photo_2026-01-21 11.26.37

Трэцяя сустрэча Форуму культурніцкіх арганізацый адбылася ў Варшаве

Магчымасці сумеснай супрацы, фінансаванне культуры і прамоцыю яе дасягненняў абмеркавалі на Форуме культурніцкіх арганізацый менеджары сектара. Падзея, якая прайшла 15–17 студзеня ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве, сабрала прадстаўнікоў каля 20 незалежных культурніцкіх інстытуцый. Пра сустрэчу піша Reform.news.

Фота Аліны Герашчанкі

Гэта ўжо трэці культурніцкі форум, які ладзіцца на розных пляцоўках і ў розных гарадах (кожны раз яго прымае новая арганізацыя) — гэтым разам да ўдзельнікаў аб’яднання ў Музеі Вольнай Беларусі далучыліся новыя чальцы.

У працы ўзялі ўдзел прадстаўнікі: Беларускай Рады культуры, Беларускага ПЭНа, Музея Вольнай Беларусі, Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні, фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, Беларускага Свабоднага тэатра, праекта «Беларускія Магістраты», грамадскай арганізацыі «Годна», культурна-асветніцкага партала Budzma.org, выдавецтва Gutenberg Publisher, Беларускага інстытута публічнай гісторыі, Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», Беларускай сеткі фільммейкераў, праекта «Культурны фронт» (Reform.news), Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, медыя Sekktor.Online, Беларускага інстытута тэатра ды іншых інстытуцый.

Нагадаем, што ініцыятыва стварэння Форуму належыць Беларускай Радзе культуры. Яго мэта — сінхранізацыя дзейнасці культурніцкіх арганізацый, абмеркаванне пытанняў стратэгічнага развіцця, фінансавання і прамоцыі культуры, а таксама стварэнне прасторы для ўзаемападтрымкі.

Падчас першага дня ўдзельнікі зверылі «гадзіннікі»: абмалявалі бягучыя выклікі, якія паўсталі перад арганізацыямі, а таксама падвялі вынікі за апошнія паўгода.

Другі дзень быў больш насычаным: на парадку дня стаяў аналіз мінулых і актуальных планаў, магчымасці сумесных праектаў. Абмяркоўваліся межы супрацы паміж незалежнымі інстытуцыямі: супрацоўніцтва — гэта патрэба ці опцыя? Якія знешнія дзеянні можна зрабіць сумесна? Як сінхранізавацца ўнутры поля з найбольшай карысцю?

На мінулым форуме ўдзельнікі звярталіся да такога фармату дыскусіі, як «пражарка» — прадстаўнік арганізацыі атрымлівае фідбэк і канструктыўную крытыку сваёй дзейнасці ад калег. Гэтым разам «пражарка» атрымалася «medium»: вострай крытыкі не было, а фармат дазволіў даведацца больш пра дзейнасць саміх арганізацый і асаблівасці поля, у якім яны працуюць.

Таксама ў асобным блоку менеджары падзяліліся сваімі працоўнымі набыткамі і лайфхакамі. У прыватнасці, абмяркоўваліся змены ў польскім заканадаўстве, на якія варта звярнуць увагу. На трэці дзень у фокусе ўвагі была тэма магчымасцяў, межаў і ўмоў фінансавання культуры з боку бізнесу.

У цэлым, трэці Форум культурніцкіх арганізацый можна назваць адкрытым, жывым і канструктыўным. Удзельнікі адзначылі прастору бяспекі і даверу, якую ўдалося пабудаваць як арганізатарам падзеі, так і самім прадстаўнікам культурніцкага сектара.

Плануецца, што Форум культурніцкіх арганізацый будзе ладзіцца раз на паўгога. Далучыцца да мерапрыемства можна, запоўніўшы адпаведную форму.

Таксама паглядзіце

Дырэктарка па развіцці Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая і культурніцкі менеджар, дыджэй Аляксандр Багданаў a.k.a Papa Bo Selektah узялі ўдзел у шоўкейс-фестывалі …

Праграма ArtPower Belarus завяршыла другі этап конкурснага адбору па Трэку 2 (Творчыя праекты). Па выніках ацэнкі 16 незалежных экспертаў і фінальнага рашэння …