У Гданьскай ваяводскай і гарадской публічнай бібліятэцы (Wojewódzka i Miejska Biblioteka Publiczna w Gdańsku) цяпер можна знайсці яшчэ больш беларускіх кніг. Беларуская Рада культуры нядаўна перадала цэлы стос свежых выданняў, каб мясцовая беларуская палічка расла і прыцягвала новых чытачоў.
Беларуская палічка ў гэтай бібліятэцы існуе ўжо некалькі гадоў і паступова ператвараецца ў сапраўдны маленькі асяродак беларускай культуры. Тут збіраюць не толькі літаратуру, але і добрыя ідэі: прастора заўсёды адкрытая для сустрэч, размоў і супрацы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Гданьску. Дырэктар установы Збігнеў Вальчак з цеплынёй ставіцца да такіх ініцыятыў і падкрэслівае, што бібліятэка гатовая падтрымліваць любыя праекты, якія развіваюць культуру і літаратурнае жыццё горада.
Агулам прастора вельмі ўтульная і ідэальна прыстасаваная для правядзення прэзентацый кніг, чытання вершаў, камерных культурніцкіх сустрэч.
На гэты раз кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін перадаў больш за дзесяць кніг сучасных беларускіх аўтараў. Сярод іх – культавы зборнік “(Не)расстраляныя”, філасофскія разважанні Валянціна Акудовіча “Мяне няма”, вострая і іранічная проза Макса Шчура “Завяршыць гештальт”, а таксама казка для дарослых “Апошняя кніга пана А” Альгерда Бахарэвіча. У падборцы знайшлося месца і для іншых выданняў, якія дапамагаюць адчуць рытм сучаснай беларускай літаратуры.
“Мы вельмі радыя нашаму супрацоўніцтву з бібіліятэкай у Гданьску, – адзначылі прадстаўнікі Беларускай Рады культуры. – Вялікая каштоўнасць, што бібліятэка не проста дае кнігам месца на паліцах, але і робіць свой унёсак у шматкультурнае жыццё Гданьска, робячы яго яшчэ больш адкрытым і гасцінным”.
Калі вы жывяце ў Гданьску ці завіталі сюды ў падарожжы, знайдзіце і час, каб зазірнуць у бібліятэку. Беларуская палічка – гэта спосаб дакрануцца да жывой культуры, адчуць сувязь з беларускай мовай і людзьмі, якія ствараюць сучасную беларускую літаратуру, і адкрыць для сябе новыя імёны.