Frame 422

Вызваленне зняволеных — пачатак доўгага шляху

Беларускае грамадства з надзеяй сачыла за перамовамі паміж амерыканскай дэлегацыяй і прадстаўнікамі ўлады ў Мінску. Па выніку перамоваў на волю выйшлі 52 цяпер ужо былых палітзняволеных. Цяпер яны знаходзяцца ў Літве. Сярод вызваленых дзеячы апазыцыі, журналісты, удзельнікі пратэстаў і грамадзяне замежных дзяржаў.

З асаблівым хваляваннем мы чакалі вырашэння лёсу ўсіх зняволеных праз палітычны пераслед, асабліва мастакоў, інтэлектуалаў і культурных дзеячаў, якія апынуліся за кратамі праз сваю творчую дзейнасць. Сярод вызваленых творцаў:

Мажэйка Павел — кіраўнік гарадзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця», журналіст;

Сіленка Аляксей — архітэктар і барабаншчык;

Дашкевіч Зміцер — пісьменнік, актывіст;

Мацкевіч Уладзімір — філосаф, публіцыст, пісьменнік, стваральнік Лятучага ўніверсітэту;

Вінаградаў Павел — блогер, інтэрнэт-аўтар у жанры нон-фікшн;

Меркіс Яўген — журналіст, краязнаўца, стваральнік сайта пра Гомельшчыну «Наш край»

Дзядок Мікалай — пісьменнік, актывіст;

Спарыш Сяргей — музыка, актывіст партыі “Народная грамада”;

Шчыракова Ларыса — журналіст, этнограф;

Манцэвіч Аляксандр — журналіст, выдавец, заснавальнік беларускамоўнага масавага тыднёвіка «Рэгіянальная газета»;

Лазараў Вячаслаў — відэааператар і журналіст;

Падабед Павел — відэааператар і музыка;

Гладкоўскі Глеб — відэааператар і музыка.

Мы павінны вітаць кожны крок у гэтым кірунку, бо нават адно жыццё, вызваленае ад няволі, мае невычэрпную каштоўнасць. У той жа час неабходна памятаць, што гэта толькі пачатак доўгага працэсу, які патрабуе сістэмных намаганняў. Вызваленне асобных людзей не азначае канчатковай перамогі над рэпрэсіямі, і перад намі яшчэ шмат працы — каб вярнуць свабоду ўсім, хто працягвае пакутаваць у турмах, і аднавіць прастору для вольнай і бяспечнай творчасці.

Людзям, якія прайшлі праз турмы і рэпрэсіі, неабходны час і падтрымка, каб вярнуцца да жыцця, творчасці, працы. Пытанні псіхалагічнай адаптацыі, медычнай дапамогі і сацыяльнай рэінтэграцыі павінны стаць прыярытэтам як для супольнасці, так і для арганізацый, што працуюць у сферы культуры і правоў чалавека. Гэта не толькі абавязак салідарнасці, але і неабходная ўмова для аднаўлення культурнага і грамадскага жыцця краіны.

«Кожны вызвалены чалавек — гэта не толькі асабістая перамога, але і магчымасць вяртання часткі душы Беларусі, — адзначае кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін. — Мы разумеем, што сапраўдная праца пачынаецца пасля таго, як дзверы турмы зачыняцца за спінай чалавека. Ад нашага ўмення падтрымаць, абняць і разам рухацца далей залежыць, наколькі хутка і моцна Беларусь адродзіцца. Таму мы адначасова вітаем кожнае вызваленне і нагадваем: шмат яшчэ чаго трэба зрабіць».

19 жніўня 2025 года адкрыўся на сталай аснове прыём заявак на Трэк 3 у межах праграмы ArtPower Belarus. Гэта конкурс культурніцкіх праектаў для беларускіх творцаў і ініцыятываў, якія сутыкнуліся з форс-мажорнымі ці складанымі абставінамі: рэпрэсіі, страта фінансавання, вымушаная эміграцыя, праблемы са здароўем і іншыя непрадбачаныя сітуацыі.

Акрамя таго творцы могуць звярнуцца па псіхалагічную, юрыдычную і іншыя віды дапамогі непасрэдна да Беларускай Рады культуры праз пошту кірунку “Дапамога” rada_help@byculture.org

Звярніце ўвагу, што BySol адкрыў тэрміновы збор грошай на дапамогу вызваленым палітвязням.

Таксама паглядзіце

1 кастрычніка 2020 года, у час жорсткіх рэпрэсій у Беларусі мы паставілі сабе мэту: аб’яднаць высілкі і стварыць умовы для развіцця незалежнай …

У Гданьскай ваяводскай і гарадской публічнай бібліятэцы (Wojewódzka i Miejska Biblioteka Publiczna w Gdańsku) цяпер можна знайсці яшчэ больш беларускіх кніг. Беларуская …