Беларускія творцы ў Беларусі і за мяжою сутыкаюцца з нястачаю рэсурсаў для праектаў і асабістага прафесійнага росту. На выпраўленне гэтай сітуацыі накіравана Трэцяя праграма Стратэгіі Беларускай Рады культуры. Яна вынікае з Першай і Другой праграмы.
Трэцяя Праграма Стратэгіі: “Творца і яго мастацтва як каштоўнасць”
Калі не будзе творцаў, тых, хто стварае культурніцкія прадукты, то і не будзе жывой культурніцкай прасторы. Таму ў Трэцяй праграме Стратэгіі мы маем тры лініі:
- Клапоцімся пра базавыя патрэбы мастакоў і мастачак. Працягваем персанальную падтрымку (візавая, гуманітарная, юрыдычная, псіхалагічная і іншыя віды падтрымкі, рэкамендацыйныя лісты).
- Адукацыйныя праекты. Некаторыя праекты, якія мы запускаем самастойна, некаторыя мы падтрымліваем. Яны падвышаюць кампетэнцыю творцаў і даюць добрыя магчымасці для абмену досведам.
- Фінансаванне творчых праектаў. Мы не толькі арганізуем конкурсы ў межах існуючых праграм падтрымкі, але і ствараем новыя працэсы, якія дапамагаюць творцам знаходзіць рэсурсы на фінансаванне сваёй дзейнасці. Гаворка не толькі пра грошы, а пра рэсурсы любога кшталту.
Сёння дадатковая адукацыя і абмен досведам наладжаныя слаба. Шмат хто працуе ў складаных умовах без падтрымання, сутыкаецца з прававымі цяжкасцямі, дыскрымінацыяй і праблемамі легалізацыі. Адсутнасць міжнародных сувязяў і міжсектаральнай супрацы перашкаджае развіццю.
Нашая мэта – забяспечыць творцам доступ да рэсурсаў, адукацыі, гуманітарнага і прававога падтрымання. Стварыць бяспечныя ўмовы для творчага развіцця і самарэалізацыі.
Цягам трох гадоў мы разлічваем пабачыць, што творцы маюць доступ да адукацыі, прававога і гуманітарнага падтрымання, рэалізуюць праекты з дапамогаю міжнародных праграмаў і фінансавання.
У гэтай праграме Беларуская Рада культуры працуе з фінальнымі бенефіцыярамі – самімі творцамі. Каб забяспечыць іх патрэбы ўстойлівым чынам мы падтрымліваем працу Форума культурніцкіх арганізацыяў, а таксама супрацоўнічаем з адукацыйнымі і праваабарончымі ініцыятывамі, адукацыйнымі і інфармацыйнымі рэсурсамі, медыямі і міжнароднымі платформамі.
Такім чынам тры праграмы Стратэгіі Беларускай Рады культуры ўзаемазвязаныя: у Першай Праграме галоўнае — культурна ўва ўсіх іншых працэсах; у Другой Праграме — усе віды сеткавання, у Трэцяй праграме мы ўзносім чалавека і яго ці яе талент і хочам захаваць жывую стваральную сілу.
Канешне, падрыхтоўка і рэалізацыя грантавых праграм з’яўляецца цэнтральнай дзейнасцю праграмы. Праз гэты механізм творцы атрымліваюць шанец атрымаць фінансавую падтрымку, ментарскую дапамогу, экспертную ацэнку іх ідэі. Нават калі ў межах аднаго конкурсу мы можам падтрымаць толькі 20 заявак з 200, якія атрымалі, то лічым гэта перамогай, бо тыя, хто не змаглі адразу атрымаць фінансаванне, маюць шанец знайсці сродкі праз іншыя шляхі: камерцыйныя праекты, іншыя праграмы падтрымкі, краўдфандынг і іншых спонсараў.
Генерацыя ідэй — гэта ўжо вельмі каштоўна.
Бо нават тое, што чалавек падрабязна апісвае свой праект — гэта ўжо добры ўнёсак у культуру. Нават калі ідэя не рэалізуецца зараз, яна можа ажыццявіцца пазней пры іншых умовах і з іншым фінансаваннем.
Як далучыцца да Стратэгіі?
Дзеячы культуры і творцы,
Мы працуем дзеля вас і разам з вамі. Мы імкнёмся пачуць вашы патрэбы і зразумець сітуацыю сферы. Таму праводзім розныя апытанні і даследаванні, якія пасля кладуцца ў аснову праграм фінансавання, адвакацыйнай дзейнасці і супрацоўніцтвам з медыя. Не адмаўляйцеся ад прапановы выказацца, прайсці апытанне ці пакінуць каментар.
Карыстайцеся нашымі грантавымі конкурсамі ў межах праграмы ArtPower Belarus, магчымасцямі для прафесійнага росту і ментарства.
Ваша экспертнасць можа быць карысная ў розных сферах: у працэсе адбору праектаў на грантавы конкурс, адукацыйных праграмах, кантактах з медыя. Вы можаце прапанаваць сваю кандыдатуру для канкрэтнага запыту або напішыце нам на info@byculture.org.
Калі вы маеце патрэбу ў персанальнай падтрымцы, псіхалагічнай ці юрыдычнай дапамозе, свой запыт можна накіраваць на rada_help@byculture.org
Далучайцеся да ініцыятыў БРК, каб ствараць, супрацоўнічаць і развівацца ў свабоднай культурнай прасторы.
Медыя і блогеры
Вы ствараеце бачнасць беларускай культуры і фарміруеце яе наратывы. Гісторыі поспеху, культкрытыка і шырокае асвятленне культурніцкіх падзей — гэта ўклад у грамадзянскую супольнасць.
Будзьце нашымі партнёрамі ў асвятленні культурных ініцыятыў, публікацыі гісторый і інтэрв’ю, стварэнні серыйных прадуктаў (тэкстаў, падкастаў, відэа), якія пашыраюць разуменне ролі культуры ў грамадстве. Падтрымайце нашу адвакацыю культуры як стратэгічнага сектара праз медыяпраекты і супольныя кампаніі. Запрашаем да супрацоўніцтва ў межах інфармацыйных кампаній і прасоўвання ключавых тэм культуры і ідэнтычнасці.
Калі вы ў пошуку цікавых гісторый, экспертаў ці творцаў, звяжыцеся з намі праз пошту info@byculture.org.
Таксама раім паглядзець нашыя аналітычныя агляды і даследванні.
Мы шчыра вітаем любую форму супрацы на карысць агульнай культурніцкай справы!