % і камісій на абслугоўванне.
Калі ў вас ёсць пытанні па гэтай сітуацыі, можна звярнуцца на мэйл rada_help@byculture.org

Вось толькі некалькі з важных справаў Юрася Юркевіча:
- арганізаваў перадачу ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе дакументаў пра незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі (сумесна з “Вясной”, BelPol і украінскімі партнёрамі)
- як даследчык – адшукаў кіна-архівы Станіслава Булак-Булаховіча і фота з гісторыі Асобнага атраду БНР (выдадзеныя ў кнізе Алега Латышонка “Жаўнеры БНР”), выдаў кнігу “Балахоўцы” (выйшла як асобны нумар часопіса Arche);
- як актывіст – ініцыятар усталявання мэмарыяльнай дошкі на будынку ў Таліне, дзе ў 1920 годзе знаходзілася Амбасада БНР у Эстоніі, ініцыятар усталявання мемарыяльнай шыльды ў гонар Францішка Багушэвіча ў Вільні;
- як мэнеджар і крэйтэр – спрычыніўся да з’яўлення важных беларускіх медыйных незалежных праектаў (“Tok” на nn.by, “Нацыянальная ідэя” на Еўрарадыё, Маланка Media ды інш.);
- як эксперт у галіне правоў чалавека – удзельнічаў у стварэнні платформы грамадзянскага кантролю “Зубр”, якая задакументавала парушэнні закона на прэзідэнцкіх выбарах-2020.
Падтрымаць Юрася Юркевіча можна тут.
Беларуская Рада культуры