Онлайн-часопіс Маладых еўрапейскіх федэралістаў (моладзевая арганізацыя, якая выступае за федэральна аб’яднаную Еўропу) treffpunkteuropa.de адзін са сваіх нядаўніх артыкулаў прысвяціў даследаванню тэмы супрацьстаяння дыктатуры ў Беларусі сродкамі мастацтва.
У цэнтры ўвагі матэрыялу – творчасць беларускіх мастачак Ліліі Квацабаі і Яны Чарновай, якія ў сваёй творчасці асэнсоўваюць падзеі 2020 году. Для беларусаў іх працы сталі сімваламі пратэстаў, для ўсяго свету – гучным голасам праўды, яскравым сведчаннем жорсткасці рэжыму. Гвалт, замоўчванне, цэнзура, выгнанне і важнасць салідарнасці – тэмы, што хвалююць гэтых артыстак.
«Мае працы — пра праўду, пра перажытае, пра гісторыю. Яны пра тое, каб не адварочвацца, а бачыць і дзейнічаць», – артыкул цытуе Яну Чарнову.

Заканамерным крокам у падтрымцы беларускіх мастакоў, музыкаў, пісьменнікаў, выдаўцоў і даследчыкаў у іх творчасці стала праграма ArtPower Belarus. Яна з канца 2022 года рэалізоўваецца Беларускай Радай культуры сумесна з Дацкім інстытутам культуры і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.
«На фоне дамінавання Расіі многія беларусы страцілі сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Адна з мэтаў гэтай праграмы – дапамагчы мастакам аднавіць сувязь са сваімі каранямі і захаваць беларускую культуру. Галоўная ж яе мэта – умацаванне ролі беларускай культуры як інструмента стойкасці і пераўтварэння», – гаворыцца ў матэрыяле.
Праграма ArtPower Belarus працягваецца і попыт на падтрымку ад беларускiх творцаў не змяншаецца: больш як 250 заявак было пададзена падчас новых колаў.
Чытаць тэкст цалкам (па-англійску)