Літаратура: Галодныя гульні ў Краме Цудаў
Кіно: Па той і гэты бок мяжы
Тэатр: Перакадзіроўка на рускую ДНК
Музыка: Распад “Пятлі Прыхільнасці”, вяртанне Хлястова і адмена папулярнага фестывалю
Традыцыйная культура: Выставы, кнігі і юбілеі беларускіх ВНУ
Арт: PRA _BEL. За межамі замежжа
Літаратура: Галодныя гульні ў Краме Цудаў
Палітычны расклад канца 2025 года прынёс палёгку амаль дзвюм сотням беларускіх палітзняволеных, якіх улады Беларусі выпусцілі з турмаў, выслаўшы пры гэтым з краіны. У тым ліку 13 снежня на волю выйшлі пісьменнікі Алесь Бяляцкі, Аляксандр Фядута, Максім Знак, Павел Севярынец.
Але ў цэлым сітуацыя для людзей культуры застаецца бязрадаснай. Працягваюцца фізічныя і сімвалічныя чысткі культурнай прасторы. Пры гэтым цяпер культура зазнае ўсё большы прэсінг, бо да канца 2025 года мінуў тэрмін даўнасці патэнцыйных справаў за ўдзел у акцыях 2020 года. Падтрымліваць узровень рэпрэсій і запалохвання жыхароў унутры краіны цяпер магчыма найперш абвінавачаннямі ў экстрэмісцкай дзейнасці (поглядах, выказваннях) – а гэта акурат тэрыторыя сэнсаў, за якія ў нас адказваюць у тым ліку літаратары.
Згадаем тут толькі адзін прыклад. У пачатку снежня ў Мінску зачынілі “Калядную краму” – папулярную кропку гандлю святочнымі таварамі. Прычына – адзін з тавараў: шар на ялінку з партрэтам Ларысы Геніюш, любую публічную згадку якой прапагандысты інтэрпрэтуюць як “рэабілітацыю нацызму”.

Нельга не згадаць вялікую страту для беларускай культуры: у ноч з 20 на 21 снежня памёр інтэрв’юер Мікіта Мелказёраў, аўтар ток-шоў “Жыццё-маліна”, якое пашырала прастору беларускай мовы і думання пра Беларусь, маючы высокія рэйтынгі на YouTube. З 2021 па 2025 год Мелказёраў запісаў гутаркі з дзясяткамі цікавых суразмоўцаў, сярод іх – літаратары Уладзімір Някляеў, Віктар Марціновіч, Андрэй Курэйчык, Лявон Вольскі. У пачатку снежня на канале выйшла гутарка з Андрэем Хадановічам пра феномен Уладзіміра Караткевіча да 95-гадовага юбілею класіка.
Літаратурная восень у замежжы: прэміі і фестывалі
Да канца 2025 года ўручаныя фактычна ўсе прэміі за літаратурныя дасягненні 2024-га. На 30-м фестывалі “Бардаўская восень” (прайшоў 24-25 кастрычніка ў Бельску-Падляшскім, арганізаваны фундацыяй Tutaka), які займеў літаратурную сцэну, уганаравалі прэміяй імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую вокладку Ігара Юхневіча і Машу Мароз – за кнігу паляшучкі Голі з Ополя “Мое баба – діректор морга” (незалежнае выданне). Адноўленыя прэміі фонда “Вяртанне” – Прэмія імя Цёткі за найлепшую дзіцячую кнігу і Прэмія імя Карласа Шэрмана за найлепшы мастацкі пераклад.
Адметна, што тры з чатырох кніг, адзначаных журы Цёткі за два гады ў “пісьменніцкай” намінацыі, належаць да падлеткавага чытва (яно ж – young adult). Гэта можа сігналізаваць пра запатрабаванасць супольнасцю кніг менавіта гэтай катэгорыі.
Вяршыняй сезону стала ўручэнне ў Гданьску Прэміі імя Ежы Гедройця (15 лістапада). Перамогу атрымала кніга “Занзібар” Сяргея Дубаўца. У цэлым кароткі спіс з 6 кніг стаў адбіткам актуальнай літаратурнай сітуацыі. Тры аўтары са спісу (Югася Каляда, Зміцер Дзядзенка, Клёк Штучны) паказваюць гульню ў жанравую літаратуру, у тэрміналогіі Ціхана Чарнякевіча – “прыдуманыя творы”. Яшчэ тры аўтары (Анка Упала, Аляксандр Лукашук, Сяргей Дубавец) – розныя адценні аўтафікшн. Гэты трэнд і перамог сёлета ў прэміі.
Прэмія імя Францішка Аляхновіча за адметныя кнігі, напісаныя ў зняволенні, была нададзеная тром аўтаркам і аўтарам, чые імёны не разгалошваюцца. Уручэнне адбылося адначасова з Прэміяй імя Гедройця (15 лістапада – дзень пісьменніка ў зняволенні). Гэтым арганізатары падкрэслілі важнасць увагі грамадства да пісьменніцтва за кратамі. На жаль, у наступныя гады нас чакае яшчэ больш намінантаў на Прэмію Аляхновіча. У кастрычніку – снежні беларускія медыі публікавалі сведчанні пра турму тых інтэлектуалаў, якія аказаліся на свабодзе. Варта чакаць, што ў 2026 годзе такіх наратываў з’явіцца больш.
У кастрычніку і лістападзе адбыўся фестываль “Прадмова”: у Вільні, Празе, Познані, Варшаве. Заўважна, што праграмы ў розных гарадах страцілі размах у параўнанні з папярэднімі гадамі. Няма гучных запрашэнняў безумоўных “зорак” (хіба дагэтуль адгукаецца канфлікт вакол планаванага ўдзелу ў “Прадмове” 2022 г. расіян Антона Доліна і Лінор Гаралік). Ёсць супраца з польскімі, літоўскімі, чэшскімі аўтарамі і аўтаркамі “на месцах”. Больш увагі было звернута на ўласны кантэкст і надзённыя пытанні нашай літаратуры. На розных пляцоўках дыскутавалі пра савецкую спадчыну белліту, асэнсаванне сталінскіх рэпрэсій, Еўропу сёння, аўтафікшн і постфікшн, TikTok-фармат для беларускай кнігі ды іншае. Па ўражаннях удзельнікаў, увага слухачоў і чытачоў не была надта вялікай, але тым не менш лунала надзея, што прамоўленае на “Прадмове” неяк запомніцца і застанецца. Фестываль паслужыў пляцоўкай для старту новага выдавецтва “RozUm” (Познань), місія якога – рабіць пачутымі новыя галасы беларусаў. У Празе была анансаваная прэмія “Сініца” – за найлепшую інклюзіўную кнігу для дзяцей.
Украіна – Беларусь: узнаўленне двухбаковасці
11-15 лістапада ў Львове і Кіеве прайшоў чарговы Форум імя Астрожскіх – сустрэча ўкраінскіх і беларускіх экспертаў па пытаннях супрацы сучаснай Украіны і дэмсупольнасці Беларусі. Гэтая падзея (а асабліва – упершыню ў гісторыі форуму – наяўнасць асобнай панэлі, прысвечанай культуры) прадэманстравала пацяпленне беларуска-ўкраінскіх адносінаў, якія былі падарваныя ў 2022 г. тым, што рэжым Лукашэнкі спрыяў расійскаму ваеннаму ўварванню ва Украіну. На гэтым фоне палепшыліся і літаратурныя сувязі. Упершыню з 2021 года ва ўкраінскіх выдавецтвах выйшлі кнігі беларускіх аўтараў: фотаальбом “Сож” з вершамі Алеся Плоткі (выд. “Коло”) і раман “Дзеці Аліндаркі” Альгерда Бахарэвіча (пераклад Дарыны Гладун і Лэсыка Панасюка, выд. “Стилос”, “Дух і літера”).

Варта зазначыць, што перакладчыкі кніг Плоткі і Бахарэвіча атрымалі падтрымку ад праграмы Еўрасаюзу House of Europe. Апроч перакладчыкаў з беларускай, гэтая праграма заўважыла таксама перакладчыкаў з крымска-татарскай мовы. Таму радасць ад такой падтрымкі – са слязамі на вачах. Пераклады з многіх моў ва Украіне маюць падтрымку ад інстытутаў кнігі ці міністэрстваў культуры нацыянальных дзяржаў. На жаль, у беларускіх культурніцкіх інстытуцый пакуль няма магчымасці фінансаваць выданні сваіх аўтараў на замежных мовах.
Апроч таго, зборнік вершаў Юрка Іздрыка Human Rights (перакладчыкі Наталля Русецкая, Алесь Плотка, выд hohroth minsk) увайшоў у лонг-ліст украінскай прэміі Drahoman Prize (за найлепшы пераклад украінскага аўтара на іншыя мовы). У сваю чаргу, Андрэй Хадановіч атрымаў Прэмію імя Карласа Шэрмана за 2023 г. за пераклад украінскай паэзіі (вершы з кнігі Сяргея Жадана “Месапатамія”, выд. “Янушкевіч”).
Што называецца, хочацца спадзявацца.
Адна ў полі: феномен незалежнага выдання ад Насці Рагатко
Супярэчлівай кніжнай падзеяй канца году стаў рэліз кнігі беларускай журналісткі Настассі Рагатко “Носи с собой”, які адбыўся ў пачатку лістапада. (Аўтарскае азначэнне жанру – іранічны аўтафікшн). На адмысловым сайце, створаным для прасоўвання кнігі, яна пазіцыянуецца як самвыдат, а менавіта “всё от текста до дизайна обложки и сайта сделано своими руками”. Кніга, аднак. мае нумар ISBN, а значыць, легальна аддрукаваная ў друкарні – таму самвыдатам не з’яўляецца. Усё-такі самвыдат – з’ява з краін, у якіх пануе цэнзура, і азначае яно “выдадзеныя без дазволу кнігі”. У свабоднай Еўропе “самвыдатаўскім” метадам могуць выдавацца DIY-праекты, аўтары якіх асацыююць сябе з контр-культурай і не зацікаўленыя ў камерцыйным пашырэнні створанага. Стратэгія Настассі Рагатко – наадварот, раскрутка кнігі, імкненне зарабіць на ёй (невялікае па памеры выданне каштуе 20 еўра). Таму кнігу можна назваць не самвыдатам, а хутчэй незалежным выданнем: у сацсетках аўтарка абвясціла, што свядома адмовілася ад паслугаў выдавецтваў і не прыняла многіх парадаў спецыялістаў, вырашыўшы зрабіць усё па-свойму. Адметна, што кніга пабачыла свет, калі праходзілі этапы фестывалю “Прадмова”, але на прэзентацыю там яна заяўленая не была. Між тым гэта была б удалая і бясплатная магчымасць для прадстаўлення новага выдання ў месцы, куды прыйдзе мэтавая аўдыторыя. Пры гэтым прэзентацыі кнігі ў розных гарадах у снежні адбываліся – калі верыць допісам у фэйсбуку Настассі Рагатко – бо аўтарка даведалася, што многім чамусьці важна мець аўтаграф на асобніку… Апроч яскравага сайту, рэсурсы таксама былі ўкладзеныя ў эфектныя буктрэйлеры.
Праяўлены недавер аўтара-журналіста да прафесійных выдаўцоў – рэч для беларусаў не новая. Калісьці, яшчэ ў Беларусі, “самвыдатам” выдаў “Радзіва Прудок” Андрэй Горват. Пачаў сваю гульню – і выйграў. І працягвае удала гуляць на тым жа полі (Сёлетні “Дом” – таксама “самвыдат”). Але Горват пачынаў у сітуацыі нестабільнага, абмежаванага ўладамі кніжнага рынку, а кошт доўгачаканай кнігі быў больш чым дэмакратычным. Настасся ж робіць усё наадварот – нібыта стварае нацэнку на ўласны брэнд. Але адбываецца гэта ў еўрапейскай культурнай прасторы, дзе продаж кніг – развіты бізнес, а выдаўцы – сапраўдныя заканадаўцы на рынку. І гаворка нават не пра беларускіх выдаўцоў – плануюцца польскае і англійскае выданні – таксама “саматужныя”… Пажадаем аўтарцы поспеху з прэзумпцыяй, што яна ведае, што робіць.
Тым не менш, яскравы і цэльны дэбют Настассі Рагатко як пісьменніцы прымусіў нас задумацца пра гэты беларускі феномен “незалежнага выдання”. Спадзеючыся на ўласны сімвалічны капітал, аўтаркі і аўтары самастойна ствараюць і рэкламуюць кніжны прадукт, займаюцца дыстрыбуцыяй. Часта такую стратэгію выбіраюць менавіта працаўнікі медыясферы (Аляксей Дзікавіцкі, Аляксандр Чарнуха). Пры гэтым не заўсёды адбываецца інтэграцыя саматужна выдадзеных кніг у айчынны літпрацэс. Незразумела толькі: на жаль ці на шчасце.
Шырма з беларускасці: літаратурнае жыццё ўнутры краіны
28 лістапада ў Беларусі пра стварэнне ўласнага выдавецтва абвясціў партал OZ.BY – запрашаюць новых аўтараў дасылаць рукапісы. Гаворыцца, што такое рашэнне было прынятае пад уплывам супрацы з аб’яднаннем “Шуфлядка пісьменніка” (калектыў аўтараў фэнтэзі, які праславіўся зборнікам “(Ня)чысты Мінск”). Мяркуецца, што новастворанае выдавецтва будзе “выпускать детские книги, а также заниматься переводом и переизданием классической литературы”. Верагодна, тая ж сінергія арганізавала 30 лістапада ў новай культурнай прасторы “Эхо” (тэрыторыя завода “Луч”) аднадзённы кніжны фестываль “Рэв’ю”. Аб’яднаўшы пераважна жанравых аўтараў маладзейшага пакалення, гэтая падзея – з акцэнтам на забаўляльнасці і продажы сувеніраў – дапоўніла шэраг мінскіх перадсвяточных кірмашоў. Наступны аднадзённы фэст “Рэв’ю” плануюць зладзіць у лютым.
Стварэнне выдавецтва буйным гульцом на рынку продажаў – падзея лагічная: яе можна было прадбачыць яшчэ ў сакавіку, калі, аглядаючы мінскі кніжны кірмаш, мы адзначылі павелічэнне ўвагі арганізатараў да лакальных аўтарак і аўтараў жанравай літаратуры. Гэта ў цэлым упісваецца ў рэструктурызацыю глабальнага кніжнага рынку, калі кніжныя крамы самі вызначаюць прыярытэты ў продажах літаратуры, каб зарабіць болей. Вось і беларускім кнігагандлярам стала цікавей прасоўваць сваіх. Наогул, гэтая тэндэнцыя нават прыпазнілася ў Беларусь – хоць у 2020 годзе былі прыкметы, што краўдфандынгавая платформа “Вулей” ці крама “Symbal.by” могуць заснаваць уласныя выдавецтвы. Некаторыя ІТ-кампаніі таксама выглядалі здольнымі на стварэнне карпаратыўных кніжных лінеек. Але палітычныя падзеі памянялі культурны ландшафт. Цяпер жа ўсё вяртаецца ў сваё рэчышча.
Што да агучанай місіі новага выдавецтва – перавыдаваць класіку – то, трэба думаць, спраўджаецца наш прагноз пра актывацыю гандлю паперай, аформленай як беларуская кніга. OZ.BY зрабіў аналітыку сваіх продажаў і заўважыў, што попыт на кнігі па-беларуску расце. З гэтай нагоды нельга не адзначыць кур’ёзнае “озбаеўскае” выданне “Крама цудаў” ад той жа суполкі “Шуфлядка пісьменніка”, дзе пад беларускім загалоўкам схаваліся апавяданні выключна на рускай мове.

Што да фестывалю “Рэв’ю”, то ён атрымаў супярэчлівыя ацэнкі наведнікаў, дзве з якіх, змешчаныя ў сацсетцы Threads, мы працытуем без пазначэння аўтарства, з захаваннем правапісу:
“Кніжны фестываль у Мінску прайшоў і пакінуў спрэчлівыя эмоцыі. А ўсё толькі праз тое, што арганізатары з іншага пакалення. Зрабілі фэст самі для сябе. Зрабілі, як умеюць. Без аглядкі на даробак папярэднікаў. Хай будзе так. Разрыў пакаленняў. Мне, як чытачу з большым стажам і іншымі кніжнымі патрэбамі, надта шмат шоў у гэтым фестывалі”.
Гэтаму меркаванню пярэчаць:
“Так в чём проблема? Мероприятие позиционировалось как фестиваль, т.е. мероприятие с развлекательной направленностью. Фестиваль работал, как нужно: лекции, встреча с авторами книг и небольшие интерактивны в виде буккросинга (или свидание с книгой вслепую. Судя по вашему комментарию, вам больше хотелось ярмарки. Так для этого есть другие мероприятия (типо ММКЯ). Там направленность больше на продажу книг”.
Такім чынам, фармат новай падзеі вызначыла літаратурная моладзь. Цалкам магчыма, на “даробак папярэднікаў” не азіраліся свядома: у адных выпадках гэта небяспечна, у другіх – сорамна.
“Гандаль паперай” ажыццяўляе і прамы канкурэнт OZ.BY – кнігарня “Акадэмкніга”. Менавіта адміністрацыя кнігарні арганізавала новы пераклад раману “Майстар і Маргарыта” Міхаіла Булгакава (перакладчык – Павел Касцюкевіч, выд. “Капітал-Прынт”) і правяла кіна-літаратурную прэзентацыю ў кінатэатры “Піянер” 13 снежня. Тамсама ў снежні адбылася кінапрэзентацыя травелогу Людмілы Рублеўскай “Пісьменніцкія вандроўкі” (выд. “Беларусь”), у канцы лістапада – прэзентацыя кнігі “Беларускі народны спеўнік” (выд. “Капітал-Прынт”).

Да слова, усе пералічаныя вышэй літаратурныя падзеі мелі платны ўваход.
Працягваецца і манетызацыя працы дзяржаўных літаратурных музеяў – трэнд, што набраў абароты ў Мінску ў агляданы перыяд. Праграмы музейных імпрэзаў зрабіліся насычанымі ў Адвэнт і на Каляды. Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа вылучаецца эксклюзіўнай афішай: лекцыі, прэзентацыі дазволеных аўтараў, майстар-класы па традыцыйнай культуры, дзіцячыя спектаклі і канцэрты эксперыментальных гуртоў. Кошт квіткоў на падзеі розны. Самая дарагая і папулярная актыўнасць – начны квэст (40 рублёў). Квэст даводзіцца праводзіць часта, бо ён карыстаецца шалёнай папулярнасцю. Восенню нават здарылася смешная сітуацыя: супрацоўнікі музея ў сваіх сацсетках паскардзіліся на перакупшчыкаў білетаў…
Музей Петруся Броўкі прадае спатканні-экскурсіі на дваіх (кошт 80 рублёў). На паслугу стаіць чарга. 26 лістапада можна было запісацца на сакавік 2027 года.
У Музеі Багдановіча, апроч квэстаў, дзіцячых спектакляў і тэматычных выстаў, робяць ухіл на асветніцтва: там у 2025 годзе можна было паслухаць лекцыі па беларускай метафізіцы ад Ігара Бабкова або наведаць курсы крэатыўнага пісьма ад дырэктара Міхала Бараноўскага (Літаратурная школа ТЭКСТ). Што да суседняга Музея гісторыі беларускай літаратуры, то поруч з квэстамі ды майстар-класамі там арганізоўваюць канцэрты блогера і спевака Іллі Шынкарэнкі – музей ператварыўся ці не ў сталую залу для гэтага маладога выканаўцы. 13 снежня тут прайшла прэзентацыя яго сольнага альбома.
Усе бібліятэкі, музеі ці цэнтры культуры ў Беларусі абавязаныя ладзіць культурныя імпрэзы, але бадай толькі пералічаныя вышэй установы падыходзяць да гэтага звышадказна. Нельга аднак не згадаць, што прыватныя пляцоўкі маюць вялікія абмежаванні па арганізацыі літаратурных ды іншых культурных падзей: праграмы мусяць быць узгодненыя з адміністрацыямі раёнаў. Таму дзяржустановы не маюць канкурэнтаў па задаволенні “культурнага голаду”, які адчуваецца сёння ў Беларусі. Напаўненне праграм паказвае, якія тэмы запатрабаваныя сёння ў масавай аўдыторыі і бяспечныя для арганізатараў: гульнёвы кантэнт, дзіцячыя мерапрыемствы, традыцыйна-класічная тэматыка. Аб працы з актуальнымі, перадавымі пытаннямі сучаснасці гаворкі быць не можа.
Ілюстрацыяй культурнага голаду можа быць вялізны попыт на прэм’еру РТБД “Ладдзя Роспачы” паводле Уладзіміра Караткевіча. У канцы снежня ўсе квіткі на лютаўскія паказы спектаклю раскупленыя.

Аўтафікшн выходзіць і ў Беларусі (раман Навума Гальпяровіча “Чырвоны мост” пра сталенне габрэйскага хлопчыка ў Полацку, выд. “Мастацкая літаратура”). Але перавага аддаецца чароўным казкам, утапічна-фэнтэзійнаму антуражу. Чытачы хочуць чытаць казкі, а пісьменнікам дазволена ствараць іх. Бум выданняў каляднай тэматыкі ў снежні, дэкарацыі па матывах фальклору ў гандлёвых цэнтрах – не толькі камерцыйны ход. Гэта спроба адгарадзіцца шырмай ад змрочнай рэчаіснасці.
Вынік вынікаў
23 лістапада ў Варшаве на фестывалі “Прадмова” заснавалі Асацыяцыю беларускіх выдаўцоў (АБВ). Нарэшце створаная яшчэ адна структура, пра неабходнасць якой гаварылася не адзін год. Старшынёй асацыяцыі абралі кіраўніцу кракаўскага выдавецтва Gutenberg Publisher Валянціну Андрэеву. Арганізацыя рыхтуецца да рэгістрацыі ў Польшчы, але запрашае далучацца беларускія выдавецтвы з розных краін. Ва ўстаноўчай сустрэчы ўдзельнічала 11 выдавецтваў. Падрэсліваецца, што за мяжой нават больш, чым у Беларусі, разрозненыя кніжныя ініцыятывы маюць патрэбу ў супрацы і скаардынаваных дзеяннях. Ініцыятыўная група адразу распачала са зваротнай сувязі, запусціўшы апытанку аб патрэбах чытачоў. Адметна, што “Радыё Свабода” падвяло вынікі 2025 году таксама ў форме апытанкі, дзе выдаўцы мусілі вызначыць ТОП-3 уласных кніг. (У ранейшыя гады вызначаць найлепшыя кнігі прасілі крытыкаў, кнігагандляроў ды іншых незаангажаваных экспертаў). Беларускі выдавец быў збіральным вобразам Чалавека Свабоды 2024 году. Чым далей, тым больш выдаўцы робяцца для беларусаў культурнымі героямі.
Сайт Міжнароднага саюзу пісьменнікаў агучыў спіс са 150 найлепшых кніг 2025 году: выбар Bellit.info. (Для параўнання, у падобным спісе Украінскага Пэну – 252 кнігі; у 2024 годзе на партале Bellit.info фігураваў спіс са 100 пазіцый). Не ўсе вартыя кнігі году, па нашай ацэнцы, трапілі ў лік 150-ці, але пералічаныя пазіцыі даюць агульнае ўяўленне пра тое, куды ў 2025-м рухалася айчынная выдавецкая справа, і гэта добры спіс для чытача, які не сачыў за навінкамі.
Партал “Рэформ” падвёў літаратурныя вынікі году гутаркай з сакратаром Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў Ціханам Чарнякевічам, пад многімі ацэнкамі якога хочацца падпісацца – у тым ліку адзначыць важныя кніжныя серыі, заснаваныя сёлета: “Ветрачок” (дзіцячыя кнігі ад выдавецтва “Цымбераў”), “Акно ў прозу” (перавыданне Gutenberg Publisher вартых кніг, якія выходзілі ў дзевяностыя і нулявыя).
Аўтар гэтых радкоў таксама склаў свой рэйтынг літаратурных падзей 2025 году.
Падзякі
Аўтар літаратурных аглядаў сёлета плануе пакінуць Аналітычную групу Беларускай Рады культуры і развітваецца са сваімі чытачамі. Прыканцы 2025 году ён выказвае падзяку беларускім медыя, якія, нягледзячы на неспрыяльныя акалічнасці, не прыпынілі асвятлення культурніцкіх падзей, складаючы цэльную карціну культурнага жыцця беларусаў, дзе б яны ні знаходзіліся. Найперш гэта парталы “Будзьма беларусамі!” і Reform.news. Хочацца падзякаваць “Рэформу” за праект “Культурная рэвізія”, запушчаны ў кастрычніку. Гэтым праектам партал адгукнуўся на вострую патрэбу ў арт-крытыцы, пра якую мы неаднаразова казалі ў нашых аглядах.
Дзякуем аўтарам і мадэратарам партала “Новыя беларускія кнігі” за збіранне водгукаў на актуальную літаратуру і заўсёдную магчымасць “зверыцца з радарамі”.
Дзякуем інтэрнэт-бібліятэцы “Камунікат” за захаванне і няспыннае папаўненне архіву беларускай кнігі і перыёдыкі. Спачуваем з нагоды хакерскай атакі, якую вы перажылі на Каляды.
І, вядома, дзякуем – за тое, што быў – Мікіту Мелказёраву.
Кіно: Па той і гэты бок мяжы
Асноўныя трэнды гэтага квартала можна сфармуляваць наступным чынам.
Беларускія кінематаграфісты ў замежжы працягваюць шлях да публікі. Цяпер гаворка не толькі пра праекты для дыяспары, але і пра стужкі, створаныя на мясцовым матэрыяле. Траўма 2020 года – матыў, што яшчэ доўга будзе з намі. Пакуль адныя кінафэсты ў замежжы квітнеюць, іншыя – паміраюць (але гэта не дакладна).
У Мінску адкрылі першы за некалькі гадоў новы сучасны мультыплекс, але прастора для якаснага кіно звужаецца – пляцоўку, дзе адбываліся камерныя паказы арт-хаўсу, закрылі. “Лістапад” стаў відавочным святам прапаганды, а расійскі кінарынак пускае ўсё больш і больш парасткаў у беларускай зямлі.
Яднае гэтыя два полюсы Дзень беларускага кіно, праўда, святкавалі яго ў замежжы і ў Беларусі па-рознаму.
Беларускае кіно ў замежжы – Польшча, Эстонія, ЗША, Кыргызстан
Важнай падзеяй апошніх месяцаў года стаў кінафестываль «Паўночнае ззянне», што праходзіў з 3 па 23 лістапада. Сёлета фестывалю споўнілася 10 гадоў. Цікавая яго паступовая трансфармацыя. З простага агляду стужак Паўночных ды Балтыйскіх краін ён ператварыўся ў самую буйную на сёння платформу, дзе прэзентуюцца новыя творы незалежных беларускіх аўтараў. Паўночнаеўрапейскі складнік застаецца на «Паўночным ззянні» па-ранейшаму важным. Які год на фэсце прысутнічае і праграма ўкраінскіх стужак.
Яшчэ адна прыкмета часу: фэст ізноў адбыўся у гібрыдным фармаце. Традыцыйныя паказы ды сустрэчы з аўтарамі праходзілі ў Варшаве, Вільнюсе і Таліне. Гледачы з Беларусі, зразумела, маглі ўбачыць большую частку праграмы толькі онлайн па адмысловым раскладзе на сайце фэсту ў сеціве. Пры гэтым некаторыя фільмы на тэрыторыі РБ былі недасяжныя. Напрыклад, opus magnum Мікіты Лаўрэцкага «Уліс».
Новае беларускае кіно было прэзентаванае на фэсце ў максімальна магчымым у дадзеных абставінах аб‘ёме. Гледачы ў трох еўрапейскіх сталіцах атрымалі яшчэ адну магчымасць паглядзець на вялікім экране галоўныя стужкі, знятыя беларусамі за апошні час – поўнаметражныя «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч і «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі. Таксама выхад да аўдыторыі атрымаў шэраг кароткіх метраў, створаных нашымі аўтарамі ў эміграцыі.
Тэматычна і жанрава беларуская праграма «Паўночнага ззяння» атрымалася сёлета больш разнастайнай. Зразумела, тэма рэпрэсій і эміграцыі заставалася асноўнай. Ёй прысвечаная анімацыя Веры Шыш «Перадачка» (спецыяльная ўзгадка журы беларускага конкурсу), кароткія метры Андрэя Корзана «Kawalerka» і Аляксандры Чабоцькі «Заўтра вы мяне тут не ўбачыце», «Ліст» Цімура і Паўла Недзведзяў. І, зразумела, «Суд мёртвых» Андрэя Кашперскага. Апошняя кароткаметражка і стала пераможцам беларускага конкурсу «Паўночнага ззяння 2025».
З праграмы сёлетняга фэсту можна адзначыць некалькі кароткіх анімацыйных твораў. Відавочна, што нескладаная аўтарская анімацыя для беларусаў у выгнанні больш даступная, бо не патрабуе вялікай каманды і бюджэта. Таксама, і што вельмі каштоўна, былі паказаныя стужкі, знятыя беларусамі дыяспары не толькі ў Польшчы ды Літве, але і ў іншых краінах – ад Чэхіі да ЗША.
Рэжысёрская прэм’ера заснавальніцы «Паўночнага ззяння» Волі Чайкоўскай адбылася ў межах праграмы «Doc@PÖFF Baltic Competition» фестывалю «Black Nights» у Таліне ў лістападзе. Поўнаметражны дэбют беларускай кінадзеячкі «Не створаныя для палітыкі» ствараўся на працягу пяці гадоў і зноў-такі распавядае пра балючую тэму падзей 2020-га.

Нягледзячы на тое, што шэраг кінавыказванняў на тэму рэпрэсій і масавай эміграцыі з краіны ўжо з’явіўся ў публічнай прасторы, і праз пяць гадоў гэтая калектыўная траўма застаецца галоўнай тэмай для рэфлексіі нашых кінематаграфістаў. І, падобна, колькасць стужак пра 2020 год і яго наступствы будзе толькі павялічвацца, бо новая калектыўная траўма ўжо заняла месца побач з траўмамі Другой сусветнай вайны і Чарнобыльскай катастрофы. Пры ўсіх складаных умовах, адсутнасці фінансавання ды малога досведу міжнароднай вытворчасці, нацыянальныя аўтары ўжо здымаюць фільмы, заўважаныя не толькі беларусамі і прызначаныя не толькі для беларусаў.
Малабюджэтны фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» працягвае збіраць узнагароды, расказваючы свету пра беларускую драму. Чальцамі міжнароднага журы кінапрэсы FIPRESCI ён быў намінаваны на Прыз Еўрапейскай кінаакадэміі ў намінацыі European Discovery (Еўрапейскае адкрыццё). Атрымаў галоўны прыз «Залаты слон» на міжземнаморскім фестывалі незалежнага кіно ў сіцылійскай Катаніі і галоўны прыз за поўнаметражны фільм на прэстыжным форуме незалежнага кіно ў польскім Любліне. У снежні фільм стаў дасяжны ў шэрагу краін на стрымінгу HBO MAX. А напрыканцы году атрымаў прэмію імя Кшыштафа Краузе ад гільдыі польскіх кінарэжысёраў.
Сцэнарый будучай стужкі Аляксея Палуяна «Спадчына» ў снежні стаў пераможцам Гесэнскай кінапрэміі і хутка рыхтуецца да ўвасаблення на экране.
Рыхтуецца да здымак у 2026-м і новая стужка Дар‘і Жук «Менавіта тое, што падаецца» па апавяданні Таццяны Заміроўскай. Абедзве даўно жывуць у Ню-Ёрку. Праект кіно быў адабраны да ўдзелу ў індустрыяльнай праграме фестывалю кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў нямецкім Котбусе. Гэтаксама як і праект рэжысёркі Нэлы Агрэніч «Жнівень» атрымаў магчымасць паўдзельнічаць у індустрыяльнай праграме Варшаўскага МКФ.
Яшчэ адзін шлях да кіно беларусаў у дыяспары – праца над сюжэтамі краіны, у якой апынуліся. Так, дэбютная поўнаметражная карціна «Я запаліла агонь!» Валерыі Лемяшеўскай, якая цяперака жыве ў Бішкеку, распавядае пра жыццё дзяўчынкі з Баткенскай вобласці Кыргызстана. Стужка ўдзельнічала ў конкурсе прэстыжнага фэсту «Doclisboa» ў сталіцы Партугаліі і атрымала ганаровую згадку журы.

24-26 кастрычніка ў падляшскай Нарэўцы прайшоў першы фестываль дакументальнага кіно імя Тамары Саланевіч, адной са стваральніц польскага дакументальнага рэпартажу. Фэст прысвечаны фільмам пра культуру ды ўнікальныя асаблівасці Падляшша і Белавежжа. Дакументальны фільм «Наша памяць» Юрыя Каліны, створаны тэлеканалам «Белсат» і Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку, а таксама фільм «Беларускі едуць на Падляшша» рэжысёра Арцёма Лобача атрымалі тут спецыяльныя прызы журы.
Між тым, грамадзянам Беларусі здымаць кіно ў Еўропе стане цяжэй. 1 кастрычніка ўступіла ў сілу новая рэдакцыя правілаў дзяржаўнага фінансавання кінапраектаў Літоўскага кінацэнтру (Lietuvos kino centras). Згодна з ёю, дзяржаўнае фінансаванне не можа быць прадастаўлена праектам, у якіх удзельнічаюць грамадзяне Беларусі, Расіі і іншых краін, пазначаных у афіцыйным спісе, – незалежна ад таго, ці маюць яны від на жыхарства ў Літве. Нагадаем, што менавіта літоўская кампанія стала асноўным вытворцам стужкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі.
Цяжкасцямі з фінансаваннем тлумачыць Януш Гаўрылюк адсутнасць свайго культавага фэсту «Бульбамуві» у афішах 2025 года. Фэст з перапынкамі адбываўся ў Варшаве, Беластоку ды іншых мясцінах Польшчы і нават Беларусі, з 2011 году. Спачатку на мэце было знаёмства палякаў з новым кіно з Беларусі, але фэст хутка стаў ці не галоўнай пляцоўкай для незалежных кінематаграфістаў. Зрэшты, 17 снежня ў Беластоку на сімвалічным пахаванні «Бульбамуві» прагучала, што наступным годам праект можа ўсё-ткі атрымаць працяг.
Тым часам, ініцыятыва Belarusian Filmmakers Network праводзіла набор у кіналабараторыю штучнага інтэлекту. Арганізатары абяцаюць адабраным удзельнікам трэнінгі ды майстар-класы. Вынікам павінны стаць стужкі па ўласных сцэнарыях, створаныя з дапамогай ШІ.
Кіно ў Беларусі
Пакуль беларусы за мяжой спрабуюць ладзіць сваё кіно, беларусы ў краіне вымушаныя карыстацца пірацкім інтэрнэтам. Месцаў, дзе паказваюць арт-хаус у Мінску, яшчэ паменшала: зачынілася прастора «Манахром» ад ініцыятывы «Сінемаскоп», яе асноўнай дзейнасцю былі кінапаказы. Наўрад ці сітуацыю ў сталіцы выправіць першы адчынены за некалькі гадоў новы мультыплекс у гандлёвым цэнтры CITYMALL.
Фестывальныя, арт-хаусныя паказы на вялікім экране скараціліся ў Беларусі да мінімуму. З‘ехала асноўная частка інтэлектуальнай публікі, для якой яны прызначаліся.
Вось і Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад», які праходзіў гэтым разам з 31 кастрычніка па 7 лістапада, ужо колькі год не мае былога інтэлектуальнага ды актуальнага міжнароднага ўзроўню. Нагадаем, з 2021 году фэст быў перададзены адмыслова створанай фестывальнай дырэкцыі пры Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».
Праграмы, а цяпер толькі конкурсных іх восем (!), запаўняліся па агітацыйна-прапагандысцкім прынцыпе адпаведнасці «традыцыйных духоўных і маральных каштоўнасцяў». Натуральна, не прымаліся «…фільмы, якія прапагандуюць вайну, экстрэмісцкую дзейнасць, гвалт і жорсткасць, сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную, расавую выключнасць, нецярпімасць або варожасць, парнаграфію і нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны і (або) полавыя паводзіны….».
У рэальнасці падцэнзурны рэгламент азначае наменклатурнае, чынавенскае «свята». Глядзельныя залі тут запаўняюцца школьнікамі і студэнтамі па звыклым прымусовым метадзе. На мерапрыемстве ляжыць цень г.зв. «рускага свету», бо нават афіцыйны сайт «новага» «Лістападу» не мае (!) беларускай версіі. Адпаведна будуецца і праграма, што праходзіць пад сцягамі самых дарагіх гасцей – маскоўскіх кінематаграфістаў. Лічаныя прыклады актуальнага фестывальнага кіно бяруцца тут, як вынікае з праграмы, выключна для дэманстрацыі «міжнароднага ўзроўню». Нерускамоўныя стужкі, збольшага запрошаныя з палітычна роднасных краін па «сяброўскім» прынцыпе дзеля геаграфіі і, як вынік, маюць сумнеўныя мастацкія вартасці. У гэтым сэнсе «Лістапад-2025» амаль нічым не адрозніваўся ад чатырох папярэдніх.
Беларусь на фестывалі прадстаўляла новая стужка «Пераломны момант» дэбютанта поўнаметражнага ігравога кіно Дзмітрыя Сарокі. 27 лістапада яна выйшла ў шырокі пракат па ўсёй краіне і суправаджалася крыху меншым рэкламна-прапагандысцкім вэрхалам чым стужка «Класная», папярэдняя прэм‘ера «Беларусьфільма». Тым не менш, залі на сеансах запаўняліся звыклым чынам – за кошт бюджэтнікаў ды навучэнцаў.
Што тычыцца «Класнай», то прапагандысцкія высілкі, з якімі рэкламавалі стужку, знайшлі нечаканы працяг у выпуску YouTube-шоу «О(б)суждаем». Той спачатку быў выдалены адміністрацыяй платформы па патрабаванні «Беларусьфільма», аднак, пасля тлумачэнняў аўтараў вернуты назад.
Урэшце, ні першы, ні другі беларусьфільмаўскі «блокбастар» моцнага розгаласу не зрабілі. З фінансаваных дзяржавай беларускіх фільмаў пэўны след у абмеркаваннях гэтым годам пакінула толькі экранізацыя рамана Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак». Якраз восенню яна нарэшце з‘явілася ў добрай якасці на пірацкіх сайтах, дзе глядзіць актуальнае кіно ці не большасць беларусаў. Праўда, нягледзячы на марку Нацыянальнай кінастудыі, стваралі фільм пад началам расійскага рэжысёра і з разлікам на расійскі жа кінарынак.
Апошні актыўна прасоўвае сябе ў нашу краіну. З 12 па 14 снежня ў кінатэатры «Масква» ў Мінску праходзіў «Фестываль расійскага кіно «Беларусь 2025». Мерапрыемства было арганізаванае маскоўскай агенцыяй РОСКИНО пры падтрымцы Мінкультуры Расіі. Уваход на паказы быў вольны.
Прысутнасць маскоўскага кіно ў краіне адчуваецца не толькі праз расійскія прэм‘еры ў беларускіх кінатэатрах, але і праз шматлікія сумесныя праекты і захады. У вытворчасці на «Беларусьфільме» знаходзіцца стужка «Бацька Мінай. Партызанская легенда». Яе асабіста рэжысуе прадзюсар («Брэсцкая крэпасць») і акцёр Ігар Угольнікаў. Анансуюцца і сумесныя праекты з расійскімі рэгіянальнымі студыямі, у тым ліку, фільмы «пра герояў СВА», і, нават, пра мінскія гады Лі Харві Освальда, меркаванага забойцы прэзідэнта ЗША Джона Кэнэдзі. Апошнім праектам нечакана зацікавіўся Александр Лукашэнка.
Але існуе адзін пункт, дзе дасюль сыходзяцца праўласныя кінапрапагандысты з цяперашняга «Беларусьфільма» і незалежныя нацыянальна арыентаваныя аўтары ў дыяспары. 17 снежня лічыцца ўмоўнай датай адліку гісторыі нацыянальнага кінематографа па абодва бака мяжы. У Мінску святкавалі традыцыйным канцэртам у стылі часоў Панцеляймона Панамарэнкі, з абавязковымі прамовамі і ўручэннем грамат. У Варшаве ж 17 снежня прэзентавалі два новыя праекты Андрэя Кашперскага. Рэжысёр спадзяецца, што і пераможца «Паўночнага ззяння», ягоны «Суд мёртвых», і новыя «Свінгеры» вырастуць у поўны метр і серыял, нават, магчыма, для самога Netflix, адпаведна. Відавочна, каму мы пажадаем поспехаў.
Тэатр: Перакадзіроўка на рускую ДНК
Апошнія месяцы 2025 года прынеслі айчыннаму тэатру забарону чарговага спектакля і новыя праявы прагінання пад Расію, але адначасова – вандроўку РТБД у Кітай і індывідуальныя поспехі беларусаў па ўсім свеце. Тэатр жыве, але літаральна на нашых вачах становіцца ўсё больш рускім.
Забарона ў Тэатры лялек
Галоўнай і надзвычай сімвалічнай падзеяй восені 2025 года ў сферы тэатра стала забарона спектакля «Сёстры Грым», што так і не быў паказаны ў сталічным Тэатры лялек.
Усё скончылася на стадыі перадпаказу – на ім прысутнічала камісія Міністэрства культуры, што ажыццяўляе папярэднюю цэнзуру ўсіх пастановак. Пасля яго і вырашылі не дазваляць прэм’еру – да першага паказу заставалася менш за суткі. Пазней стала вядома, што камісія палічыла спектакль “«чорным» і надта змрочным, каб даць яму «зялёнае святло»”.
Гэты выпадак не новы, мы яго ўжо адзначалі ў папярэднім аглядзе. Аднак цяпер заўважым, што ў цэлым забароны спектакляў у Беларусі за апошнія пяць гадоў можна пералічыць па пальцах адной рукі: “Кантрольнае сачыненне” (ТЮГ, снежань 2020), «Ціль» (Коласаўскі, лістапад 2021), «Герцагіня з Чыкага» (Музычны, верасень 2022) – прычым пасля цэнзурных правак прэм’ера ўсё ж адбылася ў лістападзе таго ж года. Такім чынам, адмена прэм’еры “Сясцёр” – усяго чацвёртая забарона ў гэтым шэрагу. І гэта трэці спектакль, які не дайшоў да гледача. Але ў рэальнасці забаронаў больш – цэнзура (ды і самацэнзура) працуе на апярэджанне і не дапускае спектаклі нават у планы.
Сімвалічна, што забарона закранула пастаноўку самага паспяховага і папулярнага беларускага рэжысёра: цягам года працягваецца перманенты штурм сталічнага Лялечнага і яго касы. Калектыў стаў модным, сярод гледачоў крытыкаваць пастаноўкі Яўгена Карняга – прыкмета дрэннага тону (зрэшты сярод крытыкаў, што засталіся ў Беларусі, тое даўно немагчыма). Забарона “Сясцёр” паказвае, што ад цэнзуры не абаронены ніхто, а старыя правілы гульні не дзейнічаюць. Цяжка пралічыць, наколькі гэтая падзея паўплывае на развіццё Тэатра лялек. Адно можна сказаць: поўнай творчай свабоды і самавыяўлення, на жаль, чакаць няварта.
Прагінанне пад Расію і адкрыццё Кітая
Да гэтай восені віцебскі тэатр «Лялька» працаваў толькі па-беларуску. Аднак у кастрычніку 2025 года там адбылася прэм’ера пастаноўкі «Дзяўчынка і мядзведзь», што ідзе па-руску. Цяпер у Беларусі засталося толькі тры калектывы, спектаклі ў якіх ідуць выключна па-беларуску: Купалаўскі (вось яна іронія лёсу, расійскія акцёры-штрэйкбрэхеры становяцца захавальнікамі нашай мовы на падмостках), Коласаўскі і РТБД. Між тым, кіраўніца апошняга Святлана Навуменка яшчэ летам анансавала пастаноўкі па-руску. Так што, магчыма, такіх калектываў на ўсю краіну неўзабаве застанецца толькі два.
Аднак гэта не толькі гісторыя пра русіфікацыю. У апошнія гады Расія ўкладвае ўсё большыя грошы ў беларускую культуру, прывязваючы нас да сябе. Пры Саюзе тэатральных дзеячаў Расіі дзейнічае Цэнтр падтрымкі рускага тэатра за мяжой. Ён рэгулярна арганізуе тэатральныя лабараторыі на базе беларускіх тэатраў – як у рамках міжнародных фестываляў, якія праходзяць у нашай краіне, так і асобна для пэўнага калектыву. Працуе ўсё так. Цэнтр скіроўвае ў Беларусь некалькіх рэжысёраў, якія разам з артыстамі мясцовага тэатра цягам некалькіх дзён рыхтуюць эскізы патэнцыйнай пастаноўкі. Гэта можа быць частка спектакля або пункцірны ахоп ўсёй п’есы праз вузлавыя моманты. Пасля фінальнага паказу кіраўніцтва калектыву вырашае, які з эскізаў браць, каб ператварыць яго ў паўнавартасны рэпертуарны спектакль. Расія аплочвае працу і знаходжанне рэжысёра ў Беларусі (калі трэба, і яго каманды). Натуральна, перавага аддаецца расійскай класіцы і сучаснай расійскай драматургіі. Калі свая ўлада дае грошай вобмаль, а рускія гатовыя плаціць, хто ж адмовіцца? Таму пад такі фармат пачынаюць падладжвацца.
Яшчэ адзін прыклад з гастролямі ў суседнюю краіну, на якія цяпер не ездзіць толькі лянівы – пераезды ж аплочваюцца. “Відавочна, наперадзе ў “Ядвігі” доўгі шчаслівы лёс. Не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі: невыпадкова ж спектакль пастаўлены ў рускамоўным перакладзе, з надзеяй на паспяховыя гастролі”, – піша дзяржаўная газета “Культура” пра пастаноўку ў Магілёўскім абласным тэатры (што ў Бабруйску). Не жадаючы пакрыўдзіць гэты калектыў, прызнаемся: яго ўзровень не самы высокі нават у Беларусі. Але гіпатэтычна ў Расію могуць запрасіць і яго. Таму дзеля паездак на дурніцу можна і перакласці беларускамоўную п’есу Дударава на рускую.
Дарэчы, пра мову як сродак паразумення з гледачом. РТБД упершыню ў гісторыі накіраваўся на гастролі ў Кітай. На Шанхайскім фестывалі прайшлі паказы спектакляў “Май хомлэнд” і “Вечар”, які ішлі па-беларуску з англійскімі і кітайскімі субтытрамі (як бачым, беларуская нікому не замінала). Гэта гісторыя хутчэй пра арганізацыйны прарыў, пра здольнасць дамовіцца пра паездку і прэзентаваць сябе. А таксама прыклад эфектыўнай дзейнасці кіраўніцы Цэнтра беларускай драматургіі Анастасіі Васілевіч, якая прапанавала ідэю паездкі і паспяхова яе рэалізавала.


Масоўка на Нацпрэміі
У 2025-м падвялі вынікі чарговай Нацыянальнай тэатральнай прэміі. У пачатку дзясятых, калі праект толькі распачынаўся, яе лаўрэатаў яшчэ вызначала журы, сфарміраванае з прадстаўнікоў тэатраў. За апошняе дзесяцігоддзе ўладу ў свае рукі забралі чыноўнікі. Ад пачатку гэтых зменаў і дагэтуль застаюцца невядомымі асобы людзей, прадстаўленых як у журы, так і ў адборачнай камісіі (затое замест незалежных крытыкаў там звыкла прысутнічаюць прадстаўнікі Міністэрства культуры, якія часам навязвалі журы неабходных пераможцаў – аўтару вядомыя такія прыклады ў мінулым). У адкрыты доступ таксама не трапляюць прозвішчы асобаў, прадстаўленых ў тых ці іншых намінацыях і г.д.
Роля чыноўнікаў у гэтым працэсе ўзрасла ў 2020-я, калі прэмія ператварылася ў кампраміс паміж сур’ёзнымі спектаклямі і пастаноўкамі тых рэжысёраў, або калектываў, якіх па нейкіх прычынах палічылі вартым адзначыць (ці проста паказаць іх у сталіцы).
У 2025 годзе да фінальных паказаў дапусцілі рэкордную колькасць удзельнікаў – ажно 37 пастановак ад 27 калектываў. Упершыню сярод іх аказаліся студэнты з Акадэміі мастацтваў і Універсітэта культуры. У праграму трапілі амаль усе прафесійныя калектывы (выключэнне – тэатры са Слоніма, Пінска і Мазыра, а таксама драмтэатры з Віцебска і Гродна).
Але з такой колькасцю паказаў прэмія ўсё больш нагадвае агляд зробленага, чым вызначэнне найлепшага ў супрацьстаянні годных канкурэнтаў. Нездарма сёлетняя прэмія стала рэкорднай таксама і па колькасці спецыяльных дыпломаў. Напрыклад, у адной з секцый акрамя ўласна пераможцы такім чынам адзначалі пастаноўкі з фармулёўкамі «за духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і юнацтва», «за мастацкае ўвасабленне ў спектаклі для дзяцей і юнацтва», «за найлепшы акцёрскі ансамбль». У выніку з сямі пастановак, заяўленых у секцыі, тым ці іншым чынам адзначылі чатыры.
Таму галоўная вартасць прэміі – у магчымасці для рэгіянальных тэатраў паказаць сваю прадукцыю ў Мінску (бо грошай на традыцыйныя гастролі звычайна не хапае), а мінчукам – убачыць яе. Усё роўна Нацыянальная тэатральная прэмія застаецца выключна ўнутраным прадуктам, разлічаным на свайго спажыўца. Перамога на прэміі аніяк не ўплывае на замежнае фестывальнае жыццё спектакляў – для блізкага замежжа (не кажучы ўжо пра далёкае) айчынная прадукцыя застаецца невядомай.
Праграму прэміі можна з пэўнай умоўнасцю экстрапаляваць і на агульную сітуацыю ў айчынным тэатры. Чвэрць складалі спектаклі пра Другую сусветную вайну: ажно 9 з 37 (ваенная тэма ўскосна ўзнятая і ў дзясятым па ліку спектаклі – “Карова” Брэсцкага тэатра лялек). Але яшчэ больш, 19 з 37 (больш за палову!) паставілі па творах драматургаў ці кампазітараў з Расіі. Сярод іх ёсць сусветная класіка (напрыклад, оперы Пятра Чайкоўскага ці Сяргея Пракоф’ева, што ідуць па ўсім свеце). Але пераважаюць творцы, без якіх цудоўна можна было б абысціся. Напрыклад, зрабіць выбар на карысць айчынных або еўрапейскіх драматургаў.

Пастаноўкі пра Другую сусветную відавочна з’яўляюцца замовай зверху. Але не думаю, што дзяржава неяк рэгулюе колькасць рускіх аўтараў. Хутчэй уключаецца механізм самацэнзуры: калектывы звяртаюцца да творцаў з “братэрскай” Расіі, каб мець менш праблемаў з зацвярджэннем таго ці іншага твора. А таксама ўключаецца апісаны вышэй механізм, калі тэатрам аплочваюць пастаноўку рускіх твораў.
З пераможцаў адзначым прадказальны поспех Яўгена Карняга – ён атрымаў узнагароду як найлепшы рэжысёр за «Мроіва» ў сталічным Тэатры лялек, а найлепшым спектаклем назвалі ваенны «Бах-бах-бах» з Магілёва (дадамо, што карнягаўскі спектакль «Разумная сабачка Соня» стаў “Найлепшым спектаклем для дзяцей і юнацтва»).
Важны таксама поспех 28-гадовага Дэвіда Разумава, чыю пастаноўку ў Горкаўскім «Фаўст. Здзелка з д’яблам» назвалі «найлепшым спектаклем тэатра драмы для вялікай сцэны». У такім прызнанні бачыцца свой пазітыў: мо ў Беларусі нарэшце адыйдуць ад традыцыі лічыць маладымі рэжысёрамі людзей да 50 гадоў (неадразова бачыў такія фармулёўкі ў дачыненні людзей тэатра, кіно і літаратуры).
Індывідуальныя і калектыўныя поспехі
На канец 2025-га прыйшліся чарговыя індывідуальныя поспехі беларусаў.
Спявачка Аксана Волкава выканала партыю Кармэн у аднайменнай оперы (пастаноўка Метраполітэн-опера). Раней яна ўжо спявала на сцэне гэтага тэатра, аднаго з самых прэстыжных у свеце. Але тут гаворка ідзе пра галоўную ролю.
Дырыжор Дзмітры Мацвіенка дэбютаваў у Парыжскай нацыянальнай оперы.
Спектакль “Ляцяць журавы” Іркуцкага музычнага тэатра атрымаў чатыры ўзнагароды (у тым ліку, як “найлепшая пастаноўка”) на расійскай нацыянальнай прэміі «Музычнае сэрдца тэатра»). Паставіла яго беларуская рэжысёрка Настасся Грыненка, у якасці харэографа-пастаноўшчыка выступіў яе муж Дзмітрый Якубовіч.
Ад індывідуальных поспехаў пяройдзем да калектыўных. У Любліне прайшоў форум “Bliski Wschód”, які гэтым разам амаль цалкам прысвяцілі тэатру і згуртаванню “Вольныя Купалаўцы”. На ім адбыліся дзве прэм’еры: спектакль “Ваўкі”, пастаўлены паводле аповесці Евы Вежнавец “Па што ідзеш, воўча?”, а таксама монаспектакль Аляксандра Казелы (у абодвух выпадках рэжысёр Павел Пасіні). Таксама прайшлі паказы пастановак “Па што ідзеш, воўча?”, “Гусі-людзі-лебедзі”, “Зэкамерон”, “Moj Hleb”, “Камедыя Юдзіфі”, “Экстрэмісты”, “Дзяды” і “Валізка”. Гэта сведчыць пра маштаб працы “Купалаўцаў”. А таксама, што дзейнасць трупы і, глабальна, беларускае фестывальнае тэатральнае жыццё ў Польшчы працягваецца.
Сімвалічна, што Расія на запыт Беларусі абвясціла ў вышук прадстаўнікоў “Вольных Купалаўцаў” Зою Белахвосцік, Аляксандра і Валянціну Гарцуевых, а таксама іх колішнюю каляжанку Крысціну Дробыш.
Дарэчы, калі мы ўжо згадалі прэм’еры, то нагадаем пра яшчэ адну. На мяжы верасня – кастрычніка ў Варшаве адбыліся першыя паказы спектаклю «Urząd Przyjemności» Беларускага Свабоднага тэатра (рэжысёры Юлія Шаўчук і Раман Шыцко). Пастаноўка пазіцыянуецца як дэбют варшаўскага эксперыментальнага аддзялення гэтага калектыву.

Сярод іншага на люблінскім форуме прэзентавалі анталогію новай беларускай драмы «Niekończący się sierpień» («Бясконцы жнівень»), выдадзеную па-польску. У кнігу пад рэдакцыяй Ірыны Лаппо і Генрыха Мазуркевіча сабраныя шэсць перакладзеных твораў пра падзеі 2020 года і іх наступствы.
Спробы асэнсавання сучаснасці робяцца і ў іншай моўнай прасторы. У шорт-ліст “Любімаўкі” – незалежнага праекту рускамоўных драматургаў – увайшлі тры прадстаўнікі Беларусі: Максім Дасько (п’еса «Инсула»), Рэната Талан («Лимб»), Хася Корнева («Рыжая белка»). Іх творы прысвечаныя вайне, пратэстам і наступствам гэтых падзей. Паказальна, што айчынныя драматургі вымушаныя выбіраць для прэзентацыі замежныя пляцоўкі: польскую і расійскую (беларуская ім недаступная). А таксама, што гэтыя творы пакуль так і не дабраліся да сцэны (выключэнне – п’еса “Эмігранты” Юліі Цімафеевай, апублікаваная ў польскай анталогіі). І перспектывы пакуль цьмяныя.
У эміграцыі на тое няма грошай, у самой краіне – магчымасцяў: беларускія ўлады цалкам заблакавалі нават шансы на выказванні па актуальных праблемах. Альтэрнатывай становіцца апалітычная тэматыка. Трапіць з ёй на памосткі дапамагае прызнанне дзяржавы. Напрыклад, Улада Альхоўская сёлета перамагла ў Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Драматургія» – і вось ужо яе рамантычна-камедыйны трылер «Тытанавая ведзьма» паставілі ў віцебскім Коласаўскім тэатры. Твор камерцыйнай аўтаркі пераклалі з рускай на беларускую.
Кадравыя змены і міні-экспансія ў кіно
Адбылося некалькі кадравых зменаў. Новым дырэктарам Горкаўскага – замест спачылага Эдуарда Герасімовіча – стала яго першая намесніца Наталля Грамыка. Магчыма, прызначэнне пралабіраваў Руслан Чарнецкі – не проста міністр культуры, але і акцёр гэтага тэатра, які даўно кантактаваў з Грамыкай. З Новага драматычнага звольнілі дырэктара Руслана Сафонава, які адпрацаваў усяго тры гады – прычыны невядомыя, пасада на момант напісання гэтага агляду вакантная. Новым галоўным рэжысёрам Магілёўскага абласнога тэатра (што ў Бабруйску) стаў Сяргей Яскевіч – яго папярэднік Дзмітрый Нуянзін перайшоў у тэатр лялек “Батлейка”, што ў Маладзечне. Яскевіч з’явіўся з ніадкуль пяць гадоў таму, прайшоўшы ў Гродзенскую драму, але нічым не запомніўся, а гэты калектыў нават не быў прадстаўлены на Нацпрэміі.
На месца Яскевіча запрасілі малавядомую расійскую рэжысёрку Аліну Сарокіну. У якасці пастаноўшчыцы ў тым калектыве выступае і дырэктарка тэатра Вольга Багдановіч. Падчас падрыхтоўкі спектакля «Чорт і баба» яна выступала ў якасці сурэжысёркі. Для пастаноўкі ў Гродзенскую драму ўзялі і яе дзіцячую казку «Кабуба шукае сяброў». Такі падыход адпавядае тэндэнцыі, калі тыя ці іншыя асобы сумяшчаюць некалькі пасадаў і дзейнічаюць у розных сферах. Так, у РТБД дырэктарка Святлана Навуменка выступае ў якасці рэжысёркі, яе калега з ТЮГа Вера Палякова – як актрыса. Зрэшты, такое ўласціва і эміграцыі. Там пайшлі далей і сталі запрашаць аматараў выступіць у якасці акцёраў. Напрыклад, драматург Дыяна Балыка іграла ў спектаклі «Ордэн Белай Мышы». Пісьменніца Ганна Златкоўская – у пастаноўцы “Ёмахо Ёмасо” Тутэйшага тэатра (п’есу, па якой паставілі спектакль, яна сама і напісала).
Наогул, сучасныя беларускія спектаклі рэдка калі можна ўбачыць онлайн (выключэнне хіба некалькі даступных на YouTube пастановак “Купалаўцаў”). Але напрыканцы года здарылася некалькі прыемных выключэнняў. У Мінску прайшла прэм’ера тэлеверсіі спектакля «Ідыёт» па аднайменным творы Дастаеўскага (рэжысёрка Івана Жыгон, Горкаўскі тэатр), але ў адкрыты доступ яна, на жаль, не трапіла. У Варшаве паказалі паэтычна-музычны фільм-спектакль «JAN» па творах Яна Каханоўскага (рэжысёр Андрэй Саўчанка, Тутэйшы тэатр) – цяпер яго можна ўбачыць онлайн. З улікам раскіданасці беларусаў па свеце гэта добрая ініцыятыва, якая дазваляе нам адчуваць сябе часткай агульнай прасторы.
Музыка: Распад “Пятлі Прыхільнасці”, вяртанне Хлястова і адмена папулярнага фестывалю
Беларуская музыка з кастрычніка па снежань 2025 года гойдалася на эмацыйных арэлях. Мы пабачылі моцныя рэлізы, камбэк Аляксея Хлястова, замацоўванне Пазнякса ў якасці галоўнага адкрыцця года. У той жа час назіралі за сыходам са сцэны «Пятлі Прыхільнасці», расчароўваліся ў Maybe Baby з яе адсылкай гуманітарнай дапамогі разам з ЛДПР і сумавалі па Radio Plato, якое ў Беларусі прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем.
З’яўленне новых зорак і вяртанне старых
21-гадовы Пазнякс з Горадні ў найкарацейшы час сфарміраваўся ў сапраўдную беларускую зорку. Па хуткасці росту папулярнасці артыста гэта самы паспяховы кейс у айчыннай музыцы за апошнія гады. Літаральна за некалькі месяцаў хлопец прайшоў шлях ад ноўнэйма да артыста, які фітуе з вялікімі артыстамі.
Адзначыўся гарадзенец і фітом з ураджэнкай Жабінкі Maybe Baby. Яны запісалі сумесны трэк «Жабінка-Гродна», тым самым падкрэсліўшы свае карані. На трэк знялі кліп, але не ва ўзгаданых гарадах, а ў Менску.
Maybe Baby адзначылася яшчэ і адпраўкай гуманітарнай дапамогі “ў зону СВА” ад партыі ЛДПР. У сацсетках партыі апублікавалі фота спявачкі разам з кіраўніком Леанідам Слуцкім на фоне аўтамабіля з гуманітаркай. У сваіх жа сацсетках артыстка такі свой крок не анансавала. Раней хадзілі чуткі, што Maybe Baby трапіла ў чорны спіс артыстаў і яе тур быў пад пагрозай зрыву.
Паўсталі з небыцця і прадстаўнікі старой беларускай школы. У сацсетках завірусілася відэа з Аляксеем Хлястовым, які пасля 2020 года трапіў у чорныя спісы і цяпер вымушаны працаваць у таксі. Беларусы ў розных кутках свету пачалі масава здымаць відэа ў падтрымку Аляксея. Людзі ж унутры краіны выклікалі таксі і спявалі разам з артыстам.
Гэта надало артысту другое дыханне. Зараз ён актыўна вядзе стрымы ў інстаграме, запісвае відэа, а нядаўна заспяваў разам з Інай Афанасьевай – яшчэ адной беларускай артысткай з чорных спісаў.
Да гэтага поспеху вырашыў прымазацца і лідар гурта «Без Билета» Віталь Артыст. У сваім інстаграме ён апублікаваў відэа, як ачышчае пляцоўку, дзе летам адбудзецца рэтрыт. А яшчэ Артыст з’ездзіў у Крым і разам з гуртом «Тяни-Толкай» запісаў песню «Олды».
За межамі Беларусі беларускім артыстам таксама ёсць чым пахваліцца. Molchat Doma заявілі сябе на Grammy у намінацыі Best Alternative Performance. Domsun зняўся ў рэкламе новага iPhone для польскага мабільнага аператара.
Гурт «СОЮЗ» выпусціў беларускамоўны альбом «Крок» на брытанскім лэйбле Mr Bongo і ў 2026 годзе адправіцца ў еўрапейскі тур у яго падтрымку. Таксама гэты гурт і іншыя беларускія калектывы былі згаданыя ў брытанскім онлайн-часопісе The Quietus. Артыкул прысвечаны музычнай сцэне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Макс Корж чарговы раз паказаў здольнасць сабраць стадыён за кароткі тэрмін. У пачатку снежня артыст аб’явіў пра свой канцэрт у Бухарэсце ўвесну 2026 года і за 9 дзён сабраў солдаўт. Да гэтага ў артыста адбылася адмена канцэрта ў Казахстане.
Intelligency з Менску адправіліся ў Тэхас, каб паўдзельнічаць у праграме па касмічным турызме на базе Starbase SpaceX. Артысты прайшлі сумоўе, атрымалі рэкамендацыі па паляпшэнні сваіх паказчыкаў і праехаліся з міні-турам.
Песні гурта «Барысаўскі Тракт» увайшлі ў саўндтрэк фільма «Пераломны момант», які зняў «Беларусьфільм».
Музычныя страты на фоне рэпрэсій
Не абышлося ў музычнай сферы і без стратаў. Галоўная і самая значная – сыход вакаліста «Пятлі Прыхільнасці» Іллі Чарапко-Самахвалава з калектыву. Гурт з’ездзіў у свой апошні еўрапейскі тур і спыніў дзейнасць. Пакуль выглядае так, што “Пятля” не плануе далей працаваць і шукаць новага вакаліста. Сам жа Ілля неаднаразова пісаў, што з музыкі не сыходзіць і збіраецца заняцца сваімі праектамі, у тым ліку новымі.
Гурт Litesound, удзельнікі «Еўрабачання», выехалі з Беларусі ў Літву і выступілі там на конкурсе талентаў, дзе скарылі журы. У сакавіку 2023 года братам Каракіным прысудзілі па два з паловай года “хатняй хіміі” за ўдзел у пратэстах. Разам з імі таксама пакаралі і бацькоў. Маці атрымала 2,5 года, а бацька – 3 гады “хатняй хіміі”.
З Беларусі таксама з’ехаў і Цімафей Яравікоў, лідар магілёўскага гурта «Сэрца дурака». У снежні 2025 ён зладзіў бясплатны онлайн-канцэрт для жыхароў Украіны. Таксама праводзіць майстар-класы.
Не абышлося без страт у фестывальным жыцці Беларусі. Прычым з нечаканага боку. Кіраўніцтва фестывалю «Солнцестояние» аб’явіла, што іх не ўнеслі ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, і ў 2026 годзе фэсту не будзе.
Нагадаем, што адным з арганізатараў гэтага фэсту з’яўляеццца Аляксандр Зайцаў – бізнесмен, які раней валодаў футбольным клубам «Дынама-Брэст». У 2024 годзе ён зарэгістраваў юрыдычную асобу «Солнцестояние». Большасць хэдлайнераў на працягу двух гадоў складалі расейскія зоркі, якія падтрымалі агрэсію супраць Украіны.
Пад допісам аб адмене шмат расчараваных каментароў, а некаторыя карыстальнікі нават пачалі пісаць лісты ў Міністэрства культуры, каб фестываль вярнулі.
Але калі адмена «Солнцестояния» выглядае нечаканай, то адмены лакальных канцэртаў за некалькі дзён да мерапрыемства ўжо сталі звычайнымі для Беларусі. Гэта прыводзіць не толькі да немагчымасці артыстаў займацца сваёй непасрэднай справай, але і да ўскладнення фінансавага становішча саміх пляцовак, дзе ладзяцца мерапрыемствы.
Тым не менш беларускія артысты не адчайваюцца і працягваюць выступаць як у краіне, так і за яе межамі.
З’яўляюцца і новыя музычныя праекты. Журналіст Аляксандр Чарнуха пачаў рабіць шоў «Сепультура Alive». Гэта онлайн-канцэрты беларускіх гуртоў. Ужо адбыліся выступы Naviband, Разбітага Сэрца Пацана і :B:N.
Усё гэта адбываецца на фоне прызнання дзеячаў культуры па-за законам. Экстрэмісцкім фармаваннем прызналі праект Radio Plato. Экстрэмісцкімі матэрыяламі прызналі некаторыя кліпы гурта Dymna Lotva.
Вяртанне легенд і замацоўванне фрэшмэнаў
Чацвёрты квартал 2025 года адзначыўся адразу некалькімі моцнымі рэлізамі. З новым альбомам вярнуліся рэперы УННВ. З моманту выхада мінулага прайшло ажно 6 гадоў. «Абібок» атрымаўся досыць смелым выказваннем пра набалелае, у якім шмат адсылак і адлупаў. Гэта ўсё той жа менскі злы андэрграўнд, які працуе насуперак прагрэвам, віруснаму кантэнту і ўсялякім стратэгіям прасоўвання.
З дыяметральна супрацьлеглага боку беларусы атрымалі новы альбом Port Mone Whisper. Яго музыкі запісалі ў беларускіх палях з дапамогай узнаўляльных крыніц энергіі. Пры запісе выставілі дзесяткі мікрафонаў, каб зафіксаваць інструменты і гукі наваколля. Атрымалася не толькі сапраўдная беларуская музыка, але і беларускі сувенір, які можна падарыць кожнаму ў эміграцыі. Альбом ёсць і на фізічных носьбітах.
Новым альбомам парадавалі слухачоў і «Клуб любителей музыки». «Улица мира» – прыклад якаснай поп-музыкі з ухілам у мэйнстрымны рэп. Хлопцы працягваюць будаваць кар’еру ў Расіі, бо ў Беларусі наўпрост няма нават пляцовак, што ім пасуюць. Тым не менш, гурт падкрэслівае сваё паходжанне і выпусціў беларускамоўны мерч «Клуб аматараў музыкі».
Новы альбом зарэлізіў ЛСП. Ён атрымаў назву «Судный день». Артыст вырашыў не вельмі эксперыментаваць і працягнуў сваю традыцыйную лінію са складанымі тэкстамі ў поп-абгортцы.
Тэхна-дуэт Police in Paris выпусціў рэмікс на савецкую ваенную песню «Кацюша». Зрабілі яны гэта сумесна з расейцамі BADGRUB і пачалі падаваць у сацсетках як slavic techno. Тым не менш, трэк завірусіўся ў інстаграме і набірае прагляды.
На музычнай дзялянцы суседняй краіны працягнуў замацоўвацца і Андрэй Кацікаў. На прэміі Яндэкс Музыкі ён атрымаў узнагароду ў намінацыі «Выбар рэдакцыі». Акрамя гэтага сервіс падвёў вынікі і назваў самых слуханых беларусаў на стрымінгу. Артыстам 2025 года стала трыа Uniqe, Nkeeei, ARTEM SHILOVETS. Артысткай года – ураджэнка Менску Кацярына Чэпік, а фрэшмэнам – Андрэй Кацікаў.
Беларускія артысты, што прасоўваюцца ў Расіі, усё часцей працягваюць падкрэсліваць сваё паходжанне. Mayby Baby, трыа Uniqe, Nkeeei, ARTEM SHILOVETS, «Клуб любителей музыки», Nemiga – усе яны так ці інакш працуюць з беларускім культурным кодам, хоць часам і крынжова.
Вынікі
Адной з галоўных праблем у Беларусі па-ранейшаму застаецца немагчымасць свабодна выступаць. Гастрольныя пасведчанні выдаюцца літаральна за некалькі дзён да пачатку мерапрыемстваў, і за тыя ж некалькі дзён гэтыя мерапрыемствы адмяняюцца. У такіх выпадках артыстам вельмі цяжка будаваць хоць якую кар’еру ўнутры краіны. Канцэрты – адна з асноўных крыніц прыбытку для музыкаў і, калі яе няма, застаецца альбо фрустрацыя, альбо квіткі на цягнік у Маскву.
Беларускім артыстам, як і ўсім беларусам, па-ранейшаму цяжка зрабіць шэнгенскія візы і выехаць з выступамі ў Еўропу. Чаканне дакументаў можа расцягвацца на месяцы, а ў такіх абставінах цяжка планаваць даты тураў.
У Беларусі па-ранейшаму не з’яўляецца новых пляцовак. Немагчыма рабіць стаўкі на жывыя выступы, бо гэта вельмі сумнеўная бізнес-ідэя. Таму ўжо каторы год Беларусь абмяжоўваецца наяўнасцю пляцовак, якія можна пералічыць на пальцах, ды і тыя час ад часу знаходзяцца на мяжы выжывання.
Традыцыйная культура: Выставы, кнігі і юбілеі беларускіх ВНУ
Актуальны агляд мы вырашылі збудаваць на пераліку важных падзей і публікацый у галіне традыцыйнай культуры. Адсылаем таксама да нашых вынікаў у галіне за 2025 год. Сярод істотных падзей, што мы адзначылі, – чарговая намінацыя ад Беларусі ў спісах нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, што суправаджаецца ўвагай да пытанняў спадчыны ўнутры краіны і за яе межамі; юбілеі мінскіх навучальных устаноў, у праграмах якіх, на жаль, традыцыйная культура не займае важнага месца; новыя кнігі і навінкі ў сферы кіно, музыкі.
Нематэрыяльная культурная спадчына
Бадай, галоўная навіна за аналізаваны перыяд – Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці стала сёмым элементам ад Беларусі ў спісах нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Рашэнне было прынятае 9 снежня ў Нью-Дэлі. Адпаведна Канвенцыі ЮНЕСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны 2003 г., спісаў тры: спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова (у яго і трапіў неглюбскі тэкстыль), рэпрэзентатыўны спіс і спіс добрых практык.
Неглюбская тэкстыльная традыцыя ахоплівае стварэнне ручнікоў, прадметаў адзення і інтэр’ера з выкарыстаннем самабытных тэхнік ткацтва і вышыўкі. Найбольшую вядомасць набылі неглюбскія ручнікі. Раней у спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ад Беларусі ўключаныя:
- абрад «Калядныя цары» ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінская вобласці (2009 г.);
- урачыстасць у гонар шанавання Абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці (2018 г.);
- вясновы абрад «Юрʼеўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці (2019 г.);
- культура бортніцтва (сумесна з Польшчай, 2020 г.);
- мастацтва, рамяство, і ўменні саломапляцення (агульнабеларускі элемент, 2022 г.);
- традыцыйнае мастацтва выразаньня з паперы выцінанка (агульнабеларускі элемент, 2024 г.).

У апісанні выставы, прысвечанай Маларыцкаму раёну, з праекта «Брэстчына этнаграфічная» падкрэслівалася, што адзін з экспанатаў – грачаны хлеб “тэхналогія вырабу якога ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ў якасці нематэрыяльнай праявы творчасці чалавека”. На выставе былі прадстаўленыя таксама фотаздымкі, тэкстыль і іншыя прадметы побыту.
Пытанні аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны важныя і для беларусаў у эміграцыі. Праект “Нітка Зорка”, які Кацярына Ваданосава робіць на тэлеканале “Белсат”, у снежні ўганараваны прэміяй імя Францішка Багушэвіча за найлепшы гістарычны твор, апублікаваны ў 2024 годзе, з фармулёўкай «За інтэлектуальную актуалізацыю матэрыяльнай спадчыны». Мы пісалі пра перадачу ў нашых ранейшых аглядах. За аналізаваны перыяд выйшаў адзін выпуск праграмы, які закранае тэматыку традыцыйнай культуры: “Год, калі Беларусь змянілася назаўсёды: Кацярына Ваданосава пра асабістае. Вясельны строй беларусаў”. З яго можна даведацца пра вясельны строй Кацярыны і яе абранніка, вясельны вянок сіраты, выплятанне пояса ў тэхніцы спрэнг.
Агулам, пытанні нематэрыяльнай культурнай спадчыны даволі часта фігуруюць у беларускай публічнай прасторы.
Юбілеі навучальных устаноў
5 кастрычніка споўнілася 50 гадоў Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту культуры і мастацтваў. Дысцыпліны, звязаныя з традыцыйнай культурай, вывучаюцца на Факультэце традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва. У структуру факультэта ўваходзяць чатыры кафедры: харэаграфіі, рэжысуры абрадаў і свят, тэатральнай творчасці, народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На жаль, у верасні 2021 года была ліквідаваная кафедра этналогіі і фальклору. Наколькі нам вядома, студэнтам, якія распачалі адукацыю, дазволілі давучыцца і на цяперашні момант яны выпусціліся, а кафедра больш не дзейнічае. На кафедры харэаграфіі ўвага надаецца пераважна народна-сцэнічнаму танцу, а традыцыйныя побытавыя танцы займаюць сціплае месца ў праграме. Агулам можна сказаць, што традыцыйная культура слаба прадстаўленая ў навучальных прапановах універсітэта-юбіляра.
12 лістапада адзначыла 85-гадовы юбілей Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Зноў жа, наколькі нам вядома, у навучальных праграмах гэтай установы традыцыйная культура займае яшчэ больш сціплае месца, чым у БДУКіМ. Студэнтам распавядаюць пра традыцыйны тэкстыль і вучаць ткаць на кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюму Факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Іншыя важныя падзеі
У канцы лістапада выйшаў першы альбом варшаўскага гурта Kasary з аднайменнай назвай. У альбом трапілі рэкруцкія і лірычныя песні. Гэта першы поўнафарматны студыйны рэліз гурта, які ўжо добра вядомы праз сваю канцэртную дзейнасць і выпуск кліпаў. Альбом можна паслухаць на розных стрымінгавых платформах. Яго адразу ж прэзентавалі на вялікім канцэрце ў Варшаве. Kasary выступілі таксама на канцэрце “Мужчыны спяваюць калыханкі” 14 снежня ў Варшаве. Удзельнікі гурта распавялі, як укладаюць спаць сваіх дзяцей і выканалі па некалькі калыханак. Прагучалі таксама спевы з асноўнага рэпертуару “Касароў”.

24 лістапада ў Беларускім хабе «Новая Зямля» ў Беластоку адбылася лекцыя этнолага Сцяпана Захаркевіча “Вобразы беларусаў Падляшша і рэгіёну ў этнаграфічных дыскурсах ХІХ – ХХІ стст.”. Па спасылцы можна паглядзець запіс і даведацца, як цягам двух стагоддзяў у этнаграфіі фарміраваліся вобразы Падляшша і яго жыхароў-беларусаў, як палітычныя і гістарычныя ўмовы ў Расійскай імперыі, БССР і Рэспубліцы Беларусь уплывалі на навуковыя апісанні, інтэрпрэтацыі і бачанне беларусаў гэтага рэгіёну, чаму ў розныя перыяды беларускіх даследнікаў цікавілі (альбо наадварот – не цікавілі) беларусы Падляшша і як гэта адбівалася ў акадэмічнай літаратуры, вучэбных матэрыялах і этнаграфічных працах.
24 снежня адбылася прэм’ера фільма Арцёма Лобача “Беларускі едуць на Падляшша” на канале Belsat Doc.
Па сюжэце, група беларускіх эмігрантак з Варшавы сустракаецца з беларусамі Падляшша, якія адчуваюць моцную сувязь з праваслаўем. Жанчыны са здзіўленнем даведваюцца, што на Падляшшы амаль не святкуюць Купалле. Пасля вяртання ў Варшаву вандроўніцы разам з беларускай эмігранцкай супольнасцю адзначаюць традыцыйнае паганскае Купалле на беразе Віслы 22 чэрвеня, у дзень летняга сонцавароту.
У кастрычніку фільм атрымаў спецыяльны прыз журы на першым кінафестывалі імя Тамары Саланевіч у Нараўцы на Падляшшы. Стужка была адзначаная за «спелае майстэрства і спосаб аповеду, які інтрыгуе, пра сутыкненне герояў з іх уяўленнямі». У снежні фільм дэманстравалі ў Варшаве на паказе Wyszeptane – tradycja, duchowość разам з іншымі фільмамі пра Падляшша.
У канцы снежня ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту пачала працу выстава “Ад злога чаравання да шчаслівага вяртання”, прысвечаная абярэгам у традыцыйнай культуры беларусаў. Афіцыйнае адкрыццё прайшло 6 студзеня 2026 г. “На выставе прадстаўленыя 8 экспазіцыйных комплексаў, якія вобразна адлюстроўваюць важнейшыя клопаты, якія суправаджалі нашых продкаў на працягу жыцця: будаўніцтва сваёй хаты, дагляданне гаспадаркі, нараджэнне і выхаванне дзяцей і да т.п.” – паведамляецца на сайце музея. – “Кожны комплекс уяўляе сабой шэраг экспанатаў – музейных прадметаў, прыродных матэрыялаў, фотаздымкаў, якія разам павінны стварыць адмысловы “музейны нацюрморт” – прадметнае і мастацкае ўвасабленне ролі апатрапея ў традыцыйнай культуры беларусаў”.
Найбольш істотныя публікацыі
Манаграфія Вольгі Лабачэўскай “Аброк. Абыдзённік: жаночыя рытуальныя практыкі”
Кніга – вынік шматгадовых экспедыцый даследчыцы па ўсёй Беларусі. Яна паказвае механізмы рэагавання традыцыйнага вясковага грамадства на жыццёвыя крызісы: эпідэміі, эпізаотыі (масавыя ўспышкі захворванняў жывёл), войны, а таксама на экзістэнцыйныя крызісы ў жыцці асобнага чалавека. Праца стала грунтоўным падсумаваннем тэмы, паказала, што апісаныя практыкі застаюцца жывымі ў сучаснай беларускай культуры.
Зборнік “Здані і прывіды ў традыцыйнай культуры”
Гэта VIII выпуск у серыі “Таямнічая Беларусь”. Артыкулы ў ім датычаць не толькі Беларусі, але таксама Эстоніі, Чэхіі і Расіі. Адмысловая ўвага ў выданні нададзеная выяве “белай дамы”, або жанчыны ў белым. У дадатку прадстаўлена каля 100 унікальных тэкстаў аб прывідах, якія раней не публікаваліся. Частка тэкстаў у зборніку надрукаваная па-беларуску, частка – па-расейску. Спіс артыкулаў дасяжны тут.
Перавыданне «Дзіцячага сьпеўніка» Антона Грыневіча
Выдавецтва “Этна Традыцыя” паведамляе, што гэта “першы спеўнік для дзяцей, складзены з беларускіх народных песень, сабраных вядомым фалькларыстам Антонам Грыневічам у перыяд з 1905 па 1924 гг. у розных кутках Беларусі. У спеўнік увайшлі 33 старанна падабраныя творы з мелодыямі – песні, прыпеўкі, калыханкі, забаўлянкі, акрамя таго укладальнік змясціў у зборніку не толькі прыклады фальклору для дзяцей, але і пазнаёміў з абрадавай і пазаабрадавай лірыкай, танцавальнымі творамі. Ёсць аўдыядадатак, каб слухаць і вучыць мелодыі песень самастойна”.
Адкрытая перадзамова на дзіцячую кнігу “Забаўлянкі” выдавецтва «Этна Традыцыя»
Публікацыя плануецца ў студзені 2026 г. На сайце, дзе можна зрабіць перадзамову, паведамляецца: “Інтэрактыўная, каляровая і навучальна-забаўляльная кніга для дзяцей ад нараджэння да 3–4 гадоў. У аснове – беларускія фальклорныя забаўлянкі, якія развіваюць маўленне, рухавую актыўнасць і ўвагу, фарміруюць эмацыйную сувязь з бацькамі і перадаюць беларускую традыцыю”.
Арт: PRA _BEL. За межамі замежжа
Гэты тэкст – спроба будавання сувязяў беларту і запаўнення прабелаў. Гэты свет часта выглядае разамкнутым, штучна падзеленым і атамізаваным. Але гаворка ідзе не пра межы і не пра раз’яднанасць, а пра тое, што ўзнікае насуперак ім: адзіны, хоць і неаднародны, паток пераклічак і ўзаемных дапаўненняў. Пошук тэндэнцый у такім полі – не класіфікацыя і не ранжыраванне. Гэта спроба ўбачыць узаемазвязанасць замест фрагментаў. Беларускае мастацтва паўстае тады не як замкнёная сістэма, а як рухомы працэс, унутрана звязаны нават у сваёй раз’яднанасці.
Храмы – для мастацтва?
Магчыма, гэта ўплыў цемры цёмных часоў, магчыма – калядны сантымент. Пачнем разгляд падзей кварталу з прасторы, куды арт-практыка зазірае не так часта, – з царквы як месца для актуальнага мастацтва, і звернем увагу на рэлігійныя адгалоскі пошуку культурнага кода.
Адна з самых цікавых і маштабных прац паўстала напярэдадні Адвэнту ў культавым для сучаснага мастацтва касцёле Святога Пятра ў Кёльне. Гэтая прастора на працягу дзесяцігоддзяў балансуе на мяжы трансфармацыі царквы ў музей і застаецца адкрытай для пытанняў аб абнаўленні форм рэлігійнага досведу і межаў свабоды творчасці. Netz (“Сетка”) – чацвёрты за 2025 год вялікі праект Ганны Сакаловай з цыклу Linement. Мастачка паслядоўна працягвае распрацоўваць тэму ўзаемадзеяння мінімалістычнай пластыкі, відэамастацтва і архітэктурнага асяроддзя. “Сетка” – манументальная светлавая відэаскульптура даўжынёй прыблізна 20 метраў, якая цягнецца дыяганаллю ад падлогі да столі. Такі «выклік небу» не пазбаўляе алюзій, і мы трапляем у сетку, а можа нават за краты трактавання канструкцыі як сімвала святла, выпраменьвання ці запушчанай ракеты.
Іншы прыклад узаемадзеяння касцёла з сучасным мастацтвам бачым унутры краіны, дзе адбываецца своеасаблівы цуд цэнзуры фрэсак. Пасля ад’езду пробашча парафіі Вячаслава Барока з краіны са сцен касцёла Святога Антонія ў Віцебску пачалі знікаць выявы людзей. Здавалася б, касцёл мусіў бы клапаціцца пра захаванне актуальных сэнсаў Евангелля, добра распрацаваных Уладзімірам Кандрусевічам. Аднак там, дзе прабіваюцца крытычныя тэмы сучаснасці – напрыклад, вайна – царква не здольная супрацьстаяць гвалтоўным трэндам самазнішчэння.

Зніклыя салдаты вяртаюцца ў “храм мастацтваў”, куды рэлігія ўздымаецца па палітычным трапе ў вайсковым камуфляжы – нават намаганнямі такіх асобаў, як Святлана Жыгімонт. Іх прысутнасць разбурае ўяўленне пра музей як месца культурнага і якаснага знаку і чамусьці патрабуе праваслаўнай падпоркі, якая насамрэч нясе адценне рускамірства.
“Перанясем свечку” ў наступную царкву – на гэты раз евангельскую ў Берліне, дзе паэтычная інтэрвенцыя Андрэя Лянкевіча “Каменні, што дыхаюць. Вецер, які спявае – жывы архіў беларускага Палесся” ўжо праз назву паказвае куратарскі дотык Ганны Карпенкі. Праект выбудоўвае не толькі мастацкі дыялог паміж этна- і энімал-фотапраекцыямі ды барочнай архітэктурай у сугуччы з музыкай Баха, але і – магчыма – ужо зусім не экуменічны дыялог, а адбітак сапраўднага беларускага, звярынага твару паганства, які і праз тысячу гадоў прабіваецца скрозь хрысціянскія традыцыі.
Цемра сілуэту памерлага хрысціянскага Бога ў абдымках Буды знаходзіць прытулак на паліцах варшаўскага буціка. Ці павінны мы разглядаць гэты жэст правакацыйнай іроніі сінтэтызму Адамава як выклік святыням? Ці, магчыма, спалучэнне рэлігійных сімвалаў выступае як філасофія абсурду, як працоўная мадэль умоўнасці культурных кодаў і маркетынгавай гульні з бласфеміяй? Альбо гэта ўсё яшчэ тая ж тэрыторыя свабоднага мастацтва, дзе «…думка ўжо не будзе мець улады над усім…» і «Бог не скінуты»?
Фолк-дыска-транс ды натхненне ў прыродзе
І тым не менш неапаганства натхняе і пранізвае цэлы пласт сучаснай беларускай культуры, становячыся нацыянальнай рысай. Сённяшнія творцы натуральна ўвабралі яго як паліфанію – дэмакратычную аснову народнасці, дзе містыка і досвед духу перамяжоўваюцца з постгалюцынагеннымі практыкамі і фолк-дыска-трансам. Гэты эстэтычны трэнд сугучны не толькі тактыкам «уцёкаў у лес» ды традыцыям «партызанскага руху», але і сусветнаму зялёнаму актывізму, насычанаму перфарматыўнымі выказваннямі.
Ад Берліна да Пекіна. Беларуская этнаграфія і фальклор, па-мастацку перапрацаваныя, працягваюць цікавіць як замежныя, так і айчынныя форумы. Гэта, напрыклад, удзел Андрэя Лянкевіча з яго «Традыцыйным інтэр’ерам» у Photo Beijing 2025. У гэтым праекце пратакол беларускіх рамёстваў ператвараецца ў гімн колеру і самабытнага дэкору комплекснага асяроддзя, што выглядае як татальная інсталяцыя.
Яшчэ больш заварожвае «Шэпт» пранікнення Сяргея Лескеця ў традыцыю беларускай вёскі, поўнай рытуалаў і містыкі.
Неверагоднай прыгажосцю і дасканалым інсталяцыйным рашэннем радуе ўдзел праекта Лесі Пчолкі “Прыдарожныя аб’екты” ў IPMA Festival у Каўнасе (раней быў прадстаўлены ў Парыжы). Сучасная праца са спасылкамі на тапаграфію ростаняў і раздарожжаў з альбома Міхася Раманюка “Беларускія народныя крыжы” пагружае нас у парадаксальную атмасферу прасторава-часавай кампрэсіі.
Нават актывісткі фемінісцкага руху не ў стане пазбавіцца ўлады «асалоды саламянага жыцця», родных спеваў і цеплыні тканіны. Так канцэптуальнае выказванне моцна сплятаецца з народнай традыцыяй, ператвараючы яе ў інтэрактыўную гульню ў музейнай прасторы. Менавіта так адбываецца ў выпадку інсталяцыі Марыны Напрушкінай «Зямля без памяці, цела без адпачынку» ў варшаўскай Zachęta на выставе «Пра што марым разам? Глабальныя сувязі – занядбаныя сяброўствы». Сакуратарка – Антаніна Сцебур.
У футурыстычным імкненні «пахаваць свет стары» праз вяртанне да традыцыі маляваных дываноў нас зноў адсылаюць на ростані пошукаў авангарду – паміж футурыстычным візіянерствам Язэпа Драздовіча і прымітывізмам Алены Кіш. Гэтыя рысы характэрныя як для праекта Напрушкінай «Птушкі з народам» з 6-й Кіеўскай біенале, так і для прац Максіма Осіпава, якія можна набыць у краме Vyraj.pl.
Цытаванне скульптаркай Алай Савашэвіч народнай паэзіі і пяснярства на выставе ў Цэнтры Скульптуры ў Ароньску «У месяцы стаяла, ветру слухала» вяртае нас да «шэптам тканай» мяккай сілы і цяжкой працы сучаснай жаночай палітыкі.
Эстэтыка калажу, як брытва, кроіць з кавалкаў гісторыі карціну сённяшняга дня, выбудоўваючы новыя крэатыўныя формы, карыстаючыся дазволенай уладай мовы. Калі мы не даем рады заставацца ў прасторы соцыуму, застаецца па лесе і па Палессі гуляць, ды Збуражлэнд будаваць. Тады і вёска становіцца новай прасторай для мастацкага выказвання. Праз яе мы набліжаемся да прыроды, дзе чалавечая натура і цела ўсё яшчэ знаходзяць для сябе тэрыторыю свабоды – нават ва ўмовах таталітарызму. Так што асцярожна з Make Dazhynki Great Again.
Зялёнымі пАРТызанскімі сцежкамі беларускае мастацтва крочыць да экалагічнай магістралі агульнай будучыні. Прырода застаецца ў логіцы навуковага разумення. На працягу гадоў Георг Ягуноў планамерна распрацоўвае біяінсталяцыі, якія датычаць цэлага спектра тэмаў – ад прагістарычнай архаікі каменнай пластыкі да тэхналагічных біятопаў. На выставе «Эпоха прыроды» востра ўздымаюцца пытанні будучыні: дзе адначасова знойдзецца месца для біяразнастайнасці, гарадскога развіцця і зялёнай энергетыкі? Дзе архітэктура і ўрбаністыка стануць домам адначасова для людзей, жывёл і раслін?
Юра Шуст паслядоўна «шаманіць» на мяжы перфарматыўнага рытуалу і тэхналагічнага прагрэсу, спалучаючы у сваіх інсталяцыях, відэа і аб’ектах прыродныя элементы з сістэмамі штучнага інтэлекту. Пад уплывам ШІ яго матывы нагадваюць то нейрасетку, то плеснявую грыбніцу, якую кансервацыя стрымлівае ці то ад распаўсюджвання, то ад распаду.

Лес — наш лёс, аж да слёз. Куратарка Вольга Мжэльская арганізавала дабрачынную выставу і аўкцыён «Rewilding: дыханне паўзучых ценяў» на карысць Бябжаньскага нацыянальнага парка, што на Падляшшы. Разам са шматлікімі ўдзельнікамі міжнароднай акцыі беларускія маста_чкі, нават за мяжой, працягваюць падтрымліваць рух за аднаўленне дзікай прыроды і экалагічнай раўнавагі.
Блізкі па атмасферы і тэме, у Тбілісі адбыўся праект пад куратарствам Bazinato «Эфект уплыву», дзе творчыя «намады і біяцэнтрычныя агенты» з Беларусі і Грузіі выкарыстоўвалі мастацтва для даследавання сувязяў паміж чалавекам і нечалавечым: прыроднымі і гарадскімі ландшафтамі, тэхналогіямі і біяцэнэзам, лічбавымі і карэннымі сістэмамі. Праект пераасэнсоўваў мастацкія практыкі і праводзіў эксперымент па стварэнні новага біякультурнага цэлага, што грунтуецца на павазе да ўсіх формаў жыцця.
І нарэшце, навіны з Мінска. Даследаванне куратарскага дуэта Дзіны Даніловіч і Аляксандра Булаша пра пошук «ідэальнага месца», «персанальнай утопіі», сімвалічнай «прасторы для ўцёкаў» і прымірэння з агрэсіўным асяроддзем. Аўтары разважаюць пра памежныя ландшафты, зоны асабістага і грамадскага, антропацэнтрычнага і касмічнага, ставячы пад пытанне панаванне чалавека над прыродай.
Многія з беларускіх мастакоў даследуюць прыроду разам з навукоўцамі, імкнуцца да паэзіі антрапагену, дзе чалавек выступае не толькі як частка прыроды, але і як арт-аб’ект. Відэамастацтва можа служыць дынамічным мастом, у якім рух і прысутнасць постаці ўсё яшчэ функцыянуюць як візуальны вобраз, але часта ператвараюцца ў артэфакт інтэрвенцыі, перформансу альбо акцыі. Гэта выразна праявілася падчас першага фестывалю беларускага сучаснага відэамастацтва «Самасей» у Беластоку, у межах выставы «Я ёсць працяты бусел». Думаецца, куратару Уладзіміру Грамовічу было важна пранізаць «стралой» новага погляду пагранічны стан геаграфічнай і палітычнай прасторы, а таксама арганізаваць дыялог на скрыжаванні актуальных мастацкіх тэндэнцый, прадэманстраваўшы здольнасць беларускай культуры да самарэгенерацыі нават ва ўмовах зацягнутага крызісу і вайны.
Такое ж медыяльнае і тэматычнае памежжа пераадольвае Арына Есіповіч у сваіх фота-, скульптурна-, інсталяцыйных перформансах і імкнецца да зліцця з ландшафтам.

Дынаміка формавых трансфармацый, супрацьстаяння арганічнага і геаметрычнага, стабільнага і рухомага таксама датычыць «Гарызонта дасканалай невінаватасці», інтэрактыўнага перформансу Дзяніса Раманоўскага. У сутыкненні з супрацівам матэрыялу гучыць знішчальны скрыгат геаметрычнага шляху. Сацыяльная праекцыя “ідэальнай нявіннасці” не толькі руйнуе сваю падставовую структуру, але і пакідае след калектыўнай няўпэўненасці.
На фестывалі лічбавага і тэхналагічнага мастацтва Civa выстава, панэльная дыскусія і перформанс пераплятаюцца, ствараючы мультысэнсарнае падарожжа праз няпэўнае. Праекты Эвеліны Домніч і Дзмітрыя Гельфанда заўсёды будуюцца на дакладных і складаных навуковых прынцыпах і метадах, але «Сілавое поле» акустычнай левітацыі пакідае неверагоднае адчуванне лёгкасці, супастаўнае з марай супрыматычнага палёту.
Непадпарадкаванне ўмоўнасцям жанравага падзелу бачым і ў дзейнасці Marika Anton Rabota. «Цудоўная аднаклеткавая музыка №13» прызначаная раслінам, бо «людзі ўжо разучыліся слухаць музыку, а музыкі для жывёл у Берліне і так хапае». Імкненне перайсці мяжу назіраецца і ў нядаўнім варшаўскім балконным танцавальна-музычным перформансе. Анастасія Рыдлеўская даўно рызыкнула вызваліцца ад адданасці адзінаму кірунку.
Адзін недакладны рух, і… перформанс ператвараецца ў акцыю. Міша Гулін вярнуўся на вуліцу, гэтым разам яго прастора – Гістарычны парк былой турмы Маабіт у Берліне, а знак чэрап тыраназаўра рэкса – як сімвал біялагічнага старэння і ўльтыматыўнай сілы прыроды, ад якой бяжыць кожны дыктатар.
Пералезці цераз плот ілюзорнасці і знішчыць сцяну натуралізму спрабуе ў сваіх вандроўках па тым жа мегаполісе Алекс Кузнец, ператвараючы архітэктуру ў фрагментальную фотаабстракцыю. Горад чакае, а сцяна патрабуе налепак ад арт-турыстаў. Ніколі не ведаеш, дзе вынырне «вадалаз» Міхася Мішука і што будзе хутка-смачнага «купляць дорага» Андрэй Бусел. Неспадзянка і ад Doctor Oy, які сёлета ўзняўся на альпійскія лужкі, каб кінуць з гары «жывой планеце Зямлі» сваю 80-метровую ўсмешку.

Рызыкоўны танец – Сямён Маталянец – «Мінута прэзентацыі трусоў». Не баіцца паслізнуцца і нават з мылам акунуцца.
Як казала бабуля майго сябра: «Навучыся танцаваць, астатняму жыццё навучыць», і яно набірае нумар Ігара Шугалеева. «375 0908 2334 — Цела, якое вы выклікаеце, зараз няма». Ён адказвае: «Мяне клічуць фрау Трафея», нібыта «пляскае і б’е».
Рух і цела – тэатру «рамантычнага рэалізму» балету ў музеі Валерыя Кацубы, спыненага стрэлам камеры.
Яшчэ адзін трапны шчаўчок каляжанкі па цэху: альбом Машы Святагор. «Everybody Dance!» увайшоў у дзясятку кніжнага хіт-парада British Journal of Photography, таму і разам з Tamaka Publishing «усе танчаць!».
Кнігі як цагліны архітэктуры нацыянальнай свядомасці
«Руіны Беларусі» – ужо пятае выданне VEHA і адна з тых парадаксальных кніг, якая гістарычнымі фактамі знішчэння адбудоўвае нашую будучыню.
Яшчэ адна цудоўная каляровая плінфа – ад Ігара Юхневіча з Машай Мароз і Голі з Ополя, якая «ведае ўсё пра тое, як правільна пахаваць», уваскрашаючы традыцыі. Кніга была адзначаная прэміяй імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку.
«Падняцце заслоны» Аксаны Гурыновіч даследуе архітэктурны «Оперны мадэрнізм і савецкія нацыі» на сцэне нацыянальнага будаўніцтва і тэатральнай прасторы. Кніга, што выйшла ў нямецкім выдавецтве Spector Books, атрымала прызнанне як адна з самых прыгожых у Германіі ў 2025 годзе.
У сценах варшаўскай ФШ1 – Беларускай фатаграфічнай платформы – адбылася прэзентацыя Марыі Карнеенкі, якая зазірае ніжэй фундаменту нашай антрапацэнтрычнай цывілізацыі, і яе «Пацуковая мудрасць» нагадвае нам пра жывёльны стан сучаснага падполля.

Метамарфозы нашага часу перакульваюць усё дагары нагамі. Паэтка бярэцца за нажніцы, ператвараючыся ў мастачку. На выставе Юлі Цімафеевай «Рэжу гісторыю сабой: калаж як уцёкі» праяўляецца патрэба перакладу слова ў вобраз, які падаецца больш адпаведным жорсткай карціне сучаснага абсурду разбурэння і раз’яднанасці.
Гэта працуе і ў адваротны бок: мастака падштурхоўвае звяртацца да слова як да канцэптуальнага жэсту. «Свяшчэнная кніга» – выдатны прыклад «нябачных сувязяў», на жаль, незаўважаны публікай. Праект, рэалізаваны Канстанцінам Селіханавым і куратаркай Вольгай Рыбчынскай у Цэнтры сучаснага мастацтва «Кайрас». Тут абсалютна дакладна задзейнічаны прынцып site-specific інсталяцыі як стратэгіі.
І Леся Пчолка добра ведае, што «Будучыня Беларусі: азірнуцца назад, каб ісці наперад», нават калі патрэбны «Спуск у балота» міжкантынентальным шпагатам.
Там, на дне багны, выдыхаюцца толькі кароткія словы:
памерла Наталля Дораш
памёр Валянцін Занковіч
асуджаная Аксана Шаляпіна
забаронены Сяргей Рымашэўскі (у Мінскай галерэі “Мастацтва” адмянілі яго выставу “Кардыяграма”)
з’ехалі…
…але не спыніліся, не стрымаліся. Супраціў і стаіцызм застаюцца адметнымі рысамі беларускага мастацтва. Тут адзначым праекты Руфіны Базловай, Сашы Вялічкі, Art Captures (Андрэя Бусла і Веры Шыш), “Дэкларацыю незалежнасці” (Алы Свашэвіч і Сяргея Шабохіна), “Наратыў #16, Анёлкі. Пад павекамі” (Ксеніі Грышкевіч, Алы Савашэвіч, Надзі Саяпінай).
Салідарнасць супраць вайны і мілітарызацыі паўсядзённасці
Знішчэнне нацыянальнай культуры і забойства чалавека – адзін і той жа бок сённяшняй вайны. Таму так важна, што беларусы падтрымліваюць Украіну. Яшчэ больш важна, што Украіна не выкрэслівае беларускую культуру са свайго кантэксту і супрацы, асабліва ў такіх буйных праектах, як Kyiv Biennial. Вышэй мы ўжо ўзгадвалі ўдзел Марыны Напрушкінай у варшаўскай частцы «Near East, Far West». Ала Савашэвіч таксама была запрошаная са сваім вядомым праектам «1917–2017» на другую частку «Homelands and Hinterlands» у Антверпенскі музей M HKA. На той жа пляцоўцы eeefff прадстаўлялі Школу алгарытмічнай салідарнасці «Сеткі і інфраструктуры», у рамках праекта «Няма нічога цвёрдага ў салідарнасці» сакуратаркай якога выступала Вера Залуцкая. Але і выстава «Dom Możliwy» у Познані мае вялікае значэнне для салідарнасці ўкраінскіх і беларускіх мастакоў. Яна замацоўваецца не толькі творчым, але і сяброўскім цэментам. Што яшчэ раз пацвердзілася падчас намінацыі беларуска-ўкраінскага куратарскага праекта «Пачуццё бяспекі» на Нацыянальную прэмію імя Шаўчэнкі. А ў кастрычніку Аляксандр Васюковіч атрымаў Alexia Award на фестывалі Vilnius Photo Circle за сваю фотасерыю «Па закрытых дарогах Украіны» (ахоплівае адзінаццацігадовую акупацыю і агрэсію Расіі супраць Украіны).

Як бы жорстка ні выглядала наша рэчаіснаць, мы ведаем, што ў гэтай вайны – вельмі жаночы твар сучаснага беларускага мастацтва. Менавіта яны збольшага перамагаюць на арт-палях і пакідаюць надзею, што не ўсё так безнадзейна з нашым сучартам.
Згадаем тут толькі некаторыя праекты: “Горад Жанчын” у Варшаве (сакуратарка Вера Залуцкая), “Жаночае пытанне: 1550-2025” (Даша Брыян & Art Project Revolution), удзел дуэта Юлія Лейдзік і Яўген Канаплёў у OFF Bratislava, «Цішыня — гэта збор галасоў» (Ксенія Грыцкевіч) у Эльблёнгу, удзел Дашы Бубен у выставачным праекце ў Нью-Дэлі, „0 / Katsuba” (Таша Кацуба, куратар Сяргей Шабохін) у Беластоку…
Агляданы квартал паказаў, як шмат мастакоў выступае ў ролі куратараў. Часам падавалася, гэта олдфэшн падыход, аднак рэалізаваныя праекты не пакідаюць сумневу ў іх пластычнай і канцэптуальнай якаснасці. Можна радавацца і ганарыцца сапраўднай інтэграцыйнай працай беларускіх куратарак з міжнароднымі інстытуцыямі і ў міжнародным кантэксце.
Апроч важных узнагародаў, якія мы згадвалі, падсумоўваючы вынікі году, звернем увагу на іншыя важныя дасягненні беларускіх артыстаў.
Арт-група Decateka (Юлія Карзунова і Вольга Булаўская) пад куратарствам Ірыны Кандраценкі атрымала Award of Excellence на Biennale Larnaca 2025 за праект «Праз намадычныя вочы: храматычныя сляды Кіпра». Вытканае ўручную 16-метровае каляровае палатно ў тэхніцы беларускага народнага ткацтва, дапасаванае да ландшафту і мясцовай архітэктуры ставіць мэтай злучыць мінулае і сучаснасць, дысцыпліну і свабоду, ператвараючы працэс у медытацыю.
За глыбокую канцэптуальнасць і неардынарны падыход аўтапартрэтны фільм Ташы Кацубы «0.Katsuba», створаны з дакументалістам Максіма Шведам, атрымаў Спецыяльную адзнаку журы 5-га Міжнароднага конкурсу Fashion Film Festival. Łódź Young Fashion 2025. «Праз адзенне і рух мастачка спрабуе перадаць свой асабісты досвед міграцыі, вайны і адраджэння».
Уладзімір Грамовіч увайшоў у кароткі спіс намінацыі Neue Kölner Kunst Preis 2026.
Антаніна Сцебур абраная куратаркай галоўнай выставы аднаго з самых уплывовых фестываляў лічбавага і медыямастацтва ў свеце transmediale 2027, які будзе праходзіць у Берліне. Яе курарская праца за апошнія гады можа служыць дасканалым прыкладам міжнароднай кааперацыі і супрацоўніцтва з выбітнымі мастацкімі інстытуцыямі. У сваёй канцэпцыі выставы яна «асэнсоўвае 40-годдзе фестывалю праз метадалогію руінаў як інфраструктуры. Замест святкавання дасягненняў – найперш засяроджваецца на калапсах і аналізуе мілітарызацыю паўсядзённых сістэм».
Вокладка:
Фота з праекту Арыны Есіповіч “Плынныя камяні”. Арына Есіповіч. Крыніца: http://arinaessipowitsch.com/
Агляды падрыхтаваныя пры падтрымцы ArtPower Belarus і Еўрапейскага Саюза.
