Форум культурніцкіх арганізацый – гэта прастора, дзе беларускія культурніцкія арганізацыі раз на паўгода сустракаюцца, каб сінхранізавацца, дзяліцца досведам, абмяркоўваць выклікі і разам шукаць рашэнні. Гэта не новая структура, а працоўны фармат каардынацыі і падтрымкі.

Што такое Форум і навошта ён існуе?
Мэта Форуму – зрабіць культурніцкі сектар больш узгодненым: абмен навінамі, адкрытая размова пра выклікі, пошук партнёрстваў і рабочых рашэнняў. Іншымі словамі, гэта якасны нэтворкінг, што сінхранізуе «гадзіннікі» ўнутры культурніцкага поля.
Асаблівая ўвага падчас Форума надаецца фінансавай устойлівасці актараў, развіццю мецэнацтва, культурніцкага прадпрымальніцтва і прасоўванню беларускай культуры.
У працы Форума бяруць удзел больш за 25 арганізацый, сярод якіх – Музей Вольнай Беларусі, Беларускі ПЭН, Беларускі Свабодны Тэатр, грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!”, музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні, выдавецтва Gutenberg Publisher, Беларуская экспертная платформа ў Любліне, Беларускі Моладзевы Хаб, праект “Беларускія Магістраты” і іншыя.
Першую сустрэчу Форума арганізавала Беларуская Рада культуры, другую – Фонд Tutaka, а наступная адбудзецца пад эгідай Музея Вольнай Беларусі.
Чаму фокус на арганізацыях?
Форум – гэта працоўная пляцоўка для рашэнняў і дзеянняў, таму базава ў яго запрашаюцца арганізацыі. За іх голасам стаіць каманда, адказнасць і магчымасць даводзіць агульныя дамоўленасці да практыкі і будаваць устойлівыя партнёрствы. Такі фармат дае сістэмнасць, бо дапамагае бачыць патрэбы супольнасцяў, а не толькі асобныя кейсы, забяспечвае празрыстасць і павялічвае шанцы на рэальныя вынікі.
Пры гэтым дзверы не зачыненыя для індывідуальных прафесіяналаў: тут радыя экспертам і эксперткам без арганізацыі, калі іх удзел рэлевантны тэме і падтрыманы ўдзельнікамі (па прынцыпе “няма яўных пярэчанняў”).
Як далучаюцца новыя ўдзельнікі?
Форум пашыраецца паступова: кожныя паўгода дадаюцца 4-5 новых арганізацый. Гэта дазваляе захоўваць працоўны рытм і якасць узаемадзеяння. Новых удзельнікаў прапануюць дзейныя арганізацыі – важна, каб каманды новых удзельнікаў падзялялі каштоўнасці Форума і былі гатовыя ўключацца ў агульную працу.
Сустрэчы Форума не транслююцца, публічнымі становяцца толькі ўзгодненыя сумесныя матэрыялы.
Калі вашая арганізацыя хоча далучыцца – запоўніце, калі ласка, гэтую форму.