Махавік рэпрэсій, які перамолвае Беларусь ужо пяты год, так ці інакш зачапіў усе сферы яе жыцця. Можна казаць, што беларусы дагэтуль “жывуць у 2020-м“. Рэпрэсіі сталіся працэсам, які, напэўна, скончыцца толькі тады, калі скончыцца разбуральны для Беларусі рэжым, а значыць — уплываюць на кожнага беларуса, дзе б ён ні знаходзіўся, піша аглядальніца “Позірку” Кацярына Трухан.
Адной са сфер, якая моцна змянілася і працягвае змяняцца пад ціскам рэпрэсій і прапаганды, стала культура. Пра яе стан у краіне і за мяжой, страчаныя шансы і новыя магчымасці “Позірк” паразмаўляў з кіраўніком Беларускай рады культуры, стваральнікам праектаў TuzinFM.by і “НЕрасстраляныя” Сяргеем Будкіным.
— Як вы можаце ацаніць становішча людзей культуры — тых, што засталіся ў Беларусі і працуюць непублічна, і тых, хто выехаў і працуе ў эміграцыі?
— Я прыхільнік таго, каб не праводзіць лінію падзелу паміж творчымі людзьмі паводле нейкай геаграфічнай прыкметы, бо мы ўсё роўна разглядаем працэсы ў агульным беларускім культурным полі. Проста тыя, хто застаецца ў Беларусі, знаходзяцца ў адных умовах існавання, тыя, хто выехаў, — у іншых.
Канешне, гэта агульная сітуацыя пераарыентацыі, пошуку сябе ў новых абставінах. Выклік у плане таго, ці заставацца ў прафесіі. У выпадку тых, хто за мяжой, гэта, безумоўна, канкурэнцыя, праблемы з інтэграваннем… Шмат хто да гэтага проста не быў гатовы. А цяпер мы пастаўленыя ва ўмовы фактычна з нуля заяўляць пра сябе ў той ці іншай сферы, абнуліўшы сацыяльны капітал. Учора ты граў у вялікай зале, мог сабраць яе ў любым горадзе, а сёння — у бары на пяць чалавек. Такая сітуацыя вельмі сумная, але ў той жа час яна ізноў жа штурхае да пошуку новых фарматаў існавання як унутры Беларусі, так і па-за ёй.
Што тычыцца менавіта ўмоваў па-за Беларуссю, то гэта якраз нейкія калабарацыі: людзі з адной сферы знаёмяцца ўжо ў выніку гэтых абставінаў.
Важна, што беларусы ўнутры Беларусі і з-за мяжы аб’ядноўваюцца ў сумесных праектах. Мне здаецца, што вынікі гэтага мы ўбачым на адлегласці: павінен прайсці нейкі час, каб мы зразумелі гэта больш дакладна.
Поўную версію гутаркі можна чытаць ТУТ.