photo_2025-05-08 14.48.37-3

Відэапраект Вольгі Мжэльскай як форма архіва і голас беларускай культуры

«Гутаркі маленькага геданіста» Вольгі Мжэльскай — гэта не проста відэа, гэта асабістая архівацыя эпохі, жэст салідарнасці і мастацкае выказванне пра рэчаіснасць беларускай культуры па-за межамі краіны. У трэцім сезоне, падтрыманым міні-грантам ArtPower Belarus, праект атрымаў развіццё — з англамоўнымі субтытрамі, новай дынамікай і глыбокімі размовамі з творцамі.

Вольга Мжэльская — куратарка і культурніцкая менеджарка, якая ўжо чацвёрты год жыве ў Варшаве. Яе праект нарадзіўся яшчэ ў Беларусі як тэлеграм-канал і інстаграм-блог, у якім яна распавядала пра беларускіх артыста(к), выставы і мастацтва. Пасля пераезду звыклы фармат стаў немагчымым, але ідэя не знікла, яна трансфармавалася ў новую форму: відэапраект пра сучаснае беларускае мастацтва і жыццё за мяжой.

Здымкі з асабістага архіва Вольгі Мжэльскай.

Трэці сезон — візуальны архіў сучаснасці

Улетку і ўвосень  2024 года быў запісаны трэці сезон «Гутарак маленькага геданіста», які ўключае серыю відэарэпартажаў і два глыбокія інтэрв’ю — з мастачкай і актывісткай Янай Шостак і мастаком Аляксеем Лунёвым. Інтэрв’ю былі падзеленыя на часткі, каб захаваць важныя сэнсы, што гучалі падчас размоваў.

«Яна — публічная, заўсёды пад увагай. А Аляксей — ціхі назіральнік, які перажывае глыбокія працэсы. Мне хацелася паказаць абодва гэтыя тыпы творцаў — яны аднолькава важныя».

Аднак галоўнай асаблівасцю гэтага сезона стала нечаканая колькасць выстаў з удзелам беларускіх мастакоў — толькі ў межах Warsaw Gallery Weekend прайшло тры такія падзеі. Таму акцэнт праекта ссунуўся з інтэрв’ю ў бок дакументавання арт-сцэны праз рэпартажы. Вольга прысутнічала на адкрыццях, фіксавала прастору, працы, настрой і дадавала важны куратарскі кантэкст.

Здымкі з асабістага архіва Вольгі Мжэльскай.

Што дала падтрымка ArtPower Belarus

Фінансавая падтрымка дазволіла набыць частку абсталявання і задзейнічаць прафесійную каманду: аператара, мантажора, перакладчыка. Упершыню ўсе відэа былі дапоўненыя англамоўнымі субтытрамі — гэта зрабіла іх даступнымі для міжнароднай аўдыторыі. Відэа пачалі выкарыстоўваць і самі творцы як прэзентацыйныя матэрыялы для замежных партнёраў.

«Я была здзіўленая, калі яшчэ падчас першых сезонаў польскія куратары сталі запытвацца пра пераклады маіх відэа. Мне здавалася, што праект толькі для беларусаў. Але выявілася, што ён патрэбны і прафесіяналам з іншых краін».

Здымкі з асабістага архіва Вольгі Мжэльскай.

Выклікі і высновы

Складанасцяў хапала.  Найбольшы выклік — час. Як маці малога дзіцяці Вольга літаральна складала дзень па хвілінах, каб паспець усё. Мантаж, сцэнарыі, здымкі патрабавалі ўвагі і дакладнасці.

«Відэа для Instagram — гэта не проста “ролік”. Я стараюся трымаць якасць, глыбіню і сэнс. Частка матэрыялаў па 12–15 хвілін, і людзі глядзяць. А значыць — гэта важна. Адзін з калег, польскі куратар, аднойчы сказаў, што мае рэпартажы павінны быць на «Белсаце» або TVP. Але для мяне важна захаваць у гэтым усім аўтарскі падыход, не трапляючы ў рамкі рэдакцыйнай палітыкі».

Асобная частка выклікаў — справаздачнасць. Хоць Вольга мела досвед кіравання праектамі, яна прызнае: для міні-гранта дакументацыя аказалася даволі складанай і патрабавала шмат часу.

«Я як менеджарка справілася, але ў творцаў без досведу могуць узнікнуць цяжкасці».

Чаму гэта важна

Для Вольгі «Гутаркі маленькага геданіста» не проста праект. Гэта дакументаванне беларускага мастацтва ў эміграцыі, спроба захаваць культурную сувязь і натхніць іншых. Яе відэа глядзяць у Беларусі, у Польшчы, у Германіі — дзе б ні былі беларусы. Гэта форма прысутнасці, сведчанне, што культура жыве.

«Мяне заўсёды разбівае сэрца — у добрым сэнсе — калі мне пішуць знутры Беларусі. Бо адна з прычын, чаму я раблю гэты праект, каб людзям, што ўнутры, таксама было відаць, што і як мы робім па-за межамі, і хаця б такімі крокамі мець магчымасць адбудоўваць масты камунікацыі».

Што далей

У 2025 годзе, дзякуючы варшаўскай мастацкай стыпендыі, Вольга пачынае спецпраект пра польскае мастацтва для беларускай дыяспары.

«Я ведаю, што беларусы, якія тут знаходзяцца, — гэта людзі з высокім узроўнем інтэлекту. Ім важнае мастацтва, важная культура. І ім хочацца зразумець тую прастору, у якой яны цяпер знаходзяцца». 

Ці варта падаваць заяўкі  на гранты?

Некаторыя творцы ўсё яшчэ ўспрымаюць гранты з недаверам — маўляў, гэта занадта бюракратызавана , складана, а часам і не да канца зразумела. У беларускім кантэксце дагэтуль жывуць стэрэатыпы, што грантавая падтрымка — нешта падазронае або далёкае ад рэальнага мастацтва.

Але Вольга, маючы вялікі досвед за плячыма, перакананая:

«Мне проста здаецца, калі чалавек негатыўна рэагуе, трэба ў яго спытаць: а чаму? Бо часта людзі не могуць патлумачыць. Напрыклад, я чула, што адукацыйныя праекты маюць сэнс толькі калі яны платныя. Але ж часта яны бясплатныя менавіта дзякуючы грантам — каб тыя, хто не мае грошай, маглі вучыцца ў прафесіяналаў. Гэта не кепска, гэта іншая форма падтрымкі».

Праект стаўся магчымы дзякуючы падтрымцы праграмы ArtPower Belarus, што рэалізуецца Беларускай Радай культуры і Дацкім інстытутам культуры пры фінансавым спрыянні Еўрапейскага Саюза.

Сачыце за навінамі — хутка будзе абвешчаны працяг праграмы ArtPower Belarus.

Таксама паглядзіце

Віленскі нацыянальны форум iN’25: Integration & Inclusion Forum быў прысвечаны будучыні шматкультурнай Літвы, інтэграцыі нацыянальных меншасцяў і падтрымцы мігранцкіх супольнасцяў. Удзел у …

Беларуская Рада культуры ўзяла ўдзел у адной з найбуйнейшых міжнародных падзей у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, якая аб’ядноўвае лідараў з  кам’юніці бізнесу, …