uid_319b0bef1e244bc5b2461cff93d24434_width_1990_play_0_pos_0_gs_0_height_0 1

“Падключэнне бізнес-мыслення да культуры вельмі класна працуе”

Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін на фестывалі Мальдзіс падзяліўся сваім бачаннем таго, “як прадаць Беларусь беларусам і беларускам з досведу Беларускай Рады культуры”.

“Падключэнне бізнес-мыслення да думання пра Беларусь – яно вельмі класна працуе, гэта варта спалучаць”, — пачаў свой выступ Будкін.

Ён адзначыў, што пытанне “як прадаваць Беларусь беларусам і беларускам” гучыць правакацыйна і гэта класна. Але ён перакананы, што Беларусь ужо належыць нам — мы не кліенты, мы ўласнікі. 

“Беларусь – наш супольны арт-праект” — гэта слоган Беларускай Рады культуры. І калі паглядзець праз прызму бізнесу, пытанне можна паставіць так: як зрабіць наш агульны брэнд — Беларусь — больш заўважным, больш якасным, больш эфектыўным і запатрабаваным”, — падкрэсліў Будкін.

І ключ да поспеху тут — у культуры, якая сама аснова дэмакратыі. Яна вучыць нас думаць, размаўляць, разумець адзін аднаго і цывілізавана дыскутаваць на любой мове. 

Культура — гэта і фактар бяспекі: яна робіць грамадства больш самастойным і ўстойлівым

Культура — гэта таксама  эканамічны драйвер: крэатыўная індустрыя складае каля 3% сусветнага ВУП і з’яўляецца адной з самых хуткарослых галінаў эканомікі.

“Калі мы губляем культуру, мы страчваем сваю суб’ектнасць”, — падкрэсліў кіраўнік Беларускай Рады культуры.

Як зрабіць брэнд Беларусі мацнейшым і больш канкурэнтным праз культуру?

Тут патрэбны паслядоўныя крокі.

1. Разумець рынак

Каб планаваць дзеянні, трэба бачыць карціну цалкам. 

“Мы сочым за тым, што адбываецца ў беларускай культуры. Даследуем патрэбы, механізмы фінансавання і мадэлі культурніцкай палітыкі ў іншых краінах. Мы робім тое, што ў бізнесе называецца маркетынгавым аналізам”, — звярнуў увагу Будкін. 

2. Інвеставаць у стартапы

Аналіз важны, калі на яго падставе нараджаюцца новыя ідэі. 

Беларуская Рада культуры падтрымлівае цікавыя пачынанні і інфраструктурныя праекты, каб культурнае поле было жывым і канкурэнтаздольным, і ў тым ліку ў самой краіне. Гэта, па сутнасці, акселерацыя стартапаў: паскораны шлях развіцця перспектыўных праектаў праз праграмы падтрымкі. Гэтаму прысвечана, напрыклад, праграма ArtPower. Праз яе былі падтрыманыя 83 праекты.

3. Паказаць свету

Калі ідэі ёсць, іх трэба правільна пазіцыянаваць. 

Варта даносіць каштоўнасць беларускай культуры да лідараў меркаванняў, палітыкаў, актывістаў і бізнесу. Вынік гэтага ўжо бачны: культура трапіла ў спіс прыярытэтаў Еўракамісіі ў працы з беларускай грамадзянскай супольнасцю.

4. Гаварыць адзіным голасам

Сігналы будуць моцнымі толькі тады, калі яны ўзгоднены між сабою. 

“Таму мы запусцілі ідэю Форуму культурніцкіх арганізацый і працуем над тым, каб асноўныя пасылы былі сфармуляваныя разам з іншымі гульцамі ў сферы”, — падкрэсліў Будкін.

5. Забяспечыць устойлівасць

У любой справе важныя інвестыцыі. 

“Мы наладжваем партнёрствы з бізнесам, каб культурныя праекты бачыліся не толькі як дабрачыннасць. Прыклад — Клуб беларускіх мецэнатаў, супольнасць беларускіх бізнесоўцаў з трох кантынентаў. Таксама мы інтэгруем беларускую культуру ў еўрапейскія сеткі, кааліцыі і праграмы, каб яна прысутнічала на роўных з іншымі”.

Кіраўнік Беларускай Рады культуры перакананы, што галоўнае, калі казаць пра Беларусь як пра наш агульны брэнд, — гэта магчымасць кожнага і кожнай зрабіць у яго сваю інвестыцыю:

“Таму вельмі каштоўныя тыя праекты, якія ёсць вынікам супольнага дзеяння самых спажыўцоў культурнага прадукту, як стыхійная ініцыятыва “Ноч паэтаў”, якая адбываецца ў двух дзясятках краінаў свету ці краўдфандынгавыя кампаніі на Gronka, ці галасаванне “Будуй сваё” на платформе Svae, ці праект “Беларускія Магістраты”, дзе зараз людзі скідваюцца грашыма і вырашаюць пасля ў якую канкрэтна ідэю іх інвеставаць”.

“Нават калі вы хочаце быць самімі па сабе — вы можаце зрабіць свой унёсак у развіццё Брэнда — проста купіўшы новую кнігу беларускага пісьменніка, настолку, музычны альбом ці твор мастацтва”.

Дывідэнды ад гэтых дзеянняў па выніку атрымаюць усе. Бо інвестыцыя ў культуру — гэта інвестыцыя ў якасную Беларусь: свабодную, бяспечную і моцную.

Таксама паглядзіце

У Гданьскай ваяводскай і гарадской публічнай бібліятэцы (Wojewódzka i Miejska Biblioteka Publiczna w Gdańsku) цяпер можна знайсці яшчэ больш беларускіх кніг. Беларуская …

Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін на фестывалі Мальдзіс падзяліўся сваім бачаннем таго, “як прадаць Беларусь беларусам і беларускам з досведу Беларускай …