Дырэктарка па развіцці Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая і культурніцкі менеджар, дыджэй Аляксандр Багданаў a.k.a Papa Bo Selektah узялі ўдзел у шоўкейс-фестывалі і канферэнцыі MENT Ljubljana ў Славеніі як дэлегаты. Як беларусаў успрымаюць на міжнародных музычных пляцоўках? Ці маюць беларускія выканаўцы перспектывы на еўрапейскай сцэне? І як нам лепей працаваць з замежнымі прамоўтарамі? Разважаем разам з Элінай і Аляксандрам у нашым матэрыяле.
Ці бывалі вы раней на івэнтах такога кшталту?
Эліна: Для нас абаіх гэта не першы досвед – да падзей 2020 года мы час ад часу ўдзельнічалі ў падобных мерапрыемствах – я тады яшчэ з гуртом – дзесьці ў 2018 годзе, і вось зусім нядаўна ў BUSH – будапешцкім шоўкесе, ужо як дэлегатка – прадстаўніца Беларускай Рады культуры.
Аляксандр: Я таксама бываў і бываю на шоўкейсах. Раней – як арганізатар ISKRA showcase, у межах адукацыйных візітаў. І зараз – як менеджар Анастасіі Рыдлеўскай і Светы Бень. Але сёння для мяне гэта не проста ўдзел, а свядомая місія – лабіяванне незалежнай беларускай сцэны, якая вымушаная існаваць у выгнанні, па-за межамі сваёй краіны. А гэта зусім іншы ўзровень адказнасці.
Шоўкейсы: што там адбываецца і навошта яны патрэбныя?
Аляксандр: Гэта не пра “паглядзець канцэрты”. Гэта месца, дзе фарміруецца будучыня сцэнаў. Калі нас няма ў гэтай размове, нас няма ў еўрапейскім кантэксце. Таму мая задача – тлумачыць, што беларуская музыка існуе, што яна не роўная дзяржаве, што яна разнастайная (ад электронікі да сучаснай фолк-інтэрпрэтацыі), і што яна гатовая быць часткай агульнаеўрапейскага працэсу.
Эліна: Для мяне як прадстаўніцы Беларускай Рады культуры ў гэтым бачыцца дадатковая перспектыва. Такія актыўнасці і вандроўкі – частка вялікага адвакацыйнага праекта. Мы тлумачым Беларусь, а дакладней, яе дваістую структуру, намацваем кропкі агульных інтарэсаў і спрабуем дамовіцца аб уключэнні беларускіх творцаў у міжнародныя праекты. Акурат з Будапешта пачалася мая гісторыя “прамацвання” стаўлення арганізатараў да беларускай незалежнай сцэны. Водгукі былі палярныя – адныя адкрыта казалі, што разумеюць сітуацыю і для іх прыняць у сябе беларусаў не з’яўляецца праблемай, іншыя – што беларусы ў “чорным спісе” – праз удзел у вайне. І, нягледзячы на разуменне становішча культуры ў выгнанні, яны проста не хочуць браць на сябе рэпутацыйныя рызыкі, бо іншыя ўдзельнікі могуць проста адмовіцца стаяць у праграме побач з беларусамі. Дарэчы, адным з вынікаў той паездкі (дакладней, нефармальных гутарак з іншымі ўдзельнікамі) сталася публікацыя ў інтэрнэт-выданні The Quietus, дзе пра беларускую музыку разважаюць у кантэксце ўсходнееўрапейскай.

Як усё прайшло ў Любляне?
Эліна: Па нашых падліках, атрымалася сустрэцца сам-насам з больш чым 50 прафесіяналамі з музычнай сферы – гэта і букеры фестываляў, уладальнікі лэйблаў, арганізатары шоўкейсаў, музычныя журналісты, радыявядоўцы, дыстрыбутары і іншыя.
Аляксандр: Для мяне асабліва важна было не толькі прадставіць артыстаў, але і зразумець, як мысляць куратары. Па якіх крытэрах адбіраюць праекты, што для іх з’яўляецца “рызыкай”, а што – “каштоўнасцю”. Гэта дае магчымасць не проста спадзявацца, а рыхтавацца стратэгічна.
Эліна: Падчас перамоваў арганізатары некаторых івэнтаў выказалі гатоўнасць налета надаць больш увагі заяўкам ад беларускіх прадстаўнікоў, што пацвердзіла важнасць сістэмнай і паслядоўнай працы ў гэтым кірунку – быць у полі зроку людзей з гэтай сферы, адбудоўваць шчырыя кантакты і сувязі.
Цікавым элементам праграмы канферэнцыі сталі таксама speed networking sessions – фармат кароткіх дзелавых сустрэч, дзе ў цябе ёсць каля пяці хвілін, каб выразна прадставіць сябе, сваю арганізацыю ці ідэю і сфармуляваць канкрэтны запыт да суразмоўцы. Гэты фармат патрабаваў максімальна дакладнага і структураванага пітчу.
Аляксандр: Так, пяць хвілін – відавочна мала. За гэты час трэба каротка апісаць кантэкст 2020 года, растлумачыць, чаму сцэна ў выгнанні – не палітычны лозунг, а культурная рэальнасць, і сфармуляваць канкрэтную прапанову супрацоўніцтва. Гэта прымушае мысліць вельмі дакладна.
Што асабліва ўразіла ў Любляне?
Аляксандр: Асабліва кранула тое, што ў размовах адчувалася сапраўдная цікавасць, а не фармальная ветлівасць. Людзі запытвалі, слухалі, хацелі разумець. Гэта дае адчуванне, што наша праца мае сэнс.

Эліна: Таксама натхняльным было адчуванне, што беларуская культура ўспрымаецца як самастойны суб’ект, а не толькі як частка палітычнай парадыгмы. Але пры гэтым асноўнай цяжкасцю стала неабходнасць пастаяннай кантэкстуалізацыі. Многія прафесіяналы індустрыі не валодаюць поўным разуменнем сацыяльна-палітычных абставінаў, у якіх апынулася беларуская культура пасля 2020 года. Гэта патрабуе дадатковага часу і далікатнасці ў камунікацыі.
Аляксандр: Таксама моцнае ўражанне зрабіла культурніцкая інфраструктура Любляны – канцэнтрацыя сучасных, добра абсталяваных пляцовак і іх адкрытасць да эксперыментаў. Гэта даказвае, што параўнальна невялікі горад можа быць магутным цэнтрам міжнароднай культурнай камунікацыі.
Ці гатовая беларуская незалежная музыка да міжнароднага рынку?
Эліна: Было разуменне таго, што лабіяванне інтарэсаў беларускай сцэны – доўгатэрміновы працэс, які патрабуе сістэмнасці. А падчас шматлікіх размоваў стала відавочна, што для эфектыўнай прысутнасці ў міжнародным кантэксце недастаткова прадстаўляць асобных выканаўцаў. Патрэбная цэласная карціна сцэны, выразна структураваная і даступная для замежных партнёраў.
Аляксандр: Таму адна з галоўных высноў – нам неабходная адкрытая, сістэматызаваная база артыстаў. Без яе мы кожны раз пачынаем з нуля. Калі мы хочам, каб беларускую музыку ўспрымалі як сцэну, а не як набор асобных імёнаў, нам патрэбная структура. І гэта ўжо канкрэтная задача, якую мы бярэм у працу.
Эліна: Так, мы мусім мець актуальную базу выканаўцаў з магчымасцю сартавання па жанрах – каб умоўны букер фестывалю электроннай музыкі мог адразу знайсці патрэбных яму артыстаў, а не прадзірацца праз лес усіх іншых.
Агулам, уражанні ў нас змяшаныя. З аднаго боку, была выкананая сапраўды вялікая праца: падрыхтоўка, адбор і кантактаванне цікавых нам людзей, удзел у мерапрыемствах, нэтворкінг на месцы і загадзя дамоўленыя сустрэчы, а таксама фолоў-ап па ўсіх новых кантактах. З іншага боку, адчуваецца, што гэта толькі пачатак, і наперадзе яшчэ шмат выклікаў, якія патрабуюць часу і высілкаў. Але мы гатовыя да гэтага і будзем рухацца наперад.